Праект партала
Густ
28.03.2020 / 10:12
Стваральніца жывых скульптур расказвае пра спецыфіку працы: Бывала, і мацалі, і пальцам тыцкалі ФОТЫ1

Мастачка са Жлобіна Ганна Донец расказвае пра тое, што больш цяжка: ствараць жывую скульптуру ці быць ёй.

Ганна Донец і яе жывыя скульптуры — жаданыя госці на любым фестывалі. Ганна — неаднаразовы ўдзельнік міжнародных чэмпіянатаў па жывых скульптурах у Кітаі, Бельгіі, Нідэрландах, Украіне і Расіі.

Ганна Донец.

Мастачка па адукацыі, зараз Ганна працуе ў жлобінскім гарадскім цэнтры культуры.

«Чым я толькі не займалася: і рабіла ўпрыгожанні, і лялькі, працавала і з дрэвам, і з паперай, а цяпер вось, малюю на людзях», — прызнаецца мастачка.

Сваю першую жывую скульптуру Ганна стварыла прыкладна 10 гадоў таму. Звазіла яе на адзін з беларускіх фестываляў. Рэакцыя людзей яе настолькі ўразіла, што мастачка вырашыла працягваць працаваць менавіта ў гэтым кірунку.

«Пасля з’яўляліся ўсё новыя і новыя вобразы, новыя і новыя ідэі. Я завяла старонку ў сацыяльных сетках і стала дадаваць фотаздымкі гатовых вобразаў туды. І неяк мне прыйшоў ліст з Бельгіі. Я нават спачатку не звярнула асаблівай увагі, падумала, што спам. Але калі ліст паклалі ў паштовую скрыню, паверыла ў тое, што гэта запрашэнне на чэмпіянат», — кажа Ганна.

Каб касцюм не губляў сваёй формы, яго пакрываюць спецыяльным растворам, а пасля наносяць фарбу. 

Ганна Донец тлумачыць, што арганізатары такіх чэмпіянатаў як правіла ўказваюць, якую скульптуру яны б хацелі бачыць, самі задаюць тэматыку. А вось увасабленне — гэта цалкам погляд мастака.

Мастачка расказвае, што на стварэнне аднаго вобраза можа сысці ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў.

«Гэта памылкова думаць, што можна ўзяць любую сукенку, любы абутак, пафарбаваць яго, і гэта будзе касцюмам. Касцюмы шыюцца з адмысловай тканіны, каторая не згубіць сваёй формы пасля таго, як фарба высахне. Да таго ж, каб касцюм глядзеўся прыгожа, патрабуецца шмат дэкаратыўных элементаў, якія можна знайсці дзе заўгодна. У Жлобіне са мной вітаюцца прадаўцы будаўнічых, аўтамабільных, рыбацкіх магазінаў, бо я ўвесь час у пошуку ці нейкага пластыку, ці сетак для касцюмаў», — прызнаецца Ганна.

А вось фарбу, якую наносяць на твары мадэляў, у Беларусі знайсці практычна немагчыма.

«Фарба павінна быць якаснай, каб трымалася мінімум гадзін пяць, каб не сцякала пры вільготным ці спякотным надвор’і. І каб не шкодзіла скуры», — удакладняе Ганна Донец.

А працу жывой скульптурай мастачка называе антыстрэсавай.

«Я сама вельмі люблю быць жывой скульптурай, бо амаль заўсёды гэта толькі пазітыўныя эмоцыі. Чаму амаль? Таму што, на жаль, у Беларусі людзі не ўмеюць сябе паводзіць. Ім здаецца, што калі ты кінуў манетку скульптуры, то яна твая і ты можаш рабіць з ёй, што заўгодна. Бывала і мацалі, і пальцам тыцкалі. Але такіх бестактоўных людзей, на шчасце, сустракаецца мала. У асноўным людзі дзякуюць, захапляюцца і, канечне ж, усміхаюцца табе. А гэта вельмі прыемна», — расказвае Ганна Донец.

Наталля Тур, фота з архіва гераіні

Каментары
LitvinM / Адказаць 28.03.2020 / 10:57

Недзе гадоў з 10-11 таму назад упершыню убачыў такое ў Мюнхене (дарэчы каля знакамітага піўнога бара). Стаіць нейкі шахцер ці хто, я нават увагі асабліва не звярнуў. Стаў побач, разглядаю вітрыну Hard Rock cafe (яно насупраць). І раптам гэты "помнік" узяў і пайшоў ў бок. Нават спужаўся трошкі тады ))))

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура