Проект портала
Накипело
28.08.2019 / 14:41
Поэтесса Кристина Бандурина написала колонку о том, как в детстве и в юности сталкивалась с сексуальным насилием15

Крысціна Бандурына ў межах праекта «Маё права» адкрыта і шчыра піша для budzma.by пра тое, з чым даводзіцца сутыкацца сучаснай моладзі не толькі ў сям’і, але і на вуліцы.

Крысціна Бандурына. Фота knigasvet.adu.by

Прымусіць сябе сесці за наступны тэкст было складана. Чым далей, тым менш застаецца сэнсу ў размовах з ветранымі млынамі. Але мне пішуць людзі, мне расказваюць свае гісторыі ў рэальным жыцці, і іх «дзякуй» і «ў мяне таксама…» шмат гаворыць пра тое, што пісаць варта. Хаця б таму, што я гэта магу.

Чытайце папярэднія калонкі:

«Бацьку хапала аднаго ўдару рукой па галаве, каб збіць мяне з ног, але гэтага заўсёды было мала»

«У школе я была агрэсаркай, вярталася дадому, цалавала дзверы — і ператваралася ў ахвяру»

Мне было 5. Не самы свядомы ўзрост, калі можна так сказаць. Пачыналася не толькі жыццё — пачыналася я як чалавек. Сяброў не было, гуляла я з тымі, каго ведала — з двума хлопчыкамі, «сваімі» (згодна з тонкасцямі генеалогіі, яны даводзяцца мне траюраднымі дзядзькамі, але такімі я іх, вядома, ніколі не лічыла). «Свае», усяго на 3 гады старэйшыя за мяне, былі завадатарамі дваровай кампаніі.

Вы думаеце, што ведаеце ўсё пра тое, як праходзіць жыццё вашых дзяцей: як, з кім і дзе яны бавяць час, што адчуваюць, які ў іх настрой. Ёсць шмат рэчаў, пра якія яны вам ніколі не скажуць — хіба што калі вы настолькі добрыя бацькі, што дзеці давяраюць вам як сабе. Але як бы вы іх ні любілі, вы не заўсёды будзеце побач. Як правіла, у крытычныя моманты, у моманты сталення побач увогуле нікога няма.

…Адзін раз я паехала з імі на трамваі катацца. Заехалі за горад, на возера. Там са мною здарылася першая ў жыцці цыгарэта «Астра». А ў другі раз для таго, каб катацца з імі на ліфтах у суседнім доме, мне трэба было прайсці «абрад ініцыяцыі». На даху дзевяціпавярховіка вакол мяне сабралася ўся іх банда, і адзін з «дзядзькаў» дастаў з шортаў свой пісюнчык і загадаў мне ўзяць яго у рот. Я ні кроплі не ведала тады пра сэкс (я ўвогуле яшчэ ні кроплі не ведала), але па нервовым гігіканні зразумела, што мне прапануюць нешта горшае за цыгарэты. Дзеці капіруюць дарослых — нас з вамі, — і яны таксама здольныя ламаць адно аднаго. Незразумела толькі, для каго з нас гэта больш цікавая гульня.

Адчуванне ў роце мне не спадабалася, і я… укусіла яго. Пасля гэтага ні ў кога з тых крутых хлопчыкаў, з якімі мне хацелася гуляць, не ўзнікла жадання станавіцца ў чаргу.

Прайшло больш за дваццаць гадоў, але я добра памятаю той стручок перад сваім тварам і часта думаю, як усё гэта магло скончыцца там — на нагрэтым летнім сонцам руберойдзе на дзявятым паверсе, з якога добра было відаць вокны маёй кватэры, — калі б я павяла сябе інакш.

Расказваю гэта ўпершыню. Маленькая я прамаўчала — таму што дома не сталі б разбірацца. Гэта я пайшла/палезла/зрабіла, а яны харошыя, яны не маглі.

Прыкладна ў тым жа ўзросце я атрымала свой самы вялікі шнар. Дарослыя паставілі гарачы чайнік у імправізаванай кухні-куточку акурат пад дзвярыма прыбіральні і загуляліся, забылі. Я выходзіла адтуль, зачапілася — і кіпень выліўся на мяне. Бацька не разбіраўся, ці балюча мне, ці страшна, ці крыўдна — я ўсё адно атрымала. І чым больш я плакала, тым мацнейшыя былі яго ўдары.

Як вы разумееце, расказваць пра свае болькі і несправядлівасці не выпадала.

…Я некалькі разоў у жыцці агучвала гісторыю пра тое, з чаго пачаўся апошні перыяд супрацьстаяння з бацькам. Калі была ў праваабарончай школе, мы нават ладзілі форум-тэатр па гэтым эпізодзе.

Мне 19. Я называю гэты ўзрост самым ураджайным на выпрабаванні. Тады я канчаткова ўсвядоміла, што не магу разлічваць на маму. Тады я даведалася, што ў мяне сур’ёзныя праблемы з сэрцам, якіх можна было б пазбегнуць, калі б хтосьці паклапаціўся пра мяне раней. Тады, каб аплачваць вучобу, я прайшла шэраг не самых лёгкіх прац.

Санітарка майго ўзросту і без стажу ў гарадской бальніцы атрымлівала капейкі. Каб мець хоць крыху болей, трэба было дадаткова браць начныя змены. З 8 да 17 адпрацоўваеш сваё, пасля — пара гадзін на паесці/паспаць, і з 20 да 8 ты прыбіраеш палаты, драіш туалеты, перасоўваеш хворых і мыеш іх, калі раптам нехта не дабег. Па правілах ты не маеш права спаць, але ўсё адно ўрыўкамі спіш — пакуль не прыходзіць дзяжурны ўрач ці якому-небудзь пацыенту не становіцца блага. Калі пашанцуе, на наступны дзень цябе чакае адсыпны. Калі не — працуеш далей з 8 да 17.

У мяне быў адсыпны. Маці на працы, бабуля таксама, дома засталіся я, маленькі брат, якому тады было 9, і п’яны бацька.

Ужо тады ў яго выпрацаваўся гэты графік. Ён прачынаўся да 8-й гадзіны; ніякага душа / глянуць у люстэрка / прывесці сябе ў парадак; дзве лыжкі кавы з горкай, без цукру, пасля — у краму: а восьмай адчыняецца. У больш удачлівыя дні, калі ў яго былі грошы, ён ішоў «праводзіць маму на работу»; калі грошай не было — «праводзіць маму на работу і паспець выгрызці з яе на бутэльку».

Пачыналася стандартна: я тебя так люблю, жить без тебя не могу; обещаю, сегодня пью последний день, завтра буду трезвый; сука, это ты полазила по моим карманам и спи*дила мои деньги; пошла нах*й, животное, домой можешь не приходить; ты же у меня самая любимая… Спрацоўвала амаль заўсёды.

Дзень ён валяўся п’яны, адсыпаўся. З часам зусім перастаў арыентавацца ў рэальнасці і думаў, што аднаго гэтага дастаткова, каб вечарам выглядаць на цвярозага. Ён так упарта даводзіў маме, што «ні кроплі не браў» (даўно перастаўшы зазіраць у люстэрка), што мяне ванітавала кожны раз, калі я гэта чула. Ванітавала ад нянавісці і агіды.

Калі мама вярталася з працы, пачынаўся няспынны псіхалагічны тэрор: «Дай грошай на бутэльку». Калі грошай не было або мама вырашала не даваць, гэтае яго невыноснае каньканне перарастала ў скандалы, якія часта не заканчваліся да наступнай раніцы — калі змучанай маме трэба было ісці на працу, а ён перашкаджаў, пакуль не атрымліваў тое, што хацеў.

…Дома засталіся мы ўтраіх. Пасля ранішняй порцыі пойла бацька амаль увесь дзень праспаў (з рэдкімі вылазкамі, дакладней, «выпаўзкамі» ў прыбіральню). Адна з такіх «выпаўзак» расцягнулася хвілін на сорак — ён проста зрабіў сваю справу і заснуў, а прачнуўшыся, папоўз назад, на канапку, пакінуўшы не прыбраным усё тое, што зрабіў. Наступная «выпаўзка» ў прыбіральню пачалася з непрыемнага відовішча, адказнасці за якое ён вырашыў патрабаваць са свайго маленькага сына, майго брата.

Я ніколі не забуду, як дрыжаў і плакаў малы, не забуду, як над ім навісала п’яная пачвара са спушчанымі штанамі, пускаючы соплі і сліну і выдаючы жывёльнае: «Убирай, я тебе сказал!»

«Папа, это не я» чуць яму не хацелася. Малога я біць не дазваляла (ён адзіны ў нашай сям’і, для каго бацька застаўся харошым), таму тут жа ўмяшалася, калі зразумела, што да чаго і чым можа скончыцца. А скончылася тым, што я з рассечанай галавой (ад удару аб востры рог металічнай ручкі дзвярэй), з малым на руках уцякала з хаты. Унутры ўсё гарэла ад нянавісці, я не магла спыніць слёзы, злыя слёзы, і раз за разам набірала на тэлефоне нумар міліцыі. Але на тым канцы трубку ніхто не здымаў. Прыкладна гадзіну я не магла дазваніцца па простым нумары 102. Тады я адвяла малога на дзіцячую пляцоўку, а сама пайшла ў пастарунак, які аказаўся зачыненым. Я ўсё яшчэ гарэла жаданнем пасадзіць свайго бацьку, але пасля некаторага чакання пад пастарункам ні жадання, ні сіл не засталося.

Што адчуваеш у такія моманты, калі разумееш, што цябе не абароняць і дапамогі чакаць няма адкуль? Адчай. Страшны адчай. І роспач ад несправядлівасці і свайго бяссілля. Я лёгка магу сабе ўявіць, як і чаму ў людзей апускаюцца рукі. Лёгка магу ўявіць, чаму, бывае, даходзіць да самагубства. Вытрымаць можна што заўгодна — толькі не раўнадушша. Найчасцей менавіта з ім сутыкаецца чалавек, калі яму больш за ўсё патрэбная неабыякавасць іншых.

…Я вярталася дадому праз спартыўны комплекс «Дынама». Зломленая, зарумзаная, з пякучым болем у галаве я пайшла шукаць секцыю рукапашнага бою, не маючы нічога, акрамя жадання біць. Але ў той вечар працавала толькі секцыя каратэ. Трэнер паглядзеў на мяне, паслухаў і сказаў: «Прыходзь праз месяц. Калі ўсё яшчэ будзеш хацець, навучым».

Дома было ціха. Маме не хацелася пачынаць чарговы скандал, і я проста папярэдзіла, што аднойчы дайду да міліцыі. Я адчувала сябе непатрэбнай, чужой: яна за яго заступалася, нягледзячы ні на што, ён быў важнейшы за нас, — і калі небяспека сыходзіла, не хацела чуць ні слова крытыкі ў яго адрас. Магчыма, таму што гэта рыкашэтам біла па ёй самой.

Найбольш стамляла не чаканне ўдараў — стамляла чаканне таго, што нешта зменіцца. І вечар, калі міліцыя аказалася недаступнай, а мама заплюшчыла вочы на рэчы, якія далей ігнараваць было проста немагчыма, стаў апошняй кропляй у маім спадзеве на знешнія сілы.

Праз месяц я вярнулася ў «Дынама» і двойчы на тыдзень пасля працы ў бальніцы хадзіла ў секцыю каратэ, дзе для выгляду гадзіну вывучала тэхніку, а пасля, калі ўсе сыходзілі, вучылася біць і не падаць, калі білі мяне. У пару мне ставілі маладога мужчыну, старэйшага за мяне на 12 гадоў, — з ім было магчыма не думаць пра тое, што хтосьці кагосьці пакалечыць, і ён часта згаджаўся заставацца пасля трэніровак, каб памутузіць адно аднаго яшчэ паўгадзінкі.

Восем месяцаў заняткаў я ўспамінаю як адзін доўгі вечар: ты стомленая і амаль без сіл, але трымаешся на злосці і працягваеш біць, таму што адчуваеш задавальненне, калі цела насупраць чырванее ад тваіх удараў.

На дзявяты месяц чырванела я — калі захады мужчыны, які, здавалася, абсалютна шчыра спачуваў і хацеў дапамагчы, сталі недвухсэнсоўнымі. Напад ззаду хаваў у сабе больш шчыльнае прыцісканне, а падніманне з падлогі знянацку магло стаць пазіцыяй «ён зверху». Дурная я настолькі была апантаная сваім «біць», што зразумела, што да чаго, толькі калі мы апынуліся на адкрытай стаянцы, дзе не было ні ліхтароў, ні аховы, ні іншых машын (так, бывае, заканчваецца «садись, подвезу до дома»), і ён прымусіў мяне зрабіць яму мінет.

Калі ты не хочаш, чэлес перад тварам — гэта так жа зневажальна, як і прымус падціраць за некім у прыбіральні. І колькі потым ні чысці зубы і ні адцірай рукі з мылам, колькі б табе ні хацелася выразаць гэта з сябе, яно ўсё адно застаецца: ты чуеш гэтыя пахі на сваёй скуры — і не адчуваеш нічога, акрамя агіды. Агіды да сябе.

Ужо прадчуваю пытанні «Чаму не крычала?», «Чаму не сышла?», «Чаму нікому не расказала?». Я дагэтуль дранцвею і ўпадаю ў ступар, калі апынаюся ў небяспецы. Гэта абсалютна нелагічна і непадкантрольна розуму — але так рэагуе цела. Доўгі час, ажно пакуль не паглядзела польскі фільм «Tylko nie mów nikomu» (пра педафілію ў польскіх касцёлах), я думала, што гэта са мной нешта не тое. Аказалася, не. Гэта тыповая рэакцыя на гвалт. Усвядоміць, што я не адна такая, з аднаго боку, было палёгкай, а з іншага… Я ведаю, ЯК ГЭТА — што адчувалі і адчуваюць тыя людзі, героі і гераіні фільма, што ўвогуле адчуваюць ахвяры гвалту — і мне баліць ад таго, што яно ёсць. Што я ніяк не магу гэта спыніць.

Калі нехта падумаў, што я бедная дзяўчынка, якую «недабілі» ці якой проста хочацца паплакацца, пераконваць не стану. Маеце права. Але калі вы чытаеце гэта (і, напэўна ж, чытаеце не проста так), уявіце сабе на хвілінку, што вы будзеце адчуваць, калі вернецеся дадому пасля цяжкага дня ў не самых прыемных умовах правінцыйнай бальніцы, пасля таго, як вас прымусіў «адсмактаць» той, каму вы давяралі, — і, да ўсяго, дома вас чакае скандал з любой прычыны і без, таму што ваш бацька — неадэкватны алкаголік, якому трэба спагнаць на вас злосць. І падтрымкі чакаць няма адкуль: дамашнія ўжо сваё атрымалі — і не хочуць яшчэ.

Уявілі? А цяпер паглядзіце на сваіх дзяцей. Вы думаеце, што ведаеце ўсё пра іх, усё пра тое, як яны жывуць і чым дыхаюць. Але часам нават вы не будзеце мець ніякага ўяўлення пра тое, якое пекла творыцца ў іх душах.

…Калі я пачала прапускаць трэніроўкі, малады і абаяльны чалавек пачаў заязджаць да мяне дамоў — амаль кожны вечар. Чакаў мяне ў пад’ездзе пад дзвярыма кватэры, часам «завітваў на гарбатку» і размаўляў з маёй мамай, якая была задаволеная тым, што да дачкі заляцаецца такі «відны мужчына», і ўшчувала мяне за ігнараванне. Нельга ігнараваць, калі шчасце само плыве табе ў рукі!

Ісці ў міліцыю? Мы ўжо гэта праходзілі. Сказаць маме, як яно насамрэч? Кожны нармальны мужчына будзе цябе хацець, гэта натуральна.

Я не знайшла іншага выйсця, як даць яму тое, чаго ён хацеў. Цяпер, праз 9 гадоў, вяртаючыся ў родны горад, я кожны раз праязджаю праз тое месца, дзе стаяла, надзейна схаваная ад чужых вачэй, яго машына, і заплюшчваю вочы, думаючы, як шмат падобных гісторый там адбылося.

«Сталкерынг» скончыўся толькі калі я прыгразіла расказаць трэнеру. Рэпутацыя — вельмі важкі аргумент. Страціць у вачах «аўтарытэта» вобраз сябе харошага — усё адно што стаць імпатэнтам. Таму #metoo спрацоўвае. Таму некалі спрацавала ў мяне, і мяне перасталі пераследаваць.

Калі вы думаеце, што я тут расказваю нешта несусветнае, што такога не бывае, вось вам крыху статыстыкі:

— за 2018 год, гаворыць Мінстат, адбылося 152 згвалтаванні і спроб згвалтаванняў;

— паводле дадзеных МУС, за той жа перыяд каля 80 дзяцей пацярпелі ад дзеянняў сэксуальнага характару; было вынесена каля 4500 ахоўных прадпісанняў — а гэта значыць, што як мінімум у 4500 беларускіх сямей дзеці сталі ахвярамі хатняга гвалту;

— як паведамляе сайт «Гендарныя перспектывы», штогод МУС фіксуе каля 120 тыс. выпадкаў хатняга гвалту; за 7 месяцаў 2019 г. 55 чалавек загінулі ад рук хатніх агрэсараў;

І гэта толькі тое, што вядома і зафіксавана. А колькі людзей маўчаць? Колькі людзей жывуць з гэтым і баяцца расказаць, таму што пасля ім адразу ж выставяць кучу дыягназаў і скажуць «самівінаваты», «заслужылі / прыцягнулі», «вам гэта падабаецца / у вас такі сцэнар жыцця» — і шмат іншай хрэні, якую мы выдаём, таму што не хочам прызнаваць наяўнасць сур’ёзных праблем. Таму што нам утульна жыць у сваіх хатах з краю.

Нічога ж страшнага — пакуль гэта не робіцца з вашымі дзецьмі, праўда?

Крысціна Бандурына, budzma.by

Каментары
Трактарыст-максімаліст / Ответить 28.08.2019 / 14:42

Лухта. Што яна памятае з 5-гадовага ўзросту? > Я ні кроплі не ведала тады пра сэкс (я ўвогуле яшчэ ні кроплі не ведала), Ну дык вось, спадарыня брахуння, адказна вам заўяляю, што ў 8 гадоў хлопчыкі таксама нічога ня ведацюць пра сэкс. І што там 8-гадовы дастаў пісюн і прымушаў да нейкага аральнага сэксу, ну гэта трэзненне касмічнага маштабу. Болей таго, хлопчыкі сталеюць нашмат пазней дзяўчынак, і калі дзчўчынкі ўжо цікавяцца юнакамі, то хлопчыкі цікавяцца адно машынкамі і танчыкамі. Далей не чытаў, бо адразу бачна, што брахня.

98
кронан / Ответить 28.08.2019 / 14:50

І ўсё адно пытанне застаецца: "Чаму не казала - "не"?"

25
Той самы / Ответить 28.08.2019 / 14:53

Звычайная гісторыя люмпенаў. Добра што дзяўчына змагла вырвацца з люмпенізаванага кола.

11
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура