Праект партала
Гісторыі
05.01.2020 / 10:45
Выпускніца ветэрынарнай акадэміі памяняла гарадское жыццё на домік у глыбінцы і не шкадуе аб гэтым29

Настассі Берднік 24 гады. Летам 2018 года яна скончыла Віцебскую ветэрынарную акадэмію і па размеркаванні трапіла ў вёску, якая ад яе роднага горада знаходзіцца на адлегласці 700 кіламетраў.

Ферма ў аграгарадку Доўбізна ў Камянецкім раёне стала першым месцам працы маладой дзяўчыны, а дом, які ёй выдзелілі на ферме, — першым уласным жытлом.

Пра тое, як павярнуць сваё жыццё на 180 градусаў, Настасся Берднік расказала «Нашай Ніне».

З дзяцінства віцяблянка Анастасія Берднік марыла быць крыміналістам. Але лёс склаўся так, што ёй не хапіла на ўступных іспытах у медыцынскі ўніверсітэт літаральна некалькіх балаў.

«Я вырашыла не губляць год і падала дакументы ў ветэрынарную акадэмію. Думала, год пройдзе, пасля перавядуся ў свой медыцынскі. Але прайшоў год, пасля яшчэ адзін — і ветэрынарыя мяне так зацягнула, што скончыла я ўнівер з чырвоным дыпломам», — расказвае Настасся.

Паколькі ў рэйтынгу выпускнікоў дзяўчына была адной з першых, ёй дазволілі выбраць месца будучай працы па размеркаванні.

«Выкладчыкі раілі гаспадаркі ў Брэсцкай ці Гродзенскай абласцях, казалі, што там і заробкі большыя, і ўмовы працы. І што стала для мяне вырашальным фактарам — там забяспечвалі жыллём. Так я і апынулася ў вёсцы Доўбізна», — расказвае Настасся.

Гаспадарка выдзеліла маладому спецыялісту дом. Настасся параілася са сваёй мамай, і тая, прадаўшы жыллё ў Віцебску, пераехала да дачкі.

«Не ведаю, як патлумачыць, але я ніколі не адчувала таго, што гэты дом мой. Ведала, што, калі захачу змяніць працу, дом давядзецца пакінуць», — расказвае Настасся. 

Але дзяўчына была рашучая. І гатовая застацца ў вёсцы на ўсё жыццё. 

«Спачатку мяне бянтэжыў нязвыклы працоўны графік. Працоўны дзень пачынаўся а 7 раніцы, а «абед» у мяне быў ад 11 раніцы да 5 гадзін вечара. Да таго ж, нават калі ты і дома, то ты ўсё адно на працы. Жывёла магла захварэць і ўначы, тады даводзілася збірацца і ратаваць небараку», — расказвае Настасся. 

У абавязкі дзяўчыны ўваходзіў догляд кароў. Пад яе апекай знаходзілася 1500 рагуль.

«Жывёлы спачатку з асцярогай падпускаюць чалавека да сябе, але вы б бачылі іх вочы, поўныя слёз, у якіх чытаецца ўдзячнасць за лячэнне. Пасля працы з такімі пацыентамі ў мяне ні разу не ўзнікала думкі, што я займаюся непатрэбнай справай», — прызнаецца Настасся.

Але пасля працы, кажа дзяўчына, заставалася вельмі шмат вольнага часу.

«Я вязала і вышывала крыжыкам. Так, у 23 гады. А ў вёсцы не было чым заняцца. Шмат чытала. Калі купіла машыну, стала радаваць сябе раз на тыдзень паездкамі ў Брэст. Ён ад Доўбізна за 70 кіламетраў. Для машыны — гэта не адлегласць», — прызнаецца Настасся. 

Але літаральна месяц таму дзяўчына ўсё ж сышла з працы ў калгасе.

«Уладкавалася на мясакамбінат у Камянцы. Хаця ў гаспадарцы заробкам не крыўдзілі, але тут усё ж плацяць больш. Дом, які выдзеліў калгас, давялося вызваліць. Жыву цяпер з мамай у Брэсце. Але ўсё адно мару пра тое, каб вярнуцца ў вёску. Вельмі хачу працаваць з коньмі, бо люблю вялікіх жывёл. Ды і маім коткам, якіх за час працы ў калгасе ў мяне пасялілася ажно чатыры штукі, у гарадской кватэры цесна. Так што думкі пра вёску мяне не пакідаюць», — прызнаецца Настасся Берднік.

Наталля Тур, фота з архіва аўтара 

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура