Праект партала
Гісторыі
22.10.2019 / 18:29
«Сябры сказалі: ну ты дурань». Хлопец набіў сабе тату трамвая і ў дэпо знайшоў сваё каханне6

Каця і Лёша Лазарчыкі — кіроўцы трамваяў. Ім па 26 гадоў і яны ў захапленні ад сваёй прафесіі. Настолькі, што Лёша нават набіў тату трамвая на руцэ.

Мужа і жонку можна ўбачыць за рулём мінскіх трамваяў №6 і №7.

«Сваю першую машыну ў шэсць гадоў разбіў»

Каця ніколі не думала, што звяжа жыццё з трамваямі. Па адукацыі яна швачка.

«Я вырасла ў шматдзетнай сям’і, нас з двума братамі бабуля выхоўвала, і я хацела хутчэй ужо скончыць школу і атрымаць якую-небудзь адукацыю, каб бабулі дапамагаць, бо яна шмат уклала ў нас. Усё вельмі проста», — расказвае дзяўчына.

Два гады яна адпрацавала швачкай на «Мілавіцы», потым — на іншай фабрыцы і захацела нечага новага. Якраз тады заўважыла аб’яву аб наборы на курсы кіроўцаў трамвая. Вырашыла паспрабаваць, не ўсур’ёз. А тут на сумоўі ўзялі. Так і завязалася — кіроўцам Каця працуе ўжо пяты год.

«Мне вельмі падабаецца. Хоць бываюць моманты, калі цяжка. Пасажыры цябе спрабуюць чамусьці навучыць, ДТЗ здараюцца — машыны не разумеюць, што трамвай вялікі, важыць, як 40 зубраў, і трэба прапусціць яго, бо тармазны шлях большы, чым у машыны. Восень для нас, напэўна, самая цяжкая пара года. Калі лісце ападае на рэйкі, у трамваяў юзавы стан — як на каньках едзеш».

А вось Лёша, наадварот, марыў стаць кіроўцам.

«Я сваю першую машыну ў шэсць гадоў разбіў! У дзядулевы «Жыгулі» сеў, зняў з перадачы, і яны пакацілася проста з гары. Я такі маленькі, да педаляў не дастаю, не ведаю, што рабіць — уехаў у агароджу», — успамінае з усмешкай.

У ліцэі Лёша адвучыўся на кіроўцу катэгорыі С і, калі вярнуўся з арміі, стаў шукаць работу. Каб вадзіць аўтобус, быў патрэбны стаж, на тралейбус курсы пачыналіся толькі праз чатыры месяцы. А на трамвай якраз ішоў набор.

«Я тады нават не ведаў, як трамваі выглядаюць. Сур’ёзна! Я жыў на метро «Магілёўскай», ніколі іх не бачыў. Думаю, два гадкі папрацую, потым перабяруся на аўтобусы — буду як сапраўдны круты кіроўца. Але так спадабалася, што тут і застаўся».

Лёша так кажа, бо большасць кіроўцаў трамваяў — дзяўчаты. На 300 вадзіцеляў толькі каля 30 мужчын.

«Чатыры гады таму, калі я прыйшоў, наогул кіроўцаў-мужчын чалавекі чатыры было. Хоць вадзіць трамвай, мне здаецца, нават складаней. Аўтобус можа аб’ехаць, нармальна спыніцца, а гэтая штука — не», — дзеліцца Лёша.

Моладзь расказвае, што ў кіроўцаў заўсёды цяжкія сумкі — набіраюць на змену манет, каб разлічвацца з пасажырамі.

«У мяне з запасам недзе рублёў 50 манеткамі. Магу даць рэшту з любой купюры!» — дадае хлопец.

Пасажыры трапляюцца розныя.

«Падаюць п’яныя, выходзячы з трамвая. Бывалі разборкі. Мужчына з жанчынай, памятаю, сцэну рэўнасці такую закацілі на ўвесь трамвай — мне ажно самой было крыху страшна, — успамінае Каця. — Дзякуй богу, яны на наступным прыпынку выйшлі. Разнімаць бойкі не даводзілася — пасажыры дапамагалі ўлагодзіць канфлікты».

Лёшу, наадварот, шанцуе на вясёлых спадарожнікаў:

«Мяне часта падкармліваюць — кілбаскі могуць даць ці цукерак, яблычак насыпаць. На Новы год мне хлопец пяць рублёў падарыў! Падышоў да мяне, думаю: напэўна, талончык хоча купіць. Адкрываю фортку, а ён: «З Новым годам!» — сунуў грошы і выбег».

Дзіўныя скаргі? Пара ўспамінае: аднойчы жанчына напісала скаргу, бо яе аса ўкусіла ў трамваі. Пасля гэтага кіроўцам сказалі правяраць салоны на канцавых станцыях і выганяць восаў і пчол.

Забытыя рэчы ў трамваях знаходзяць увесь час — поўная дыспетчарская парасонаў і пальчатак.

«Я знаходзіў вуду са снасцямі і чарвякамі, мангал. Па яго ніхто так і не вярнуўся — сабе ў выніку забралі», — кажа Лёша.

«Распісаліся, каб ніхто не збег»

Каця і Лёша жанатыя год. Пазнаёміліся на працы: спачатку проста бачыліся на перапынках паміж рэйсамі (за чатыры хвіліны толькі павітацца і паспееш), а потым разам выступалі на конкурсе талентаў «Вераснёвыя зоры» («накшталт КВЗ, толькі ад «Мінсктранса»).

«Я да яе падышоў, бо яна танчыла. А я ніколі не ўмеў, але заўсёды хацеў навучыцца, — расказвае хлопец. — Кажу ёй: навучы мяне танчыць вальс. Яна пару рухаў паказала, а потым увечары мы пайшлі на дыскатэку. Гучыць павольны танец, і я такі: усё, гэта мой зорны час. Запрасіў. І потым пачалі сябраваць».

Спатканні ладзілі перад працай. У тры ночы перад зменай прыязджалі ў дэпо і бавілі час разам.

«Дату вяселля выбіралі весела, — дзеліцца хлопец. — У мяне ёсць сяброўка, з якой мы з дзяцінства знаёмыя. Заўсёды жартавалі, хто з нас раней ажэніцца ці выйдзе замуж. І тут яна дасылае запрашэнне на 1 верасня. Я такі: «Кацька, 31 жніўня мы павінны ажаніцца» (смяецца). Вось так і распісаліся».

Навошта штамп у пашпарце, калі многія пары цяпер проста жывуць разам?

«Каб ніхто не збег, — жартуе Каця. — Хацелася чагосьці больш сур’ёзнага».

«Вы рамантыкі?» — пытаемся.

«Напэўна, я большы, — адказвае Лёша. — Бывае, сюрпрызы ўсякія раблю — шампанскае, свечкі. Пасля работы прыходзіш — там ванна з пенай, соллю і ружамі чакае».

«Буду паказваць унукам тату і расказваць, як было весела»

Хлопец закасвае рукаво — на перадплеччы красуецца тату мінскай «шасцёркі». Трамвай кіроўца набіў сабе тры гады таму.

«Я даўно хацеў татуіроўку, усё думаў, якую ж мне зрабіць. І ў адзін дзень з сябрам размаўлялі пра мадыфікацыі цела, ён мне расказаў пра знаёмага, які гэтым займаецца. Я яго знайшоў Укантакце — якраз на сцяне была аб’ява пра акцыю: прапануй свае тату і цану, і калі майстрам спадабаецца ідэя, яны яе зробяць. Я вырашыў: а чаму б не трамвай? Узяў скінуў фота. Думаю: усё роўна нічога не атрымаецца, мне ніколі не шанцуе. Цану прапанаваў 200 рублёў. На наступны дзень майстар адказвае: я гатовы ўзяцца за работу».

Сябры не адгаворвалі — ніхто проста не ведаў пра яго ідэю.

«Потым прыходзіў, паказваў ім: глядзіце, што ў мяне ёсць. Усе такія: ты дурань!» — смяецца.

«А калі потым звольнішся, будзеш шкадаваць пра тату?»

«Не, гэта ж маё першае сур’ёзнае месца працы! Я ўнукам буду расказваць, як было весела. Я тут жонку знайшоў, машыну купіў. Кватэру? На яе яшчэ трэба назбіраць крыху».

Заробак у маладых кіроўцаў трамвая — ад тысячы рублёў. Каля 300 рублёў з гэтай сумы набягае за продаж талончыкаў — з кожнага кіроўцу ідзе 25 капеек. Атрымліваецца, за месяц трэба прадаць 1200 талончыкаў.

Прамяняць сваю прафесію на праграміста? Не, адмаўляюцца Каця з Лёшам, ім трамваі куды больш падабаюцца.

«Мне бабуля ўвесь час кажа: табе патрэбна вышэйшая адукацыя, — дзеліцца хлопец. — Ну я з ёй згодны, калі-небудзь я збяруся абавязкова. Але для пачатку трэба вызначыцца, якая адукацыя. Не хачу ад балды атрымаць корачку і проста хадзіць яе ўсім паказваць».

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура