Праект партала
Гісторыі Споведзь Каці Пытлевай пра ЭКА і месяц жыцця з мёртвым дзіцём у жываце6
19.09.2017 / 09:42

Паўгода таму Каця Пытлева нарадзіла дваіх цудоўных дзетак — Яна і Міру. Вядомая вядоўца тэле- і радыёпраграм не проста хацела дзяцей, яна была гатовая дзеля іх літаральна на ўсё. Яе не спыніла ні перапыненая цяжарнасць, ні выкідыш, ні два безвыніковых ЭКА. Трэцяе ЭКА аказалася паспяховым, і сёння шчаслівая маладая маці ні пра што не шкадуе.

Каця Пытлева.

Каця кажа, што наўрад ці стала б распавядаць сваю гісторыю публічна, калі б не разумела, наколькі важнай яна можа быць для іншых жанчын, якія вельмі хочуць мець дзяцей.

Пра звычайныя будні маці ў дэкрэце

«Ніна»: Як вы з Лёшам спраўляецеся? Ці цяжка?

Каця Пытлева: Спраўляемся выдатна. Так, было, што зусім вымотвалася. Мінус 28 кілаграмаў — гэта, як бы… Карацей, моцная фізічная нагрузка. Калі абодва крычаць — трэба абодвух на рукі браць, а некаторы час таму гэта было дзесяць кіло. Вось так паходзіш з дзесяццю кілаграмамі па кватэры… У гэтым сэнсе было цяжка. А ўвогуле класна.

«Ніна»: Хто больш жвавы — Ян ці Міра?

Каця: Яны жвавыя па-рознаму. Міра больш удумлівая, цярплівая. Ян — ён больш выбухны. Амаль увесь час усміхаецца, весяліцца, але калі ўжо крычыць, то крычыць. Ён у нас хлопчык-крайнасць.

«Ніна»: Парадак дома бывае?

Каця: Заўсёды. Пяць прац да дэкрэту навучылі правільна разлічваць час. Дарэчы, я ўжо зноў працую.

«Ніна»: То бок можна сумяшчаць?

Каця: Канечне. Калі табе падабаецца тое, што ты робіш, то ўсё паспяваеш.

«Ніна»: Дапамагае хтосьці?

Каця: У асноўным мы з мужам самі спраўляемся. Цяпер пачала ўключацца свякроў, у яе рэдка была магчымасць прыязджаць да нас, але хутка выйдзе на пенсію, зможа дапамагаць. Вось нядаўна муж з’язджаў на два тыдні сплаўляцца на Кольскі паўвостраў, у гэты час мне дапамагала яго маці.

Як вырашыліся на ЭКА

«Ніна»: Калі зразумелі, што без ЭКА ніяк? Ці цяжкім было гэтае рашэнне?

Каця: Калі ў цябе ёсць мэта, ты будзеш разглядаць усе сродкі. Да таго, як мы пайшлі на ЭКА, у мяне былі дзве цяжарнасці, якія скончыліся няўдала. Першая цяжарнасць спынілася, падчас другой здарыўся выкідыш. Спачатку нам здавалася: навошта ЭКА? Усё ж атрымліваецца само. Мы хадзілі на кансультацыі, нам казалі працягваць спрабаваць. Але ў пэўны момант мы зразумелі: чаго яшчэ чакаць? Усё ж відавочна: цяжарнасць надыходзіць, але дзіця вынасіць не атрымліваецца. З аналізамі ўсё ў парадку, з генетыкай усё ў парадку, але вось нешта не так. І ніхто не ведаў, што.

Калі ты вельмі чакаеш цяжарнасць, а яна спыняецца — гэта вельмі цяжка. Мы вырашылі, што з ЭКА будзе больш шанцаў.

«Ніна»: Што вы перажылі, калі вам сказалі, што ўсе трое эмбрыёнаў прыжыліся?

Каця: Тут увогуле загадкавая гісторыя.

Два тыдні пасля падсадкі эмбрыёнаў ты ходзіш і не ведаеш, атрымаецца ці не. Ты баішся чхнуць, зрабіць лішні рух. Падчас трэцяга ЭКА я гэтыя два тыдні фактычна праляжала. Нават не рабіла тэстаў, баялася сурочыць, расстроіцца, а гэта ж таксама магло паўплываць. Праз два тыдні я прыехала ў «Маці і дзіця» здаваць аналіз на ХГЧ, які, уласна кажучы, у тэсце і адлюстроўваецца. На наступны дзень прыехала за вынікамі.

Памятаю, выходзіць медсястра з кабінета і пальцамі паказвае, што, хутчэй за ўсё, двойня. Карацей, разгледзелі яны тады толькі дваіх. Муж сказаў: «Выдатна! Галоўнае, што ўсё атрымалася». І толькі дзесьці праз месяц, калі я пайшла рабіць УГД, мне сказалі, што іх трое.

Пазваніла мужу — ён афігеў. Не ведаю, якое іншае слова падабраць. У яго быў смех скрозь слёзы шоку і радасці: «Да ладна! Ды не можа быць!» Было складана ў гэта паверыць. Але насамрэч мы былі гатовыя, жартавалі на гэтую тэму: «Уяві, а калі ўсе трое!» А калі ты нават у жартаўлівай форме прайграеш нейкі сцэнар, ты ўжо маральна рыхтуешся да яго.

Першыя два-тры месяцы цяжарнасці былі самымі хвалюючымі. Калі мы ўжо зразумелі, што ўсё даносіцца, што ўсё будзе, пайшлі такія думкі: а як гэта? Нас усяго двое, а днём я адна. І ніякіх няняў, нічога такога. Дзе паставіць ложкі? Потым гэта перайшло ў практыку, у вывучэнне форумаў, дзе пішуць менавіта пра трайнят.

Ніна: Гэта ж які быў жывот…

КП: Ён быў велізарны. Усе, хто мяне бачыў, казалі: «Спачатку выходзіць жывот, а потым выходзіць Каця». А ўлічваючы, што я яшчэ такая, ну, маленькая…

Ніна: Цяжка было?

КП: Цяжка. Асабліва бліжэй да тэрміну.

Усё было цяжка: спаць, хадзіць, дыхаць. Мне пашанцавала, што я амаль усё жыццё займалася спортам. Перад цяжарнасцю актыўна займалася ёгай, дыханнем. Вельмі важна, калі ты можаш у патрэбны момант правільна дыхаць. Калі тыя ж патугі пачынаюцца.

Ніна: Адчувалі, як яны варушацца ўнутры?

КП: О, так! Мы нават відэа здымалі, бо калі пачыналася бурленне з трох бакоў: з аднаго боку — нага, з іншага — рука. Гэта было вельмі забаўна. Часам было крыху балюча, калі пачыналі грукацца ў розныя бакі. Яны ж паміж сабой не дамаўляліся, хто куды.

Як не стала Мары

Ніна: Вы самі адчулі, калі Мары не стала?

КП: Была пэўная трывожнасць, унутраная напружанасць. Але гэтай трывожнасці ў прынцыпе было шмат, бо ўсё вось-вось мусіла адбыцца.

Ты ходзіш на агляды ў паліклініку, там цябе слухаюць. Аднак я сумняюся, што магчыма вось так усіх трох пачуць. Я паказваю, дзе хто прыкладна ляжыць, але ж там куды трубку ні пастаў, паўсюль будзе чутно сэрцабіцце.

Ніна: Як вам сказалі пра тое, што здарылася з Марай?

КП: Я ўвогуле не ўяўляю, як дактары спраўляюцца з гэтай работай. Такім людзям трэба ставіць помнікі, бо гэта вельмі цяжка. Доктар паступіла як прафесіянал. Яна не стала абдымаць мяне, сюсюкацца са мной. Сказала, як ёсць. І, напэўна, гэта было найлепш для мяне.

Ніна: Як вы перажылі тое, што адбылося?

КП: Мне, мабыць, у нечым у жыцці пашанцавала. Акрамя гэтай трагедыі мне давялося перажыць даволі шмат іншых. Раннюю смерць мамы, яна памірала на маіх вачах. Ёй было 37, а мне — 12. Пасля гэтага тата даволі складана сябе паводзіў, з ім было няпроста. Ён памёр некалькі гадоў таму, стаўшы да гэтага інвалідам, што часам сказвалася на свядомасці. Некалькі гадоў таму павесіўся мой сябар. Да гэтага было шмат смерцяў іншых сяброў — хто ў аварыі, хто яшчэ неяк. У мяне былі два выкідышы. У сына маёй роднай сястры ДЦП, у яго была сур’ёзная родавая траўма. Яму вось ужо амаль 13 гадоў, ён не размаўляе, не ходзіць, нічога не можа рабіць сам. Мы жылі разам, я бачыла, як сястра спраўляецца з такой бядой. А гэта вялікая бяда. Усе гэтыя трагедыі дапамаглі ў тым сэнсе, што загартавалі мяне. І я прымусіла сябе сабрацца.

Хіба, страшней за ўсё было разумець, што штосьці можа здарыцца з іншымі. Ты кожную секунду жывеш тым, што прыслухоўваешся да сябе, да таго, што ў табе адбываецца. У такой сітуацыі можна наўяўляць сабе ўсё, што заўгодна. Ну і пра Мару, канечне, думаеш. Як не думаць.

Ніна: Як Лёша гэта прыняў?

КП: Мы з ім дамовіліся, што не будзем гэта мусоліць, пакуль не народзяцца дзеці, што потым гэтую бяду выплачам. Да нараджэння дзяцей нам абодвум трэба было быць сабранымі. Лёша ў гэтым сэнсе мяне вельмі падтрымаў. Амаль ніхто з нашых сяброў пра гэта не ведаў, толькі сваякі і, можа быць, яшчэ два-тры чалавекі. Нават сябры, якія прыехалі сустракаць мяне з радзільні, даведаліся пра гэта толькі ў дзень родаў.

Ніна: А ўвогуле хацелася выгаварыцца?

КП: Не. Я ўвогуле пра гэта цяпер кажу толькі таму, што ведаю — для кагосьці гэта вельмі важна. А так я б і не размаўляла ні з кім пра гэта. Чалавек з любым узроўнем эмпатыі не зразумее, што мне давялося перажыць.

Ніна: Вы раней пісалі ў фэйсбуку, што, магчыма, дактары «накасячылі», калі адмянілі вам лекі, якія вы калолі штодзень яшчэ ад пачатку падрыхтоўкі да ЭКА. Бо пасля іх адмены выявілася, што Мара памерла.

КП: Ну як «накасячылі»… Я думаю, у той момант яны кіраваліся сваім досведам. У тым, што гэта вельмі дасведчаныя дактары, я не сумняюся. Такіх сітуацый, як мая, у іх было шмат. Па ўсіх паказаннях ад лекаў можна было адмовіцца. Мне падаецца, яны проста не ўгадалі, не спрацавала доктарская «чуйка».

Потым, пасля родаў, мы выпадкова сутыкнуліся ў калідоры з доктаркай, што адмяніла лекі, і проста пагутарылі, без узаемных крыўдаў. Яна рада, што ўсё скончылася добра, што ўсе жывы, акрамя Мары. Яна лічыць, што, напэўна, так было патрэбна, каб я нарадзіла двух здаровых дзяцей. Хто ведае, што было б, калі б Мара засталася?

Але гэта ўсё было сказана па-добраму, з разуменнем, не тое, што «ай, падумаеш». Для мяне пэўная палёгка, што была магчымасць з тым жа доктарам пагутарыць пра гэта.

Як не працуе крэдытнае ЭКА

Ніна: І вось пасля такога досведу, якое стаўленне да ЭКА? Наколькі гэта добра, нядобра?

КП: Гэта неабходна. Для тых, хто паставіў для сябе мэту, гэта абавязкова трэба паспрабаваць.

Можна доўга біцца галавой аб сцяну, казаць: «Якое ЭКА! Ты што!» Можна прыслухоўвацца да нейкіх стэрэатыпаў. Я сутыкнулася з меркаваннем, што ЭКА — гэта ненатуральна. Не, ну калі вы не хочаце дзяцей, то лічыце гэтак. Але я ведаю, што гэта спосаб, які працуе. Часам працуе не з першага разу, але гэта шанец. Я дзесяць гадоў ішла да гэтага, хтосьці ідзе нашмат даўжэй.

Гэта вельмі важная працэдура, і мне прыемна, што ў нашай краіне яна на высокім узроўні. Але ёсць свае «але».

ЭКА — працэдура вельмі дарагая. Ва ўсякім разе, для беларуса з беларускімі заробкамі. Людзей, якія могуць сваімі сіламі назбіраць на першае ЭКА не так шмат, але не так і мала. У сярэднім працэдура каштуе тры тысячы даляраў. У недзяржаўных цэнтрах, натуральна, нашмат даражэй.

Я ляжала ў рэспубліканскім дзяржаўным цэнтры і бачыла дзяўчат, якія прыехалі рабіць ЭКА з самых розных рэгіёнаў Беларусі. І калі са сталічнымі заробкамі гэта яшчэ неяк пад’ёмна, то для іх — вельмі цяжка. Часам усёй сям’ёй збіраюць грошы на ЭКА.

А калі не атрымліваецца з першага разу? А калі грошай няма, а дзіця хочацца? На гэты выпадак у нашай краіне існуе крэдытнае ЭКА. І тут — увага: збой сістэмы, з якім я сутыкнулася.

Мая асабістая гісторыя была такая. На першыя два ЭКА мы неяк наскрэблі. На трэцяе, якое трэба было рабіць адразу па гарачых слядах пасля другога няўдалага, мы зразумелі, што вось проста зараз не можам узяць патрэбную суму. Я кажу доктару: «Мне трэба крэдыт. Дайце мне накіраванне ў банк». А яна мне адказвае: «Не магу даць накіраванне». Я не разумею: «Чаму? Я пакуль што як бы «маладая сям’я». Мы з мужам па ўсіх параметрах па крэдытах вельмі добра падыходзім».

І вось што аказваецца. Крэдыт як працуе? Ты яго бярэш, сродкі пераводзяць на рахунак цэнтра, які робіць ЭКА, дактары забяспечваюць цябе ўсімі лекамі і робяць усё, што называецца, «пад ключ».

Звычайна палова, а то і большая частка кошту ЭКА — гэта лекі, якія ты ўводзіш, каб падрыхтаваць сябе да цяжарнасці, каб прыжыліся эмбрыёны. У мяне першыя чатыры месяцы выходзіла па шэсць мільёнаў на месяц! Некаторыя не зарабляюць столькі. А паколькі ў дзяржаўным цэнтры «Маці і дзіця» гэтых лекаў няма, то і крэдыту няма. Выходзіць, можна ўзяць крэдыт і пайсці ў недзяржаўны цэнтр, дзе ёсць усе неабходныя лекі, але дзе ЭКА каштуе ці не ўдвая даражэй.

Мне давялося пайсці ў звычайны банк і ўзяць звычайны крэдыт, які я буду выплачваць яшчэ год. І гэты крэдыт зусім не ільготны. Ён абсалютна звычайны і добра б’е па кішэні маладой сям’і.

Вось і выкручваюцца нашы дзяўчаты як могуць. Адны едуць у Расію закупляцца, кажуць, там лекі нашмат танней. Іншыя — у Польшчу, але ЭКА робяць тут.

Што трэба ведаць тым, хто збіраецца рабіць рэдукцыю

Ніна: У вас прыжыліся ўсе тры эмбрыёны. Ці былі думкі рабіць рэдукцыю, пакінуць не ўсіх дзяцей?

КП: У нашай краіне пра рэдукцыю не любяць гаварыць. Справа ў тым, што ў Беларусі яе робяць крайне мала спецыялістаў. Калі ўвогуле не адзін чалавек.

Калі паўстала пытанне рэдукцыі, бо мяне пужалі, што не вынашу, мне хацелася трапіць на кансультацыю да спецыяліста. Да розных спецыялістаў. Я стала абзвоньваць недзяржаўныя цэнтры і высветлілася, што рэдукцыю ў Беларусі не робяць нідзе, акрамя цэнтра «Маці і дзіця».

То бок калі жанчына робіць ЭКА ў недзяржаўнай клініцы і ў яе прыжываюцца абодва эмбрыёны, а яна хоча пакінуць толькі адно дзіця, яна не зможа зрабіць рэдукцыю нідзе, акрамя «Маці і дзіця». Нават пракансультавацца па гэтым пытанні ніз кім не зможа, спецыялістаў папросту больш няма. Жанчын, я сустракалася з такімі, адпраўляюць у Санкт-Пецярбург, дзе, уласна, і робяць рэдукцыю.

Але ж здараецца, напрыклад, што падсаджваюць два эмбрыёны, але адзін раздвойваецца і атрымліваецца трое. У мяне ёсць адна такая знаёмая ў Маскве, яна нарадзіла двух хлопчыкаў-блізнятак і дзяўчынку. Усё што заўгодна можа адбыцца, камусьці насамрэч можа быць патрэбная рэдукцыя.

Што трэба ведаць, калі ідзяце на ЭКА

Ніна: Да чаго рыхтавацца жанчынам, якія хочуць паспрабаваць ЭКА?

КП: Да таго, што можа не атрымацца з першага разу. Вось гэта, насамрэч, вельмі дапамагае. Калі не атрымаецца, траўма будзе меншай. Што яшчэ? Не ведаю, мабыць, расставіць прыярытэты. Трэба паклапаціцца пра сябе ў гэты час, засяродзіцца на гэтым.

Ніна: Ужо прыйшло асэнсаванне, што «я — маці»?

КП: А вось не ведаю. У нейкі момант мне падалося, што дзеці былі са мной заўсёды. Але пры гэтым я ведаю, што не згубіла сваю асобу, індывідуальнасць. Я не зліваю сябе з імі, але нясу за іх адказнасць. І радуюся ім, люблю іх. Калі гэта называецца «мама», то так, я адчула сябе мамай. Але мне здаецца, што «мама» — гэта настолькі глабальна, што мне трэба будзе яшчэ ўсё жыццё асэнсоўваць, што гэта такое.

Чытайце таксама:

Дар’я Каткоўская расказала пра страшны досвед страты дзіцяці пасля ЭКА

Настасся Роўда, фота аўтара і з архіва гераіні

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні