Праект партала
Рост Архітэктар Баярына расказвае, як раз — і перайшла на беларускую мову24
16.05.2017 / 06:29

Архітэктарка і дызайнерка Аляксандра Баярына вось ужо два з паловай гады трымаецца свайго рашэння размаўляць па-беларуску. Яе двухгадовая дачка Янечка хіба і не здагадваецца, што калісьці яе маці цяжка было сфармуляваць на мове і пару простых сказаў.

Калі Аляксандра з мужам Вадзімам Пракопчыкам і дачкой разам шпацыруюць па горадзе, мінакі замілоўваюцца: «Такая прыгожая сям’я! І так па-беларуску прыгожа размаўляюць!» Аляксандра прызнаецца, што каб не муж, яна наўрад ці адважылася б перайсці на мову. Адной супраць усіх цяжка, а ўдваіх — лёгка.

«НН»: Ці думалі калі-небудзь, што будзеце размаўляць на беларускай мове?

АБ: Можна сказаць, што мая маці — прыхільніца рускай культуры, як і бабуля, з якой мы з братам у дзяцінстве праводзілі шмат часу. Бацька - носьбіт якраз беларускай культуры, але ніколі нікому нічога не навязваў. Таму для мяне гэта ўсё было адкрыццём.

Мой брат, старэйшы за мяне на год, чытаў гістарычныя кнігі і ўжо ў школе пачаў цікавіцца беларускай культурай. Але тое, чым цікавіўся мой брат, мне было нецікава.

Толькі потым, пасля 30 гадоў, захацелася больш асэнсаванага жыцця. Калі аказалася, што ўсё, над чым я працую, насамрэч нікому непатрэбна.

«НН»: Як гэта «непатрэбна»?

АБ: У архітэктуры цяжка зрабіць штосьці сапраўды вартае. Амаль немагчыма. Нават тое, што робяць усе нашы мэтры, да майстэрства якіх яшчэ трэба дацягнуцца, далёкае не толькі ад беларускасці, яно далёкае ад усяго. Гэта архітэктура, якой калі б не было, нічога б не змянілася.

Я стала разважаць, а як тады стварыць вартую архітэктуру? І прыйшла да думкі, што гэта магчыма толькі калі выкарыстоўваць свае традыцыі. Я б хацела пабудаваць хаця б некалькі дамоў, пра якія можна было б сказаць, што яны адпавядаюць інтэрнацыянальнаму стылю, але гэта беларуская архітэктура. Для мяне тут узор — японцы. У іх архітэктура сучасная, але ты заўсёды ведаеш, што гэта спраектаваў японец. Мне вельмі падабаецца такі падыход. На мой погляд, гэта вельмі прыгожа і вельмі густоўна.

Спачатку гэтая сувязь традыцыі і вартасці падаецца непераканаўчай, але ўсё сапраўды ўпіраецца ў традыцыі і далей у мову.

Архітэктар, які не ведае гісторыі свайго края ці глядзіць на яе вачамі суседзяў, не можа спраектаваць нічога вартага. Ён, як слон, кожным крокам сваім будзе абражаць пачуцці больш адукаваных і свядомых людзей. Як толькі ты ўзбройваешся ведамі па гісторыі, пераход на мову выглядае настолькі лагічным, гарманічным і непазбежным, што застаецца адзінае пытанне — калі?

Так я зацікавілася беларускай тэмай, пачала чытаць, вывучаць. І раптам аказалася, што беларускамоўных людзей вакол вельмі шмат. Яны размаўляюць па-беларуску, дзяцей гадуюць на мове. Паступова маё кола знаёмстваў стала пашырацца ў моўным накірунку.

Мне пашанцавала, што я сустрэлася з маім мужам Вадзімам. Яму беларуская тэма заўсёды была блізкая. Рашэнне перайсці на мову было нашым агульным. Каб б не ён, я б не адважылася. Калі вакол няма ніводнага чалавека побач, які цябе разумее, вельмі цяжка. Калі ж гэта два чалавекі, якія заручыліся падтрымкай адзін аднаго — гэта зусім іншая гісторыя.

І ўжо перад нараджэннем дачушкі мы прынялі за правіла, што дома заўсёды размаўляем па-беларуску. Вырашылі: пераходзім альбо цяпер, альбо ніколі.

Нядаўна нашай Янечцы споўнілася два гады. Яе першыя словы: «мама», «тата», «папа». Бабулі і дзядулі ў нас рускамоўныя, шмат рускамоўных сяброў, таму расце «білінгва», якая адразу ўспрымае абедзве мовы. Гэта ў нас стаяў выбар, на якой мове размаўляць. А ў яе гэта ўсё будзе натуральна. З рускамоўнымі яна будзе размаўляць па-руску, з беларускамоўнымі — па-беларуску. Цяпер мы чакаем другое дзіця і спадзяёмся, што ў свеце будзе яшчэ на аднаго беларускамоўнага чалавека больш.

«НН»: Будзеце змагацца за беларускую адукацыю для дзяцей? Грукацца ва ўсе дзверы?

АБ: Я напісала ў наш выканкам афіцыйны запыт, і мне адказалі, што беларускіх ясляў у нашым раёне няма. І я знайшла для дачушкі беларускамоўную няню. Мне прыемна, што яшчэ адзін чалавек дома размаўляе па-беларуску. Была думка запрасіць да Яні і яшчэ адну няню, у якой родная мова кітайская ці японская — зусім не падобная на нашу. Каб дзіця засвойвала шмат моў, пакуль гэта яму лёгка даецца. Можа, яшчэ рэалізую і гэтую задуму.

Далей мы збіраемся пайсці ў беларускамоўную групку садка №314. Вельмі хочацца, каб Яня атрымала ўсю адукацыю на беларускай мове. Хочацца знайсці для яе беларускамоўнае кола, каб яна магла камунікаваць з іншымі дзецьмі на мове.

«НН»: Што было цяжкім, што лёгкім у гэтым уключэнні ў беларускую мову?

АБ: Цяжкім было само рашэнне. Спачатку я пачала пісаць статусы па-беларуску ў фэйсбуку, перавяла на беларускую мову старонку. Першыя паўгода перакладала пасты праз «Гугл Транслэйт», увесь час зазірала ў слоўнік, правярала, а потым усё пачало пісацца само. Яшчэ праз паўгода гэта стала так зручна і лёгка!

Ужо два з паловай гады, як размаўляю па-беларуску. Цяпер я ўжо часам зазіраю ў слоўнік, каб паглядзець нейкія рускія словы. Я не надта хвалююся наконт памылак. Ну, ёсць і ёсць, з часам выпраўлюся. «Табе» і «цябе» ўжо амаль не блытаю.

Калі трапляеш у зусім незнаёмыя абставіны, у нетыповую сітуацыю, бывае, падвісаеш. Але я вырашыла не звяртаць на гэта ўвагі. Скажу частку па-руску, частку па-беларуску. Потым зазірну ў слоўнік, пагляджу нейкія словы, калі што. Зусім не перажываю.

Некаторыя кажуць: «Як вы добра размаўляеце па-беларуску!» А я думаю: ну якое добра? Зусім дрэнна размаўляю, слоў мала ведаю. Толькі нядаўна стала звяртаць увагу на больш складаныя словы, цяпер запамінаю іх і спрабую выкарыстоўваць.

Мяне вельмі натхняе слоўнік беларускіх сінонімаў. Зазірнеш у яго і разумееш: вось як ні скажы — усё правільна. Нават тыя словы, пра існаванне якіх ты не падазраваў, яны там ёсць. Змяшаеш усё, што ведаеш: і дыялектнае, і не дыялектнае. Не літаратурна — ну і што? А на рускай мове хто літаратурна размаўляе?

«НН»: А думаеце на якой мове?

АБ: Калі пра простыя бытавыя рэчы, то заўсёды па-беларуску. Цяпер здаецца, калі б у мяне хтосьці запытаўся, на якой мове я чытала хвіліну таму, не адказала б. Усё злілося. Думаю, што ўжо праз год-два змагу свабодна размаўляць і ў незвычайных сітуацыях і перастану заўважаць, што і як я кажу. Проста ўсё будзе ліцца само.

«НН»: Ці падтрымалі бацькі, бабулі і дзядулі, сябры?

АБ: Бацькі ніяк не адрэагавалі. Брат вельмі ўражаны тым, што хоць я, прадстаўнік тэхнічнай прафесіі, а не гуманітарнай, дзе патрэбная мова, раптам раз — і перайшла на беларускую.

Бабуля вельмі перажывае, што не прышчапіла нам любоў да рускай культуры. Я лічу рускую культуру вельмі каштоўнай, але для мяне галоўнае развіваць беларускую культуру. Нават не тое што развіваць, а хутчэй спажываць: апранацца ў беларускае, хадзіць да беларускіх кухараў і гэтак далей.

Хачу спажываць беларускае ва ўсіх сферах. І каб гэта ўсё было максімальна сучаснае, а не архаічнае і музейнае.

«НН»: З якой рэакцыяй да мовы сутыкаецеся па жыцці?

АБ: Рэакцыя вельмі добрая, з негатыўнай ні разу не сутыкаліся. Людзі азіраюцца, спрабуюць загаварыць, цягнуцца да цябе. Усе вельмі ветлівыя, асабліва, калі гуляем разам з Янечкай. Неяк каля Палаца рэспублікі праходзілі і спыніліся ля шапіка набыць булачку. Мы даведаліся пра ўсё, нават якая ў іх запазычанасць па заробках. Проста таму, што падышлі і па-беларуску папрасілі каву і булачку.

Настасся Роўда, фота аўтара

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні