Праект партала
Накіпела «Адно акно» не працуе — дзеці Баярынай не могуць трапіць у групу з беларускай мовай11
25.09.2017 / 06:31

Вось ужо два месяцы вядомая архітэктарка і дызайнерка спрабуе афіцыйна дамагчыся, каб яе сына і дачку накіравалі ў садок, дзе ёсць беларускамоўныя групы. Але выглядае, што ў Ленінскім раёне Мінска, дзе жыве Аляксандра, ані ясляў, ані садкоў з беларускай мовай папросту не існуе.

Ужо ад верасня Яня, якой цяпер два з паловай гады, магла пайсці ў беларускамоўныя яслі, калі б яны былі. Але паколькі іх няма, то Яня застаецца ўвесь час дома з маці і брацікам Карусем, якому хутка споўніцца тры месяцы.

«Я спачатку спрабавала даведацца праз знаёмых, у які садок, у які раён лепш аддаць дзяцей, але потым вырашыла, што трэба дзейнічаць афіцыйна, — распавядае Аляксандра. — Спачатку напісала ў адміністрацыю Ленінскага раёна, каб мне далі спіс беларускамоўных ясляў. Але мне адказалі, што ў нашым раёне няма ніводнага садка, дзе ёсць ясельная група з беларускай мовай. Тады я напісала другі зварот, дзе пыталася пра садкі. І зноў мне адказалі, што іх няма».

Калі маладая маці прыйшла ў «Адно акно», каб яе дзяцей занеслі ў спісы на атрыманне дашкольнай адукацыі, высветлілася, што яна ніяк не можа прасачыць, ці будзе зафіксавана яе жаданне выхоўваць дзяцей па-беларуску.

«Я не ўбачыла ніводнай паперы, дзе гэта можна было б прапісаць. Супрацоўніца «Аднаго акна» пазначыла гэта дзесьці ў сябе ў камп’ютары і ўсё. Я перапыталася, ці дакладна яна пазначыла, бо хачу, каб быў адмысловы запіс, што маю жаданне выхоўваць дзяцей па-беларуску, каб гэта не згубілася. Яна запэўніла, што ўсё пазначыла, — працягвае Аляксандра.

— Але потым я вырашыла: чаму маё жаданне аформлена вось такім чынам? Чаму не ў выглядзе дакумента, дзе я магу паставіць птушачку, што хачу менавіта беларускамоўную групу або што мне няма розніцы, на якой мове будзе выхаванне. Выходзіць, гэта ніяк не фіксуецца».

Тады яна напісала яшчэ адзін зварот, у якім адзначала, што ў адміністрацыі Ленінскага раёна няма адмысловай формы, дзе можна зафіксаваць пажаданні бацькоў адносна мовы навучання.

«Спачатку мне патэлефанавала загадчыца «Аднаго акна» і паспрабавала вырашыць пытанне мірна. Аднак потым прыйшоў адказ, дзе гаворыцца, што перапіска са мной спыняецца. Імаверна, у адміністрацыі не прыдумалі, што зрабіць, і вырашылі папросту закрыць пытанне, адфутболіўшы мяне», — адзначае Баярына.

«Усе пытанні прыёму, камплектавання ва ўстанову дашкольнай адукацыі, навучання на беларускай мове вам былі растлумачаны ў адказе ад 05.09.2017. У сувязі з тым, што ў вашым звароце не ўтрымліваюцца новыя абставіны для разгляду яго па-сутнасці, у выпадку паўторнага звароту па дадзеных пытаннях, згодна з п. 1 артыкула 15 Закону Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2011 «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» з вамі будзе спыненая перапіска», — паведамляецца ў афіцыйным адказе.

«Атрымліваецца, наша перапіска выглядае вось так: — У вас ёсць садкі? — Няма. — Дык у вас жа бланкаў няма. — Калі вы яшчэ раз нам пра гэта напішаце, з вамі будзе спыненая перапіска», — каментуе Аляксандра.

У лісце з адміністрацыі раёна таксама адзначаецца, што ў адмысловай форме для запісу дзяцей, зацверджанай пастановай Мінадукацыі, прадугледжана магчымасць пазначыць канкрэтны садок, а вось для мовы асобнага пункта няма. І іншых формаў проста не існуе. То бок калі бацькі хочуць навучацца ў беларускамоўнай групе, то мусяць пазначаць нумар садка, дзе ёсць такая група. А вось што пазначаць бацькам, калі ў раёне няма беларускамоўных груп — пытанне.

У папярэдніх афіцыйных адказах зазначаецца, што «пры адсутнасці дастатковай колькасці дзяцей для фарміравання асобнай групы, у дашкольнай установе павінны стварацца ўмовы для атрымання дашкольнай адукацыі на беларускай мове». Аднак не ўдакладняецца, якім чынам гэта мае быць зроблена.

Паколькі Аляксандры Баярынай адказы на пытанні так і не далі, яна мае намер звяртацца ў пракуратуру.

«Буду пісаць пра парушэнні правоў. Па-першае, мой трэці ліст тычыўся арганізацыі працы «Аднаго акна», а не садкоў, і адказу на яго я не атрымала. Па-другое, мусяць быць і беларускамоўныя садкі, і беларускамоўныя школы. Іх павінны арганізоўваць, калі ёсць запыт, — адзначае маладая маці.

— Я лічу, што адказаць «у выпадку наступнага звароту з вамі будзе спыненая перапіска», калі ты ўсяго толькi ўказаў на адсутнасць адпаведнага бланка — гэта абсалютна цынічны крок. Маўляў, садкоў няма, i калі вы яшчэ раз закраняце гэтую тэму, мы вас «заблакуем»».

Цяпер Аляксандра рыхтуецца да таго, што калі Яні споўніцца тры гады, яе трэба будзе весці ў садок.

«У сапраўдную беларускамоўную групку, а не туды, куды мне прапануюць. Бо звычайна беларускамоўная група — гэта група, у якой большасць рускамоўных дзетак, таму што ў садок ходзяць тыя, хто жыве побач. Зразумела, што ўсе яны пачынаюць камунікаваць на мове большасці, па-руску, а за імі і выхавацелькі пераходзяць», — адзначае Баярына.

Аляксандра дадае, што бацькі імкнуцца запісаць дзяцей у садкі адразу пасля нараджэння, як мага раней. Выходзіць, што праз недасканалую арганізацыю працы ў адміністрацыях ніхто не ведае, колькі дакладна бацькоў хацелі раней i хочуць сёння аддаць дзяцей у беларускамоўныя групы. Аляксандра прапануе бацькам пісаць электронныя звароты ў адміністрацыі сваіх раёнаў, каб зафіксаваць такое жаданне.

Настасся Роўда

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні