Праект партала
Густ
21.04.2020 / 18:01
Толькі жанчыны. Топ-10 беларускіх гуртоў, якія варта пачуць 3
Экс-салістка Опернага і актрыса драматычнага тэатра, рок-князёўна і электронная прынцэса, вакальны іміджмейкер і паазерская русалка. На гэтых выканаўцаў звярнуў увагу аўтар праграмы Belsat Music Live Сяргей Будкін, які склаў рэйтынг самых цікавых беларускіх праектаў розных стыляў з жаночым вакалам для TUT.BY.

Shuma

Зацікавіць таго, хто слухае: Onuka, AИГЕЛ, atlantida project, Sevdaliza, Deep Forest, Kriwi, Kazalpin.

Праект, які з’яўляецца гонарам беларускай электроннай музыкі. Музыкі сумяшчаюць модныя кірункі з старажытнымі народнымі спевамі. Голас праекта — Руся, раней яна была вакалісткай гурта Indiga і прызнавалася «рок-князёўнаю». Яна выступае з дыджэем Аляксеем Будзько, на запісах да яе далучаецца другая вакалістка — Надзея Чугунова. Акрамя «Шумы» Руся, якая называе сябе «вакальным іміджмейкерам», вучыць ахвочых, як кіраваць сваім голасам па сваёй унікальнай методыцы.

Што паслухаць новага: альбом Me, Mother і кліп Galochki.

Mustelide

Зацікавіць таго, хто слухае: Björk, Baltra, Chromatics, Stereolab, Alpha-Beta, Линда, Monoconda, Ana Zhdanova, ayva.

Праект Наталлі Куніцкай, якая была клавішніцай такіх гуртоў, як UlIS i «Серебряная свадьба», а потым вырашыла адправіцца ў вольнае плаванне ды рабіць электронную танцавальную музыку. Яе альбомы нязменна трапляюць у лік найлепшых у сваім стылі, як у Беларусі, так і Расіі. З лайв-сэтамі яна аб’ездзіла ўвесь свет і пастаянна прыцягвае ўвагу сваімі эксперыментамі. Апошні альбом, напрыклад, Наташа сканструявала з гукаў зламаных аркестравых інструментаў.

Што паслухаць новага: гэты самы альбом «Женщина-женьшень», які выйшаў на лэйбле Івана Дорна, і кліп на сумесную з шаманам з Кеніі песню, зняты ў ЗША.

Kriwi

Зацікавіць таго, хто слухае: Norah Jones, Cesaria Еvora, Manu Chao, Dakha Braha, «Палац», Harotnica mix.

Легендарны гурт з этна-хвалі сярэдзіны 1990-х, які разам з «Троіцай» і «Палацам» вярнуў інтарэс беларусаў да свайго фальклору. Праз яго прайшлі такія музыкі, як Юры Выдронак, Зміцер Вайцюшкевіч і Піт Паўлаў. У апошнія 17 год Kriwi выступае ў фармаце жаночага трыо — разам з нязменнай вакалісткай Веранікай Кругловай спяваюць Наста Хмель і Валерыя Валадзько, якая яшчэ дзяўчынкай увайшла ў склад гурта. Валерыя, дарэчы, саліруе ў яшчэ адным цікавым праекце — Harotnica mix.

Што паслухаць яшчэ: нядаўна выйшаў міні-альбом Kumački з пяццю новымі песнямі - першы рэліз гурта за сем гадоў.

Cherryvata

Зацікавіць таго, хто слухае: Massive Attack, Morcheeba, Portishead, Hooverphonic, Jamala, Shuma.

Піянеры беларускай электроннай музыкі, якія перажылі некалькі рэінкарнацый. Першую вядомасць гурту прынеслі песні ў выкананні Веры Новікавай, потым Cherryvata на нейкі час стаў бойз-бэндам, пасля у ім спрабавала свае сілы Руся. Апошняе іх вяртанне на сцэну звязанае з уладальніцай адметнага вакала Кацярынай Штырц, між іншым былой вакалісткай беларускай оперы і педагога па вакалу. Цяпер гурт збірае сродкі на запіс новага студыйнага альбома.

Што паслухаць яшчэ: альбом Daybreak, запісаны з Кацярынай Штырц, і зусім новы сінгл Sputnik, запісаны з Аняй Жданавай — таксама адметнай вакалісткай, якая мае свой сольны праект.

Dzivasil

Зацікавіць таго, хто слухае: FKA Twigs, Nina Simone, King Nomfusi, Elsiane, Инна Желанная, Ірэна Катвіцкая, Shaman Jungle.

Беларускі этна-эмбіент. Іх песні пасуюць для медытацыі, роздуму ды рэлаксу. Музыкі cпалучаюць у сваёй творчасці этнічную і электронную музыку. Голас калектыву — педагог па вакале Іна Перасецкая-Малаковіч, якая пяе нібы па той бок рэальнасці, ствараючы асаблівую футурыстычную атмасферу. Акрамя уласна канцэртаў, гурт стварыў музыку для спектакляў, рэкламы і нават для паказу мод у Лондане.

Што паслухаць яшчэ: запісы трыа даступныя на іх канале на Soundcloud, кліп на песню «Пяскі часу», кадры для якога рэжысёр Макс Сіры зняў у Сірыі.

Irdorath

Зацікавіць таго, хто слухае: Blackmore’s Night, Tarja, Santiano, Corvus Corax, «Мельница», «Калевала», «Млын Сонца», «Стары Ольса».

Фольк-фэнтэзі гурт, які прайшоў шлях ад вулічных выступаў у роднай Гародні да вялікіх сольнікаў і выступаў на аўтарытэтных замежных фэстах. Яны сталі першымі беларусамі, якія выступілі на найбуйнешым метал-фэсце Еўропы Wacken Open Air, а летась далі канцэрты ў 12 краінах Еўропы. Натхняюцца музыкі музыкай народаў свету, таму ў іх рэпертуары можна пачуць македонскія і французскія спевы, песні на латыні, ну і апрацоўкі беларускага фальклору само сабой.

Што паслухаць яшчэ: свежы сінгл Serca raskolata і прыгожы кліп на гэтую песню.

Ілюжан

Зацікавіць таго, хто слухае: Ніно Катамадзе, Dakh Daughters, Jamala, Melody Gardot, Diana Krall, BosaeSonca, Paulinn.

Багаты насычаны гук з выкарыстаннем мноства інструментаў, пры гэтым акустычных. Прыгожы палыновы вакал. І мяккая далікатная музыка. Усё гэта робіць этна-фьюжн гурт «Ілюжан» адметным. Іх музыка кранула сэрца спявачкі Ніно Катамадзэ, якая не толькі ўхваліла іх беларускамоўную версію Once in the Street, але і запрасіла вакалістку Кацю Аліхвер выканаць яе на сваім сольным канцэрце ў Мінску.

Што паслухаць яшчэ: альбомы гурта можна паслухаць на іх старонках у Bandcamp i Soundcloud.

Loudscage

Зацікавіць тых, хто слухае: Korn, Linkin Park, Slipknot, System of A Down, Otep, Louna, Mauzer.

Гурт з экстрым-вакалам Марго Давідовіч — адкрыццё на беларускай альтэрнатыўнай сцэне апошніх год. Моваю сваёй лірыкі музыкі абралі англійскую, але неўзабаве пасля рэліза да іх прыйшло разуменне, што больш цікава і адметна яны гучаць з тэкстамі на роднай мове. У выніку яны пераклалі свае песні, перазапісалі і перавыдалі дэбютны альбом па-беларуску. Цікава, што ў гурце ёсць яшчэ адна дзяўчына — бубначка Інга Мілістфер, якая прыйшла ў ню-метал з джаз-бэнда.

Што паслухаць яшчэ: EP «Ніколі-назаўжды» у дзвюх моўных версіях — па-беларуску і па-англійску, плюс свежае відэа на песню «Забыццё».

Naka

Зацікавіць тых, хто слухае: Patti Smith, The Cranberries, Blondie, The Hardkiss, Барто, Диана Арбенина, Volski, Nizkiz.

Рок-праект акцёркі Горкаўскага тэатра Насты Шпакоўскай, які летась адзначыў 15-годдзе дзейнасці. Злабадзённыя тэксты з заклікам да дзеяння, нервовы вакал, жорсткая ламаная музыка — вось тое, што характарызуе гэты гурт, праз які прайшлі самыя знакавыя беларускія інструменталісты. Нязменнымі застаюцца толькі вакалістка Наста Шпакоўская і клавішніца Ірына Кліменка. У дзяўчат таксама ёсць сайд-праект Naka Piano.

Што паслухаць яшчэ: песня «Я буду жить», запісаная разам з вакалістамі Nizkiz i: B: N, новы студыйны трэк «Няхай так» і свяжак пра надзённае — «Песня антывіруснага беларуса».

Ганна Шаркунова

Зацікавіць тых, хто слухае: Lady Gaga, «Время и стекло», Rihanna, Katy Perry, Selena Gomez, Nyusha, Надя Дорофеева, VAL, D. Jaza.

Прыклад добрай і сучаснай беларускай поп-музыкі. Аня зрабіла сабе імя ў сярэдзіне 2000-х, калі песні «Прощай», «Сердце красавицы», «Белый флаг» гучалі адусюль. Увесь гэты час яна працягвае трымаць планку якасці і не баіцца эксперыментаваць і прыемна здзіўляць. Чаго вартыя толькі яе неадназначная інтэрпрэтацыя «Воинов света» і прыгожы дуэт са Змітром Вайцюшкевічам.

Што паслухаць яшчэ: песня «Роль второго плана», якая цалкам заслужана названая найлепшай поп-песняй у Беларусі ў 2019-м на «Песні года».

Дададзім яшчэ двух выканаўцаў у якасці бонуса.

Palina

Зацікавіць тых, хто слухае: Regina Spektor, Alina Orlova, Pianoboy, Intelligency, Марыя Чайкоўская, Duся.

Тры гады таму дзяўчына-бард, якую за год да паўналецця назвалі галоўным адкрыццём беларускай музычнай сцэны, абнулілася — адмовілася ад гурта, змяніла стылістыку і нават сцэнічнае імя. Паліна Рэспубліка стала падпісвацца Palina, акампанаваць сабе сама, выконваючы летуценны індзі-поп. Яе музычныя пошукі ўвасобіліся ў альбоме «Грустные песни», акрамя таго беларуская спявачка зачаравала журы і гледачоў украінскага шоу «Х-фактор».

Што паслухаць яшчэ: лірык-відэа на «Пинки», фіт з Intelligency «Беларуская песня» і зусім новая песня «C2H5OH», у якой яна вяртаецца да вытокаў - вобраза дзяўчыны з гітарай.

Святлана Бень (Бенька)

Зацікавіць тых, хто слухае: Liza Minnelli, The Tiger Lillies, The Dresden Dolls, Edith Piaf, «Умка и Броневик», Вера Полозкова, Sounduk, BarRokka.

Cпявачка, без якой такі рэйтынг не быў бы поўным. І хоць яе гурт «Серебряная свадьба» прыпыніў існаванне больш чым тры гады таму, Святлана застаецца на сцэне. Разам з рэжысёрам Дзмітрыем Багаслаўскім яна паставіла спектакль «Из жизни насекомых» на музыку кампазітара Валерыя Воранава і вершы паэта 1930-х Мікалая Алейнікава. І выканала ўсе вакальныя партыі. Спектакль ужо некалькі год з поспехам дэманструецца на розных пляцоўках у Мінску і за мяжой.

Сяргей Будкін, TUT.BY

Каментары
Кругом работающие пенсионеры / Адказаць 21.04.2020 / 19:43

На пенсию не в 63 года.

3
Брыдкая пачвара / Адказаць 21.04.2020 / 22:52

Неблагая музыка паслухаць вечарком. Толькі параўноваць Крыві з Ману Чао, а Ірдорат з Тар'яй Турунен зусім несур'езна, нават напрамкі абсалютна розныя.

2
Базілеўсавіч / Адказаць 22.04.2020 / 02:03

А Шаркунову з Гагай параўнаць)

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура