Праект партала
Густ
29.04.2020 / 20:24
Зорка беларускай эстрады ў адсутнасць канцэртаў шые маскі і прадае іх за немалыя грошы25

Маску ў спявачкі Галіны Шышковай можа замовіць кожны жадаючы. Галіна сваімі рукамі вышые на льняной масцы кветачку з бісеру і папросіць за гэта 15 рублёў.

Мы распыталіся ў Галіны, ці не здаецца ёй, што гэта дорага нават для ручной працы?

«Што такое 15 рублёў? Я на адной масцы зарабляю не больш за тры рублі. Гэта мне трэба заправіць машыну, з’ездзіць у магазін, купіць дарагую якасную тканіну. Сама я маскі не шыю, замаўляю іх у сваячкі, яна таксама бярэ за гэта грошы. Пасля трэба ўставіць у маску гумку. Вы ўяўляеце, раней метр гумкі каштаваў 10 капеек, цяпер 45? Я прафесійны дызайнер, займаюся ўпрыгожаннем шапак і пальчатак. На шапцы вышыўкі меней, а каштуе яна 80 рублёў. Так што 15 рублёў за маску — гэта сімвалічная цана. Да таго ж, я столькі падарыла тых масак сваім сябрам», — распавядае Галіна Шышкова.

Спявачка расказвае, што маскі стала шыць, бо за сем тыдняў, што знаходзіцца на самаізаляцыі, паспела засумаваць.

«Я больш не магу прыбіраць кватэру. Яна і так у мяне аж блішчыць. Надакучыла гатаваць. Участак на лецішчы давяла да дасканаласці. Неяк увечары села і сшыла маску сабе і свайму сыну. Мы стараемся рэдка пакідаць кватэру, але калі трэба ў краму, заўсёды надзяваем маскі. Выклала іх у інстаграм, і мне сталі сыпацца замовы. Праўда, і негатыў таксама давялося пачуць. Мне ў каментарах пісалі, што я нажываюся на хваробе і што наступным маім крокам будзе рабіць стразікі на трунах. Было і такое. Затое, калі я выйшла ў масцы ў найбліжэйшую краму, прадавачкі сказалі: «Шмат цяпер розных масак, але такой прыгожай, як у вас, не бачылі ні разу», — прызнаецца Шышкова.

Цяпер увечары, калі Галіна глядзіць серыялы, яна паралельна займаецца рукадзеллем.

«Канцэрты пачалі адмяняцца ў сакавіку, апошні канцэрт у мяне быў 6 сакавіка, пасля адмена, адмена, адмена. А рукадзелле — гэта дадатковы заробак. Я займаюся гэтым ужо шэсць гадоў, аздабляю сукенкі нашым зоркам, у маіх абручах дэфілявалі дзяўчаты на конкурсе «Міс Беларусь». Цяпер жа, калі нават песні ў студыю не езджу пісаць, гэта яшчэ і занятак, каб не звар’яцець», — смяецца Галіна Шышкова.

Сын Галіны Шышковай Іван сёлета заканчвае дзявяты клас, але ён таксама знаходзіцца разам з Галінай на самаізаляцыі:

«Паслухайце, гэта не жарты. У мяне імунітэт слабы, сыну сёлета прышчэпак не рабілі, ды і вы самі разумееце, што пра рэальную сітуацыю ніхто нам не гаворыць. Таму трэба быць асцярожнымі самім. Мы прынялі рашэнне нікуды без патрэбы не выходзіць. Мяне не так даўно запрашалі на тэлебачанне, але я, калі даведалася, што ў студыі будзе 20 чалавек, адмовілася. У нас ёсць сабака, выходзім гуляць з ім. На машыне можам выехаць за горад далей ад людзей. Час зараз такі. Планы ўсе адмяніліся, але што зробіш?» — кажа Галіна Шышкова.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура