Праект партала
Гісторыі
28.09.2019 / 10:32
Гісторыя брэнду H&M: дыскі АВВА ў падарунак, разбітыя вітрыны праз Клаўдыю Шыфер і 4800 крамаў па ўсім свеце4

28 верасня ў Мінску адкрываецца першы магазін шведскага брэнда H&M.

Злыя языкі пагаворваюць, што чаргу на адкрыццё, якое адбудзецца 28 верасня, некаторыя займалі ад пятніцы. І не дзіва: першаму пакупніку магазін дорыць сертыфікат на 300 рублёў.

H&M у Беларусі марка вядомая, дастаткова азірнуцца вакол, можна ўбачыць, як беларусы ў пакетах H&M носяць зменку ў школу, ссабойкі на працу, пакупкі з беларускіх магазінаў.

І вось яна, доўгачаканая радасць, цяпер не трэба па любімыя рэчы ездзіць у Польшчу ці Літву, вось ён, магазін мары адкрываецца ў нас.

А ці многія з вас задумваліся, што наогул такое H&M? І чаму звычайны мас-маркет стаў надзвычай папулярным у свеце?

50-я гады. Пачатак 

Страшна ўявіць, але сваю гісторыю брэнд адлічвае ад 1946 года. Тады 30-гадовы шведскі прадпрымальнік Эрлінг Персан адправіўся ў падарожжа па ЗША. Натхнёны шырокім асартыментам універмагаў Macy's і Barney's у Нью-Ёрку, Персан загарэўся ідэяй стварэння аналагічнай крамы адзення ў Швецыі, дзе жанчыны любога дастатку мелі б магчымасць купляць модныя рэчы па даступных цэнах.

Эрлінг Персан, стваральнік H&M.

Пасля вяртання дадому ў 1947 годзе Персан адкрыў у горадзе Вэстэросе невялікую краму пад назвай Hennes, што ў перакладзе са шведскай азначае «для яе». Лагатып Hennes, які пазней стане вядомым па ўсёй краіне, заснавальнік распрацаваў сам. Праз некаторы час, у 1952 годзе, быў адкрыты першы магазін у Стакгольме.

Магазін з году ў год толькі набірае папулярнасць, праз два гады ў Стакгольме адкрываецца яшчэ адна крама. Hennes рэкламуецца ва ўсіх буйных выданнях Швецыі.

70-я гады, да літары Н далучаецца М

У 1968 годзе Эрлінг Персан вырашае пашырыць бізнэс і выкупляе стакгольмскі магазін адзення для рыбалкі і палявання Mauritz Widforss, змяніўшы назву брэнда на Hennes & Mauritz. Зліццё дзвюх кампаній паклала пачатак з'яўленню ліній мужчынскай і дзіцячай вопраткі, зрабіўшы H&M крамай для ўсёй сям'і.

Сетка працягвала пашырацца даволі хутка, і ўжо ў 1969 годзе ў Hennes & Mauritz было 42 крамы. Цягам наступных некалькіх год брэнд выходзіць на міжнародны рынак: адкрываюцца крамы ў Нарвегіі, Даніі, ЗША і Швейцарыі.

З 1973 года Hennes & Mauritz пачынае прадаваць сподняе. У гэтым жа годзе з'яўляецца ўласны асартымент касметыкі, у рэкламнай кампаніі якога знялася салістка групы ABBA Ані-Фрыд Лінгстад.

Ад 1973 год штогод адкрываецца па шэсць новых крам. Высокі тэмп росту дазволіў Hennes & Mauritz адкрываць кожны год па шэсць новых крам. У 1974 годзе назва брэнда скарачаецца да абрэвіятуры H&M.

80-я гады. H&M па пошце і ў інтэрнэце

У 1980-х гадах кампанія заклала падмурак сваёй глабальнай экспансіі. Тады ж з'явіліся першыя крамы ў Германіі і Нідэрландах. Шведскі брэнд заўсёды арыентаваўся на патрэбы пакупнікоў, і ўжо ў 1980 годзе, задоўга да з'яўлення тэрміна «электронная камерцыя», H&M сумесна з паштовай кампаніяй Rowells зрабілі магчымай дастаўку на дом для сваіх кліентаў.

Калі ў 1982 годзе генеральным дырэктарам H&M становіцца сын заснавальніка Стэфан Персан, ён мае толькі адзін намер: пашырэнне кампаніі ў Еўропе. У канцы 1998 года H&M стварае першую інтэрнэт-краму.

Стэфан Персан.

Дарэчы, менавіта Стэфану прыйшоў у галаву незвычайны рэкламны ход. На адкрыцці крамы ў Лондане ўсім пакупнікам дарылі пласцінку гурта АВВА.

2000-я гады. H&M пакідае межы Еўропы

У 2000 годзе на Пятай авеню ў Нью-Ёрку адкрываецца першы ў ЗША буйны флагманскі магазін H&M. Выхад на новы рынак прыцягвае ўвагу да брэнда з боку модных дызайнераў. Напрыклад, у 2004 годзе H&M і Карл Лагерфельд аб'ядналіся для стварэння калекцыі, якая стала доказам таго, што дызайн — гэта не пытанне цаны. З тых часоў брэнд супрацоўнічаў з Versace, Раберта Кавалі і іншымі вядомымі імёнамі.

Шмат знакамітасцяў, у тым ліку сусветна вядомыя мадэлі Клаўдыя Шыфер і Сіндзі Кроўфард, рэкламавалі H&M. Некалькі гадоў супрацоўнічаў з брэндам Дэвід Бэкхам.

Асаблівую цікавасць аўдыторыі выклікала рэкламная кампанія з Клаўдыяй Шыфер у Германіі ў 1999 годзе. Прыхільнікі папулярнай топ-мадэлі сталі разбіваць вітрыны крам, каб скрасці постар з ёй. Кіраўніцтву прыйшлося паабяцаць раздаць постары бясплатна пасля заканчэння кампаніі.

Менавіта з-за гэтых постараў пацярпелі вітрыны магазінаў у Германіі. 

У 2007 годзе H&M прымае рашэнне рухацца далей, адкрываючы першыя крамы ў Шанхаі і Ганконгу.

Што адбываецца зараз

У 2009 годзе ў H&M з'яўляецца асобная лінейка дэкору для дома H&M Home.

У 2010 H&M упершыню выпускае поўную калекцыю з экалагічна чыстых матэрыялаў. З 2013 года кампанія ажыццяўляе збор адзення ў сваіх крамах. З самага пачатку кліентамі было дастаўлена больш за 50000 тон тэкстылю ў крамы H&M для паўторнага выкарыстання і перапрацоўкі.

Ад 2009 года пост генеральнага дырэктар займае Карл-Ёхан Персан.

У 2013 годзе H&M быў абраны на чатыры гады брэндам для распрацоўкі і пашыву касцюмаў для Алімпійскай зборнай Швецыі.

У 2017 годзе агульны аб'ём продажаў H&M Group склаў каля дваццаці сямі мільярдаў даляраў.

Па дадзеных на 31 мая 2018 года, ва ўсім свеце працуе 4801 гандлёвы пункт. У спіс краін з найбольшай колькасцю магазінаў уваходзяць Германія і Злучаныя Штаты. Кітай становіцца ўсё больш важным рынкам для брэндаў H&M. Прадстаўніцтва H&M ёсць у Еўропе, Паўночнай Амерыцы, Азіі, на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы і Аўстраліі. Працуюць крамы H&M ва ўсіх нашых краінах-суседках. І вось, нарэшце, 28 верасня, H&M адчыніць дзверы і ў Мінску.

NN.by, фота marieclaire.ru, hm.com 

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура