Праект партала
Стасункі
01.08.2019 / 12:01
Акцёры Купалаўскага тэатра Хрысціна і Андрэй Дробышы — пра тое, як разышліся, але выхоўваюць дзіця разам17

Як змянілася выхаванне дзяцей за апошнія 30 гадоў? Ці стала бацькам прасцей са з’яўленнем мультыварак, інтэрнэту і гуру псіхалогіі? Якіх памылак стараецца пазбягаць новае пакаленне? «Наша Ніна» папрасіла маладых мам і тат параўнаць цяперашнія падыходы ў выхаванні з тым, як расіцілі іх саміх. Тры сям’і — тры розныя гісторыі.

Сённяшняе інтэрв'ю — з акцёрамі Купалаўскага тэатра Хрысцінай і Андрэем Дробышамі. Іх сыну Глебу тры гады. Гутарым пра ролю таты, мам-істэрычак, «зручных» дзяцей і выхаванне ва ўмовах, калі бацькі больш не жывуць разам.

«У 99% сем’яў дрэнны паліцэйскі — маці». Стваральнік Symbal.by Павел Белавус з жонкай — пра сучасных бацькоў

«У Беларусі не любяць дзяцей». Дырэктар «Кінаконга» Андрэй Кім і жонка Надзея — пра выхаванне сына

Пра сваё дзяцінства, патрыярхат і дысцыпліну

Хрысціна: Канечне, правілы ў сям'і тады вельмі адрозніваліся. Мы былі вельмі самастойнымі. Бацькі шмат працавалі. Мама адпраўляла мяне адну ў дзіцячы садок, махала з акенца, а забіраў ужо брат, старэйшы на 5 гадоў.

Андрэй: У нашай сям’і быў патрыярхат. Абсалютны лідар — бацька, і ўсё, што ён кажа, павінна выконвацца безумоўна. Мы раслі ў строгасці (хоць і адчувалі, што нас моцна любяць). Калі недзе правініўся, то атрымліваў рамяня. У мяне бацька — вайсковы траўматолаг, а гэта дысцыпліна, абавязковы распарадак дня: пад’ём, зарадка, водныя працэдуры, сняданак. А яшчэ ў яго ўсё мусіла быць чыста, педантычна, дакладна.

Хрысціна: Затое ў цябе быў бонус.

Андрэй: Бацьку ў 1989-м адправілі служыць у Германію. Калі тут перабудова пачалася і людзі самі варылі джынсы і жавалі жуйку адну на траіх, то мы жылі ў шакаладзе: снікерсы, відзікі, плэеры. Мы заўсёды маглі сабе ўсё без праблем дазволіць.

Але ў мяне склалася ўражанне, што мы, дзеці, былі больш як прыдатак да агульнай паспяховай карціны жыцця для асяроддзя: (пастаўленым голасам) «Вось мая сям’я, гэта маё дзіця, паглядзі. Андрэй, скажы: кім ты хочаш стаць, калі вырасцеш?» І ты павінен завучаныя словы, думкі бацькоў выдаваць за свае.

«НН»: Бацькі ціснулі на вас пры выбары прафесіі, пары?

Хрысціна: Не. Хаця быў час, калі мама марыла, каб я займалася ў мастацкай школе, паступіла ў каледж імя Глебава, стала дызайнеркай. На той момант я яшчэ сама не вырашыла, чаго мне хочацца, і толькі перад самым паступленнем у каледж зразумела, што гэтага не хачу дакладна. Мама, канечне, з лёгкім болем, бо была затрачана частка сілаў, але прыняла маё рашэнне. У астатнім мне проста не перашкаджалі. Хочаш у актрысы? Ну і халера з табой, ідзі.

Андрэй: Канечне, ціск быў. Павінна была быць ідэальная карціна ва ўсім — ад адзнак у школе да астатніх знешніх атрыбутаў. Ты мусіў быць ва ўсім найлепшым. І калі ты атрымліваеш чацвёрку, значыць, ты недзе недапрацаваў — атрымліваеш рамяня і ідзеш працуеш.

Хрысціна: Такое адчуванне, што ў цябе там проста канцлагер быў (смяецца).

Андрэй: Бацька вельмі хацеў, каб я пайшоў па яго слядах. Стаў або стаматолагам, або траўматолагам. Але абавязкова доктарам, без пытанняў. Але з часам бацька стаў разумець, што мяне не вельмі цягне ў медыцыну. У нас дома было шмат кніг па медыцыне, я з дзяцінства глядзеў гэтыя карцінкі, і мне было вельмі непрыемна тое, што я там бачыў. І я гэта агучыў бацьку. Ён прыняў гэта з часам, але не пакідаў надзеі павярнуць мяне ў бок медыцыны.

Мяне пастаянна з некім зводзілі, кагосьці сваталі. І таму, калі я вырваўся ад бацькоў у Мінск, у акадэмію, тут ужо пачаў сваё жыццё.

Пра свабоду выбару, самастойнасць і ролю мужчыны ў сям’і

Хрысціна: З бацькоўскай сям’і я пераняла пэўную свабоду. Свае памылкі, свае шышкі, але гэта вельмі карысна.

Андрэй: Галоўнае ў выхаванні сына — забяспечыць яго максімальным клопатам і любоўю. Гэта не значыць, што мы яму ў дупу дзьмухаем. Я лічу, што наша задача — прывучаць яго да самастойнасці з ранняга дзяцінства. Ён сам павінен умець выбіраць і несці адказнасць за свой выбар.

Хрысціна: Ну вось, ён смецце ходзіць збірае [падчас гутаркі Глеб падбірае паперкі на двары і выкідае ў сметніцу. — «НН»].

Для мяне яшчэ галоўны прынцып — што б ён ні рабіў, нават калі ён не мае рацыю, не такі, як усе, ён павінен адчуваць, што мы побач. Ніякага фізічнага пакарання, ніякіх параўнанняў з іншымі дзецьмі.

«НН»: Некаторыя мамы цалкам аддаюць сябе дзіцяці, падпарадкоўваюць свой графік яму. Вы выйшлі на працу праз пару месяцаў пасля родаў. Для вас гэта поўнае пагружэнне не блізка?

Хрысціна: Пасядзеўшы ў дэкрэце абавязковыя два месяцы, пакуль я проста фізічна не магла працаваць, я зразумела, што не, гэта не маё. Цяжкавата псіхалагічна. Праца мне дапамагала адчуць, што жыццё не скончылася. Я сына вельмі люблю, але хочацца яшчэ разумець, што ты сам у сябе ёсць. Толькі ў шчаслівых бацькоў можа вырасці шчаслівае дзіця.

«НН»: Яшчэ адна тэндэнцыя — што бацька ў сям’і не толькі здабытчык, ён нароўні ўдзельнічае ў выхаванні. Як у вас?

Хрысціна: Мы ад пачатку разумелі, што калі абое бралі ўдзел у стварэнні дзіцяці, то і абое павінны браць удзел у выхаванні.

Андрэй: Гэта неяк ненапружана атрымалася. Ты не можаш інакш: гэта ж тваё дзіця, якое ты любіш, ты сам хочаш праводзіць з ім як мага больш часу. Таму не было так: «Усё, дарагая, мой час скончыўся, пакуль, цяпер сама».

Хрысціна: Для хлопчыка тата як галоўны аўтарытэт і першы чалавек, на якога ён будзе раўняцца. І для дзяўчынкі выхаванне бацькі важна таксама, бо потым яна можа адчуваць пэўныя праблемы ў асабістым жыцці, у адносінах з супрацьлеглым полам.

Пра кнігі па выхаванні, парады псіхолагаў і размову пра сэкс

Хрысціна: Першая мая кніга была «На баку дзіцяці» французскага псіхолага Франсуазы Дальто. А з апошняга — доктар Курпатаў, расійскі псіхатэрапеўт. Ён простымі словамі расказвае, што адбываецца з твам дзіцём.

Андрэй: А я глядзеў доктара Камароўскага. Першыя год-два асабіста мне ён вельмі дапамагаў. Заспакойваў як бацьку, што тыя ці іншыя працэсы ў здароўі сына нармальныя.

Хрысціна: О не, усе гэтыя раскручаныя дзядзькі — не мой фармат.

Самае галоўнае, што я для сябе засвоіла: тое, што тваё дзіця — гэта не твая маёмасць. Яно не павінна быць зручным. Гэта чалавек такі ж, як і ты. Проста ён пакуль што менш ведае і менш разумее, і твая задача — яму ўсё патлумачыць.

Таму мы ставімся да Глеба як да дарослага. Мы з ім раімся, напрыклад, калі ідзём у краму. І прыйшлі да таго, што калі пытаем, што ён хоча салодкага, то ён часам ужо кажа: нічога.

«НН»: Як вытрымаць баланс паміж свабодай і распешчанасцю?

Хрысціна: А вось тут я не ведаю.

Андрэй: Калі сын пачынае капрызіць, стараемся выслухаць яго, даведацца, у чым прычына. Любая істэрыка — гэта спроба нешта сказаць. У той жа час трэба не ісці на павадку. Спакойна тлумачым: цяпер мы не можам зрабіць тое, што ты просіш, але пазней пастараемся.

Ні ў якім разе нельга вырашаць пытанне сілай. Каб дзіця не думала, што прымяняць сілу — нармальна.

Хрысціна: Я не выкарыстоўваю спосаб «не размаўляць». Бо дзіця часам псіхуе якраз ад бездапаможнасці. Дакладна не для таго, каб падарваць вам нервы. Я даю сыну магчымасць пракрычацца і супакоіцца. Трэба абняць і растлумачыць, што істэрыка не працуе. Калі не ўдаецца, то ён адпраўляецца ў свой пакой. Навучыцца пабыць з самім сабой — вельмі патрэбная штука.

«НН»: У колькі гадоў трэба пачынаць з дзіцём сур’ёзныя размовы — пра шкоду наркотыкаў, бяспечны сэкс?

Хрысціна: Усё так змяняецца хутка, што я баюся толькі аднаго — што я пачну размову, а ён ужо пагаварыў пра гэта з кімсьці. І добра, калі проста пагаварыў. Мне здаецца, выхаванне дзіцяці — гэта такі працэс, дзе няма агульных правілаў, усё вельмі індывідуальна.

Мне важна да падлеткавага ўзросту наладзіць нейкі кантакт. Я ведаю, што ён не будзе маім сябрам — сябры гэта іншае, — але я буду спрабаваць выбудаваць даверлівыя адносіны. Каб ён у цяжкі момант прыйшоў і спытаў: «Мама, вось такая вось херня. Падкажы».

Раней бацькі не ўздымалі гэту тэму. Мне брат са стрыечнай сястрой падкінулі кніжку: памятаю, мне было 8 гадоў і я, седзячы пад сталом, яе чытала. Гэта, канечне, ранавата.

Але які ўзрост адпаведны, не ведаю. У некага ў 12—13 гадоў наступае момант сэксуальнага выспявання, а ў кагосьці бліжэй да 20.

«НН»: Якія выклікі перад сучаснымі бацькамі ўзнікаюць?

Андрэй: Я лічу, што інтэрнэт. Вось сын, пачынаючы са школы, залезе ў сеціва і будзе глядзець усё: і добрае, і дрэннае, і праўду, і няпраўду.

Пакуль планшэтаў і тэлефонаў у яго жыцці няма.

Пра татаў і мам, якімі не хочацца быць

Хрысціна: Мяне пужаюць мамы-істэрычкі. Такія (павышаным голасам): «Прыйшоў, сеў, сандалі зняў, не раві!» І дзіця не паспявае нават уцяміць, што такое.

На Кастрычніцкай часта назіраеш жанчын. Заходзяць у кафэ, адзін лук на дваіх, «глядзіце, гэта мая дачка». Дзіця становіцца аксэсуарам. Калі б яна купіла торбачку Gucci, то таксама было б добра, але сёння дзіця. Гэта проста кашмар — мне шкада малых.

Мы часта ходзім на кастынгі, і бывае, што сутыкаешся з дзецьмі-акцёрамі. Іх бацькі — самыя, здаецца, лютыя. Я такіх толькі ў чарзе ў дзіцячай паліклініцы сустракала. А дзеці як дрэсіраваныя жывёлінкі. Яны ўмеюць правільна стаяць, правільна ўсміхацца, гаварыць завучаны тэкст. Гэта жахліва.

Андрэй: Ці, ведаеце, такія таткі: «Ну чо, здарова. Мужы-ы-ык. Пельмені, футбол, дзевачкі-дзевачкі, падабаецца?» Вось кім бы не хацелася быць.

А яшчэ ж ёсць такія бацькі, якія занадта перастрахоўвацца: «Не ідзі туды, куды ты палез, ты ж упадзеш!» Не трэба абмяжоўваць дзіця ў спазнанні свету. Да ўсяго, што не пагражае яго жыццю, сын мае доступ.

Хрысціна: Я, напрыклад, вельмі любіла гуляцца з запалкамі ў дзяцінстве.

Што зрабіў мой бацька? Ён проста даў мне запаленую запалку і сказаў: трымай, колькі хочаш. І я трымала, пакуль яна не апякла мне пальцы. Затое я зразумела на ўсё жыццё, што гэта не цацка. Праўда, дагэтуль газавых пліт баюся, але гэта няхай (смяецца).

Глеб, калі быў зусім маленькім, захацеў пакаштаваць пясок. Ну мы дазволілі: раней ці пазней ён гэта зробіць. Набраў лапатку. Кажу: «Смачна?» — «Не». З тых часоў і не есць. Кулічыкі толькі робіць.

«НН»: Ад некаторых бацькоў можна пачуць, што дзіця цяпер — гэта неймаверны цяжар. 

Андрэй: Ну так. Раней дзеці былі самі па сабе, а цяпер мы займаемся імі ўвесь час.

Хрысціна: А мне здаецца, цяжка параўноўваць, бо розныя часы і рознае стаўленне да выхавання. Я ўпэўнена, што нашы бабулі ці дзядулі, калі б убачылі, як мы займаемся Глебам, пакруцілі б пальцам ля скроні. У іх проста не было столькі часу.

Тут такая штука (пра яе таксама пісала Франсуаза Дальто): мы толькі цяпер пачынаем вучыцца, што такое адносіны са сваім дзіцём. Цяпер, калі ў нас ёсць умовы для таго, каб дзіця ела, спала, у яго быў свой пакой, ужо можна засяродзіцца на тым, як з ім размаўляць.

У нашай сям’і, напрыклад, проста было не прынята казаць, што мы любім адзін аднаго.

Андрэй: А ў нас, наадварот, рабілі гэта вельмі часта. У мяне ў сям’і дагэтуль трэба патэлефанаваць бацькам, сказаць, што я іх люблю.

Хрысціна: Вось таму вы жылі ў Германіі, а мы тут (усміхаецца). У мяне такая патрэба — каб мама сказала, што мяне любіць, — з’явілася толькі пасля 20 гадоў. А сыну мы 20 разоў на тыдзень гаворым, што любім яго, лепш лішні раз паўтару, але хачу, каб ён гэта ведаў.

Мне здаецца, што тую любоў, якую дзіця своечасова не атрымае ад бацькоў, яно не атрымае больш нідзе і ніколі, і гэтая патрэба будзе існаваць і адчувацца.

Пра сітуацыі, калі бацькі больш не могуць заставацца разам

Хрысціна: Мы цяпер, па пэўных абставінах, жывем асобна, але выхоўваем дзіця разам. І гэта адно з галоўных адрозненняў нашага пакалення. Мае бацькі, напрыклад, так і не разышліся, хоць хацелі. Бо так было прасцей: і з фінансавага боку, і з маральнага. Усе лічылі, што так лепей для дзяцей — бацькі пакутуюць, затое ўсе разам.

Думаю, дзесьці па досведзе маіх бацькоў было прынята рашэнне, што лепш мы будзем любіць сына, але не ствараць яму пакуты, каб ён не жыў у гэтай атмасферы. Мне здаецца, дзіця заўсёды адчувае такія моманты.

Андрэй: Калі вельмі напружаныя адносіны ў бацькоў, але яны вымушаны жыць разам, гэта яшчэ больш абвастрае сітуацыю.

Хрысціна: Як быццам ты ствараеш карцінку: глядзі, сынку, як у нас усё добра. А на падтэкстах ужо нерв аголены. Дзеці адчуваюць больш, чым бачаць.

Мы раз на тыдзень, на два сустракаемся ўсе разам, кудысьці ходзім.

Андрэй: Я часта забіраю Глеба да сябе. Робім так, каб ён разумеў, што у яго ёсць і тата, і мама, і абое яго любяць.

Наталля Лубнеўская, фота Волі Афіцэравай

Каментары
Віктар / Адказаць 01.08.2019 / 13:03

А як яны тлумачаць малому што з мамкай другі дзяцька спіць?Ці гэта пакуль не бывае і яны думаюць зноў зыйсціся?А можа гэта не надта і важна ў такім ўзросце?

19
Генэрал Голад / Адказаць 01.08.2019 / 13:36

Нейкая пустэча. "Мы, мы, мы... " Ды няма ніякіх МЫ. Ёсьць толькі Я. І вось які Я, такім і бачыць мяне мае дзеці. Асуджаюць іньшых, даюць парады, робяць заўвагі... А хто яны такія, каб нешта радзіць? Што яны бачылі, акрамя Менску? У Менску нарадзіліся, там жа вучыліся, там жа і працуюць. Жыцьцё вывучаюць па кніжках і па тэлевізару.

8
КРЕМЕНЬ / Адказаць 01.08.2019 / 13:48

У них и в интервью один сплошной театр. Выхователи - семью развалили.

11
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура