Праект партала
Гісторыі Сямейныя сакрэты дэпутаткі Алены Анісім 18
19.09.2017 / 18:32

На офісе ТБМ нас сустракаюць спадарыня Алена і Арынка, так ласкава называе дзяўчынку бабуля. Арына — дачка старэйшага сына дэпутаткі. Дзяўчынка пойдзе ў школу толькі налета, але жыццёвая школа ў яе пачалася даўно. Год таму, калі Алену Анісім абралі ў парламент, унучка актыўна ўдзельнічала ў перадвыбарчай кампаніі.

У офісе ТБМ.

«Ніна»: Як лета? Ці паспелі адпачыць?

Алена Анісім: Крыху. Узяла ў жніўні 11 дзён адпачынку. Паспелі з’ездзіць у Слуцк, тое-сёе парабіць у бацькоўскай хаце. А яшчэ куды мы з табой з’ездзілі, Арына?

Арына: На мора.

Алена А.: З’ездзілі ў Адэсу ўтрох: муж, я і Арынка. Сваякі мужа адшукалі нам жытло за 800 метраў ад пляжу. Умовы былі добрыя, надвор’е — цёплае. Пабылі там пяць дзён, а пасля адведалі роднага брата мужа ў Мікалаеве.

«Ніна»: Арына раней была на моры?

Алена А.: Не, толькі на возеры і на рэчцы. Дарэчы, на Яблычны Спас мы яшчэ з’ездзілі на возера Свіцязь. Таксама трапілі на спякотны дзянёк і паплавалі. Там блізка радзіма мужа, калі мы бываем у тых мясцінах, імкнёмся з’ездзіць на возера.

«Ніна»: Ці атрымалася пераключыцца і адпачыць? Увогуле, ці ўмееце вы адпачываць?

Алена А.: Канечне, я дзеля гэтага і з’ехала хоць на пяць дзён. На больш, канечне, не магу адарвацца. Хоць роўмінг быў, і на нейкія званкі я адказвала, нават паспела даць інтэрв’ю.

«Ніна»: Што для вас адпачынак? Што вас расслабляе?

Алена А.: Прыемна пабыць на спектаклі, схадзіць на выставу. Вось фізічная праца на лецішчы мяне не расслабляе. Яна проста дазваляе спалучаць нейкія думкі, ідэі з вынікам фізічнай працы.

Нядаўна праполвала трускаўкі, якія я вельмі люблю, іх у мяне шмат, дык калі полеш, адразу нейкія ідэі з’яўляюцца. Але ад гэтага не расслабляешся. А вось на моры, на возеры — цудоўна. Прырода, вада… Я ўвогуле люблю паплаваць, хаця не шмат часу на гэта ўдаецца выкраіць. Каб не ўнучка, якой я два гады абяцала, што зважу яе на мора, дык хто яго ведае, ці з’ездзіла б.

«Ніна»: Дзе прыемней плаваць: у моры ці ў возеры?

Алена А.: Калі цёплае надвор’е, то плаваць у Свіцязі — наймілейшае шчасце. І калі возера, што паблізу ад маёй бацькоўскай сядзібы, чыстае, то ў ім таксама добра.

«Ніна»: Раскажыце пра сваё лецішча. Я так разумею, гэта бацькоўскі дом?

Алена А.: Гэты дом, можна сказаць, мой равеснік. Памятаю, як яго будавалі і як мы засяляліся. Там пры доме 17 з лішнім сотак зямлі. Расце ўсё: гладыёлусы, ружы, яблыкі, грушы, памідоры, гуркі, агрэст, салодкі вінаград, якому столькі ж гадоў, колькі майму меншаму сыну — 25. Трускавак у мяне тры гатункі і чатыры дзялянкі, кабачкоў мора нарасло!

«Ніна»: Не разумею, як вы паспяваеце ўсім гэтым займацца.

Алена А.: Мне вельмі дапамагае муж. Ён ужо на пенсіі і можа пасярод тыдня з’ехаць на лецішча і штосьці там зрабіць. Ну і калі на выхадныя едзеш, то ўсё. Канечне, без фанатызму, пакуль што там няма ландшафтнага дызайну.

«Ніна»: А хочацца?

 Алена А.: Жаданне ёсць, але ведаеце…

Я не люблю, калі як на малюнку. Жыццё — яно такое, што ўвесь час хочацца нешта змяняць. Сёння табе гэта падабаецца, заўтра — не. А калі робіш усё пад адно, то гэта ўжо нешта ўстойлівае. Становіцца нецікава.

Таму ў нас усяго хапае: і кусцікі розныя, і чарнаплодная рабіна, і вяргіні растуць, і ландышы, і ружы розныя.

«Ніна»: Гэта вы справу бацькоў працягваеце? Ці самі ўсё панасаджвалі?

Алена А.: Бацькі майго ўжо 31 год як няма, ён адышоў у чарнобыльскі год. А мамы няма пяць гадоў. Калі маці засталася адна, увесь клопат па доглядзе за ёй і за хатай лёг на мяне.

Быў перыяд, калі я страшэнна злавалася, што мне даводзіцца калупацца ў зямлі. Думалася: на што ідуць таленты? Але тут як і ў любой іншай справе: трэба нешта пераадолець, каб гэта палюбіць.

Напэўна, я па-іншаму стала думаць, калі сама пачала штосьці мяняць. Прыбіраць старыя кусты, іначай іх размяшчаць. Ты нешта робіш і бачыш вынік. Відаць, ад гэтага і прыйшла тая любоў. Цяпер у мяне гэта, відаць, ніхто ўжо не адніме.

«Ніна»: Арына бывае ў вас там?

Алена А.: Яна ўвесь час з намі, калі ў мяне адпачынак. Летась яна амаль усю выбарчую кампанію была побач: ездзіла і на футбол, і на пікеты. Не на ўсе, але даволі часта.

«Ніна»: Што сёння прыгадваецца пра дзяцінства?

Алена А.: Не далей як учора ляжым мы з Арынкай на верандзе. А ў яе нядаўна з’явіўся такі цацачны чорны коцік, і я, значыць, з гэтым коцікам і з ёй размаўляю. Арынка глядзіць, смяецца і кажа: «Ты, відаць, дзяцінства ўзгадваеш».

Дзяцінства было вясёлым. Памятаю, мы з дзяўчатамі малымі збіраліся ў некага на печы і гулялі з самаробнымі картамі. Рабілі іх з пачак ад кукурузных палачак, яны былі размаляваныя рознымі квадрацікамі — дзе пеўнік, дзе яшчэ хто. Гулялі і расказвалі ўсялякія страхі пра духаў на могілках. Пасля вяртаешся ўвечары дахаты — страшна.

Дзяцінства — гэта, канечне, зіма. Ой, зімы якія былі! Песня! Вуліца была шырокая, але конь з возам узімку не мог праехаць. Гурбы снегу намятала такія, што не відно было хаты насупраць. Каб дабрацца да скаціны, часам трэба было два-тры дні прабіваць тунэль. Памятаеце «Хаўер»? Дык вось і тады так было. Толькі ўзімку, а не ўвесну, і ляжала ўсё даволі доўга. Мы бралі сані ці «дрынду», гэта такі вазок, і каталіся з гары.

Памятаю, як навучылася плаваць. Цяпер той рэчкі ўжо няма, згадзіла меліярацыя. А ў дзяцінстве летам мы там заўсёды рабілі запруду. Былі і глыбокія месцы, і «лягушатнік». Гадоў у восем-дзевяць мы ўжо вучыліся плаваць там, дзе глыбока. Трэба было пераплыць з аднаго берага на другі. І вось неяк так адзін раз па-сабачы пераплыла, а тады назад. І зразумела, што ўмею плаваць. Гэта неверагоднае пачуццё! Потым у будаўнічым атрадзе нават была інструктарам. Нас вучылі, як ратаваць чалавека, як выплысці ўдвух. Я і цяпер ведаю.

Ну і вось яшчэ што памятаю. Бацькі выпісвалі «Настаўніцкую газету», па ёй мяне вучылі чытаць. Там проста літары вялікія ўверсе: «Настаўніцкая». І пакуль мяне вучылі чытаць гэтае «На-стаў-ніц-ка-я», я прачытала знізу «газета» і выдала.

Са стрыечнымі братамі ля бабулінай хаты. На фота побач — дзевяцігадовая Алена Анісім сядзіць на мапедзе і марыць пра тое, каб руляваць.

«Ніна»: Вёска ваша вялікая была?

Алена А.: Больш як 90 двароў, усе жылі дружна. Памятаю, і на радзіны, і на хрэсьбіны бацькоў часта клікалі. Бацьку асабліва. Да настаўнікаў было стаўленне адпаведнае: людзі паважалі, раіліся, запрашалі. Колькі вяселляў перагулялі! Насычанае жыццё было, дастаткова публічнае.

«Ніна»: Вы раслі ў сям’і настаўнікаў. Ці не занадта правільным было выхаванне?

Алена А.: Расці ў настаўніцкай сям’і — гэта бачыць, што бацькі ўвесь час занятыя. Ты на ўрокі з імі ходзіш, бачыш, як яны планы пішуць, сшыткі правяраюць. Яны ўвесь час былі ў працы, таму вялікага выхавання не было.

Бацька выхоўваў характар ненавязліва. Калі ў мяне пачыналіся нейкія псіхозы, ён казаў: «Я ў тваіх бедах не вінаваты». Ён навучыў мяне катацца на каньках. Памятаю, аднойчы ён даў мне рукі, каб я трымалася і кацілася, а я ўхапілася не за рукі, а за пальчаткі. Сцягнула іх і ўпала, а ён засмяяўся. Мне было страшэнна крыўдна! Але гэта ўва мне выхоўвала стойкасць.

Браты старэйшыя за мяне на 13 гадоў і на 9. Калі яны прыязджалі са сваімі сябрамі дамоў, у іх быў абавязак хадзіць і чысціць мне сажалку ад снегу, каб я магла катацца.

«Ніна»: А маці што ў вас укладала?

Алена А.: Напэўна, давала апеку.

Характар у мяне быў не просты, наравісты. Аднойчы, памятаю, не хацела я чамусьці есці. Бацька ўзлаваўся страшэнна! І хоць ён мяне і лупянуў, а я ўсё адно не рабіла так, як ён казаў. У рэшце рэшт кампраміс быў знойдзены, я пайшла есці на веранду. Гэта мама ўлагодзіла канфлікт, іначай бы не разабраліся.

Мама некалі грала на гітары ў ансамблі, але мяне не навучыла, я была пакрыўджаная на яе за гэта. У мамы быў бездакорны слых, напэўна, ад яе мне ён і перадаўся. Затое бацька вельмі любіў спяваць і, напэўна, больш, чым мама, прывіваў любоў да спеваў. У яго былі беларускія спеўнікі, ён збіраў пласцінкі.

На гэтым здымку Алене Анісім 13 гадоў.

«Ніна»: Вы ўжо сказалі, што ў вас быў няпросты характар. Як у школе складваліся стасункі?

Алена А.: Я была выдатніцай і імкнулася быць правільнай, таму не хацела даваць спісваць. Нас было чалавек 11 з вёскі, якія хадзілі ў адзін клас. Аднойчы мы ішлі, і дзяўчаты мяне прысаромілі. Маўляў, такая-сякая, не даю спісваць. Я паслухала і вырашыла, што, відаць, гэта і праўда нядобра, трэба дапамагаць адно аднаму. І пасля таго дапамагала. Спачатку сабе рашала хуценька заданні, а потым паспявала некалькі заданняў суседцы па парце рашыць, каб ёй хоць не два было, а тры. Натуральна, пакеплівалі адзін з аднаго, саперніцтва было. Але была і павага.

«Ніна»: Мне цікава вось што. Каб атрымаць залаты медаль, трэба вучыцца. Вам самой хацелася ці прымушалі?

Алена А.: Я шмат чытала, мне падабалася жыць у свеце кніжных герояў, бацькі часам проста выпіхвалі на вуліцу. Але калі ўжо я выходзіла на вуліцу, тады было не загнаць дадому. Не складана было вучыцца. Можа, каб яшчэ больш намаганняў прыкладала, дык два залатыя медалі атрымала б [смяецца]. У вясковых школах тады было так: калі настаўнікі бачылі, што дзіця стараецца і ў яго ёсць здольнасці, дапамагалі і падштурхоўвалі. Хоць, памятаю, быў і такі момант.

Класная мяне публічна адчытала. Я і цяпер лічу, што несправядліва! Трэба было нешта перапісаць, але гэта было неабавязкова, таму я не зрабіла. Тым не менш, класная мяне падняла і адчытала. Маўляў, безадказная. Калі я ўсё гэта выслухала, мне прапанавалі выканаць заданне. Але я яго ўсё адно не зрабіла. Прынцыпова.

Якія прадметы любіла? Зразумела, беларускую мову і літаратуру. Нямецкую мову, рускую мову і літаратуру… Мне бацька дарыў кнігі: «Сымона-музыку» Якуба Коласа, зборнік паэм Янкі Купалы. «Бандароўну» я вывучыла ўсю на памяць і, калі пісала выпускное сачыненне ў восьмым класе, проста ўстаўляла кавалкі з паэмы. Зрокавая памяць была вельмі добрая, я памятала ўсе кропкі, коскі. Старэйшаму сыну гэта ўсё перадалося. Яму нават казалі, што ён спісвае.

З бацькам, братам і пляменнікам.

«Ніна»: Адкуль у вас беларускасць?

Алена А.: Па-першае — натуральнае асяроддзе.

У нас у вёсцы, калі віталіся, казалі «добры дзень». І вось калі нехта з’язджаў вучыцца, а потым вяртаўся і казаў «драсьце», вяскоўцы рэагавалі тут жа: «Ну во, гарадскую булачку з’еў і ўжо пачаў гаварыць іначай!» Гэта адкладалася ўва мне.

Па-другое, у нас дома было шмат кніг, рускіх у тым ліку. Што чытаць, я выбірала сама. Памятаю, двойчы бралася за чытанне «Педагагічнай паэмы» Макаранкі. Першы раз — гадоў у дзесяць. Прачытала колькі старонак, стала нецікава, і я яе адклала. А вось калі мне ўжо было гадоў 13, яна мяне захапіла.

Памятаю яшчэ такі момант. Мы часцяком ездзілі ў Віцебск, у Вільню, там маміны сёстры жылі. У дарозе ў цягніку я размаўляла па-руску, бо там хто з Харкава быў, хто яшчэ адкуль. І людзі дзівіліся, што я чыста гавару. А для мяне гэта было натуральна. Я разумела, што ёсць руская мова, а ёсць мая мова — мова асяроддзя. У мяне не было трасянкі.

Ну а пасля, калі я паступіла на беларуска-рускае аддзяленне філфаку, у «Майстроўні» адбыўся поўны пераход да беларускасці: цалкам і беспаваротна. Мне было тады 18 гадоў. Дзе б я ні была — размаўляла па-беларуску.

Партрэт зроблены ў жніўні 1986 года падчас сустрэчы са сваім класам у СШ №71.

«Ніна»: Пра «Майстроўню» хачу запытацца асобна. Хто ні расказвае пра суполку, кожны гаворыць, што вы там былі зоркай. Чым вы ўсіх скарылі?

Алена А.: Адкрытасць, маладосць, доўгія чорныя валасы.

Нас вучыла спяваць Ларыса Сімаковіч. Яна калі спявае — гэта ўсё. У мяне жаданне спяваць было прыроднае. Я трапляла ў ноты, але не таму, што іх ведала. Можа быць, гэта прыцягвала. Ёсць адна песня, якую я страшэнна люблю з майстроўскіх часоў, вельмі старажытная. Там такі шырокі дыяпазон, цяпер я ўжо так не заспяваю, як тады: «Пры крайчыку, пры Дунайчыку два брацеткі а купаліся. Купаліся, размаўляліся…» [спявае]. Мы яе з Дубаўцом спявалі.

І тое, што ў «Цары Максіміляне»… Мы ўсе, можа быць, час ад часу марым быць актрысамі. Але я ніколі пра гэта не марыла, гэта было недасягальна, я проста не магла сабе дазволіць такую мару. А тут вырашылі ставіць «Цара Максіміляна» і першая роля, якую мне далі — Смерць! Выхадаў там было не шмат, можа, адзін які. Але пераканаўчы!

На пачатку ролю Кумірыцкай багіні Венеры грала мая сяброўка. Аднойчы яе не было на рэпетыцыі, і мне прапанавалі яе падмяніць. Я адыграла гэтую ролю, і мне сказалі: «Грай ты». Сяброўка пакрыўдзілася і адмовілася ўдзельнічаць у спектаклі, а мне давялося граць дзве ролі — і Кумірыцкай багіні Венеры і Смерці ў адным спектаклі. Напэўна, гэта і ёсць тое «зорнае».

«Ніна»: Дзецям калыханкі спявалі?

Алена А.: Спявала. Праўда, хлопцы не вельмі любілі. І ўнучцы спявала, калі яна была зусім маленькая. Цяпер ужо толькі чытаю: вершыкі, казкі.

«Ніна»: Вы строгая маці? Строгая бабуля?

Алена А.: Як сказаць. Я магу быць строгай, але пытанне ў тым, як гэта ўспрымаецца. Для хлопцаў быць строгай мамай… Лепш, калі строгі бацька. Прыкладны, узорны бацька — выхавацель і для дзяўчат, і для хлопцаў.

«Ніна»: У вашай сям’і менавіта так? Ёсць гэты падзел роляў?

Алена А.: Не зусім. Недзе я, відаць, перахопліваю лідарства. Хаця мне больш падабаецца дэмакратычны лад, тады чалавек адчувае сябе свабодна і можа рэалізавацца напоўніцу. Але пры адпаведных намаганнях. У гэтым і сэнс дэмакратыі: без прымусу, але з асабістай адказнасцю.

«Ніна»: Колькі вам было гадоў, калі вы першага нарадзілі?

Алена А.: Яшчэ не было 21 года, але я ўжо скончыла ўніверсітэт.

З сяброўкамі па блоку ў інтэрнаце №7 на Кастрычніцкай напярэдадні атрымання дыпломаў.

«Ніна»: Як вы ўсё паспявалі? Усё ж трое сыноў — вялікая адказнасць.

Алена А.: Было не проста, бо жылі на кватэрах. Калі бацькі не стала, давялося забраць матулю. У 1986 годзе ўсю першую чвэрць я хадзіла за тры кіламетры на чыгунку, ездзіла ў Мінск, пакуль дзеці заставаліся дома з маці, а ўвечары вярталася назад.

Пасля, як атрымалі кватэру, таксама было не проста.

Дваіх дзяцей трэба было завесці ў садок. Сыноў, аднаму тады было пяць гадоў, другому — тры, даводзілася падымаць вельмі рана, каб без пятнаццаці сем яны ўжо былі ў садку, бо ў восем мне трэба было быць на працы ў школе. Жылі мы на Паўднёвым Захадзе, а школа, дзе я працавала, была ў Курасоўшчыне. Цяпер я ўсе гэтыя разважанні пра пачатак заняткаў слухаю, і робіцца смешна.

Дзеці ж таксама ўсе розныя — адны совы, іншыя жаваранкі. Пад кожнага ўсё адно не падладзішся.

На сваёй кватэры ў нас і з’явіўся трэці сынок. Хоць, канечне, хацелася дачушку.

«Ніна»: З хлопцамі проста было?

Алена А.: З хлопцамі цяжэй за ўсё ў падлеткавым узросце. Але ў старэйшага сына, бацькі Арыны, быў няпросты характар з маленства. Яму трэба было рабіць усё наперакор. А ўвогуле сыны вельмі добразычлівыя.

Калі нарадзіўся трэці сыночак, старэйшыя мне ўжо дапамагалі гадаваць малодшага, асабліва сярэдні сын. Паміж старэйшым і сярэднім розніца — год і восем месяцаў. Паміж сярэднім і малодшым — сем гадоў. Некалі мне трэба было адбегчы ў краму, прылятаю, а сярэдні сын мне кажа пра малодшага: «Мама, ён там ужо ўсё, што трэба, зрабіў, я ўсё памяняў». А памперсаў тады не было.

Яшчэ калі я была ў дэкрэце, муж купіў машыну, але правоў у яго не было. Ён займаўся бізнэсам, трэба было ездзіць, наймаў кіроўцу. Але ж трэба было некаму ісці на курсы. Вось я і пайшла. Хадзіла па вечарах, пакуль старэйшыя хлопцы глядзелі меншага. Часам я думала: «Божа мой, нашто мне гэта трэба? Ва ўсіх мужы як мужы, маюць правы, а ў мяне?»

Памятаю ноч перад тым, як трэба было першы раз сядаць за стырно. На ровары я ездзіла, а за стырном аўтамабіля — ні разу! Адна справа — тэорыя, вывучыў ды і ўсё. А іншая — за стырно сядаць. Адразу адказнасць якая! Але села, паехала. Спадабалася. Цяпер ужо не аднімеш у мяне.

«Ніна»: Выходзіць, вы ўжо больш за 20 гадоў кіруеце машынай?

Алена А: У верасні будзе 23 гады.

«Ніна»: Якая ў вас манера язды?

Алена А.: Настраёвая. Калі няма настрою, еду памалу. Калі настрой больш гуллівы, кірую больш рэзка. Але гэта больш пра маладыя гады. Цяпер езджу больш адказна, больш узважана. І паважліва: часцей прапускаю, падразаць не люблю і не люблю, калі мяне падразаюць. Магу нават зазлаваць, але часцей жадаю шчаслівай дарогі.

«Ніна»: Гатуеце?

Алена А.: Люблю гатаваць, асабліва пад настрой. Люблю рабіць нешта новае або дадаваць штосьці незвычайнае ў свае рэцэпты. Але не магу сказаць, што фанатка. Торты і ўсё тое, што патрабуе шмат часу, гатаваць не люблю. Я не лічу, што гэта апраўдвае прыкладзеныя намаганні. А вось тое, што робіцца досыць хутка, лёгка, проста — гэта так.

«Ніна»: Якая любімая страва?

Алена А.: У мяне няма нелюбімых. Я, як кажуць, усяядная. І перцы люблю фаршыраваныя, і галубцы, і дранікі. Дарэчы, вось хто ў нас любіць дранікі [паказвае на Арыну].

«Ніна»: Цяпер хапае часу, каб сесці і нешта для душы пачытаць?

Алена А.: Стараюся яго знаходзіць. Часам прыйдзеш, цісканеш на кнопку, знойдзеш нейкі фільмік і адключаешся. Апошняя кніга, якую я прачытала, — «Чорны кот» Валерыя Казакова. Яна мяне вельмі захапіла, хочацца працягу. Кніг я перачытала многа, да нейкіх вяртаюся. Цяпер трэба перачытаць гісторыю Латвіі, гісторыю Фінляндыі. Але гэта сур’ёзныя кнігі, калі тую ж мастацкую ты можаш пачытаць на сон, то для навукова-папулярных патрэбны адпаведны момант.

«Ніна»: Часта бываеце дома? Ці ад раніцы да ночы працуеце?

Алена А.: Дома я бываю, але ўсё адно і там часам таксама пераключаешся на грамадскую дзейнасць. Не магу сказаць, што жыццё ў мяне моцна перагружанае, бо яно ў мяне заўсёды было насычанае.

«Ніна»: Што для вас значыць сяброўства?

Алена А.: У нейкі перыяд сяброўства было вельмі моцнае, шчыльнае. Сябры і засталіся, але кантактуеш з імі менш. З іншага боку, разуменне сяброўства пашырылася. Мае памочнікі, з якімі мы разам працуем, — яны мне сябры.

«Ніна»: Ці атрымліваеце вы падтрымку з сям’і? Ці надае яна вам сілаў?

Алена А.: Адназначна. Нават калі гэта не прагаворваецца, ты ведаеш, што дзеці могуць дапамагчы, што муж заўсёды падстрахуе. У тую ж Адэсу я думала ехаць цягніком ці аўтобусам, але ж гэта суткі туды, суткі назад, клункі і ўсё астатняе. Муж прапанаваў паехаць на машыне. І хоць машына мае працяглы век, усё атрымалася добра.

«Ніна»: Дарэчы, якое ў вас стаўленне да рэчаў? Ці маюць яны для вас значэнне?

Алена А.: Спакойнае. Я не лішне ганюся за нейкімі старажытнымі рэчамі. З іншага боку — нейкімі даражу. Вось не так даўно муж прапанаваў вышыўкі, якія рабіла мая матуля, аформіць у рамку. І зрабіў некалькі.

«Ніна»: З братамі старэйшымі падтрымліваеце стасункі?

Алена А.: Канечне. У дзяцінстве я для іх была ў пэўным сэнсе абузай. Памятаю, бацькі былі недзе ад’ехаўшыся, і хлопцам хацелася на танцы, тым больш, у бацькі быў матацыкл. А тут я. Дык яны і мяне бралі з сабой. Але сярэдні часам кажа: «Ведай, што я цябе люблю, бо я цябе ў начоўках калыхаў».

Браты для мяне заўсёды былі прыкладам. Яны абодва таксама заканчвалі філфак. Чаму я пайшла ў перакладчыцы? Таму што старэйшы наш пайшоў, ён з польскімі групамі турыстаў ездзіў. Другі брат, той, што ў начоўках калыхаў, ездзіў у будаўнічы атрад. Я таксама хацела туды, ездзіла, цэглу цягала.

«Ніна»: Раскажыце пра сыноў, пра мужа. Чым яны займаюцца?

Алена А.: Хлопцы мае, на мой вялікі жаль, не захацелі атрымліваць вышэйшую адукацыю. Але гэта іх выбар. Старэйшы Аляксандр займаецца рамонтам аўтамабіляў. Яму гэта падабаецца, хоць я лічу, што гэта не яго. Сярэдні сын, Мікола, хацеў вучыцца на эканаміста. Але пасля хваробы ён перапыніў навучанне. Цяпер ён працуе кантралёрам залы, ахоўнікам. Меншы сыночак вучыўся ў чацвёртай гімназіі, але, на жаль, у выпускным класе ён катэгарычна адмовіўся туды хадзіць. Перайшоў у звычайную школу, што побач з домам. Скончыў яе і ўжо самастойна вырашаў, куды паступаць далей. Яму вельмі хацелася з’ехаць з дому. Хіба гэта тое, чаго не хапіла старэйшым сынам, бо яны ўвесь час былі пры мне. Ён з’ехаў у Пінск, вывучыўся на швачку. Пасля год адпрацоўкі быў у Салігорску на «Калінцы». Ну а потым вярнуўся і стаў займацца тым, да чаго ў яго заўсёды была схільнасць і пра што я яму раней і казала. У выпускным класе ён рамантаваў тэлефоны. І вось некалькі апошніх гадоў ён займаецца менавіта гэтым.

Муж займаўся бізнэсам, гэта быў продаж тавараў. У 1990-я бізнэсам займаліся многія. У свой час на заводзе ў яго былі розныя рацыяналізатарскія прапановы, ён скончыў мехмат, склад розуму ў яго практычны.

Студэнцтва, 3 курс.

«Ніна»: Дарэчы, як вы сышліся?

Алена А.: На трэцім курсе нас пасялілі ў «сямёрку», туды ж засялілі мехмат. Дагэтуль філолагі жылі з юрыстамі, таму з імі і жаніліся. І вось на чацвёртым курсе мы ўжо сталі прыглядацца. Пачалі хадзіць на стадыён, прэс качаць. Каб і сябе паказаць, і на хлопцаў паглядзець. Першая прыстрэлка была такая.

У майго будучага мужа была апаратура, ён любіў музыку, Высоцкага, у яго было шмат розных музычных матэрыялаў. Ён быў адным з тых, хто мог наладзіць дыскатэку. Вось там мы і пазнаёміліся. Ён запрасіў танцаваць, і так і пайшло.

Вяселле зладзілі на пятым курсе, 25 лютага 1983 года, перад размеркаваннем.

На прэзентацыі першага нумару «Новага Часу» разам з Сяргеем Кручковым.

«Ніна»: Якія пяць рэчаў, што ўжо зрабілі, лічыце галоўнымі?

Алена А.: Для мяне важна, што была запачаткавана газета «Новы Час». Што была адкрытая гімназія №23. Для мяне важны ўдзел у «Майстроўні», удзел у распрацоўцы стратэгіі развіцця беларускай мовы. Канечне, для мяне важна, што ў мяне ёсць сям’я.

А яшчэ я хачу зрабіць тое, што важна для людзей, тое, што я абяцала, калі ішла ў дэпутаты. І, канечне, Нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання.

Настасся Роўда, фота Сяргея Гудзіліна і з архіва гераіні

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні