Праект партала
Навокал
09.09.2020 / 19:40
«На працу прыйшоў ГУБАЗіК — у той жа дзень я з’ехала за мяжу». Пачаўся ціск на арганізатарак жаночых акцый

Дзяўчаты, якія заклікалі беларусак выходзіць на жаночыя акцыі пратэсту, расказваюць пра ціск на іх з боку сілавікоў.

Марына Ментусова адна з іх. Апошнія гады яна жыве ў Расіі, але пасля выбараў прыехала на радзіму, каб разам з іншымі жанчынамі выказаць пратэст гвалту. Не магла на гэта глядзець моўчкі. Дзяўчына нядаўна вярнулася ў Маскву, а ў аўторак атрымала паведамленне ад «праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь». Невядомы пытаўся, калі яна зноў будзе ў Мінску. Марына ў адказ проста аджартоўвалася.

Марына Ментусова.

«Ён адмовіўся прадставіцца, таму размова хутка скончылася», — кажа яна. Цікавасць да яе асобы праваахоўныя органы праявілі ўпершыню. Дагэтуль, нягледзячы на месяц акцый, званкоў і візітаў міліцыі не было.

Ціск пачаўся і на іншых арганізатарак жаночых ланцугоў. Апошнія дні супрацоўнікі сілавых органаў шукалі іх на працы, спрабавалі трапіць у кватэры.

«Учора на працу прыйшоў ГУБАЗіК. Пыталіся, дзе я, калі буду, дзе жыву. Сяброўку шукалі са словамі «на яе крымінальная справа», але не факт, што справа была. У той жа дзень я вырашыла пакінуць краіну. Паехала на мяжу без рэчаў, як была. Баялася, што, калі буду цягнуць, на наступны дзень ужо не выпусцяць з беларускай мяжы. Мне дапамог МЗС Літвы, яны вельмі хутка зрэагавалі», — расказала адна з дзяўчат.

Трэба адзначыць, што да жанчын падчас акцый міліцыя звычайна не прымяняла сілу. Аднак у аўторак гэта мяжа была пяройдзена — амапаўцы і невядомыя ў форме брутальна затрымлівалі жанчын, штурхалі да сцяны і цягнулі за шыю у бусік.

Наталля Лубнеўская

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура