Праект партала
Дома
08.02.2020 / 12:14
Ідэальная зімовая страва: кукурузныя шарыкі з мясным рагу33

Калі ў мяне запытацца, якую страву я лічу ідэальнай на зіму, то, шчыра кажучы, я разгублюся і не змагу назваць нешта адно. Але я ўпэўнена, што такая страва павінна валодаць наступнымі якасцямі: быць гарачай, густой і з мноствам спецый. Таму для мяне зіма — гэта перыяд густых супоў, у якіх можа стаяць лыжка, розных рагу са спецыямі і гарачых морсаў. 

І сёння падзялюся рэцэптам аднаго з такіх рагу. А іскрынкай гэтай стравы з’яўляюцца шарыкі з кукурузавых крупаў — пагадзіцеся, не часта мы такое робім. 

На мясное рагу:

  • 800 гр. свініны
  • 2 цыбуліны
  • 2 зубчыкі часнаку
  • 50 гр. таматнай пасты
  • 100 гр. грэцкіх арэхаў
  • 1 ст. л. папрыкі
  • 1 ч. л. сухой аджыкі
  • 1 ч. л. хмелі-сунелі
  • 3 гарошыны чорнага перцу
  • 2 лаўровыя лісты
  • 1 ст.л. сумесі сухіх траў (напрыклад, пятрушка, базілік, чабор)
  • соль, перац

Мяса наразаем кубікамі па 1,5—2 см. Кладзём у рондаль, заліваем халоднай вадой (каб вада пакрывала мяса на 2 пальцы). Даводзім да кіпення, здымаем пенку і варым на маленькім агні 30—40 хвілін. 

Тым часам дробна наразаем цыбулю і часнок, дадаём да мяса разам з таматнай пастай і ўсімі спецыямі. Солім, перчым і варым яшчэ хвілін 20. За 5 хвілін да канца дадаём дробна парубленыя арэхі.

На шарыкі:

  • ⅔ шклянкі кукурузавых круп
  • 2 шклянкі вады
  • соль.

Крупы заліваем вадой, солім і даводзім да кіпення. Варым хвілін 10, пастаянна памешваючы. Можа спатрэбіцца больш часу — галоўнае, каб каша стала вельмі густой. Даём ёй трохі састыць і пачынаем рабіць з кашы шарыкі, дыяметрам 1,5—2 см. Кладзём шарыкі на бляху і запякаем 10—15 хвілін у духоўцы пры 180 градусах (калі ў вас ёсць канвекцыя, то ўключыце яе).

Падаём разам шарыкі з кукурузавых круп і мясное рагу. Смачна есці!

Вольга Чарнова, фота аўтара 

Каментары
Жвір / Адказаць 08.02.2020 / 12:25

Nie.

4
хамса / Адказаць 08.02.2020 / 12:28

о, зноў гэта вінтажная каструлька, што з гарохавым супчыкам некалі была)

3
хамса / Адказаць 08.02.2020 / 12:53

усё вам “nie”, Жвір, затое валасатыя свіныя вушы, фотам якіх вы хваліліся, і на якія глядзець немагчыма, не тое, што есці, о то так.. так?

3
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура