Праект партала
Тое-сёе
16.10.2019 / 23:02
«Няўжо гэта хтосьці купляе? Гэткі сорам!» Беларуска шые лялек-эксгібіцыяністаў 5

Звычайна цацкі ствараюць для дзяцей, але гэтыя маюць катэгорыю 18+. Мінчанка Алена Чуйкова шые лялек з палавымі органамі — і яе жартаўлівыя персанажы разлятаюцца па ўсім свеце.

У дзяцінстве Алена скончыла мастацкую школу. Збіралася паступаць у мастацкі ці архітэктурна-будаўнічы каледж, але не прайшла па балах. У выніку адвучылася на журфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па прафесіі працавала нядоўга. А калі два гады таму выйшла ў дэкрэт, зразумела, што хоча ствараць нешта сваімі рукамі.

«Паколькі ў мяне быў вопыт працы ў краме інтымнага здароўя, я перастала ставіцца да аголенага цела не як да нечага пошлага, закрытага, ганебнага, а як да своеасаблівай свабоды. На мой погляд, па-сапраўднаму свабодны чалавек не саромеецца сябе, прымае сябе цалкам. І калі мой светапогляд у адносінах да чалавечага цела крыху змяніўся, я вырашыла: чаму б не стварыць лялек з анатамічнымі падрабязнасцямі? — расказвае Алена і тлумачыць, што сваімі голымі цацкамі яна хоча прымусіць людзей задумацца: — Большасць не прымае сябе — ні свайго ўнутранага стану, ні свайго выгляду. Людзі моцна заціснуты псіхалагічна, баяцца зрабіць крок улева, крок управа і жывуць у закрытай ракавіне».

Мінчанка ўсміхаецца: яна не выступае за эксгібіцыянізм. «Я за тое, каб мы прымалі сябе такімі, якія ёсць, і не баяліся сябе паказаць іншым людзям, прымаць рашэнні».

Лялькі не шыюцца на нейкі стандартны капыл — кожная мае свой дызайн. На выраб адной у майстрыхі ідзе ад трох да дзесяці дзён. Некаторыя ідэі ёй прыходзяць у сне. З нядаўніх прыдумак — цацкі з выбрацыйным механізмам. «Эфект вясёлы, усё, як я люблю», — жартуе Алена.

«Мне дапамагае мой муж, падкідвае ідэі. Спачатку ў яго, вядома, быў недавер да таго, што я раблю. Бо гэта нестандартна — такія аголеныя лялькі мала ў каго былі. Усе атрымліваюць асалоду ад зайчыкаў, мішак тэдзі — на мой погляд, банальных. Для кагосьці мае лялькі — пачвары. Людзі, бывае, пішуць негатыўныя каментары ў духу: «Няўжо гэта хтосьці купляе? Гэткі сорам!». Але большасць маіх сяброў і знаёмых ставяцца пазітыўна, ім падабаецца тое, што я раблю».

Алена часта робіць цацкі па замове. Успамінае нядаўнюю гісторыю, якая яе кранула:

«Да мяне звярнуўся замоўца, як хацеў атрымаць партрэтную ляльку іншага чалавека і апісваў вобраз з пяшчотай, любоўю. А потым я даведалася, што гісторыя гэтай пары даволі сумная. Там было неўзаемнае каханне. І чалавек, ведаючы гэта, усё роўна хацеў уручыць падарунак. Ён патраціў палову дня, каб проста прыехаць у іншы горад і падарыць жанчыне ляльку».

Аднаго з персанажаў майстрыцы завуць «бульбацар»… Алена аджартоўваецца: любое падабенства — проста выпадковасць, усе персанажы выдуманыя.

«Я не раблю лялек-палітыкаў. Дадзеная цацка — гумарыстычны зборны вобраз кіраўніка выдуманай краіны. Крыху недарэчнага, смешнага, але які вельмі любіць сваё каралеўства. Мне гэты вобраз прыемны, ён пазітыўны».

Мінчанка дадае, што «бульбацар» — адзін з любімых вобразаў яе падпісчыкаў. Такія цацкі ствараліся ўжо некалькі разоў і хутка раскупляліся.

Сярэдні кошт голых лялек — 60—100 рублёў. Самую дарагую сваю работу Алена прадала за 300 рублёў. У параўнанні з замежнымі цэнамі на падобныя вырабы, кажа майстрыца, даволі дэмакратычна.

«Большасць кліентаў — з Расіі. Ёсць з Амерыкі, Еўропы. Часцей за ўсё гэта людзі, якія калекцыянуюць вырабы ручной працы. У некаторых жыве тры-чатыры мае лялькі. З Беларусі маленькі працэнт купцоў. Вялікую ролю грае фінансавы складнік і тое, што ў нас пакуль не гатовы да прыняцця маіх работ».

Алену гэта не надта турбуе: яна хоча вылучацца.

«Назіраючы за рознымі майстрамі, я заўважыла тэндэнцыю: адзін майстар перадзірае ідэі ў іншага. А мне не падабаецца рабіць так, як большасць. Пры стварэнні цацак я думала пра тое, што хачу, каб гэта было штосьці эксклюзіўнае, прыцягвала погляд. І хацелася б бачыць больш арыгінальных ідэй ў нашых суайчыннікаў».

НЛ

Каментары
belariy / Адказаць 16.10.2019 / 23:50

файна ))

5
maha / Адказаць 17.10.2019 / 00:18

ах))) хачу купіць бульбацара. што ж вы ўсіх паказалі ва ўсей красе, а бульбацара пасаромеліся? хаця там, напэўна, усе як ва ўсіх. А можа і які сюрпрыз)

1
Генэрал Голад / Адказаць 17.10.2019 / 08:54

А ў Бульбацара карэньчык вялікі? ))

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура