Праект партала
Гісторыі
20.10.2019 / 15:01
«Дзіяна, сэрцабіцця няма…» Як я перажыла замерлую цяжарнасць7

Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

На першы ўльтрагук я ішла з радасным хваляваннем: вось-вось я ўпершыню ўбачу маленькую істоту, якая расце ў мяне ўнутры. Але калі доктарка пасля некалькіх секунд узірання ў манітор спытала маё імя, я адчула, што нешта не так. Нарэшце яна вымавіла: «Дзіяна, мне вельмі цяжка сказаць тое, што я павінна. Але сэрцабіцця няма, цяжарнасць не развіваецца».

Гэтыя некалькі словаў у адно імгненне перакулілі ўсё маё жыццё.

Папярэднія 11 тыдняў я нібы лётала, сяброўкі заўважалі: «Ты ажно свецішся!». Не тое, каб мець дзіця было маёй марай, але калі цяжарнасць наступіла, гэта надало моцы і напоўніла такой вялікай любоўю! Бо ты цяпер — цэлы свет для маленькай кузюркі, якая штотыдзень павялічваецца ў тваім жываце то да памераў зярнятка, то гарошыны, то фасоліны… Пяць разоў на тыдзень хадзіць у паліклініку? Лёгка! Прымірыцца з таксікозам і болем у грудзях? Калі ласка! Адмовіцца ад пералёту і трэнінгу ў іншай краіне па парадзе доктара? Без праблем — абы з маёй дзетачкай усё было добра.

І раптам у адно імгненне ўсё гэта разбіваецца ў пыл, нібы крохкая парцаляна. Аказваецца, ужо каля тыдня маё дзіця не жыве. Аказваецца, плоднае яйка — так пакуль што называлася маё дзіця, — дэфармаванае з невядомых прычын. Аказваецца, так заканчваецца кожная шостая — сёмая цяжарнасць, і такіх выпадкаў усё больш і больш — наступствы Чарнобыля. Аказваецца, амаль немагчыма даведацца, чаму гэта здарылася пры нашых з мужам ідэальных аналізах.

Напэўна, у мяне ўсё ж моцная псіхіка. Арганізм адразу ўключыў абарончую рэакцыю — слёзы, а мозг тым часам метадычна раскладаў усё па палічках: так, такое бывае, і гэта, на жаль, цяпер ледзь не норма. І неяк агароджваў мяне ад паглыблення ў тое, што адбывалася. Нібыта гэта не мне толькі што сказалі, што маё дзіця не народзіцца, што мая цяжарнасць скончылася, ледзьве паспеўшы пачацца. Гэта ўсё — не са мной.

Я нібы заведзеная хадзіла па калідоры шпіталя, куды яшчэ ўчора з жартачкамі паступіла на захаванне. У палату зайсці не магла — там дзяўчаты, усе цяжарныя, навошта ім гэта бачыць? Ды і я б не вытрымала сядзення на месцы. Пазваніла маме і мужу, якія тут жа сарваліся з працы, каб прыехаць да мяне. І яшчэ сяброўцы, якая пару гадоў таму перажыла выкідыш, а пасля нарадзіла дачку. Дзякуй ім, іх падтрымка мне вельмі дапамагла.

Да гэтага я ні разу не ляжала ў шпіталі, мне не рабілі ніякіх аперацый. Таму дадатковым шокам стала неабходнасць дастаць з мяне маё ненароджанае дзіця. Гэта называецца жудасным словам выскрабанне. Прапанавалі зрабіць яго на наступны дзень, але я адмовілася: чым хутчэй — тым лепш, здавалася, я не змагу яшчэ суткі з гэтым жыць. Але раніцай я з'ела банан. Гэта цяжкая ежа, пасля яе небяспечна рабіць наркоз — можа быць рвота і ўдушэнне. Давялося пераносіць аперацыю. З таго дня я не магу есці бананы.

Мама з мужам вывезлі мяне ў парк, увечары прыехала сяброўка, мяне нават звазілі дамоў. У той час гэта было менавіта тое, што трэба: блізкія людзі, якія любяць, спачуваюць і, галоўнае, разумеюць, і родныя сцены. Стала лягчэй.

Наступным ранкам падчас абходу доктар сказаў, што аперацыя будзе ў 10—11 гадзін. Але ні ў 10, ні ў 11, ні ў 12 да мяне не прыйшлі. Чаканне было невыносным, але што рабіць: усе анестэзіёлагі занятыя. За гэты час я амаль змагла пераканаць сябе, што ўсё, што адбылося, — да лепшага, што гэта — правільна, і добра, што яно здарылася цяпер, чым пазней. І ў той жа час, нібыта гледзячы на сябе збоку, думала: як гэта жахліва — даводзіць самой сабе, што смерць уласнага ненароджанага дзіцяці — добра і правільна.

Нарэшце ў 12.40 па мяне прыйшла медсястра. Сказала пераапрануцца ў халат і ісці ў аперацыйную. Ну вось, я ўласнымі нагамі іду пазбаўляцца ад таго, з кім размаўляла амаль тры месяцы і каго ўжо, здаецца, паспела палюбіць…

«Вы толькі спачатку мяне ўсыпіце», — прашу дзяўчат-­анестэзіёлагаў. Мяне падлучаюць да апаратаў, устаўляюць катэтар у руку. Прыходзіць доктар. «Чакайце, я яшчэ не сплю!» — пачынаю панікаваць. Мяне супакойваюць, што яшчэ нічога не пачалося. Медсястра жартуе: «Хто са мной на сто грамаў і агурчык?» — «Я!» — адгукаюся, каб заглушыць стрэс. — «Хадзем!» Потым чую размовы анестэзіёлагаў пра колькасць «кубікаў», якія ў мяне трэба ўліць, мне даюць кіслародную маску, я ўдыхаю, а выдыхнуць ужо не магу — задыхаюся. З апошніх сіл кажу пра гэта, маску прыбіраюць, і столь пачынае круціцца…

«Прачынаемся, уздымаем попу і перасоўваемся на ложак!». Ого! Аказваецца, я ўжо ў палаце, і мне трэба пералегчы з каталкі, на якой мяне прывезлі. Раблю гэта, усё яшчэ нібыта ў тумане, рукі і ногі анямелыя, язык не варушыцца. Мне на жывот кладуць грэлку з лёдам. Жывот пакрысе пачынае балець. Усё больш і больш — але цярпіма, як пры месячных, толькі таблетку не вып’еш. Запытваюся ў суседкі, колькі часу. Аказваецца, прайшло ўсяго 20 хвілін з моманту, як я пайшла на аперацыю. Прашу пазваніць маме і сказаць, што ўсё добра.

Вельмі дзіўнае адчуванне: пасля таго, як усё скончылася, наступіла неверагодная лёгкасць. Я гатовая была абняць доктара, медсясцёр, анестэзіёлагаў і ўсіх навокал за тое, што ўсё прайшло так хутка, і што я нічога не адчувала. Але самае галоўнае — стала лягчэй маральна. Можа быць, таму, што самым пакутлівым для мяне было чаканне.

Праз пару гадзін я ўжо хадзіла. Потым лягчэй станавілася з кожным днём. Але слёзы накрывалі часта. Цяпер самае важнае — прыняць тое, што адбылося, і вучыцца жыць далей, з гэтым новым, такім балючым, але каштоўным досведам.

* * *

Заміранне цяжарнасці стала самым вялікім і цяжкім выпрабаваннем у маім жыцці. Гэта рана на сэрцы, якая застанецца са мной назаўжды. Не важна, на якім тэрміне памірае дзіця, — для кожнай сям’і гэта гора. І таму нельга абясцэньваць яго, кажучы, напрыклад, што «гэта яшчэ было не дзіця», альбо «не перажывайце, яшчэ народзіце», ці «ну хопіць раскісаць, час вяртацца да жыцця». Гараваць — трэба, бо пакуль не выплачацца, не выкрычыцца, не выйдзе на паверхню ўвесь боль, да паўнавартаснага жыцця вярнуцца немагчыма. Але ў той жа час варта разумець, што жыццё працягваецца, незалежна ад нашых абставінаў. І ў нашых жа інтарэсах пачынаць жыць далей.

Мая няўдалая цяжарнасць адназначна зрабіла мяне мацнейшай. Пасля перажытага я змяніла погляд на многія рэчы і ўжо амаль нічога не баюся, акрамя, хіба што, страты блізкіх. Маё ненароджанае дзіцятка дапамагло мне зразумець, як я іх люблю, і як яны любяць мяне. Даражэй за іх у мяне няма нікога ў свеце. Я сапраўды стала гэта цаніць.

Пакуль я не звярталася па дапамогу да псіхолага, хаця, магчыма, гэта спатрэбіцца. Але мне здаецца, што я спраўляюся сама, хаця «накрывае» яшчэ дасюль: ад размоваў пра дзіцячую смяротнасць, ад віду цяжарных жанчын, ды часам і проста так, без дай прычыны… Тады я дазваляю сабе плакаць, дзе б ні была, нават у транспарце. І гэта — нармальна.

Я зразумела, што пра сваю страту трэба казаць — тады траўма перажываецца лягчэй, а заадно з'яўляецца магчымасць як бы зірнуць на сябе збоку. Амаль адразу я напісала свайму ненароджанаму дзіцяці ліст, дзе ўзгадала ўсе свае пачуцці і перажыванні, сказала, як я яго люблю, папрасіла прабачэння і пастаралася адпусціць. Я ведаю, што яно ззяе маленькай зорачкай дзесьці на прасторах Сусвету, лётае ў паветры, жыве ва ўсім навокал.

Я пішу гэты тэкст скрозь слёзы. Пішу таму, што ведаю, як гэта важна — казаць аб той бядзе, якая здараецца з многімі, але пра якую не прынята гаварыць публічна. Бо раней я не задумвалася, як шмат жанчын перажываюць замерлыя цяжарнасці ці выкідышы. І я пішу для таго, каб сказаць: калі вы страцілі дзіця, ведайце, што вы — не адны. Можа быць, гэты тэкст камусьці дапаможа лягчэй перанесці гора — і я вельмі на гэта спадзяюся. Бо цяпер дакладна ведаю: з гэтым можна жыць. Хаця спачатку сама ў гэта не верыла.

А для тых, каму цяжка справіцца з болем самастойна, альбо проста хочацца дадатковай падтрымкі, ёсць спецыялісты. Калі ласка, не саромцеся звяртацца да іх. Напрыклад, у цэнтры падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля» займаюцца ў тым ліку псіхалагічным кансультаваннем у выпадку страты дзіцяці. Ёсць і іншыя арганізацыі і прыватныя спецыялісты, якія дапамогуць перажыць гора і зноў пачаць жыць.

Дзіяна Серадзюк, «Новы Час»

Каментары
Святлана / Адказаць 20.10.2019 / 16:06

Трымайцеся. Але мне, па праўдзе кажучы, не зразумела такое "скуголенне". Не хачу нікога пакрыўдзіць. Усе выклікі лёсу я пераношу па-іншаму. Што тычыцца праблемаў з псіхалагічным станам, то трэба абавязкова звяртацца да спецыяліста.

34
Ўліс / Адказаць 20.10.2019 / 20:59

Пасля таго як прачытаў артыкул, што 'замёршая' цяжарнасць у нас можа быць выяўлена няправільна вельмі шкадую што не паехаў з жонкай праверыцца ў іншым мейсцы...

3
Tuteishi / Адказаць 21.10.2019 / 00:37

Ўліс, Замершая беременность выявляется в поликлинике. Потом в больнице ещё очень серьёзно перепроверят. Это очень редкое явление начинает с годами появляться всё больше. Случается внезапно. Причины никто не знает. Согласен с автором в описании своего состояния, только с мужской точки зрения. Очень важна взаимоподдержка родителей и близких. В 1998 году на всю Беларусь было 3 (три!) случая. Когда мы с женой, 8 месяцев, ехали на скорой в 2й роддом, что на ул. Бельского, мой пульс был 108. А сейчас бы ему уже шёл 22 год.....

2
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура