Проект портала
Истории
07.03.2021 / 14:29
«Да, мы с Некляевым танцевали танго в метро». Беседа с писательницей Раисой Боровиковой

«О многих писателях ходят самые невероятные слухи», — загадочно улыбается поэтесса Раиса Боровикова. Выдумки о себе она уже не помнит, но рассказывает то, что было, — как скрывалась от лося во время командировки, танцевала в метро с Владимиром Некляевым, влюбилась в ученого, отремонтировавшего ее холодильник, и до сих пор с ним в браке.

Раіса Баравікова — аўтарка інтымнай лірыкі і дзіцячых кніг. Працавала рэдактаркай кінастудыі «Беларусьфільм», часопісаў «Алеся», «Маладосць».

«У спадчыну атрымала абраз, які прайшоў пакаленняў шэсць нашага роду»

«Наша Ніна»: Вы нарадзіліся на Палессі. Што ў вас ад палешукоў захавалася?

Раіса Баравікова: Нават не ведаю… Думаю, што ўсе стагоддзі гісторыі штосьці ўкладалі ў мае гены, род. Я нарадзілася ў Бярозаўскім раёне і займалася гісторыяй свайго краю. У нас рака Ясельда працякае, а ў яе ёсць выток — Крэчат. Я з дзяцінства задумвалася, адкуль жа такая назва. Дык вось Крэчат — гэта стэпавая птушка роду сакаліных. Калі вывучала гэтае пытанне, я чытала крыніцы, карысталася логікай. Лічу, што ў глыбокай старажытнасці менавіта на берагах Ясельды сялілася сармацкае племя яцыгаў… 

Быў адзін містычны выпадак. Недзе ў 2011 годзе мы з дзіцячай пісьменніцай Аленай Масла ездзілі ў Вільню на міжнародную кніжную выстаўку. Вось-вось мусіла быць адкрыццё. Я адышла, і раптам каля гардэробу нейкі пажылы мужчына звярнуўся да мяне: «Вы, напэўна, з беларускага Палесся?» Мяне гэта так уразіла. У Вільні, незнаёмы чалавек… Кажу: а як вы зразумелі? «А я гэта адчуў па вашай энергетыцы. Толькі ад беларусаў, народжаных там, дзе шмат вады, асаблівая энергетыка сыходзіць». Але тут мяне нехта гукнуў, пачалося адкрыццё, афіцыёз, і калі ўжо праз гадзіну ўсё скончылася, я пабегла да таго гардэробу, але чалавека там не было.

«НН»: У вашай сям’і жа ёсць рэліквіі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне?

РБ: Мне ў спадчыну перайшло вялікае люстэрка. Дзед купіў яго недзе на кірмашы ў Бярозе ў 1930-я гады. А потым падчас вайны нашу вёску палілі немцы. З суседняй вёскі вечарам нехта папярэдзіў, таму людзі па хутарах разбегліся, а засталіся толькі старыя, у тым ліку і мая прабабуля. Самае каштоўнае закапалі, дома пакінулі толькі рэчы першай неабходнасці. Калі наша хата загарэлася, прабабуля кінулася ў яе і пачала выносіць тое, што яшчэ змагла. Гэтае люстра закінула ў гарод між разорамі. І мама потым расказвала: вяртаемся з хутароў, дзе хаваліся, а на месцы хаты толькі печ стаіць абпаленая і каля яе бабуля з гэтым вялікім люстрам у руках, і жар ад спаленага бярвення адбіваецца ў ім.

Пасля вайны гэта было адзінае люстра на ўсю вёску. І таму да дзеда і бабы прыходзілі яго прасіць, калі вяселлі пачаліся. Колькі пар, якія бралі шлюб, і жар вайны адбіліся ў тым люстры.

На гэтым здымку будучай пісьменніцы 4 гады.

А яшчэ ёсць старажытны абраз, зацалаваны маімі сваякамі па краях, які прайшоў пакаленняў шэсць нашага роду. Казалі, што яго нейкі манах даў. У Бярозе ж стаяў кляштар, пры ім быў касцёл. Потым пасля паўстання 1830-1831 касцёл закрылі, а манахаў з келляў перавялі ў вёску Сігневічы, што недалёка. 

«НН»: Як вас занесла ў журналісты, прычым у газету іншага раёна? 

РБ: Я адразу пасля школы не паступіла на філфак — не хапіла аднаго бала. І калі не прайшла, вырашыла на тыдзень паехаць да сваякоў у Быхаў. А быў у мяне сшытак з вучнёўскімі вершамі. Я паказала яго ў рэдакцыі быхаўскай раённай газеты. Тады галоўным рэдактарам быў сімпатычны чалавек, вопытны журналіст Георгій Барысаў. Ён ветліва мяне сустрэў, кажа: «А я тут конкурс праводжу, у нас ёсць вольная адзінка карэспандэнта. Хлопцы-прэтэндэнты заўтра едуць у Грудзінаўскую школу-інтэрнат пісаць рэпартаж, калі хочаце, можаце далучыцца».

Прыехалі ў тую Грудзінаўку, хлопцы сталі дырэктара расшукваць, а я звярнула ўвагу на дзіцячыя фотаздымкі, якімі былі абвешаны сцены ў калідоры. І я рэпартаж пачала з гэтага. Відаць, лірычны ўступ рэдактара зачапіў. Але ён хацеў узяць хлопца. Бо карэспандэнт — гэта камандзіроўкі, артыкулы пра заатэхнікаў, аграномаў. Таму яшчэ адзін конкурс нам наладзіў — рэпартаж з мясцовага элеватара. Хлопцы зноў пайшлі дамаўляцца з кіраўніцтвам, а я падышла да кіроўцаў, паразмаўляла з імі. Адным словам, мяне ўзялі на працу.

Я год там працавала. Аднойчы вярталася з камандзіроўкі і спазнілася на рэйсавы аўтобус. Гэта быў пачатак сакавіка, снегу шмат, мароз. Ехала на папутцы да павароту на Быхаў. Ужо змяркаецца, да горада кіламетраў сем праз лес пешшу. І вось я іду — і раптам наперадзе нешта вялікае, цёмнае. Узрадавалася, думала, што нехта вязе сена на калёсах і можа мяне падвезці. А тут гляджу — лось агромністы. Я спалохалася страшэнна, кубарам з адхону паляцела, з паўгадзіны ляжала ў снезе глыбокім, пакуль нарэшце лось не пацокаў праз дарогу. Ужо калі пачула, што сучча трашчыць у іншым баку, выкараскалася з адхону і бегла — гэта быў сапраўдны крос. Такая вось практыка ў 18-гадовай дзяўчыны.

«Як можна пісаць па-беларуску, а жыць у Маскве ці нейкім еўрапейскім горадзе?»

«НН»: Вы вучыліся ў элітарным Маскоўскім літаратурным інстытуце. Праўда, што залікі хадзілі здаваць у Крэмль?

РБ: Справа ў тым, што ў тыя часы — гэты быў пачатак 1960-х гадоў — у кожнай рэспубліцы былога Савецкага Саюза ўся дзяржаўная дакументацыя вялася на нацыянальнай мове. І таму ад кожнай рэспублікі ў Маскве пры Савеце міністраў СССР працавалі перакладчыкі. Ад Беларусі тады быў празаік Алесь Рыбак. Некалькі гадоў гэтая ўстанова з перакладчыкамі знаходзілася ў Крамлі. Тады ж Алеся Пятровіча запрасілі выкладаць нашай групе беларускіх студэнтаў родную мову, каб мы не забыліся ў Маскве яе.

А як бывае ў студэнцтве? Часам не паспявалі залік атрымаць, а хацелася зімой на некалькі тыдняў хутчэй на канікулы да бацькоў паехаць. Таму хадзілі да Спаскай вежы, Алесь Пятровіч быў сваім чалавекам. 

«НН»: А як вам, пачынаючай паэтцы, удалося прачытаць вершы Булату Акуджаве?

РБ: У Маскве я сваім настаўнікам лічу паэта Льва Озерава, які вёў у нас семінары. Але так атрымалася, што ў мяне былі сяброўскія адносіны з рускім пісьменнікам Уладзімірам Максімавым. І вось якраз ён тым часам быў вялікім сябрам з Булатам Шалвавічам. Неяк адзін маскоўскі мастак запрасіў слыннага паэта з жонкай да сябе ў майстэрню. Акуджава ўзяў з сабой Уладзіміра Максімава, а ён запрасіў мяне.

І калі ўжо папілі кавы, запалілі камін, і ўсе пачалі прасіць Акуджаву нешта праспяваць, ён загадкава паглядзеў на мяне і сказаў: «А я не магу, тут прысутнічае яшчэ дама, якая піша вершы на беларускай мове, таму няхай пачытае».

«НН»: Аднакурснікі зайздросцілі, калі даведаліся?

РБ: Ды не. Уладзімір Максімаў і іншых знаёміў з Булатам Шалвавічам, ды і сам цікавіўся беларускай літаратурай. Напрыклад, наш пісьменнік Алег Ждан звяртаўся да Максімава, каб той паглядзеў яго прозу.

У тыя часы паміж літаратурнай моладзю і класікамі, асабліва ў асяродку інстытута, нярэдка былі сяброўскія адносіны. Вядомыя паэты былі нашымі выкладчыкамі, шмат хто з іх сам літаратурны інстытут заканчваў.

Я была на другім курсе, калі ў мяне напісаўся верш, які вельмі спадабаўся Озераву — «Я дзяўчынка на шары». І ён запрасіў мяне на вялікі літаратурны вечар, дзе быў вядучым. На ім выступаў Роберт Раждзественскі, Сільва Капуцікян.

І са мной адбыўся вялікі казус тады. Уяўляеце, дзяўчынка, якая толькі ўваходзіць у літаратуру, з Быхава прыехала і не ведала, як што. Усе прыйшлі вельмі проста апранутыя — хто ў світары, хто ў пінжачку. А я — у сукенцы, з капронавым жабо, якое тады было ў модзе, святочнай, хутчэй для балю.

Распранулася, агледзелася… і расплакалася. Сказала Льву Озераву: я не буду выступаць, мне няёмка. Ён усё зразумеў. У яго пад пінжаком быў пуловер пясочнага колеру, і ён зняў яго, сказаў, што гэта падыдзе і ўсё будзе нармальна. Атрымалася нават модна. І тады я ўжо прачытала верш.

А самае першае маё літаратурнае выступленне было ў Быхаве. Калі я працавала ў «Маяку Прыдняпроўя», аднойчы ўвосень да нас прыехалі Аляксей Пысін і Васіль Матэвушаў. Рэдактар выклікаў мяне да сябе: «Рая, пазнаёмцеся, гэта нашы вядомыя паэты». І тады ж быў арганізаваны ў Доме культуры літаратурны вечар, запрасілі мяне. Гэта было такое хваляванне — памятаю, потым некалькі начэй не спала.

Дарэчы, менавіта дзякуючы Пысіну я абавязана сваім паступленнем у літаратурны інстытут. Бо я сябе ўжо журналістам лічыла, мне нават галоўны рэдактар казаў: дамо рэкамендацыю, і на завочнае аддзяленне журфака паступіш. І я мела такі намер, мне падабалася журналісцкая праца, камандзіроўкі па раёне. Але тут Пысін прапанаваў: Саюз пісьменнікаў можа даць рэкамендацыю ў літінстытут, вам толькі трэба паслаць свае вершы і некалькі перакладаў на творчы конкурс.

«НН»: Чаму пасля вучобы вярнуліся ў Беларусь?

РБ: Гэта было прынцыпова.

Я маладая дзяўчына была, і, зразумела, магла праз шлюб застацца ў Маскве. Але мне важна было вярнуцца дадому, бо я была беларускай паэткай. Як можна пісаць па-беларуску, а жыць у Маскве ці нейкім еўрапейскім горадзе? На чужыне ніколі беларускім пісьменнікам, я так лічу, не станеш. Трэба жыць там, адкуль карані, адкуль род. 

Я, дарэчы, заўжды пісала вершы, толькі калі прыходзіла натхненне. І як толькі адчула, што, скарыстоўваючы вопыт, магу ўзяць і, ведаючы нейкія таямніцы, скласці верш, пачала шукаць, у які літаратурны жанр я магу перайсці з паэзіі. І перайшла ў дзіцячую літаратуру.

«Я не ўпісвалася ў дзяржаўны саюз пісьменнікаў, многіх літаратараў адтуль проста не ведала»

«НН»: Як у тыя гады жыла літаратурная багема Мінска?

«НН»: Я думаю, што паняцце «багема» трошкі перабольшана. 

У польскага літаратуразнаўцы Яна Парандоўскага, які займаўся псіхалогіяй творчасці, мне запомнілася фраза: калі б чытачы ведалі, колькі геніяльных творах нарадзілася ў папіросным дыме. Я лічу, што пісьменнікам абавязкова трэба збірацца недзе разам. І вечары праводзіць у тым самым цыгарэтным дыме і, магчыма, за чаркай ці каваю.

Мы маладыя вельмі любілі чытаць адно аднаму. Збіраліся ў Доме літаратараў на вуліцы Фрунзэ. Там тады быў бар, і кожны тыдзень праводзілася літаратурная пятніца, дзе праходзілі выступленні паэтаў.

У мяне нават засталося запрашэнне на маю паэтычную пятніцу — некалькі гадоў таму яго перадаў Анатоль Клышка, з якім мы ў адным пад’ездзе жывем. Прычым класікі прыходзілі на тыя чытанні. І Максім Танк мог зазірнуць, і Ніл Гілевіч — для нас гэта была такая падтрымка! 

Кажуць, што пісьменнікі падзяляюцца на дзве катэгорыі: адным трэба, каб іх хвалілі, а другім наадварот — да іх натхненне прыходзіць, калі іх крытыкуюць. Я асабіста лічу, што паэтаў трэба падхвальваць.

Дарэчы, пра псіхалогію творчасці. Памятаю, на пачатку 1980-х гадоў мы сям’ёй з цэнтра Мінска пераехалі на Паўднёвы Захад. Я новыя гардзіны ў пакойчыку павесіла. Саджуся за стол — і ўсё, не ідзе, не здольная нічога напісаць. Праз некалькі тыдняў я здагадалася, у чым справа. У ранейшай кватэры ў мяне былі гардзіны ў каляровыя разводы, а тут я павесіла бялюткія. Я тады мусіла памяняць шторы — і ўсё нармальна стала.

«НН»: З кім з паэтак свайго пакалення сябравалі?

РБ: Нас зажды бачылі ўтраіх — Жэня Янішчыц, Таіса Бондар і я. У 1988 годзе Жэні не стала, у 90-я гады неяк разышліся з Таісай і гадоў восем не перазвоньваліся. Мы проста вельмі розныя па характарах. Таіса лічыла, што я залішне наіўная, хоць сама я так зусім не думаю. Мяне гэта вельмі злавала. А потым Таіса была больш вольны чалавек: дарослы сын, муж — мастак. А ў мяне малыя дзеці і муж-навуковец. Я больш была занята хатнімі справамі, а сяброўства вымагае часу.

«НН»: Вы ў 1990-х атрымалі Дзяржаўную прэмію імя Янкі Купалы. Якія бонусы гэта давала?

РБ: Тады ў грашовым вымярэнні гэта была маленькая сума. Але для пісьменніка атрымаць дзяржаўную прэмію вельмі прыемна. Мне было важна, што мяне заўважылі, адзначылі. Пісьменнік павінен узнагароды атрымліваць.

Прэмію ўручылі за зборнік «Люстэрка для самотнай» — думаю, таму, што туды ўвайшла гістарычная драма «Барбара Радзівіл». Я працавала ў часопісе «Алеся», калі прыйшоў літаратуразнаўца Мар’ян Віж (мы тады з ім і пазнаёміліся) з вялізным фаліянтам — у ім быў перадрук беларускіх летапісаў. Кажа: «У мяне да вас просьба. На гэтай старонцы — гісторыя кахання Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста. Напішыце гістарычную драму. У вас павінна атрымацца, вам Барбара Радзівіл дапаможа». Смяюся: як яна мне можа дапамагчы? А ён: «У вас ініцыялы люстэркавыя, і ў гэтым ёсць штосьці містычнае».

100-ы спектакль «Барбара Радзівіл» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, 2002 год.

«НН»: Пра свой гучны сыход з дзяржаўнага саюза пісьменнікаў не шкадавалі ніколі?

РБ: Не. Я не ўпісвалася туды, нейкія рэчы мне вельмі не падабаліся. Многіх літаратараў у гэтым саюзе я проста не ведала і сумавала па сваіх. Мне цікава было са сваімі пісьменнікамі, з кім прашлі маладыя гады, маладыя жаданні. Выдатны паэт Лёня Дранько-Майсюк, Віктар Гардзей…

У часы маладосці Валодзя Някляеў мяне шмат падтрымліваў, і я яго. У мяне ёсць верш «Французскае танга ў метро з Някляевым». Мы сапраўды калі былі маладымі, танцавалі танга на платформе ў метро Плошча Перамогі. Настрой такі быў, толькі паэты на такое здольныя. Людзі там абалдзелі ўсе, расступіліся і потым нават апладзіравалі. 

«НН»: Вам пасля сыходу з саюзу не ставілі палкі ў колы?

РБ: Такога не было. Праўда, з рэдкалегіі выкрэслілі, не толькі «Маладосці», але і іншых выданняў. Але мяне цікавіла ўжо зусім іншае — пачалі з’яўляцца ўнукі, мы з мужам напачатку 2000-х набылі сядзібу вялікую ў Уздзенскім раёне. І я аказалася такой спраўнай сяляначкай! Я люблю свае кветнікі, гарод, бязмежна люблю сваіх унукаў. Іх у мяне пяцёра: малодшай тры гады, старэйшай хутка 16 споўніцца, а траім унукам — 6, 7 і 9 гадоў.

«Я ведаю псіхалогію мужчын, таму ў мяне з імі больш атрымлівалася сяброўства»

«НН»: Кажуць, вы былі модніцай і за савецкім часам маглі дастаць дэфіцытныя рэчы.

РБ: Даставаць я нічога не ўмела, але мела швачку ў Зялёным Лузе. Фасоны сама прыдумляла, прыходзіла да яе, і мы фастрыгавалі. Было адно атэлье, дзе маглі пашыць прыгожы капялюшык, у манеры, скажам, ХІХ стагоддзя. Напэўна, для гэтага і даецца маладосць, каб прыдумляць адзенне для сябе.

Я нават у сваім жыцці працавала на цагельні, толькі не смейцеся.

Справа ў тым, што ў 9 класе ў нас было вытворчае навучанне. Хлопцаў рыхтавалі на слесараў, а дзяўчат на прадаўцоў. І пасля ў маі, гэта год 1963, у нас практыка ў гарадскім універмагу была. Я патрапіла ў абутковы аддзел. Божа, які там быў абутак! Імпартны, скураны, у моду ўвайшла высокая-высокая шпілька… Але каштавалі туфлі неверагодна дорага, 45 рублёў. І калі я заікнулася маме, яна ледзь не абамлела. «Якая шпілька? Па-першае, ты школьніца, а па-другое, хіба можна за такія грошы купляць абутак?»

І тут я іду па вуліцы і на слупе чытаю аб’яву, што мясцовая цагельня запрашае на працу на фармаванне цэглы-сырца падлеткаў і жанчын нізкага росту. Цэгла прасушвалася ў нізенькіх паветках — з высокім ростам туды не пралезці. Я маме сказала, што хачу месяц папрацаваць. Яна толькі пасмяялася: ну пайдзі, праз дзень-два збяжыш адтуль.

Я адпрацавала нават трошкі больш як месяц і купіла сабе бардовыя чэшскія шпількі. Іх потым абувала на школьныя вечары. І да іх набыла яшчэ прыгожы восеньскі палітончык. Гэта быў самы першы мой заробак.

«НН»: Шмат улюбляліся ў жыцці?

РБ: Не, напэўна. Паколькі я старэйшая сястра двух братоў, я неяк ведаю псіхалогію мужчын. Таму ў мяне з імі больш атрымлівалася сяброўства. Прычым я заўжды была вельмі верная сябрам.

Яшчэ з часоў літінстытута мы сябравалі з Мішам Пташуком, нашым рэжысёрам, мы землякі — ён з Федзюкоў, гэта Ляхавіцкі раён Берасцейшчыны. Памятаю, ад Саюза пісьменнікаў атрымала кватэру, а ён пасля нейкага свайго фільма набыў першую машыну — «Жыгулі». І ён мяне перавозіў — кніжкі, посуд, адзенне. Потым, калі я ўжо была ў шлюбе, наша сяброўства перарасло ў сямейнае.

Я даволі міралюбны чалавек, і мяне да такіх жа цягнула. Са многімі сябрамі я ні разу не сварылася.

«НН»: А галовы шмат каму ўскружылі?

РБ: Пра многіх творчых людзей ходзяць самыя неверагодныя чуткі. Мне дарэчы, падабалася гэта. Цяпер многа рэкламы, а ў той час ніякай не было. Таму кожная дзёрзкая чутка — своеасаблівая рэклама. Гэта толькі мужчыны не разумеюць чамусьці (усміхаецца).

Не ведаю, ці шмат у мяне ўлюбляліся. А калі б нават і ведала, то не сказала б. Я амаль 40 гадоў у шлюбе, кахаю і паважаю свайго мужа — я вышэй такіх рэчаў.

Больш за тое, закахацца ж можна не толькі ў знаёмага. Больш каштоўнае платанічнае каханне. Закахацца можна — і я так найчасцей рабіла — у мужчыну, якога раптам пабачыш на тэлеэкране, з якім выпадкова сустрэнешся ў электрычцы. Ты не ведаеш, хто ён, а ў цябе можа нарадзіцца з дзясятак вершаў, і чалавек не дазнаецца пра гэта.

Закахацца можна нават у чалавека, якога даўно няма. Калі я была ў трэцім ці чацвёртым класе, прысніла сон, дзе за партай сядзеў Напалеон Орда. Зусім юны чалавек, з цёмна-каштанавымі валасамі, у белай кашулі з шырокімі рукавамі, узятымі ля запясця на гумку, у шаўковай камізэльцы. І потым я ўсё жыццё цікавілася лёсам і творчасцю Орды. Я б магла закахацца ў такога чалавека. Мне хацелася ўнутраны партрэт яго скласці, і я нават пачала вывучаць яго гараскопы.

«НН»: А калі казаць пра літаратараў тады, хто лічыўся зайздросным жаніхом?

РБ: Я не ведаю, таму што мы, дзяўчаты, ніколі пра гэта не думалі. Чаму? Бо вельмі цяжка, калі сям’я з творчых людзей. Усё ж такі творчы чалавек трошкі не ад гэтага свету, і ў яго шмат дзіўнасцяў, якія ён сам не можа вытлумачыць. І калі два пісьменнікі ў пары, то абавязкова адзін штосьці ў творчасці страціць. Гэта так прыродаю задумана было.

У нашай сям’і 40 гадоў дамастрой. Я цалкам падпарадкоўваюся мужу. Не ён мне, а я яму падаю каву.

«Ніколі дома не чытаю сваіх вершаў, таму няма ніякіх падстаў, каб раўнаваць»

«НН»: Як пазнаёміліся з мужам?

РБ: Калі Міша Пташук дапамагаў мне пераехаць на новую кватэру, мой невялікі халадзільнік сапсаваўся. Матор так буркацеў моцна, што сцяна дрыжэла. Аднойчы да мяне заявіўся сусед знізу і сказаў: выклікайце майстра, у нас сцяна трэскаецца. Я не выклікала, для мяне гэта вельмі турботна. Тады ён прыйшоў зноў і прапанаваў: а можна я вазьму сябра, у якога залатыя рукі, і ён усё зробіць? І прыйшоў з Сяргеем — гэта быў мой будучы муж. Мяне ўразіла тое, што ён хутка ўсё адрамантаваў, а яго — што ў мяне так шмат прадуктаў у халадзільніку. Кажуць жа, што шлях да мужчыны праз страўнік. Ён, відаць, падумаў: божа мой, на якую я гаспадыню патрапіў (жартуе). Я на тры гады старэйшая за свайго мужа, але гэта розніца нам не замінала.

«НН»: Вы адразу закахаліся, як ён прыйшоў рамантаваць халадзільнік?

РБ: У прынцыпе так, я адразу адчула, што ў яго залатыя рукі і не менш залатая галава. Што чалавек адукаваны і грунтоўны, не летуценнік-паэт (смяецца). Мы вяселле не святкавалі, спакойна распісаліся, як робяць многія.

Раіса Баравікова купае дачку Алену.

«НН»: А ён вас не раўнаваў? Усё ж такі вядомая паэтка, вечары, імпрэзы.

РБ: Не. Я ніколі ў сям’і не чытаю сваіх вершаў, таму няма ніякіх падстаў, каб раўнаваць. Я як Леў Талстой — сваю «Крэйцараву санату» ён пад сяннік хаваў ад жонкі.

«НН»: Муж працуе дагэтуль?

РБ: Так. Ён у БДУІРы працуе, дома за камп'ютарам часта заняты. Калі мы пазнаёміліся, ён выкладаў ва ўніверсітэце. Але дакладна не магу сказаць, чым займаецца, — мы не ўнікаем у справы адно аднаго. Мой муж не ўсе мае кніжкі бачыў.

Ён вельмі разумны чалавек. А жанчына павінна ўмець цаніць розум. Раней у яго быў чамадан розных рацыяналізатарскіх прапаноў. Увогуле Беларусь некалі называлі зборачным цэхам Савецкага Саюза, у нас былі магутныя канструктарскія бюро. Мы сябравалі з аднакурсніцай, крытыкам Алай Кабаковіч, маці Ганны Кісліцынай, дык яе муж у канцы 1960-х, калі мы былі студэнткамі, па паўгода ездзіў у камандзіроўкі ад завода Арджанікідзэ ў Індыю. У нас была моцная ў тэхнічным плане рэспубліка і шмат разумных мужчын. Мне крыўдна, што гэтыя людзі рэдка з’яўляліся на экранах тэлевізараў. Але ў сённяшняй Беларусі вельмі многа разумнай моладзі — гэта спрацавалі гены. Магчыма, таму нас і называюць цяпер краінай айцішнікаў.

«НН»: Ваш муж у сучасных тэхналогіях таксама добра разбіраецца?

РБ: Безумоўна. Мне яго супрацоўнікі расказвалі, што ён толькі рукі прыкладзе да камп’ютара — і ўжо ведае, што ў ім не так. Ён як энцыклапедыя — і ў літаратуры шмат ведае, і ў гісторыі, філосафаў можа працытаваць. Адным словам, я доўга выбірала сабе мужа і выбрала таго, каго трэба.

А я сама ўсё жыццё не ў ладах з тэхнікай. Нават не ўмею пральную машыну ўключаць, муж гэта робіць. У мяне да гэтых Калядаў быў кнопкавы тэлефон, а тут зрабілі падарунак (ківае на смартфон): ужо ведаю, што тут — надвор’е, тут — фотаздымкі, тут — званкі, тут — навіны. Пакуль толькі гэта засвоіла.

«НН»: А кім дзеці працуюць?

РБ: Яны таксама тэхнічнага складу. Дачка і зяць працуюць у ІТ-кампаніі. Сын — радыёінжынер па адукацыі, але ўладкаваўся менеджарам у кампанію.

«НН»: За гады жыцця якую мудрасць вы для сябе вынеслі?

РБ: Адна навука была ў бацькоў, жыццё па-свойму вучыла… Думаю, галоўнае — быць добрым чалавекам. Паэт павінен абуджаць добрыя пачуцці ў людзях.

А яшчэ я зразумела, што самая кароткая адлегласць у свеце — гэта чалавечае жыццё. Таму не трэба адкладаць яго на потым, гады ляцяць вельмі хутка.

Беседовала Наталья Лубневская, фото Надежды Бужан 

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура