Мадэратарка беларускай суполкі слінгамам, маладая і актыўная маці дзвюх дачок Юля Баброва распавяла, навошта насіць дзяцей у слінгах і як гэта рабіць правільна.
«Ніна»: Чаму маладыя мамы носяць дзяцей у слінгах?
Юля Баброва: Бо дзеці заўсёды хочуць быць бліжэй да маці і іх даводзіцца насіць на руках ці яшчэ неяк, а слінг — гэта фізіялагічны спосаб нашэння.
Раней былі распаўсюджаныя кенгурушкі. Але калі правялі базавыя эксперыменты з удзелам артапедаў і іншых дактароў, каб высветліць, наколькі кенгурушкі зручныя, стала зразумела, што зусім не. Паспрабуйце самі павісець гадзіну ў позе, калі пахавая вобласць становіцца апорай для ўсяго цела!
Затое распаўсюдзіліся слінгі і іншыя эрганамічныя пераноскі.
«Ніна»: Адкуль вы даведаліся пра слінгі?
Юля Б.: У студэнцтве я вяла ЖЖ і знайшла там слінгамаму Іру Авіў — яна выкладала фота з дачкой у слінгу ў розных месцах свайго горада. Я тады падумала: «Як гэта зручна! Калі ў мяне будуць дзеці, то абавязкова буду іх так насіць».
«Ніна»: Якая была рэакцыя вашых маці і бабулі на слінг, ці былі яны супраць?
Юля Б.: Ну, ім трэба было прызвычаіцца. Але я гэтага вельмі хацела, нават мужа захапіла сваім энтузіязмам. Ён быў вельмі-вельмі «за», бо любіць усялякія зручныя штукі. Але, канечне, трэба быць досыць упартым, каб пераканаць сваіх блізкіх, што гэта добра. Мая мама ў выніку даволі хутка са мной згадзілася, што гэта зручна, але саспела наматаць на сябе слінг толькі калі нарадзілася другая ўнучка. Даша спакойна засынала на бабулі.
«Ніна»: Што казалі дактары ў паліклініцы?
Юля Б.:
З першай дачкой я была вельмі няўпэўненая: калі мы ішлі ў паліклініку, то перад уваходам ці на першым паверсе размотвала слінг і хавала ў пакет.
У мяне не было сумневаў, што слінг — гэта правільна, важна і карысна для маёй дачкі, бо яна была неданошаная, а такім дзецям патрэбны метад кенгуру «скура да скуры». Насіла Аленку так дома ад самага пачатку, але баялася, што нам нешта скажуць на прыёме ў педыятра. З другой дачкой я ўжо спакойна хаджу паўсюль. Здараецца, да нас падыходзяць цяжарныя, цікавяцца, тады я ім даю візітоўкі нашай слінгасупольнасці.
«Ніна»: Ці былі непрыемныя рэакцыі людзей?
Юля Б.: Моцна залежыць ад таго, як сама мама да гэтага ставіцца. Калі яна ўпэўненая ў сабе, спакойная, то нават калі ў яе дзіця крычыць, ніхто нічога ёй не скажа. А вось калі маці панікуе, перажывае, то абавязкова знойдзе свайго каментатара. Ніякіх негатыўных рэакцый у нас не было.
«Ніна»: А ў вас ёсць вазок? Ці слінг — гэта радыкальная пазіцыя?
Юля Б.: Калі Аленцы было паўгода, мы набылі вазок.
Ва ўсім трэба прытрымлівацца балансу — гэта не рэлігія, не секта.
Калі зручна з вазком, то добра, хоць зусім маленькіх, канечне, прасцей да сябе прыматаць. Не трэба цягаць вялізны вазок, не трэба апранаць дзіця ў зімовую вопратку, можна проста наверх на слінг апрануць слінгакуртку. Тыя, хто спрабаваў апрануць дзіцяці ў зімовае, вынесці вазок на вуліцу па лесвіцы ці нават спусціць на ліфце, ведаюць, наколькі прасцей са слінгам.
«Ніна»: Ці шмат людзей у ЖЖ-кам’юніці слінгамам Беларусі?
Юля Б.: Актыўных — чалавек 15. Дзеці вырастаюць, нехта прыходзіць, нехта сыходзіць, нехта вяртаецца з другім, трэцім дзіцём.
У ЖЖ не ўсім зручна адсочваць інфармацыю, таму вясной я завяла яшчэ старонку на фэйсбуку і ў інстаграме @belslingomamy.
«Ніна»: Як бавяць час слінгамамы ў вашай супольнасці?
Юля Б.: Мы проста збіраемся разам і куды-небудзь ходзім, напрыклад, у музеі. Цяпер з’явілася больш «чайлд-фрэндлі» месцаў, мы наведваем правераныя.
«Ніна»: Якія асноўныя страхі, звязаныя са слінгам, ёсць у навічкоў?
Юля Б.:
«Ніна»: Цяпер праходзіць тыдзень слінганашэння, што плануецца?
Юля Б.: У суботу пройдзе слінгапарад. А на наступным тыдні мы правядзём слінгабарахолку.
Больш інфармацыі можна пачытаць вось тут.
Воля Афіцэрава