Праект партала
Гісторыі
12.12.2020 / 19:06
Гутарка з дызайнеркай, якая стварае самыя моцныя пратэсныя плакаты — але на суткі трапіла за падораныя пенсіянерам кветкі

Наталлю Жукаву вы маглі сустрэць на мірных дэманстрацыях — яна адразу выдзялялася з натоўпу дзякуючы сваім яркім вобразам і трапным палітычным плакатам, якія распрацоўвала сама. У 2020 годзе міліцыя цікавілася ёй тройчы — апошні раз, калі яны з мужам прыехалі раздаць кветкі пенсіянерам на маршы мудрасці. Коштам гэтых кветак сталі 12 сутак на Акрэсціна і ў Баранавічах. Пасля выхаду яе чакалі новыя павесткі, і дзяўчына вырашыла не рызыкаваць: пакуль сям’я з’ехала ў Кіеў.

У гутарцы Наталля распавяла, чаму менавіта ў 2020 годзе ўпершыню нікуды не хацела з’язджаць з Беларусі, і падзялілася гісторыямі стварэння сваіх самых папулярных пратэсных плакатаў. 

Наталля з іранічным плакатам на тэму забастовак.

Наталля паходзіць з Крупак, вучылася на маркетолага, але пасля дадаткова асвоіла для сябе прафесію UX-дызайнера. Сёння гэта яе асноўная праца.

Дзяўчына расказвае, што да 2020-га амаль не была звязаная з актывізмам. Калі не лічыць удзел у адным з Чарнобыльскіх шляхоў у студэнцкія гады.

— Тады я не ўспрымала палітыку і экалогію як адно цэлае, для мяне гэта былі асобныя рэчы. Лічыла, што іх нельга было змешваць. Я выходзіла супраць новых АЭС і мяне нават раздражняла, што паралельна ў натоўпе ішлі людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі і лозунгамі «Лукашэнка, сыходзь!» Удзел у палітычных дэманстрацыях мяне не цікавіў, бо пасля разгону намётавага лагеру ў 2006 годзе, я быццам згубіла надзею на нейкія перамены. Не было крытычнай масы насельніцтва, каб нешта змяніць. Таму мы проста выбудоўвалі сваё жыццё так, каб найменш узаемадзейнічаць з дзяржавай: калі медыцына, то прыватная, курсы — таксама. І я даўно вырашыла, што не хачу гадаваць дзяцей у гэтай краіне, бо яны былі б паспяховымі ў матэрыяльным плане толькі ў адным выпадку: калі б пайшлі ў IT-сферу. Мне ж хацелася, каб яны маглі абраць любую прафесію па душы: напрыклад, стаць сантэхнікам і пры гэтым адчуваць сябе камфортна. Менавіта таму апошнія некалькі год мы думалі пра пераезд і працу ў іншай кропцы свету.

Змянілася ўсё якраз у 2020 годзе. Прычым пачалося з пандэміі. Наталля кажа, што тут яна ясна адчула, як моцна і непасрэдна палітыка ўплывае на іх жыццё. І схавацца ад рашэнняў і нерашэнняў дзяржавы ў выпадку з каранавірусам ужо было немагчыма.

— Праз пандэмію, дакладней, адсутнасць крокаў дзяржавы з яе вырашэннем, тут стала небяспечна жыць. Паралельна пачалося міліцэйскае самавольства. Пасадзілі Віктара Бабарыку як моцнага канкурэнта Лукашэнкі — і мы выйшлі на вуліцу.

Але найбольш моцна на нас паўздзейнічала затрыманне блогера Ігара Лосіка. Тады я зразумела, што могуць прыйсці да любога, не толькі да кандыдатаў, якія ўступілі ў прамы супраціў з уладай. Затрыманне Ігара стала для мяне той кропкай, пасля якой я вырашыла: трэба нешта рабіць, інакш прыйдуць і за мной за выказванне меркавання, і за іншымі.

Пры тым што ў жніўні мы даведаліся, што хутка атрымаем працоўную візу ў ЗША, усё роўна немагчыма было з’ехаць і піць недзе віно, калі тут забівалі і збівалі людзей. 

Наталля як дызайнер і мастак хутка знайшла сябе ў выказваннях на пратэсных цішотках і палітычных плакатах. 

— Насамрэч, першы свой плакат з міліцыянерам, які цягнецца да зорачак, я зрабіла яшчэ ў 2019 годзе. Тады я была ўражаная падзеямі ў Расіі: я сустрэлася з сяброўкай-журналісткай з Сыктыўкара, і яна падрабязна распавяла, як мясцовых актывістаў садзяць па наркатычным артыкуле — за наркотыкі, якія падкідваюць. Калі ў нас пачаліся першыя пікеты, муж папрасіў зрабіць сабе майку з тым малюнкам. А я намалявала сабе новый дызайн у падобным стылі — з трыма амапаўцамі і надпісам «усе жывёлы роўныя». Пасля мяне паперла — і я працягвала рабіць і рабіць актуальныя прынты. Толькі ў адной мяне з імі штук 15 розных маек. Для мяне тады гэта было адным са спосабаў больш бяспечна выказаць сваё меркаванне: з плакатам у руках мяне б затрымалі дакладна, а так — верагоднасць меншая.

 

Той самы дэбютны палітычны плакат

Праўда, якраз у адной з маек Наталлю першы раз і затрымалі: гэта здарылася ў дзень падачы хадайніцтваў аб змене меры ўтрымання для палітвязняў Віктара і Эдуарда Бабарыкі. Тады затрымалі больш 30 чалавек. Большую частку людзей, у тым ліку Наталлю, адпусцілі без пратакола праз пяць гадзін утрымання ў РУУС.

— Я была ў майцы з надпісам «Цана быць чалавекам — артыкулы 23.34 і 24.4». Амапаўцы, па ходу, не зразумелі яе сэнс. А вось у РУУС ужо дызайн ацанілі: пасміхаліся і казалі, што майка ў мяне прыкольная.

 

Многія з плакатаў аўтарства Наталлі сталі сапраўды народнымі — беларусы друкавалі іх сабе на мірныя акцыі. Асабліва ўсім прыйшліся даспадобы сюжэты з Ярмошынай і серыя плакатаў пра розныя прафесіі.

А вось гэты плакат — любімы для самой Наталлі: «Гэта быў крык душы пасля таго, як наш сябра пабываў на Акрэсціна 11 жніўня». Дарэчы, частка прац дызайнеркі выстаўляліся ў гэтым годзе на «Восеньскім салоне» у Палацы мастацтваў.

Наступную цікаўнасць міліцыя праявіла да Наталлі за фотаздымкі з ёй, што трапілі ў розныя СМІ: участковы прыйшоў да яе дадому. Праўда, сышоў ні з чым: сам пагадзіўся з тым, што нічога крымінальнага Наталля на здымку не робіць — проста стаіць на вуліцы з кветкай.

 

Той самы фотаздымак у СМІ, які зацікавіў участковага.

Першы ж суд і суткі напаткалі яе з мужам пасля бяскрыўднай раздачы кветак пенсіянерам. Наташа амаль з першага ж маршу сталых людзей падтрымлівала іх такім чынам.

— Бабулі і дзядулі ўжо запомнілі мяне. Я прыязджала на пару хвілін падарыць ім кветкі. Пакуль было бяспечна, магла затрымацца, каб пагутарыць з імі, паабдымацца. На апошніх маршах яны ўжо спецыяльна акружалі мяне, каб я не трапіла на камеры, стараліся правесці. Яны правялі мяне і на апошнім для мяне маршы, але затрымала нас ужо ДАІ, калі мы з мужам ехалі ў машыне.

У РАУС міліцыянеры не прапускалі магчымасць, каб не адзначыць, што затрыманая дзяўчына выглядае «як бамжара». 

— Адзін з іх сказаў, што калі я так дрэнна выглядаю і наведваю месцы, дзе мяне могуць затрымаць, то ў мяне праблемы з псіхікай. Вядома, усе базавыя правы былі парушаныя: не давалі нікому патэлефанаваць, нават адвакату. Мяне не апыталі, не склалі пратакол. Міліцыянерам, як мне падалося, увогуле было незразумела, навошта камусьці за проста так дарыць кветкі. Іх карціна свету такога не прадугледжвае. І калі мне прысудзілі 12 сутак, хаця б разумела: так, я пабыла пару хвілін на маршы з пенсіянерамі. Муж жа пацярпеў толькі за тое, што прывёз мяне. 

Большую частку дзён Наталля правяла ў СІЗА ў Баранавічах. Адзначае, што для чалавека, які ўсё дзяцінства правёў у лагерах і намётах, там нічога звышшакуючага.

— Гэта нібыта дрэнны піянерлагер. Так, канечне, было дыскамфортна, што ноччу не выключалі святло, што мне не аддавалі лісты, якія, як я даведалася пазней, мне дасылалі. Але больш я перажывала за сваякоў, якія перажывалі за нас і былі ўпэўненыя, што нам могуць прышыць крымінальную справу.

Пасля вызвалення з Баранавіч Наталля даведалася, што яе чакаюць новыя павесткі. А іх машыну ім аддаваць пакуль адмовіліся. 

— Мы параіліся з адвакатам і прынялі рашэнне не чакаць, пакуль з мяне зробяць, як мінімум, падазраваную ў межах крымінальнай справы (нават за фоткі ў сацсетках мне можна даваць бясконцыя суткі). Я ў спешцы сабралася і зляцела ў Кіеў, пасля прыехаў муж і сабака, які вельмі перажываў без нас 12 сутак.

Наталля прызнаецца, што ад’езд з Беларусі менавіта зараз для яе быў нежаданым.

— Я ў гэтым годзе ўпершыню адчула сябе часткай гэтай краіны. Знайшла сябе. Раней адчувала сябе нібыта іншародным целам тут. Шмат у чым праз маю нефармальную знешнасць. Негатыў у свой бок у сувязі з яркімі валасамі і пірсінгам назіраўся яшчэ ў падлеткавым ўзросце. Маё мастацтва таксама асабліва не разумелі. А тут я ярка ўбачыла, што ўсё гэта хвалюе, з большага, адных «ябацек». Нармальныя бабулі і дзядулі на маршах прымалі мяне цёпла. Як і пенсіянеркі ў Баранавічах: са мной у камеры сядзела 61-гадовая жанчына, якую ўзялі, калі яна вынесла пачаставаць студэнтаў цёплымі свежаспечанымі булачкамі з тварагу. А 67-гадовую сукамерніцу забралі, калі яна спрабавала абараніць ад затрымання іншых.

Карацей, апошнія паўгода паказалі, што ўсё з нашай краінай добра, і людзі тут добрыя. Я б з задавальненнем жыла тут, праўда, дакладна ведаючы, што нашы падаткі не ідуць на абмундзіраванне АМАП.

Наталля з мужам плануюць адразу вярнуцца ў Беларусь, калі зразумеюць, што тут для іх бяспечна. Пакуль жа дызайнерка будзе працаваць над серыяй аўтарскіх паштовак для палітзняволеных.

 

Наталля з мужам і сабакам.

— Адной дзяўчыне ў камеры прыйшоў ліст, які пачынаўся такім чынам: «Мяне зваць Ігар, вы мяне не ведаеце, але я таксама сядзеў». Незнаёмец пажадаў ёй трымацца і напісаў розных турэмных парадаў. Кшталту: «Не кідайце рыбу ва ўнітаз». Я падумала, што крута зрабіць серыю паштовак з такімі вось лайфхакамі. Чым і займуся.

Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура