Праект партала
Гісторыі
20.11.2020 / 15:39
«Дырэкт ломіцца ад запрашэнняў на спатканні». Пазнаёміліся з дуэтам «Арыстакратычная бледнасць», які піша прыпеўкі пра апошнія навіны

«Са сваім аўтамабілам зарыдае друг наш Ілан,
не дадумаўся, прастак, зрабіць электрааўтазак».

Ужо чулі прыпеўкі па матывах апошніх навін ад дуэта «Арыстакратычная бледнасць»? Запісваюць іх Вольга Барышнікава і Алеся Селядцова. «Наша Ніна» пазнаёмілася з дзяўчатамі бліжэй. Пра спевы ў царкоўным хоры, фальклорныя экспедыцыі і дальнабойшчыкаў, якія чакаюць пад крамай, — у нашай гутарцы.

Даследчыца фальклору і пеўчая царкоўнага хору

Алеся родам з Віцебска, Вольга — з вёскі Германавічы (Шаркаўшчынскі раён). Яны разам вучыліся ў Акадэміі музыкі на харавых дырыжораў.

«Цяпер я спяваю ў капэле «Санорус», працую настаўніцай вакалу ды фартэпіяна. Ужо 10 гадоў спяваю ў праваслаўнай царкве. Так-так, я ўмею усё сумяшчаць. «Днём атлічніца, а ноччу клафіліншчыца», — жартуе Алеся. — У царкве розныя людзі. Я вясёлая, жартаўніца. Гэта не вельмі характэрна для пеўчых царкоўнага хору, але бываюць выключэнні, і гэта я».

Вольга (злева) і Алеся. Фота Яўгеніі Мужавай

Вольга працягвае адукацыю ў магістратуры. Яе мара — стаць этнамузыколагам. У сваю першую фальклорную экспедыцыю дзяўчына адправілася ў 17 год у Мастоўскі раён. А пасля пабывала і ў іншых: Шчучынскі, Ляхавіцкі, Калінкавіцкі, Пухавіцкі, Шумілінскі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі, Браслаўскі, Мёрскі, Глыбоцкі.

«У Акадэміі музыкі зразумела, што хацела б прафесійна займацца даследаваннем вуснай традыцыйнай культуры. Гэта тое, што мяне вабіць. Тым больш праз гэта я вывучаю гісторыю сваёй сям’і, бо займаюся даследаваннем фальклору старавераў, а па лініі таты я паходжу з сям’і старавераў. І даследую я свой рэгіён — паўночна-заходнюю Віцебшчыну», — дзеліцца Вольга. 

Як дзяўчат занесла ў харавікі?

«Я як пеўчая праваслаўнай царквы скажу вам: неспазнаны шляхі Гасподні, — кажа Алеся. — Я вельмі хацела спяваць, і мой педагог сказаў: прыходзь да мяне ў ансамбль. Прыйшла, спадабалася. Мы выступалі, ездзілі за мяжу. У Германіі я была…»

«А ў Германавічах ты не была?» — перабівае Вольга.

«Не, гэта ў будучым».

Алеся скончыла віцебскі каледж, Вольга — наваполацкі.

«Я паступала ў музычны каледж па класе акардыёна, — успамінае Вольга, — аднак сустрэла выкладчыка, які сказаў: навошта жанчыне цягаць цяжкі інструмент, калі можна проста спяваць? І мне прапанавалі пайсці на харавое дырыжыраванне. Усё, што я ведала пра гэта, — толькі тое, як пішацца слова дырыжыраванне.

Вопыту спеву не скажу, што не мела, бо я ў касцёле ў Германавічах працавала капельмайстрам. Паступіць было нескладана: конкурсу не было. Але трэба было авалодаць навыкамі, якіх мне не хапала: напрыклад, ігра на фартэпіяна. Таму першыя гады навучання прайшлі вельмі інтэнсіўна».

Фота з сацыяльных сетак

У Акадэміі музыкі дзяўчаты вучыліся ў адной групе. Кажуць, ім пашанцавала, бо сярод выкладчыкаў былі сапраўдныя легенды. Напрыклад, Радаслава Мікалаеўна Аладава — дачка вядомага кампазітара.

«Улічваючы заробкі, якія атрымліваюць музыканты, для нас выкладчыкі з іх узроўнем ведаў, адданасцю працы — гэта проста героі», — заўважаюць дзяўчаты.

«Размаўлялі адна з адной цытатамі сваіх дзядоў»

Сяброўства завязалася на чацвёртым курсе, калі дзяўчаты купілі квіток у вёску Прыстоі Чашніцкага раёна. Там жыве дзед Алесі — яна паклікала Вольгу з’ездзіць да яго запісаць гісторыі і прыпеўкі.

Фота Настассі Даніловіч

«Алеська зрабіла прапанову, ад якой я не змагла адмовіцца. У маім жыцці былі дзве такія прапановы. Першую зрабіў мой муж на беразе Балтыйскага мора, калі паклікаў выйсці замуж, а другую Алеська, — смяецца Вольга. —

Прыпеўкі — наша асобная любоў, і мы на гэтай глебе пачалі сябраваць. Размаўлялі адна з адной цытатамі сваіх дзядоў. І ў нас ёсць фразачка пра тое, чаму мы такія: не судзіце на мяне, што мы рассмяяліся, у нас дзяды былі такія, і мы па іх удаліся».

Фразачка, дарэчы, ад дзеда Алесі.

Пасля паездкі на вёску дзяўчаты зразумелі, што ім весела разам. Гумарыстычныя сюжэты, якія яны сталі здымаць на камеру, не трэба было прыдумляць — само лілося. Расказвалі пра вучобу ў Акадэміі музыкі, давалі карысныя парады. На аўдыторыю ніколі не палявалі: дзяўчатам няважна, колькі ў іх падпісантаў, галоўнае — каб будучыя дзеці ацанілі, якія класныя ў іх былі мамы.

Вольга тлумачыць назву дуэта:

«Нам трэба было сумясціць акадэмічную адукацыю, выхаванне ў пэўных канонах і разам з тым любоў да вёскі, трасянкі і фальклору».

Фота Яўгеніі Мужавай

Пазней сяброўкі сталі здымаць прыпеўкі — штосьці бралі з акадэмічнага зборніка, штосьці ад сваіх дзядоў. Так было да 12 жніўня.

«У той вечар мы глядзелі прыпеўкі і нам не зайшло ні на калгасную тэматыку, ні пра каханне. Таму што ў нашай краіне такія падзеі адбываліся, — дзеліцца Алеся. — Я прапанавала: давай пераробім гэтыя прыпеўкі на актуальныя тэмы».

«Мы яшчэ не ведалі пра ўсе жахі, якія адбываліся на Акрэсціна. І таму так лёгка маглі сабе дазволіць пажартаваць пра мітынгі. А потым працягнулі гэтую тэму выключна таму, што бачылі падтрымку людзей і патрэбу ў нас. Мы бачылі, што сярод усяго, што адбываецца, людзям неабходна хоць неяк прадыхнуць, пераключыцца», — кажа Вольга. 

«Мы б працавалі і на канцэртах, але гэта ўжо, ведаеце, небяспечна. Хлопатнае дзельца ганяць ва ўсю моц, а красовак новых пакуль няма», — жартуе Алеся.

«Мы недастаткова папулярныя, бо сёстры Груздзевы пра нас нічога не гавораць»

Прыпеўкі дзяўчаты збольшага пішуць самі, штосьці ім дасылаюць гледачы. Увесь выпуск здымаюць за 15 хвілін. Падводкі — заўсёды імправізацыя.

«Паколькі я цікаўлюся фальклорам і этнаграфіяй, маю калекцыю аўтэнтычных рэчаў, і посцілка, якая знаходзіцца на фоне, — са Старадарожскага раёна, вытканая на кроснах», — расказвае Вольга.

Выпускі прыпевак збіраюць шмат станоўчых каментароў.

«Можа, не ўсе разумеюць нашага гумару і пішуць «клас»? Але мы недастаткова папулярныя, бо сёстры Груздзевы пра нас нічога не гавораць», — жартуе Алеся.

Зоркамі дзяўчаты сябе не адчуваюць.

«Мне здаецца, нас глядзяць сябры сяброў. Хаця аднойчы дальнабойшчык чакаў мяне 15 хвілін з крамы, каб сфоткацца, — згадвае Алеся. — Наш гумар больш для вузкага кола. Не ўсе любяць трасянку так, як мы, і не ўсе разумеюць».

Калі Алеся сядзела ў інтэрнаце на самаізаляцыі як кантакт першага ўзроўню, то запісала песню: маўляў, на спатканне пойдзе толькі за 1300 рублёў (штраф за парушэнне самаізаляцыі). У той жа вечар яе паклікалі на сустрэчу.

«У Алеські мільёны запрашэнняў. Я заходжу ў дырэкт — ён проста ломіцца. Ты ж сказала, што тваё спатканне каштуе 1300 рублей — хто мог дазволіць, той напісаў», — кідае Вольга сяброўцы.

«Я свабодная. Таму выходжу на каву часценька — пагутарыць», — дадае Алеся.

Дзяўчаты не дазваляюць сабе інфармацыйнай гігіены: увесь час чытаюць навіны, каб генераваць прыпеўкі пра самае актуальнае. На пытанне, чаму ў гэтыя складаныя часы столькі гумару, заўважаюць: гэта не ад здаровай псіхікі дакладна.

«Мы з Алесяй калісьці селі і падумалі: мы можам удзельнічаць у розных акцыях, аднак хочацца знайсці месца, дзе ты будзеш найбольш карысны. Для нас «Арыстакратычная бледнасць» з’яўляецца найбольш эфектыўным спосабам дапамагаць вялікай колькасці людзей усміхацца. Мы разумеем, што ствараем такі свет з галасамі Чыпа і Дэйла, дзе ўсё, што адбываецца, падаецца не такім страшным, як ёсць насамрэч».

Наталля Лубнеўская

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура