Праект газеты
Каханне Агна, Бірута, Кацярына… Вядомыя і невядомыя каханкі беларускіх манархаў20
30.09.2017 / 10:32

Выхад расійскага фільма «Мацільда», які расказвае пра адносіны балерыны Мацільды Кшэсінскай і цэсарэвіча Мікалая Аляксандравіча, будучага імператара Мікалая ІІ, выклікае шал у «праваслаўнай грамадскасці». А што было ў нас? Ці мелі каханак беларускія кіраўнікі мінулага? І хто былі гэтыя жанчыны? Пачнём ад старажытнасці.

Безыменныя наложніцы

Пра любоўныя прыгоды полацкіх князёў летапісы не данеслі нават скупых звестак. І чаго яшчэ хацець ад такога цэнзураванага жанру. «Савецкай Беларусіі» нават не сніўся той імпэт, з якім усё ідэалагічна неадпаведнае выкрэслівалася з сярэднявечных хронік. Але

пра норавы той эпохі можна меркаваць па тым, што ў кіеўскага князя Уладзіміра (?—1015) было ці то 900, ці то 2000 наложніц.

Вядома, хрысціянства патрабавала манагаміі. Можа, гэта і было прычынай таго, што звесткі пра каханак Усяслава і Брачыслава не захаваліся ў летапісах?

Агна і Міндоўг

Пячатка Міндоўга, каля 1255 года.

Што ж казаць пра першых князёў літоўскіх — язычнікаў. Характэрная гісторыя адбылася ўжо з стваральнікам беларуска-літоўскай дзяржавы — Міндоўгам (1195—1263). Ён меў жонку Марту, а пасля яна раптоўна памерла. На пахаванне прыехала Агна, сястра Марты. Яна была замужам, але Міндоўг проста ўзяў і пакінуў яе пры сабе, спаслаўшыся на апошняе жаданне памерлай.

Ці была Агна пасля законнай жонкай Міндоўга — няясна, як няясна і тое, дзе была мяжа між законнасцю і незаконнасцю ў гэтым пытанні. Міндоўг, апроч Марты, меў і іншых жонак, дый Марту ён у свой час узяў, забіўшы яе першага мужа і яго братоў.

Пазней Даўмонт, муж Агны, згаварыўшыся з іншымі пакрыўджанымі, забіў Міндоўга. Што стала з Агнай — невядома. Даўмонт пасля быў пскоўскім князем і нават быў кананізаваны. На іконе ХІІІ стагоддзя побач з ім выяўленая жонка, якую звалі Марыя Дзмітрыеўна.

Бірута і Кейстут

Бывалі каханкі, якія пасля рабіліся законнымі жонкамі вялікіх князёў. Такая гісторыя Біруты і Кейстута. Як кажа паданне, малады Кейстут, сын вялікага князя Гедыміна, сустрэў прыгажуню Біруту недалёка ад Палангі, сённяшняга знакамітага курорту. Дзяўчына так спадабалася княжычу, што той проста выкраў яе. А Бірута была вайдэлоткай — паганскай манашкай, абяцанай багам, і замуж ёй выходзіць забаранялася.

Бірута. Рамантычная выява ХІХ ст.

Але багі далёка, а ўсемагутны Гедымін — побач… Паганскія жрацы паўпіраліся для парадку — і далі дазвол на шлюб. Тым больш сама Бірута была яўна не супраць. Яна нарадзіла Кейстуту як мінімум шэсць сыноў, сярод якіх былі будучыя вялікія князі Вітаўт і Жыгімонт.

Манагамны Вітаўт

Вітаўт Вялікі, па сведчанні храністаў, быў вялікім шанавальнікам жаночай прыгажосці. Часам ён нават кідаў пасярод важнага пахода войска, кідаў сур'ёзную нараду ды імчаўся да чарговай каханкі. Магчыма, гэтым і тлумачыліся яго вайскова-палітычныя паразы гадоў да 50-ці. А як нагуляўся — стаў вялікім князем, узяўся як след за крыжакоў, татараў, Маскву…

Вітаўт з жонкай Ганнай.

 

Кацярына Охштат і малады Жыгімонт

Мараўская арыстакратка Кацярына Охштат з Цельніцаў была маці віленскага біскупа Яна — таго самага, у якога Францыск Скарына быў сакратаром. А бацькам біскупа Яна быў ні хто іншы, як кароль Жыгімонт Стары.

Праўда,

калі гэтая сувязь пачалася, Жыгімонт Казіміравіч не быў яшчэ ні каралём, ні старым, а меў каля трыццаці гадоў. З Кацярынай прынц пазнаёміўся пры кракаўскім двары. Іх сувязь была працяглай: апроч Яна, яны прыжылі дзвюх дачок.

Казалі, што і трэцяя дачка Кацярыны, красуня Беата Касцялецкая, таксама была ад Жыгімонта, а не ад законнага мужа.

Прыгажуня Беата Касцялецкая, магчыма, таксама была дачкой караля Жыгімонта.

Пазней Жыгімонт стаў каралём, ажаніўся з італьянкай Бонай Сфорца, прыдбаў мянушку Стары, але памылак маладосці не адракаўся.

Дочкам падабраў мужоў: адной — каралеўскага сакратара, другой — графа дэ Манфора, трэцяй — магната Астрожскага. Пра адукацыю Яна дбаў, зрабіў яго віленскім біскупам у дваццаць з нечым год. Ян быў і падобны да бацькі: здаравенны, чорнабароды, з масіўным «ягелонаўскім» носам.

Барбара

Законны сын Жыгімонта Старога таксама быў замяшаны ў амурнай гісторыі.

Яна пачалася ў Геранёнах, куды малады Жыгімонт Аўгуст прыехаў прымаць пад сваю руку маёмасць заўчасна памерлага магната Станіслава Гаштальда. На парозе маёнтка яго сустрэла нізкім паклонам маладая ўдава Станіслава — Барбара з Радзівілаў…

Так выглядала Барбара Радзівіл. Аблічча рэканструяванае антраполагамі па яе парэштках.

Раззнаёміўшыся, яны сустракаліся і ў Вільні, дзе Барбара мела камяніцу недалёка ад замка. Там Жыгімонт Аўгуст і наведваў яе. Але не было нічога таемнага, пра што не даведаліся б браты каханкі — Мікалай Чорны і Мікалай Руды. Заспеўшы раз караля ў пакоях сястры, яны прапанавалі яму выбар: шлюб або скандал. Жыгімонт Аўгуст выбраў шлюб.

Дачка ляснічага і Батура

Суровы кароль-трансільванец Сцяпан Батура не толькі ваяваў з Масквой за Полацк і засноўваў навучальныя ўстановы. Было ў яго, відавочна, і асабістае жыццё, тым больш, што з законнай жонкай, на 10 гадоў старэйшай, адносіны ў караля не склаліся. Каб меней з ёй бачыцца, Батура прападаў на ўсходнім фронце, а яшчэ часцей — у прыфрантавым Гродне.

Кароль Сцяпан.

Дзесьці ў навакольных пушчах і стаяла тая леснічоўка, у якой стомлены паляваннем кароль спаткаў чароўную дачку лесніка. Кажуць, яна нават нарадзіла Батуру сына. Але не імёнаў, ні звестак пра далейшыя лёсы ўдзельнікаў гэтай гісторыі няма.

Кацярына ІІ і Станіслаў Аўгуст

Ну а самая статусная каханка была ў апошняга караля Рэчы Паспалітай — Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ні многа, ні мала — імператрыца расійская Кацярына ІІ.

Яна ўпадабала маладога афіцэра Панятоўскага, які прыехаў у Пецярбург у свіце англійскага пасла. Многія — у тым ліку і законны муж Кацярыны ІІ, імператар Пётр ІІІ — былі пэўныя, што дачка Кацярыны, Ганна, якая нарадзілася ў 1757, была ад Панятоўскага.

Геапалітычныя наступствы гэтай сувязі былі катастрафічныя: Кацярына ІІ з дапамогай подкупу і сілы зрабіла Панятоўскага каралём Рэчы Паспалітай, а пасля анексавала дзяржаву, падзяліўшы яе з Прусіяй і Аўстрыяй…

Словам, будзьце абачлівыя ў выбары сябровак, а як ажэніцеся — трымайцеся шлюбных абавязкаў!

СМ

Каментары
Анна / Адказаць 30.09.2017 / 10:40

Словосочетание "белорусские монархи" сразу как-то подрывает доверие к статье.

22
Piotr / Адказаць 30.09.2017 / 11:09

Не было ніякіх "беларускіх манархаў" а былі каралі польскія ды вялікія князі літоўскія.

5
Міхась / Адказаць 30.09.2017 / 11:16

Трэба зрабіць свой варыянт анты-матыльдаўскай кааліцыі, хоць дзякуючы маразматычнаму піару людзі крыху гісторыі роднай даведаюцца.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні