Проект портала
Рост
17.08.2019 / 10:13
«Сделала выбор в пользу ребенка». Александра Герасименя — о завершении карьеры и депутатстве3

Тыдзень таму алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя аб'явіла пра завяршэнне кар'еры. Але яе графік, здаецца, не стаў менш шчыльным. «Наша Ніна» заспела спартоўку за некалькі хвілін да дабрачыннага марафону і распытала, ці чакаць ад яе лінейку спартыўных купальнікаў, як мацярынства змяніла жыццё і што цяпер будзе з беларускім плаваннем.

«Наша Ніна»: Як адрэагавалі заўзятары, калі вы аб’явілі пра завяршэнне кар’еры?

Аляксандра Герасіменя: Для многіх гэта была сумная падзея. Некаторыя спадзяваліся, што я паеду на Алімпійскія гульні, тым больш што я заяўляла, што збіраюся рыхтавацца да іх — і тут такая нечаканая аб’ява за год да Алімпіяды. Магчыма, для кагосьці непрыемная.

«НН»: Самі для сябе як даўно гэта рашэнне прынялі?

АГ: У мяне было практычна 10 месяцаў падумаць аб тым, хачу я працягваць ці заканчваць кар’еру. Кожны дзень было ўзважванне — ці змагу я, ці хачу я, ці атрымаецца.

«НН»: Атрымліваецца, трэба выбіраць — або нараджэнне дзіцяці, або алімпійскае золата?

АГ: Дзіця займае максімальную колькасць часу, любая мама ведае пра гэта, а спорт патрабуе часу не менш. Столькі гадзін на дзень у мяне проста няма. Адпаведна зрабіла выбар на карысць дзіцяці.

«НН»: А калі, дапусцім, рыхтавацца не на гэту Алімпіяду, а 2024 года?

АГ: Вой, не, вы што! Я і так згубіла столькі часу, пакуль цяжарная хадзіла і аднаўлялася пасля, таму гэта вельмі вялікі тэрмін. Я ж не маладзею (усміхаецца). Калі б мне было 20, думаю, так, цалкам можна было б падрыхтавацца і добра яшчэ выступіць.

«НН»: У плаванні ў колькі звычайна кар’еру завяршаюць?

АГ: Напэўна, у нас няма нейкай мяжы, што вось табе 30 гадоў і ты ўсё, ужо заканчваеш. Цяпер вялікая разбежка ва ўзросце плыўцоў. Ёсць 15-16-гадовыя дзяўчаты, які ўжо выйграюць Алімпійскія гульні, чэмпіянаты свету і ставяць сусветныя рэкорды, а таксама ёсць тыя, хто пасля 30 выступае і цалкам паспяхова. Але тых, каму за 30, канечне, менш.

«НН»: Якія планы пасля сыходу з прафесійнага спорту?

АГ: Насамрэч вельмі шмат ідэй, хочацца іх усіх рэалізаваць. Вось адна з іх — гэта мерапрыемства (дабрачынны марафон «24 РАЗАМ». — Nina), і ў далейшым таксама планую нешта падобнае ствараць для людзей, тое, што спадабаецца, прыжывецца. А наогул вельмі класна, калі ёсць куды сыходзіць. У мяне свой клуб плавання, рабяты, якія мяне чакаюць. Ім, канечне, сумна, што я сышла з вялікага спорту, але з іншага боку я больш часу змагу ўдзяляць ім і іх дасягненням.

«НН»: А вы самі вядзеце групу па плаванні?

АГ: Я трэнірую, але не на штодзённай аснове. У мяне няма магчымасці і часу на гэта. Але прыходжу кантраляваць, праводзіць майстар-класы. Я прысутнічаю на ўсіх спаборніцтвах рабят, стараюся максімальна быць побач.

«НН»: Некаторыя спартоўкі пачынаюць модны бізнэс. Дар’я Домрачава адкрыла анлайн-краму адзення, Вольга Барабаншчыкава стала дызайнеркай. Вы не думалі пра гэта? Напрыклад, запусціць сваю лінію спартыўных купальнікаў?

АГ: Не, купальнікі спартыўныя вельмі складана стварыць, усяго толькі дзве-тры фірмы змагаюцца за сусветны рынак. У нас ёсць фірмовыя цішоткі клуба, і мы будзем хутчэй за ўсё пашырацца ў гэтым кірунку. Але гэта будзе для вузкага кола людзей. Клуб у нас як сямейнае кола, аб’ядноўвае тых, хто за здаровы і спартыўны лад жыцця. Аднаведна адзенне будзем ствараць, каб у ім было камфортна і ўтульна.

«НН»: Муж ваш працягвае выступаць. Не зайздросціце?

АГ: Не, вы што. Канечне, часам хочацца таксама выйсці на старт, паказаць вынік. Але я рэальна разумею, што ў той форме, у якой цяпер знаходжуся, да медаля мне пакуль далёка, а проста так выйсці, мне будзе некамфортна.

«НН»: У адным з леташніх інтэрв’ю вы казалі, што не адчуваеце, што ў спіну дыхае маладое пакаленне спартоўцаў. Што зараз: ёсць на каго пакінуць плаванне?

АГ: Ёсць, канечне, якія ўжо набліжаюцца да сусветнага п’едастала і паказваюць вынікі, канкурэнтаздольныя на сусветнай арэне. Гэта здорава, і я спадзяюся, што яны будуць расці далей. На Алімпійскіх гульнях у іх ёсць шанс пазмагацца за медаль. Будзе ці не медаль, загадваць ніхто не будзе. Усё ж такі гэта вельмі вялікая адказнасць і вялікае напружанне. Алімпійскія гульні — непрадказальны старт. Нават калі спартовец добра падрыхтаваны, там можа здарыцца ўсё, што заўгодна.

«НН»: На каго зараз робяць стаўку?

АГ: На тых, хто ва ўсіх на слыху, — Ілля Шымановіч, Насця Шкурдай. Думаю, і наша эстафета будзе змагацца за выхад у фінал. А гэта ўжо вялікі скачок наперад. Я лічу, што чым больш нашых спартоўцаў адбярэцца на Алімпіяду, тым большы поспех каманды. Магчыма, не так шмат лідараў, здольных змагацца за медаль, але ў любым выпадку тыя, хто адбіраецца, гэта ўжо годныя людзі, бо малая частка з тых, хто займаецца спортам, можа трапіць на Алімпійскія гульні.

«НН»: Вы неяк бедавалі, што ў плаванні не так шмат грошай, як у іншых відах спорту. Праблема застаецца?

АГ: Канечне, плаванне не такі камерцыйны від спорту, каб можна было зарабіць на жыццё і спакойна сябе адчуваць. Але якраз у апошнія гады сітуацыя стала змяняцца, з’явіліся новыя камерцыйныя турніры, спонсары, міжнародныя клубы, і цяпер ёсць у рабят магчымасць хоць неяк зарабіць, плюс добры спаборніцкі вопыт атрымаць.

«НН»: А ў нас у краіне дастаткова грошай у гэты спорт укладаецца? Заробкі трэнераў як?

АГ: Тут, мне здаецца, няма такой мяжы, дастаткова ці не. Канечне, басейнаў у нас не хапае. Асабліва ў рэгіёнах, дзе іх у прынцыпе няма. Таму казаць, каб у гэтых рэгіёнах прыходзілі дзеці ў плаванне, цяжка, бо ім няма дзе трэніравацца. Ёсць куды расці.

«НН»: Вам ужо цікавыя прапановы паступалі? Узначаліць федэрацыю плавання, нацыянальную зборную?

АГ: Вой, ну пачакайце, толькі тыдзень прайшоў з таго моманту, як я аб’явіла, што сыходжу. Я якраз з'язджаю адпачываць. Крыху трэба супакоіць гэту буру эмоцый і ўжо потым на халодную галаву вырашаць, як далей будаваць планы.

«НН»: Адпачываць куды едзеце? На мора?

АГ: Так, для мяне сонца, мора — гэта ўсё, што трэба. У гэтым годзе палячу ў Італію.

«НН»: Вы казалі, што ў дэпутаты не пойдзеце.

АГ: Пакуль я не гатовая на такі крок.

«НН»: Проста калі б пайшлі, можна было б будаваць басейны ў рэгіёнах.

АГ: Я згодна, але гэта таксама вялікая адказнасць і шмат часу і сіл зойме. Зноў такі: што значыць «пайшла»? Тут усё залежыць ад таго, наколькі б людзі за мяне галасавалі і далі магчымасць адабрацца. Таму казаць пра тое, што я ўжо дэпутат, няправільна.

«НН»: Дэкрэт у вас наогул быў?

АГ: Не, у дэкрэт я не сыходзіла. Быў толькі бальнічны — два месяцы пасля родаў. Я дома пакрысе пачынала займацца, рабіла практыкаванні агульнаўмацавальныя. Праз два-два з паловай месяцы, калі ўжо было можна, пайшла ў басейн. Трэнер узялася за мяне вельмі актыўна, і пасля першай трэніроўкі я сказала, што больш не прыйду (смяецца). Жартавала, канечне, але вельмі цяжка было першыя некалькі трэніровак. Элементарна ногі пе магла адарваць ад падлогі — прэс не мацавала год.

«НН»: Як хутка ў форму фізічную вярнуліся?

АГ: Літаральна праз месяц. Цела ўспомніла, я ўцягнулася, было добра. Але я разумела, што ў такім рэжыме, як я жыву, цяжка. Начамі не спіш, днём магчымасці адпачыць няма, трэба яшчэ нейкія пытанні вырашыць. Плюс ты не можаш пасля трэніроўкі выдыхнуць — трэба бегчы дадому, бо чакае дзіця. Пастаянна глядзець на гадзіннік, хвалявацца, нервавацца. Занадта шмат лішняй энэргіі траціцца, што не на карысць.

‘НН»: Як вам у статусе мамы? Заўзятары памятаюць, як у сацсетках вы пісалі, што ілюзіі аб цудоўным мацярынстве жорстка разбіліся аб рэальнасць.

АГ: Думаю, многія з такім сутыкаюцца, калі твае чаканне не зусім рэальныя. Плюс адбівалася тое, што я планавала працягваць трэніравацца і разумела, што ў такім рэжыме гэта практычна немагчыма. Я не спала ўночы, ледзь уставала з такімі вачыма, муж пастаянна ў ад’ездзе, табе трэба штосьці прыгатаваць паесці хоць бы для сябе. Карацей, першы час было вельмі складана. Потым крыху ужо ўцягнулася, дзіця падрасло, але ўсё роўна ўвагі патрабуе максімальна.

«НН»: Хто прыглядае за дачкой, калі вы ў раз’ездах?

АГ: Насамрэч усе, хто можа. Я і бабулю, і дзядулю прыцягваю, і сястру, і знаёмых, і хросную. Сяброўкі прыязджаюць дапамагаць.

«НН»: Дачку аддаcце ў плаванне?

АГ: Пра гэта яшчэ рана казаць. Але я вучу яе плаваць, ёй падабаецца. Вада адназначна яе стыхія.

NN.by

Каментары
меркаванне / Ответить 17.08.2019 / 10:35

Вельмі абаяльная прыгажуня.

4
Грамазека / Ответить 17.08.2019 / 12:09

Хоць у дэпутаты не павинны назначаць, але шкада што не пагадзилася, хоць нехта думау бы пра нас

8
Бел. / Ответить 17.08.2019 / 12:58

Заужды прыемная ) адзиная мо з спартовых.. и выбар верны ладзиш-хай шчасьциць! )))

2
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура