Праект партала
Гісторыі Чаму беларускі наважваюцца на хатнія роды? Гісторыі чатырох маці66
07.09.2017 / 11:18

30 жніўня ў Віцебску пачаўся судовы працэс над маці, немаўля якой памерла падчас хатніх родаў у Віцебску.

Судзіць абвінавачаную Вольгу Сцяпанаву, нягледзячы на яе пратэст, вырашылі ў закрытым рэжыме. 31-гадовая жыхарка Санкт-Пецярбурга наўрад ці чакала, што яе жаданне нарадзіць другое дзіця ў маці дома скончыцца такім чынам. Пасля тыдня пасяджэнняў у судзе Чыгуначнага раёна горада Віцебска ёй вынеслі прысуд: 6 месяцаў у калоніі-пасяленні. Яе вызвалілі ў зале суда, бо час, праведзены ў СІЗА, залічаны ў тэрмін адбыцця пакарання.

Згодна з беларускім заканадаўствам (ч. 1 ст. 144 УК Беларусі: прычыненне смерці па неасцярожнасці),жанчыне пагражалі папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў, або абмежаванне волі да 3 гадоў, або пазбаўленне волі на такі ж тэрмін.

Вольга з першай дачкой і мужам, сямейны архіў.

У інтэрнэце неабыякавыя грамадзяне яшчэ да абвяшчэння прысуду стварылі петыцыю з заклікам выпусціць Вольгу з-пад варты і апраўдаць. Яе падпісалі тысячы чалавек.

Ніхто не можа забараніць беларусцы нараджаць дома, аднак легальнымі лічацца роды толькі ў дзяржаўных радзільнях. Іншыя варыянты Міністэрства аховы здароўя лічыць злачынствам: пра гэта, напрыклад, не раз выказваўся міністр аховы здароўя Валерый Малашка.

Каб атрымаць пасведчанне аб нараджэнні новага члена сям’і, маці, што ўсё ж нарадзіла дома (выпадкова ці наўмысна), прыходзіцца пацвярджаць гэты факт праз суд.

Нягледзячы на такія цяжкасці і негатыўнае стаўленне афіцыйнай медыцыны ды большасці грамадзян да хатніх родаў, шмат беларусак абіраюць для сваіх будучых дзяцей менавіта такі варыянт з’яўлення на свет.

Мы прапанавалі маці, якія мелі такі досвед, патлумачыць свой выбар, не чакаючы, што чытачак «НН», ахвотных выказацца будзе так шмат: тэлефон карэспандэнта разрываўся ад званкоў.

Частка жанчын пагадзілася падзяліцца сваёй пазіцыяй адкрыта, некаторыя — ананімна: усе яны зараз напалоханыя гучным судовым працэсам над Вольгай.

Гісторыя Вікторыі Смірновай (32 гады)

Свайго першынца я нараджала ў мінскай радзільні №1 у 2008 годзе. Мне было 23 гады, я свята верыла ў тое, што дактары, як і настаўнікі, напрыклад, — гэта вельмі разумныя, найлепшыя людзі. Вядома, я не магла не давяраць спецыялістам. Мы дамовіліся на партнёрскія роды, прайшлі з мужам курсы падрыхтоўкі, але ў выніку ў радзільную залу яго не пусцілі: на суседнім стале зашывалі іншую жанчыну. Затое падчас родаў вакол мяне гуртаваліся каля 20 чужых людзей — студэнтаў, сярод іх былі мужчыны.

Мы прыехалі ў бальніцу зарана. Каб стымуляваць родавую дзейнасць, мяне закалолі аксітацынам — паставілі тры кропельніцы, ад якіх я адчувала пякельны боль у форме адной схваткі на працягу чатырох гадзін. Я культурны чалавек, але ў той момант грызла падушку і лаялася пад нос.

Пасля таго, як нарадзіла, з-за прэпарату ў мяне пачаўся моцны крывацёк маткі, я згубіла літр крыві. У малыша ж на галаве выявіўся вялікі гуз — у тую змену шышкі нейкім чынам атрымалі ўсе нованароджаныя.

Мая галоўная прэтэнзія да медперсаналу — тое, што яны могуць дазволіць сабе любыя дзеянні, не заўсёды патрэбныя, кіруючыся тым, што ў бальніцы можна хутка выправіць усе памылкі. Я ўжо маўчу пра хамства і выказванні кшталту: «Рабіць дзіця было прыемна, дык і цяпер пацярпі», «Дрэнна будзеш тужыцца — народзіш гародніну» і гэтак далей.

Працяглы час я сама была лютым праціўнікам хатніх родаў, нават сварылася з маці, якія на іх вырашаліся, на спецыяльных форумах: «Вы што? У мяне так цяжка прайшлі роды, але пад рукой хаця б была рэанімацыя і сучаснае абсталяванне, а вы — ненармальныя». Пасля я пагутарыла з некаторымі такімі жанчынамі ўжывую, убачыла, што яны не нейкія там сектанткі, якія з’ядаюць плацэнту пасля родаў, а адукаваныя доктаркі, юрысткі…

Акрамя гэтага, я пачала чытаць літаратуру з альтэрнатыўным падыходам да гэтага працэсу: французскага акушэра Мішэля Адэна, які папулярызуе думку пра тое, што акушэрка ўвогуле не павінна ўмешвацца ў справу, пакуль яе дапамога не спатрэбіцца, Грэнтлі Дзік-Рыд, Ірыну Мартынаву… Для сябе я вырашыла, што другое дзіця буду нараджаць дома. Я займалася ёгай, рыхтавала сваё цела. На ўсякі выпадак дамовілася з медперсаналам радзільні, што ў любы момант магу туды прыехаць. Я знайшла выдатную хатнюю акушэрку з адукацыяй і вялікім досведам, якая даглядала мяне падчас цяжарнасці, родаў і пасля.

Памятаю, што воды ў мяне адышлі нечакана (да гэтага былі схваткі, але зусім слабыя). Я адразу патэлефанавала акушэрцы — яна прыехала праз 10 хвілінак, але за такі кароткі адрэзак часу я паспела нарадзіць. Прыгадала ў той момант усё, чаму мяне вучылі, правільна дыхала і амаль не тужылася: дачка «выйшла» лёгка і спакойна, хаця я ўвесь час чакала той боль, што быў мне вядомы з радзільні. Нараджала я ў ванне, у ляжачай паставе. Пупавіну пераразала акушэрка, яна ж прыняла плацэнту — гэта тое, чаго я больш за ўсё баялася. Акушэрка паводзіла сябе са мной, як з роднай дачкой — гэта не ідзе ні ў якае параўнанне з тым, што адбывалася ў бальніцы.

Пра папаўненне ў сям’і мы паведамілі педыятру на пятыя суткі: яна была ў жаху. На наступны ж дзень да нас завіталі органы сацабароны, апекі, галоўны доктар паліклінікі. Потым быў суд па вызначэнні факта нараджэння, бо толькі так хатнія дзеткі атрымліваюць пасведчанне. Наш суд цягнуўся нечакана доўга — чатыры месяцы, у яго межах мне прыйшлося пацвярджаць факт цяжарнасці ў гінеколага, рабіць генетычную экспертызу па ўстанаўленні мацярынства. Пытанне вырашылася толькі праз старшыню суда.

Нягледзячы на ўсе гэтыя праблемы, я ні пра што не шкадую. Калі будзе трэцяе дзіця — зраблю гэтак жа. Для маёй дзяўчынкі трэба было, каб яна з’явілася на свет менавіта так: без стрэсаў, у спакоі, з маёй увагай.

Акрамя таго, я адчуваю сваю моц як маці, гэты досвед узбагаціў нашы адносіны з дачкой: на нас ніхто не крычаў, не камандаваў, не залазіў у маё цела, калі тое не трэба, ніхто ў мяне адразу ж не забраў дзяўчынку… Мы зрабілі ўсё самі.

Гісторыя Марыі В. (36 гадоў)

Трэцяе дзіця я, можна сказаць, вымушана была нараджаць дома. Чаму? Таму што і ў першы, і ў другі раз я сутыкнулася з праблемамі ў радзільнях.

Да родаў першынца рыхтавалася скрупулёзна, хоць і была цалкам здаровай будучай маці: лекара шукала па рэкамендацыях знаёмых. Замовіла платную палату ў радзільні №2 і нават на лапу там яшчэ шмат каму дала — карацей, перастрахоўвалася. Але нешта пайшло не так, і мае роды скончыліся кесаравым, а на матцы застаўся рубец.

З такімі наступствамі для здароўя мне, цяжарнай другі раз, так я цяпер лічу, нельга было калоць аксітацын, пачынаць з праколу пузыра, тым больш была дамова на натуральныя роды, аднак усё гэта рабілі, каб потым зноў мяне ратаваць.

Менавіта таму, калі я зацяжарыла трэці раз, у мяне было некалькі варыянтаў развіцця падзей: ехаць за мяжу ці нараджаць дома. Ісці ў радзільню я не хацела, гэта было рызыкоўна. Маці, якія нараджаюць там, будуць са мной спрачацца, аднак я бачыла, што ў маёй сітуацыі я маю рацыю.

Маё рашэнне цалкам падтрымалі сваякі і муж, тым больш, што яго стрыечны пляменнік падчас родаў атрымаў інваліднасць менавіта праз памылку дактароў. Больш за тое, вясковы педыятр пазітыўна адрэагавала на гэтую ідэю. У нашай вёсцы я не першая маці, якая нараджае такім спосабам.

Мы нанялі акушэрку, паслугі якой абышліся ў 500 даляраў. На крайні выпадак, мы былі гатовыя ехаць у рэанімацыю: у двары чакала машына з кіроўцам — карацей, я не строіла з сябе героя. Да родаў абследавалася ў платным медцэнтры: ведала, што ў мяне добрыя аналізы, і плод развіваецца здаровы.

Самі роды прайшлі цудоўна. Пра іх нават няма чаго расказаць: нараджала — нарадзіла. А вось пра жахі і негатыўныя эмоцыі з радзільні я магу распавядаць вечна.

Што мяне расчуліла — дык гэта ўвага і падрыхтаванасць маёй акушэркі: калі цябе апранаюць у якасны ўралагічны памперс, а не ў нейкія анучы, калі цябе падтрымліваюць на кожным кроку, калі табе прыносяць напой з трубачкай, хаця дома ў нас іх не было… Я расказваю пра такую дробязь, каб вы разумелі, як можна клапаціцца пра парадзіху, і гэта павінна быць нормай. Карацей, я адчула сябе каралевай працэсу, а не інкубатарам для дзіцяці ці часткай канвеера.

Многія людзі думаюць, што ў хатніх акушэрак няма ніякіх інструментаў, але ў нашай быў і партатыўны прыбор для КТГ, і першапачатковы набор для рэанімацыі.

Пасля нас, вядома, чакаў судовы працэс. Пасведчанне малому аддалі толькі праз два месяцы. Але ў ідэале павінна быць так, каб кожная жанчына магла абраць сабе таго гінеколага ці акушэрку, якія будуць з ёй на сувязі 24 гадзіны ў суткі, каб яна афіцыйна выплачвала спецыялістам грошы, а яны ў любы момант маглі прыняць роды ў радзільні ці дома.

Гісторыя Дар’і Лукіной (38 гадоў)

У нашай сям’і гадуецца двое сыноў — Даміян і Себасцьян. У іх вялікая розніца ва ўзросце — 16 гадоў. Першага я нараджала ў радзільні: у 21 год і думкі не было, што існуюць нейкія альтэрнатывы, я проста дзейнічала па стандартнай схеме. Другое ж дзіцё было доўгачаканым, зацяжарыць удалося не з першай спробы, таму я вырашыла падысці да будучых родаў адказна і свядома.

Я шукала добрую радзільню ў Мінску, патрабаванняў было не так шмат: спецыялісты, з якімі можна было б пазнаёміцца загадзя, плюс я не хацела, каб роды стымулявалі, прасіла, каб не адразу пераразалі пупавіну і не забіралі дзіця вельмі хутка. Нідзе мне не сказалі, што змогуць выканаць усе гэтыя просьбы.

Быў варыянт паехаць у Вільню: мы кансультаваліся там, і дактары былі гатовыя выканаць любы наш сцэнар. Аднак мы падлічылі, што ўсё можа абысціся занадта дорага ў грашовым эквіваленце. Таму прыйшлі да высновы, што хатнія роды — аптымальны варыянт. Знайшлі на радзіме акушэрку, якая вяла апошнія тыдні цяжарнасці, а потым рабіла агляды немаўляці.

У жаночай кансультацыі пра сваё рашэнне я нікому не сказала, хоць і знаходжуся ў добрых адносінах з участковым гінеколагам: яна вяла маю цяжарнасць, а я адказна выконвала ўсе прадпісанні. Аднак як працаўнік дзяржаўнай сістэмы яна б мяне не падтрымала, адгаворвала б і гэтак далей, менавіта таму я прамаўчала.

Акушэрку я паклікала, толькі калі пачаліся схваткі. Роды лёгкімі не былі. Я лічу, што ўвогуле іх лёгкіх не бывае, бо гэта заўсёды выпрабаванне. Быў адзін момант, калі мне падалося, што без акушэркі я б не дала рады: малыш быў вельмі вялікі, і я баялася, што не змагу яго «вытужыць». Дапамагло тое, што мая памочніца мяне ўсяляк падтрымлівала, падбадзёрвала: канкрэтна дэманстравала неабходныя позы, як правільна тужыцца і гэтак далей.

Каб суд прайшоў лёгка, нам прыйшлося схлусіць, што мы не паспелі даехаць да радзільні. Аднак мне вельмі хочацца, каб такога не было. Каб не хаваліся ні мы, ні акушэркі.

Лепш бы дзяржава падтрымала наша жаданне, бо шмат маці хочуць нараджаць дома: зрабіла б больш даступнай хуткую дапамогу, каб на выпадак нейкіх нечаканасцяў, можна было б адразу выклікаць брыгаду рэанімацыі.

З другога боку, калі б я знайшла добры варыянт у радзільнях, можа, і не нараджала б дома. Але, на жаль, усё тое, што там сёння адбываецца, працуе па правілах, якія пісалі не жанчыны, ды не адпавядае прынцыпам натуральных родаў, да якіх імкнецца кожная будучая маці з цвярозым розумам.

Гісторыя Вольгі Б. (40 гадоў)

У нас шматдзетная сям’я: 5 дзяцей. Першага і другога я нараджала ў абласной радзільні, а траіх наступных — дома, таму што на сваім досведзе ўбачыла, што нашы радзільні ўяўляюць з сябе набор бессэнсоўных дзеянняў і працэдур, за якімі знікаюць уласна галоўныя асобы — маці і дзіцё.

Мы — проста аб'екты састарэлых пратаколаў і звычак медперсаналу, часам проста бессэнсоўных і нават небяспечных: стымуляцыя, пракол пузыра без дазволу, аксітацын без тлумачэнняў…

У радзільным доме не бачаць у парадзісе паўнапраўнага чалавека, які ў стане прымаць рашэнні і мае права атрымліваць вычарпальную інфармацыю пра тое, што адбываецца.

Другія роды ў мяне былі імклівымі: мы ледзь паспелі выклікаць хуткую дапамогу і ўляцець ў прыёмнае аддзяленне. Пачаліся схваткі, я амаль падала на карачкі. Муж дапамог мне распрануцца, накінуць кашулю, і мяне дацягнулі да радзільнага пакоя. І што вы думаеце? Пакуль я знаходзілася ў такім стане, акушэрка расклала свае паперы на суседнім стале і пачала мяне апытваць: месца працы, пасада…

Вельмі напружвае, што ў нас да гэтага часу праблемна правесці партнёрскія роды, нават па аплачаным кантракце, бо можа не знайсціся свабодных палат. На курсах партнёрскіх родаў абласной радзільні вельмі салодка пра ўсё гэта спяваюць, а на самой справе — як пашанцуе. Загадчык аддзялення сам шчыра прасіў мяне не браць на роды мужа.

Калі нарадзілася дачка, ніхто не чакаў, пакуль адпульсуе пупавіна, пакуль адыдзе плацэнта, дзяўчынку адразу забралі і нават не паклалі на жывот.

Даўно ўжо даказана, што стрэс — антаганіст родаў. Чым больш жанчына напружана, тым даўжэй і цяжэй будуць яны праходзіць. Таму я заўсёды стаўлю ў прыярытэт інтарэсы і пачуцці парадзіхі. Камусьці спакайней у хатніх умовах, камусьці ў радзільным доме. У жанчыны павінен быць выбар.

Мае старэйшыя дзеці нарадзіліся з радавымі траўмамі і важылі менш малодшых. Праблемы былі і ў мяне: моцны крывацёк, цяжкае аднаўленне і пострадавая дэпрэсія. Малодшыя ж «выскачылі» лёгка, хоць і важылі 4—5 кг. Ніякіх праблем ні ў мяне, ні ў іх са здароўем, фізічным і маральным, не было.

Дома я нараджала, стоячы на карачках. Увогуле, у кожнай жанчыны ёсць свая зручная радавая поза, у радзільні ж цябе, часцей за ўсё, кладуць у ляжачае становішча. Адзін з самых істотных плюсаў хатніх родаў у тым, што дзіця адразу знаёміцца з хатняй мікрафлорай. Нават лекары прызнаюць, што няма нічога горшага за бальнічныя інфекцыі. Мы лічым, што большасць ускладненняў, якімі пужаюць мам, што нараджаюць дома, здараюцца менавіта ад бальнічнай атмасферы.

Асноўныя складанасці пасля хатніх родаў — толькі працэсуальныя. Гэта значыць — як мага хутчэй пасля родаў (замест таго, каб ляжаць, аднаўляцца і «вылізваць» дзіця) бегаць па горадзе, збіраць даведкі, каб падаць дакументы ў суд, а потым устанаўліваць факт цяжарнасці і саміх родаў.

Выбіраць, як і дзе нараджаць — гэта права жанчыны. Яна і толькі яна выбірае лепшыя ўмовы для сябе і свайго дзіцяці. А каб мы не баяліся прыходзіць у радзільні, рэарганізоўвайце іх.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фоты з архіваў гераінь

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні