Праект партала
Густ
24.06.2019 / 08:57
Беларускі касцюм і авангард. Паглядзіце, якія калекцыі пашылі выпускніцы Акадэміі мастацтваў ФОТЫ7

Адзенне для смелых дзяўчат, якія не баяцца выглядаць ярка, — так апісваюць свае калекцыі выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. На кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма прайшла абарона дыпломных праектаў, у якіх будучыя дызайнеркі прадставілі свой погляд на моду і традыцыйны строй. Сярод сёлетніх выпускніц, дарэчы, была і дачка дызайнера Івана Айплатава.

Паглядзіце, якім можа быць айчынны легпрам.

Настасся Хлус:

— За аснову калекцыі я хацела ўзяць нейкае племя, бо гэта зусім іншы свет, каларыт — і гэта максімальна цікава для вывучэння. Спынілася на інданэзійскім племі ментаваі з іх мінімалістычнымі нацельнымі малюнкамі. Потым вырашыла дадаць тэму космаса і аўтагоншчыкаў.

Настасся Хлус і яе калекцыя «Некранутыя».

Мне здаецца, у модзе зараз няма ніякіх рамак.

У мяне мама працавала на швейнай вытворчасці. І калі ў 9-м класе надышоў час вырашаць, куды паступаць, я дакладна ведала, што гэта будзе не гісторыя і не матэматыка, а нешта творчае. Глянула спецыяльнасці: о, дызайн адзення, клас, іду!

Па размеркаванні мяне ўзялі на «Контэ» дызайнерам плоскавязальнага аддзялення — буду распрацоўваць мадэлі кофтачак, сукенак. Дыпломная калекцыя ў мяне авангардная, а там давядзецца рабіць нешта паспакайней, для мас-маркета. Я задаволена месцам размеркавання — для пачатку цалкам нармальна.

Калекцыя Аляксандры Логвінай «Байк Страйк». За аснову ўзятыя касцюм XVI стагоддзя і мотаэкіпіроўка.

Кацярына Лявай:

— Мяне натхняе беларускі касцюм. На працягу 5 гадоў, што вучылася, я пакрысе вывучала гэту тэму. За аснову калекцыі брала намітку — нацыянальны галаўны ўбор. Тое, як яна павязваецца на галаву — закручваецца, выварочваецца, — вельмі цікава. Я вырашыла сумясціць пляценне з сучаснымі моднымі тэндэнцыямі.

Кацярына Лявай прэзентавала калекцыю «Згубленыя ў павуцінні».

Колькі сябе памятаю, заўсёды любіла маляваць. А ў школьныя гады зразумела, што хачу быць дызайнеркай, ствараць тое, што будуць насіць, што будзе папулярна ў звычайнага народа — не высокую моду, якая толькі для подыума.

Працаваць буду на «Скарбніцы». Гэта прадпрыемства адшывае нацыянальныя касцюмы для хора, вырабляе абрусы, выпускае лінейку сучаснага ільнянога адзення з вышыўкай, якое можна насіць у паўсядзённым жыцці.

Юлія Айплатава:

— Я адштурхоўвалася ад азіяцкай культуры — яна прасочваецца ў рукавах кімано, сілуэтных асаблівасцях, паясах. Другі складнік калекцыі — гангстэрскі стыль 1920-х, нуар-эпоха. У вобразах хацела паказаць пяшчоту, жаноцкасць і дзёрзкасць. Я падумала, што цяпер ідзе фарміраванне нейкай субкультуры, якая бярэ за аснову азіяцкія каштоўнасці. Бо прасочваецца, што ў модзе, мастацтве, эканоміцы Азія займае лідзіруючыя пазіцыі.

Юлія Айплатава і калекцыя «Трыяда: цень лотасу».

Ці строгі крытык тата? Я часам, шчыра кажучы, не магу зразумець яго рэакцыю. Мне хочацца, каб, калі я нешта крутое прыдумала, ён усклікнуў: о, класна! А ён: так, добра. Потым мама расказвае, што ён мяне пахваліў. Канечне, гэта вельмі дапамагае, калі побач ёсць такі дасведчаны чалавек.

З першага курса я працую разам з татам у яго студыі. Мне больш камфортна будзе яшчэ набрацца ў яго вопыту, бо я адчуваю, што ёсць, чаму вучыцца. Магчыма, некалі атрымаецца зрабіць штосьці сваё. З іншага боку, навошта ствараць новы брэнд, калі я магу працаваць у тым, што ўжо склаўся, і рабіць яго лепш, дадаваць свой характар.

На трэцім курсе я шмат працавала са славянскім касцюмам. Таму ў будучым я за тое, каб развіваць гэту тэматыку, натхняцца беларускімі традыцыямі. У славянскім касцюме мне вельмі падабаецца сілуэт. Цяпер актуальныя даўгія рукавы, якія закрываюць кісці, — у нашым строі такога вельмі шмат. Беларускія галаўныя ўборы цікавыя. Поле дзейнасці вялікае — у нас, я б сказала, яшчэ мала працуюць з беларускім касцюмам.

Кацярына Матыгіна:

— Першай крыніцай нахнення была скульптура іспанскага творцы Марціна-Кансуэгры. Другой — ідэя стварыць хадзячую выстаўку. Я выбрала вядомыя карціны з розных эпох — ад Адраджэння да постмадэрнізму.

Кацярына Матыгіна з калекцыяй «Дотык».

Калі казаць пра дызайн наогул, мне падабаецца ідэя даваць другое жыццё рэчам з сэканд-хэнду. Гэта танна, і можна зрабіць нешта крутое.

Калі гляджу на тое, як апрануты дзяўчаты на вуліцах, мне не падабаецца гэты стадны інстынкт. Нешта ўвайшло ў моду — і пайшло: ва ўсіх аднолькавыя сумкі, красоўкі… Хоць нешта, але павінна быць сваё. Людзі, напэўна, баяцца вылучыцца з натоўпу. Не трэба гэта рабіць блакітнымі валасамі — можна апрануцца з густам, стылёва, але не пад капірку.

Куды іду працаваць? Я пакуль не ведаю. Наўрад ці па прафесіі. Мне падабаецца модная індустрыя, але я больш мастак, чым канструктар.

Калекцыя Наталлі Раманенка «Мульці-клан».

Калекцыя Хрысціны Алейнікавай «Пасвячэнне».

Дзіяна Старых:

— Мяне нахтніў мастак Осіп Цадкін — выхадзец з Беларусі. Пра яго я даведалася ад сваёй выкладчыцы, і мне захацелася расказаць аб гэтым чалавеку. У яго вельмі незвычайныя працы. Мне спадабалася каляровая гама яго карцін, пластыка фігур, і я імкнулася ўвасобіць гэта ў калекцыі.

Дзіяна Старых стварыла калекцыю «8 мадэляў».

Сённяшняя мода вельмі разнастайная. Якія тэндэнцыі актуальныя? Цяпер усе дызайнеры захапіліся тэмай 1980-1990-х — робяць пінжакі з шырокімі плячыма, доўгія рукавы. У модзе таксама асіметрыя і неонавыя колеры.

Я думала над тым, каб развіваць нацыянальную тэматыку. Мне падабаюцца беларускія казкі, ілюстрацыі з дзіцячых кніжак. У нас ёсць свае міфалагічныя героі, і, мне здаецца, гэта цікавая тэма для дызайнераў.

Зараз я працую мастаком-дэкаратарам. Але ў далейшым хацела б уладкавацца па спецыяльнасці. Сваю калекцыю спадзяюся паказаць на Млыне моды, Belarus Fashion Week.

Наталля Лубнеўская, фоты Волі Афіцэравай.

Каментары
Лях / Адказаць 24.06.2019 / 09:06

Ну а-бы-што. Хiба два апошнiя варыянты каб пчол даглядаць

6
mikola ramanau / Адказаць 24.06.2019 / 09:20

Nihai Jany samy u getyh kasciumah hodzjac.....Var*jaty....!

6
mikola ramanau / Адказаць 24.06.2019 / 10:00

Getyh *manikenau*....zdaeca-mesjac ni karmili.....

6
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура