Праект газеты

Тут можна адшукаць лайфхакі кшталту «чым заняць малечу, пакуль вы варажыце над вячэрай». Сюды можна паплакацца, тут можна падзяліцца маленькімі і вялікімі поспехамі, удачамі і няўдачамі, папрасіць параду ці даць параду іншаму. Рускамоўных бацькоў пускаюць таксама, але трэба, каб было жаданне прышчапляць дзіцяці беларушчыну ды вучыцца беларушчыне самому.

Алена з мужам Паўлюком і сынам Стэфанам.

Прыдумала беларускамоўны чат мінчанка Алена Спірыдон. Раней яна неяк абыходзілася без гэтага — рускамоўных суполак для маладых маці, чатаў ды чаго толькі хочаш па тэме процьма. Можна адшукаць тое, што пасуе, на раз-два. Але хіба там папросіш парады, як сказаць дзіцяці па-беларуску «не выдзелвайся», каб гэта гучала годна? Або дзе ўзяць беларускамоўныя пацешкі?

«Яшчэ калі я была цяжарная, у нас быў свой чат мам, якія мусілі нарадзіць у красавіку. Чат — гэта не проста абмеркаванне нейкіх тэмаў. У нас гэта пераходзіла ў знаёмствы сем’ямі, супольныя пікнікі, — распавядае Алена. — Аднак калі нашаму сыну Стэфану споўнілася чатыры месяцы, я стала разумець, што мне цяжка перастроіцца на беларускую мову з мужам, з іншымі, бо ў вайберы мы перапісваліся па-руску.

Я вырашыла пачаць пісаць на мове: і ў гэтым чаце, і ў іншых. Часам была рэакцыя кшталту: «Алена, вы ж раней нармальна пісалі». Я ўжо магла нават не ўдзельнічаць у гэтых дыялогах, бо перапіска працягвалася і без мяне: «А чаму гэта яна не нармальна піша? Мы ж у Беларусі жывём». Хтосьці пісаў: «Лепш вучыце англійскую мову, а не беларускую». Канечне, тут я ўмешвалася і казала: «Стэфан будзе вучыць і англійскую, і кітайскую, і іншыя мовы. Але беларускую не трэба вучыць, на ёй трэба выхоўваць дзяцей».

Калі Алена перайшла ў чатах на беларускую мову, камунікацыя стала менш актыўнай. Можа, хтосьці не разумеў адказаў, магчыма, нехта баяўся звярнуцца па-руску.

«Канечне, шмат было і тых, хто пісаў: «Калі ласка, Алена, пішыце па-беларуску. Нам так падабаецца! Дзякуй вам за мову». Некаторыя пасля перайшлі за мной у беларускамоўны чат, — кажа маладая маці. — Дарэчы, з мамамі таго першага чату, дзе былі жанчыны, якія нараджалі ў красавіку, сябруем дагэтуль і час ад часу сустракаемся. Толькі цяпер яны са мной — па-руску, а я з імі — па-беларуску».

Алена зразумела, што трэба нешта рабіць, неяк мяняць сітуацыю і самой шукаць магчымасці стасавацца па-беларуску. Яна была ўпэўнена, што не ёй адной не хапае мовы ў будзённых дыялогах. Так прыйшла ідэя асобнага чату. Алену падтрымалі іншыя беларускамоўныя бацькі, сярод іх і вядомая архітэктарка і дызайнерка Аляксандра Баярына, адна з самых актыўных у фэйсбуку маладых мам, заснавальнік курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка. Літаральна за дзень чат разросся да 50 удзельнікаў.

«У нас не ўсе беларускамоўныя. Шмат рускамоўных, якія хочуць прышчапіць сваім дзеткам беларускую культуру, але не ведаюць, як гэта зрабіць. Яны далучаюцца, пачынаюць размаўляць з намі па-беларуску, нягледзячы на тое, што ў іх руская раскладка. Мы пачынаем шукаць варыянты, як усталяваць беларускую клавіятуру, якой праграмай скарыстацца, — кажа Алена.

— Людзі розныя. Большасць з Мінску, але ёсць маладыя жанчыны з Сербіі, з Аўстраліі, з Нямеччыны, з Аўстрыі. Ёсць украінка, якая некалькі гадоў жыве ў Мінску і хоча выхоўваць дзіця па-ўкраінску і па-беларуску. Далучаюцца да нас і таты».

Першы дзень у чаце пачаўся са знаёмства. Расказвалі пра дзяцей, дзяліліся, дзе можна адшукаць цікавыя беларускія дзіцячыя кнігі, гаварылі пра імёны.

«Аказваецца, цяпер у многіх беларускіх сем’ях называюць дзяцей дзвюма імёнамі. Ёсць у нас, напрыклад, Мар’ян-Стэфан. Каб я ведала пра гэтую традыцыю раней, таксама свайго сына двайным імем назвала б, — працягвае маладая маці. — У нас былі розныя думкі наконт імя для сына: Вітаўт, Альгерд. Хацелі штосьці гістарычнае, беларускае. Але мы разумелі, што дзіцяці можа быць цяжкавата ў сацыяльным плане жыць з такім імем. Вырашылі назваць у гонар Стэфана Баторыя».

Алена кажа, ёй бы хацелася, каб чат стаў гібрыдам з фэйсбука і інстаграма. Каб і гісторыяй падзяліцца можна было, і спасылкай на цікавую імпрэзу ці навіну, і проста ўкінуць фота ды збіраць лайкі. Вайбер — добрая магчымасць хуткага дыялогу на мове. А вось для захоўвання ўсёй той карыснай інфармацыі, якую жанчыны разам знаходзяць, давядзецца пашукаць альтэрнатыву.

«Мне б хацелася, каб гэта быў не толькі чат-даведка, а чат пра жыццё, пра людзей. Мы, напрыклад, прыдумлялі, чым заняць дзіця, пакуль маці гатуе. Узгадалі, што можна даць перабіраць крупы ці макарону. А маці, якой патрэбная была парада, прыдумала даць моркву — і даслала фота дзіцяці з ёй, — распавядае Алена. —

Абмяркоўвалі, як па-беларуску сказаць «не выдзелвайся», каб гэта гучала годна. Шмат цікавых словаў прыгадалі: не дурэй, не выдурняйся, не гарэзнічай і нават не выбыдывайся! Нехта адзін штосьці спытае, і ўсе пачынаюць накідваць варыянты, хто што ведае. Атрымліваецца здораўскі вопыт для ўсіх».

Тое, што сын Алёны будзе размаўляць па-беларуску, яна ведала даўно, яшчэ калі Стэфана не было ў планах.

«Ехала неяк у Маладзечна ў адным вагоне з Віталём Рымашэўскім, ён быў са сваёй дачкой-прыгажуняй. Яна размаўляла з бацькам па-беларуску. Як гэта было прыгожа! Малое дзіця — і на чыстай-чыстай беларускай мове гаворыць. Гэта прыгожа да слёз. І я зразумела, што ў майго дзіцяці павінна гучаць беларуская мова. Я ўпэўнена, што гэта будзе заварожваць так, як заваражыла ў свой час мяне», — мяркуе маладая жанчына.

Муж Алены Паўлюк таксама беларускамоўны. Насамрэч яны не павінны былі пазнаёміцца. Алёну не павінны былі размеркаваць настаўніцай у Яцкавічы, а Паўлюка — адправіць у тую мясцовасць галоўным аграномам. Алена жыла ў Будславе, за дзесяць кіламетраў ад школы, хадзіла пешшу, а Паўлюк часцяком падвозіў яе, сустрэўшы на дарозе, бо мусіў шмат ездзіць па працы. І вось так падвозіў, падвозіў, што дападвозіў да сяброўства, а потым — кахання. А там вяселле і Стэфан, што нарадзіўся 1 красавіка акурат на Дзень смеху.

Спірыдоны вырашылі, што паколькі сям’я беларуская, то і сямейныя святы мусяць адзначацца па-беларуску. І ў вяселле яны дадалі нацыянальнага каларыту, і хрэсьбіны праводзілі ў шляхецкім стылі, запрасілі вядоўцам Васіля Грыбоўскага-Гурыновіча. Некаторыя госці потым прызнаваліся, што яго мова настолькі самабытная, што яны не ўсё разумелі, але спецыяльна запаміналі словы, каб потым выкарыстоўваць. Зладзілі хрэсьбіны на Блакітных азёрах.

Цяпер сям’я жыве ў Мінску. Алена — у дэкрэце, Паўлюк працуе ў сферы продажаў.

«У нас цікава атрымліваецца з бабулямі. Яны з вёскі, звычайна размаўляюць на трасянцы. Але калі прыязджае Стэфан, пачынаюць з ім «русець»: «Кто пріехал к нам? Что за мальчік?» Мы ім кажам: «Што вы, рускую школу заканчвалі?» Пасмяюцца і зноў працягваюць. Самі не заўважаюць, што аўтаматычна пераходзяць на рускую. І я не разумею, чаму. Ці гэта ў нас так прынята? Маўляў, «гарадскі». Для нас гэта смешна: ну, не можаце па-беларуску, дык гаварыце на трасянцы. Але ўвогуле яны нас падтрымліваюць, разумеюць, стараюцца, — усміхаецца Алена. —

Я вельмі спадзяюся, што дзякуючы вайберу будзе пашырацца кола беларускамоўных бацькоў, дзяцей, бо ў гэтым наша будучыня. Мне хочацца, каб чат не проста жыў, а развіваўся. Каб мы сустракаліся на цікавых беларускамоўных мерапрыемствах, ездзілі адзін да аднаго ў госці. Каб сябравалі нашы дзеці. Магчыма, мы зможам зрабіць шмат карыснага для развіцця беларускасці ў краіне. Але гэта будзе бачна пазней, пакуль што мы толькі «нарадзіліся»».

Калі хочаце далучыцца да беларускамоўнага вайбер-чата для бацькоў, звяртайцеся да Алены ў фэйсбуку.

Настасся Роўда, фота з архіва гераіні

Каментары
Госць / Адказаць 17.08.2017 / 15:07

Малайчына Алена!

2
Мiкола / Адказаць 17.08.2017 / 15:16

Рэд. Усталюйце вайбер, каб Алена змагла дадаць вас у чат

2
Рита / Адказаць 17.08.2017 / 15:21

Писали девушке, хотели попасть в чат. Нам ответили, что туда добавляют только избранных. Простым смертным там не место.

20
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні