Праект партала
Навокал
21.04.2020 / 12:28
«Мы ўжо тры тыдні на самаізаляцыі ў вёсцы». Чым займаюцца беларускія артысты, калі ўсе канцэрты і спектаклі адменены8

Праз каранавірус адмененыя канцэрты, кампаніі не праводзяць карпаратывы, а тэатры практычна закрытыя. «Наша Ніва» спытала ў беларускіх артыстаў, чым яны занятыя на каранціне і як зарабляюць, калі няма гастроляў.

«Можна жыць, але не на шырокую нагу»

Да пачатку эпідэміі ў рэпера Бакея графік быў распісаны да лета: сольнікі ў Беларусі і Расіі, выступленні на фестывалях у Кіеве і Таліне. На якую дату іх пераносіць, незразумела.

«Заявім, калі насамрэч усё пройдзе. Сітуацыя незразумелая. Планаваць штосьці больш, чым на месяц, неразумна», — кажа рэпер.

Студыі гуказапісу цяпер таксама не працуюць. Бакей сядзіць дома ў самаізаляцыі са сваёй дзяўчынай і ўдасканальвае кулінарныя навыкі. Напрыклад, гатаваў рэбры з бульбай у духоўцы, стэйкі і юшку з рыбы муксун. Часам хлопец ездзіць на лецішча дапамагаць бацькам.

Даход рэпер атрымлівае за кошт адлічэнняў з інтэрнэт-пляцовак і крам, дзе прадаецца яго музыка.

«Раз на тры месяцы яны разлічваюцца. Можна жыць, але не на шырокую нагу, канечне, — сярэднячок, — дзеліцца Бакей. — Затое цяпер самы час выпускаць новы матэрыял — людзі сядзяць дома, гатовы слухаць».

«У красавіку не ставіла канцэрты па рэлігійных перакананнях»

Спявачка Алена Ланская планавала тур па Беларусі. Але, кажа, ёй пашанцавала: на красавік яна адмыслова не ставіла канцэрты — па рэлігійных перакананнях.

«Са свайго вопыту прытрымліваюся меркавання, што публіка занятая рэлігійнымі святамі і ладзіць цяпер канцэрты з духоўнага пункту гледжання няправільна, — тлумачыць спявачка.

— Я была засмучаная, што адмяніліся прыватныя мерапрыемствы. Але не сумую, паколькі заканчваю працу над музычным матэрыялам».

Асаблівых мер бяспекі на час эпідэміі Алена Ланская не прымала. Яна падзялілася сваім спосабам умацавання імунітэту.

«Я вельмі строгая да самой сябе. У тым ліку ў адносінах да здароўя. У мяне ёсць рэжым заняткаў спортам. Два гады я не ем мяса і практычна адмовілася ад малочных прадуктаў. П’ю зялёную і травяную гарбату.

Лічу, што часнык — найлепшы беларускі афрадызіяк. Заўсёды ведала, што ён стымулюе імунную сістэму».

Ці моцна б’е па кашальку канцэртнае зацішша?

«Мне не асабліва шмат трэба. Мой рацыён харчавання надзвычай сціплы. У мяне сціплая сям’я, і калі былі складанасці, то мама заўсёды казала: у нас ёсць бульба, салёны агурок і кіслая капуста, не прападзём. Я запомніла гэта на ўсё жыццё», — спакойна ставіцца да фінансавай сітуацыі спявачка.

«Планаваў у вёсцы запісваць анлайн-канцэрты»

Лявон Вольскі на час каранціну вырашыў свой замежны тур перанесці ў анлайн-фармат. Цяпер спявак практычна ўвесь час праводзіць у вёсцы ў Валожынскім раёне, таму і канцэрты планаваў трансляваць з вясковай хаты. Але падвёў інтэрнэт.

«Тут нармальны стрым немагчыма рабіць. Гук добры будзе, а карцінка падвісае. Таму вымушаны ездзіць у горад і ладзіць стрым з кватэры», — расказвае спявак.

Падчас мінулай трынсляцыі суседзі не скардзіліся. Наступны акустычны канцэрт пад гітару давядзецца запісваць а 10-й вечара, таму могуць узнікнуць пытанні, усміхаецца Лявон.

Анлайн-выступленні для замежнікаў бясплатныя, але ахвотныя могуць перавесці ахвяраванні на рахунак. Спявак кажа, што частку з гэтых грошай перадасць дактарам.

«У мяне ёсць знаёмыя медыкі. Будзем да іх звяртацца, адрасна дапамагаць».

З даходу цяпер засталіся толькі адлічэнні за аўтарскія правы. «Я тут і ў Польшчы зарэгістраваны», — дадае Лявон.

У вёсцы у спевака спраў хапае. Разграбае старыя завалы, разбіраецца з запазычанасцю за плату за электраэнергію, коле дровы і піша карціны.

«Найбліжэйшыя кінапробы толькі ў ліпені»

Акцёр Павел Харланчук у гэтыя дні заняты на анлайн-рэпетыцыях — Купалаўскі тэатр рыхтуецца да прэм’еры «Тутэйшых».

«Праз Zoom звязваемся: Мікалай Мікалаевіч Пінігін, усе артысты, занятыя ў спектаклі. Чытаем у поўны голас дыялогі, разбіраем ролі», — расказвае акцёр.

У такім рэжыме тэатр будзе працаваць як мінімум да 26 красавіка. Здымак у расійскіх серыялах і на Беларусьфільме ў Паўла таксама няма — ён не планаваў іх да прэм’еры «Тутэйшых». Найбліжэйшыя кінапробы толькі ў ліпені.

«Мы цяпер прадумваем анлайн-цікавосткі, каб насыціць прастору Купалаўскага тэатра нейкімі праектамі», — кажа ён.

З падпрацовак засталася агучка фільмаў па-беларуску для «Кінаконга». Артысты будуць ездзіць у студыю па адным.

Павел — бацька пяці дзяцей.

«Пакуль што, дзякуй Богу, крэдыты не браў. Жывём на той заробак, што даюць у тэатры. Іншых зберажэнняў практычна няма, таму што выканаў сваю даўнюю мару — перад Новым годам набыў машыну на сем месцаў, каб усёй сям’ёй ездзіць».

«Мы ўжо тры тыдні ў самаізаляцыі»

Вясной гурт Naviband меўся праехацца з турам па Еўропе. У Берліне, дзе за два тыдні да канцэрту раскупілі ўсе квіткі, думалі нават ладзіць яшчэ адзін сольнік. Улетку музыкі павінны былі выступіць на двух фестывалях. Але праз каранавірус усё адмянілася. Найбліжэйшы фестываль, дзе, калі не перашкодзіць эпідэмія, можна будзе пачуць гурт, — толькі восенню.

Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук цяпер на Нёмане ў самаізаляцыі.

«Мы добра сябруем з сям’ёй Змітра Вайцюшкевіча. Прыехалі да іх у госці і ўжо тры тыдні тут. Ловім рыбу, фізічна працуем. Кожны дзень ходзім па 10 км пешшу», — расказвае Арцём.

Пакуль канцэртаў няма, гурт выкарыстоўвае час для напісання музыкі. Абяцаюць, што вось-вось выпусцяць новыя песні.

Як зарабляць артыстам падчас каранціну?

«Мы атрымліваем аўтарскія за ратацыю на радыё — гэта вялікі плюс. Таксама нейкі даход з iTunes, лічбавых продажаў», — дзеліцца Арцём.

«Грошай хопіць на месяцы два-тры сціплага жыцця»

«Карпаратываў няма, вяселлі адмененыя. Праблема для ўсёй музычнай індустрыі», — коратка апісвае сітуацыю Віталь Карпанаў, саліст гурта «Дразды».

Сёлета гурту спаўняецца 15 год, і з гэтай нагоды артысты збіраліся ў тур па краіне. Думалі стартаваць у сакавіку, аб’язджаць па 6-7 гарадоў на месяц. «Для нас гэта нармальны тэмп», — тлумачыць Віталь. Тур, зразумела, адклаўся.

«Непрыемна, але нам ёсць чым займацца. Раней мы ж выпускалі альбомы на дысках, а цяпер заліваем іх у сеціва, — дзеліцца артыст. — Выпуск новага матэрыялу адклалі. Цяпер людзям не да вясёлых песняў пра каханне — не хочацца рабіць прэм’еры, якія пройдуць міма».

Фінансавая падушка бяспекі ў музыкаў ёсць.

«На месяцы два-тры сціплага жыцця хопіць. Няма такога, што скардзімся, кажам, што дрэнна. Я яшчэ працую на радыё, вяду беларускі хіт-парад. Гэта невялікая грошы, але там можна рабіць працу аддалена.

На гэтым тыдні планавалі здымаць два кліпы, але паставілі на паўзу, бо гэта вялікія грошы, якія за месяц мы не адаб’ем».

Анлайн-канцэрты, якія адыграў гурт, грошы не прыносяць. Віталь тлумачыць, што калі на такіх трансляцыях і збіраюць сродкі, то толькі ў падтрымку дактарам.

Спявак не губляе аптымізму.

«Мыю ўсё, што прасілі мыць, і стараюся не тусавацца на вялікіх мерапрыемствах», — усміхаецца Віталь.

Наталля Лубнеўская

Каментары
Kate / Адказаць 21.04.2020 / 12:35

Скажыце, гэта толькі мне здаецца не нармальным, з'язджаць з Мінска на вёску і весці заразу туды? Там жа старыя, што вы робіце.

19
вусцішны троль / Адказаць 21.04.2020 / 12:59

У цяжкую гадзіну ўзгадалі пра вёску, бо спрацаваў закон самаачышчэння - ўсё гэтыя барысты, маркетолагі, спевакі, коўчэры і трэнеры асабістага росту пачалі вяртацца ў вёскі. Галоўнае каб вірус з сабой не прынеслі.

3
Свободный / Адказаць 21.04.2020 / 13:17

Я вот читаю некоторые интервью и не понимаю они что тоже живут от ЗП к ЗП?

2
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура