Праект партала
Стасункі
20.07.2019 / 09:59
«У 99% сем’яў дрэнны паліцэйскі — маці». Стваральнік Symbal.by Павел Белавус з жонкай — пра сучасных бацькоў11

Як змянілася выхаванне дзяцей за апошнія 30 гадоў? Ці стала бацькам прасцей са з’яўленнем мультыварак, інтэрнэту і гуру псіхалогіі? Якіх памылак стараецца пазбягаць новае пакаленне? «Наша Ніна» папрасіла маладых мам і тат параўнаць цяперашнія падыходы ў выхаванні з тым, як расіцілі іх саміх. Тры сям’і — тры розныя гісторыі.

Сёння гутарым са стваральнікам Арт-сядзібы і крамы Symbal.by Паўлам Белавусам і яго жонка Кацярынай. У пары двое дзяцей — Соня (2 гады) і Мірон (2 месяцы).

«У Беларусі не любяць дзяцей». Дырэктар «Кінаконга» Андрэй Кім і жонка Надзея — пра выхаванне сына

«Удзячны бацькам, што яны ніколі мне не казалі, як жыць»

«Наша Ніна»: Якім было вашае дзяцінства?

Павел: Я нарадзіўся і скончыў школу ў Лідзе. Жыў у самай простай сям’і: мама працавала на заводзе, тата быў будаўніком. Да сёмага класа мы ўчацвярых — я, сястра і бацькі — жылі ў інтэрнаце, у пакоі, які ў чатыры разы меншы за гэты (мы сядзім у прасторнай гасцёўні вясковага дома, куды Белавусы пераехалі год таму. — NN). Маё дзяцінства — гэта калідоры інтэрната, двары, турнікі.

Паколькі бацькі ўвесь час працавалі, я быў аддадзены сам сабе. Мяне асабліва не вадзілі па секцыях. Адзіны гурток, на які я праходзіў больш за год, — народныя танцы.

Калі я збіраўся паступаць ва ўніверсітэт, бацькі казалі: што хочаш, тое рабі. Я спачатку спрабаваў у Мінск, але, каб прайсці на геафак БДУ, не хапіла аднаго бала, і я вырашыў паехаць вучыцца ў Берасце, каб год не губляць. Я ўдзячны бацькам, што яны ніколі мне не казалі, як жыць.

Кацярына: Усе ўспаміны з дзяцінства: мама на працы, тата на працы, а ўвечары на агародзе. Гэта мы, сучасныя бацькі, чытаем шмат літаратуры па псіхалогіі, сядзім на форумах, нейкіх рэжымаў стараемся прытрымлівацца — тады такога не было: як ёсць, так ёсць. Здаровае дзіця, не галоднае — і добра.

Мы з братам былі самі сабе аддадзены. Самі хадзілі ў школу, на гурткі — я займалася лёгкай атлетыкай. Мама ніколі не правярала, ці зрабілі мы ўрокі. Але вучылася я добра. І калі ўвечары ішла гуляць, мама не распытвала асабліва, з кім, куды: у нас быў давер у стасунках. 

Я шмат часу са старэйшым братам праводзіла. Матацыклы, рыбалка… Заўсёды з хлопцамі ганяла.

Павел: Памятаю, самы фан быў летам збіраць бутэлькі. Бо гэта халяўныя грошы! Мы ведалі па раёне ўсе пункты, дзе п'янтосы збіраюцца, здавалі бутэлькі і пасля куплялі на іх жуйкі, налепкі. Такі квэст.

А другі фан — знаходзілі за горадам грушы-яблыні, трэслі і прадавалі каля крамы. Камерцыяй ужо з дзяцінства займаўся (усміхаецца).

Яшчэ адзін з найлепшых момантаў дзяцінства — летнія лагеры. Кожны год я ездзіў на адну або дзве змены. І для мяне гэта было шчасце: новыя знаёмствы, сябры… Дзякуючы лагерам я даведаўся, што ёсць беларускамоўныя музычныя гурты, той жа N.R.M.

«НН»: За што атрымлівалі пахвалу, што магло парадаваць бацькоў?

Павел: Ведаю, што бацькі заўжды ганарыліся маімі поспехам на розных алімпіядах і конкурсах. У мамы да гэтага часу ляжыць у сямейным фотаальбоме выразка з лідскай газеты, дзе пра мяне напісалі як пра аднаго з пераможцаў конкурсу «Вучань года».

Кацярына: А мяне маці не хацела пускаць на спаборніцтвы, казала, будзе хвалявацца, што я далёка. На рэспубліку толькі адзін раз дазволіла з’ездзіць — на настольны тэніс. Не помню, каб за перамогу на спаборніцтвах мне абяцалі штосьці ў падарунак. 

«Дачка не ведае слова «нельга»

«НН»: Якія прынцыпы перанялі з бацькоўскай сям’і ў сваю?

Кацярына: Свабода выбару. Дзіця павінна з маленства само прымаць рашэнні — напрыклад, што яно хоча апрануць сёння. У параднай майцы есці суп? Калі ласка.

Дачка не ведае слова «нельга». Калі нехто збоку так кажа, яна не разумее, адразу пачынае плакаць.

Павел: Ясна, што, калі Соня захоча маркерам усе сцены размаляваць, мы не будзем даваць ёй гэта рабіць. Зоймем проста нейкай іншай справай. Соня, напрыклад, не ведае, што такое «даць па дупе». Каця ходзіць у Ракаў на дзіцячыя заняткі, і там слова «дупа» ў малых адразу выклікае страх. І гэта жах!

Кацярына: Калі я пачынаю злавацца на дачку, лічу да 30. Канечне, яна расце, паказвае сваё «я», робіць тое, што сама хоча. Але дамовіцца можна.

Павел: Наша пазіцыя, што з дзіцём ужо з такога ўзросту трэба наладжваць дыялог.

«НН»: Дарэчы, пра цэнтры развіцця. Наколькі іх паслугамі трэба карыстацца бацькам? 

Кацярына: Мы з Соняй пайшлі на заняткі, калі ёй было 10 месяцаў. Але гэта хутчэй было патрэбна мне — каб разнастаіць свой час. Бо я сядзела дома, у вёсцы, дзе амаль няма людзей. Як я люблю казаць: крычыш у поле «агу», і нават рэха няма.

Можна надрэсіраваць дзіця так, што да двух гадоў яно будзе ведаць усе колеры, лічбы і літары. Але, напрыклад, у тры гады ўсе гэта будуць ведаць.

У дзіцяці павінна быць дзяцінства. Заняткі патрэбны, але ў меру. Бо ёсць такія бацькі, якія пачынаюць спаборніцтвы: маўляў, мой малы ўжо ўмее і тое, і тое. Але гэта не значыць, што і ваш павінен.

«НН»: Звычайна адзін з бацькоў больш строгі, а другі — больш мяккі. Хто ў вас «злы паліцэйскі»?

Кацярына: У 99% сем’яў «дрэнны паліцэйскі» — маці. Бо таты менш уключаюцца ў працэс выхавання. Таты больш лаяльныя. Я, напрыклад, лічу, што чым менш Соня есць салодкага, тым лепш. Бо цукар і так паўсюль — нават у дзіцячых кашах. А бацька ўжо прывозіць кіндары.

У нас цяпер так. Калі нешта дачцэ забараняем, Паша кажа: «Соня, мама гаворыць, што нельга, яна будзе лаяцца». Закладае, што гэта я буду незадаволена (смяецца).

Павел: Паколькі я працаголік і з раніцы да ночы заняты праектамі, маё выхаванне — песты. З-за гэтага ў нас бываюць скандалы. Бо Соня мяне ведае толькі як пазітыўнага чувака, які з ёй сваволіць, і не бачыць сур’ёзным.

«Калі хлопец паваліўся, ён не павінен плакаць, бо ў жыцці і не такое будзе»

«НН»: Зараз кажуць, што дзяўчынак і хлопчыкаў трэба выхоўваць аднолькава. Няма рамак, хто якім мусіць быць — якасці «смеласць» ці «ранімасць» не залежаць ад гендара.

Кацярына: Я лічу, рамкі ўсё ж ёсць. Так, жанчыны бываюць моцнымі, мужнымі, не хочуць, каб мужчыны адчынялі ім дзверы. Але прыродай закладзена іншае. Я чытала, што ў Нарвегіі ці Фінляндыі ёсць садкі, дзе дзяцей не раздзяляюць гендарна — проста чалавек. І калі яны вырастаюць, самі вырашаюць, да каго сябе адносіць.

Павел: Для нас гэта ўсё ж не блізка.

Кацярына: Хлопцы павінны быць больш мужнымі, а дзяўчынкі пяшчотнымі… Выхаванне мусіць быць розным. Калі хлопец паваліўся, ён не павінен плакаць, бо ў жыцці яшчэ і не такое будзе.

«НН»: Уявіце падлеткавы ўзрост. Як будзеце весці размовы з дзецьмі на сур’ёзныя тэмы: палавое выхаванне, алкаголь?

Павел: Пытанне ў тым, што з сённяшнімі сацыяльнымі медыя яны ўсё ведаюць ужо ў першым класе.

Кацярына: Але мы павінны з імі пра гэта гаварыць. Канечне, мне хацелася б, каб у нас з дачкой былі адносіны даверу, каб яна дзялілася сваімі праблемамі.

Павел: Ну ў якім узросце ты будзеш класці ёй у ранец прэзерватыў?

Кацярына: Буду па ёй бачыць. Калі хлапцы ўжо будуць назвоньваць і на спатканні клікаць (усміхаецца). Але не ў шостым класе, канечне.

«НН»: Наконт сацыяльных сетак і інтэрнэту. Як рэгуляваць гэтае пытанне? З якога ўзросту, напрыклад, дазволіце дачцэ свой акаўнт завесці?

Кацярына: Складанае пытанне… Трэба неяк адсочваць, што дзіця глядзіць у інтэрнэце, але гэта вельмі цяжка.

Павел: Гаджэты паўсюль. Мы самі пастаянна ў тэлефонах, і калі ты будзеш казаць дзіцяці «нельга», то незразумела, чаму табе можна. Але мы заўважылі, што калі дачка можа ўзяць тэлефон у любы час, то ён ёй хутка надакучвае. А забаранялі б — тэлефон быў бы для Соні галоўнай мэтай.

Кацярына: Ведаю бацькоў, якія абмяжоўваюць мульцікі. Адна з нашых бабуль вельмі супраць. Але ў нас такога правіла няма. Са з’яўленнем другога дзіцяці Соня глядзіць мульцікі ледзь не палову свайго вольнага часу, бо я фізічна не магу разарвацца.

«НН»: Не цісне, што ўсе чакаюць ідэальнай карцінкі сям’і?

Кацярына: Канечне, цісне. Калі мамачкі пачынаюць расказваць, што іх дзеці ўжо і чаравікі самі здымаюць, і лыжку трымаюць, а ў цябе яшчэ не, думаеш: мабыць, ты робіш нешта не так. І пачынаеш капацца ў сабе.

Мая бабуля — інвалід па зроку. У яе было двое дзяцей, і яна вырасціла іх адна, без мужа. Тады не было дэкрэту. Бабуля ішла на работу, у абед прыходзіла карміла дзяцей і бегла далей працаваць. А ў нас і мікрахвалёўкі, і мультываркі, і пральныя машыны, і робаты-пыласосы, а мы ўсё хочам, каб нам нехта дапамагаў. Чаму бацькам цяжка? Напэўна, час такі, не ведаю.

«Хачу, каб тое класнае, што ёсць беларускае, дачка ўбачыла не пад прымусам»

«НН»: Як прывіць дзецям любоў да радзімы, патрыятычныя пачуцці і ці справа гэта бацькоў?

Павел: Соні два гады, і я ўжо мару, як будзем з ёй разам хадзіць на фэсты. Нават у гэтым узросце мы з ёй былі на канцэртах — на «Дзецюках», напрыклад. Мне хочацца даць дачцэ тое, чаго ў мяне не было. Я не памятаю, каб мы з бацькамі ездзілі на нейкія фестывалі. Выхаванне ў тым ліку я бачу праз тое, каб паказваць культурнае жыццё.

Кацярына: Фундамент закладае сям’я. Не трэба прывіваць любоў да радзімы: калі яна ў вас ёсць, дзецям гэта перадасца. Гэта не нешта новае, чаму вы павінны навучыць.

Павел: У нас патрыятычнае выхаванне адбываецца натуральна. Калі я набываю дачцэ казкі, то на беларускай мове — усё не магу дачакацца, калі ёй будзе цікава іх слухаць. Ясна, што я буду даваць ёй беларускамоўны кантэнт, бо рускамоўнага хапае навокал. Той жа ютуб, сацыяльныя сеткі будуць прапаноўваць у першую чаргу рускамоўнае, бо яно больш рэйтынгавае.

Можа, некаторыя ўспрымуць гэта няправільна, але я не падтрымліваю тых бацькоў, якія настойваюць, каб у хаце не гучала ніводнага рускага слова, каб дзіця абавязкова пайшло ў беларускамоўны садок. У нас у вёсцы, напрыклад, выбару няма — усяго адна школа і садок.

Я хачу, каб тое класнае, што ёсць беларускага, — кнігі, мульцікі, музычныя гурты, — дачка ўбачыла не пад прымусам, а палюбіла, як гэта было ў мяне.

Наталля Лубнеўская, фота Волі Афіцэравай

Каментары
Святлана / Адказаць 20.07.2019 / 10:37

Файныя. Шчасця ўсёй сямейцы!

13
Малады / Адказаць 20.07.2019 / 12:04

Малайцы. Слава Богу, што бяз гендэраў. Жыве Белавусь! ))

26
Walkman / Адказаць 20.07.2019 / 12:27

Няхай шчасцiць.

10
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура