Праект партала
Тое-сёе
18.01.2020 / 00:04
Бабруйская ветэрынарка паказала, як выглядае праца мары ФОТАФАКТ

«Калі не ведаеце, як выглядае праца мары», — так Наталля Рымашэўская, ветэрынарка з Бабруйска, падпісала гэта фота ў сацыяльных сетках.

«Гаспадары прывезлі далмацінцаў на першую ў жыцці вакцынацыю. Для нас быццам сеанс каністэрапіі правялі, станоўчыя эмоцыі на ўвесь дзень», — расказала дзяўчына гісторыю фотаздымкаў.

Наталля скончыла Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны.

«Я з таго адсотку студэнтаў-ветэрынараў, якія не трапілі ў мед. І не пашкадавалі», — жартуе яна.

Па размеркаванні дзяўчына трапіла ва ўстанову, якая вядзе базу даных пра сельскагаспадарчых жывёл і прадукцыю жывёльнага паходжання. Займалася офіснай працай — камп'ютар, паперы, камандзіроўкі… А летась у жніўні ўладкавалася ў прыватную клініку Бабруйска і стала лячыць катоў і сабак.

«Люблю сваю працу за тое, што адчуваю сябе патрэбнай і на сваім месцы. Здаровыя і мілыя жывёлы — гэта класна, гэта радуе, але часцей яны трапляюць да нас не ў такім стане. І тады ветэрынар робіць тое, што павінен, — ратуе. Калі атрымліваецца перамагчы хваробу — я люблю сваю працу яшчэ больш», — падзялілася бабруйчанка.

У яе самой, дарэчы, таксама ёсць гадаванец — кошка Машка. Шэсць год таму падабралі яе з мамай на вакзале кацяняткам і пакінулі жыць у сябе.

NN.by

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура