Праект партала
Навокал
18.11.2019 / 20:29
Жонка Зяленскага дагэтуль піша сцэнары для «Квартала 95». Пра што яшчэ яна расказала ў інтэрв'ю моднаму выданню? 

Жонка прэзідэнта Украіны Алена Зяленская распавяла, што ніколі не любіла публічнасць, ёй заўсёды больш падабалася заставацца ў цені, у той час як яе муж быў на авансцэне. Зяленская ў інтэрв'ю ўкраінскай версіі Vogue распавяла пра мужа, дзяцей і свае заняткі. Пра самае важнае ў размове з журналістамі піша TUT.BY.

Зяленская распавяла, што да гэтага часу піша сцэнары для студыі «Квартал 95», вось ужо 15 гадоў. Запыталіся ў першай лэдзі і пра тое, як яна адрэагавала на рашэнне мужа стаць прэзідэнтам.

«Я не занадта ўзрадавалася, калі зразумела, што ёсць такія планы. Усведамляла, як усё зменіцца і з якімі цяжкасцямі давядзецца сутыкнуцца», — распавяла яна. Аднак пра тое, што ён вылучыў сваю кандыдатуру, яна даведалася з сацсетак 1 студзеня, муж забыўся ёй паведаміць. «Але, калі сур'ёзна, мы доўга гэта абмяркоўвалі, і я сказала, што заўсёды буду яго падтрымліваць», — падкрэсліла Алена.

Алена адзначае, што пасля абрання Зяленскага прэзідэнтам у яе стала яшчэ менш часу для сябе: «Свая прастора ў мяне была хіба што ў машыне, за рулём. Цяпер мяне гэтага пазбавілі — я заўсёды з аховай. Для адзіноты застаўся ванны пакой. Але мне пашанцавала з людзьмі, якія апынуліся ў маёй асабістай прасторы».

Паводле яе слоў, іх сям'я спрабуе захаваць звыклы ўклад жыцця. Зяленскія спрабуюць засцерагчы дзяцей ад публічнасці.

Першая лэдзі адзначае, што «магла б жыць звыклым жыццём і далей, ахаваўшы сябе ад праблем і інфармацыйных нападаў, але захацела падтрымаць мужа: яму няпроста на эмацыйным узроўні, і патрэбны чалавек, які будзе побач».

Алена расказала, як выбірала, чым зоймецца ў якасці першай лэдзі. Яна з камандай вылучыла некалькі канкрэтных заданняў: здароўе дзяцей, роўныя магчымасці для ўсіх украінцаў і культурная дыпламатыя. Ужо ў наступным годзе будзе прадстаўлена новая праграма школьнага харчавання. Акрамя таго, будзе запушчаны нацыянальны call-цэнтр для дапамогі ахвярам сямейнага гвалту. Праграма першай лэдзі прадугледжвае і падтрымку паралімпійцаў, і распрацоўку інклюзіўнай інфраструктуры ў гарадах Украіны.

Сама Алена кажа так: «У жонкі прэзідэнта ёсць магчымасць мець зносіны з тымі, хто блізкі да ўлады. Перад першай лэдзі не зачыняюцца дзверы чыноўнікаў. Я не палітык і не маю права ўмешвацца ў працу прэзідэнта, але стаць пасярэднікам паміж людзьмі і ўладай, каб другая пачула першых, магу і хачу». 

NN.by

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура