Праект партала
Тонус
30.06.2019 / 17:33
Доўла: «Медперсанал думае пра дзіця. А я заўсёды за жанчыну»2

Насамрэч, у модным слове «доўла» няма нічога новага. Некаторыя параўноўваюць доўл з «павітухамі» — жанчынамі з досведам у родах, якія дапамагаюць іншым жанчынам стаць мамамі. Але гэта памылка. «Павітуха» гэта больш акушэрка. А істотная розніца паміж акушэркай і доўлай у тым, што апошняя не прымае родаў, а толькі суправаджае.

Для Беларусі гэта з’ява досыць новая, але сваіх прыхільніц яна ўжо атрымала. Прычым, як правіла, паслугамі доўл часцей карыстаюцца жанчыны, якія нараджаюць другое дзіця. Яно і зразумела.

Але як жа партнёрскія роды, спытаеце вы? Хіба не дастаткова таго, што на родах з вамі можа прысутнічаць муж — самы блізкі вам чалавек? 

«Усё ж у гэты перыяд жанчыне неабходная менавіта жаночая падтрымка. Вядома, муж — самы блізкі і каханы чалавек, але ён проста не ў стане да канца зразумець і прачуць сітуацыю так, як гэта зробіць дасведчаная ў родах жанчына. Да таго ж, трэба, каб падчас родаў побач быў хтосьці спакойны», — адказвае Лізавета Шэфер, жанчына, якая працуе доўлай больш за восем год. За гэты перыяд да яе звярталася па дапамогу каля 300 жанчын, якім Лізавета дапамагла ў розныя перыяды цяжарнасці. 

У беларускім рэгістры прафесій доўлы няма, але попыт на яе паслугі ўсё большы. 

Доўла — гэта не сяброўка. Паміж доўлай і жанчынай, якая бярэ яе сабе ў дапамогу, складаецца кантракт. Сёння за свае паслугі доўлы просяць ад 150 да 300 даляраў. Перад тым, як прапанаваць свае паслугі, жанчына-доўла павінна скончыць адпаведныя курсы падрыхтоўкі, атрымаць сертыфікат. 

Доўла можа дапамагаць жанчыне на любым перыядзе цяжарнасці.

«У ідэале, доўла павінна пазнаёміцца з жанчынай яшчэ да родаў, даведацца пра яе як мага больш, прачуць яе. З самага пачатку паглыбіцца ў тое, што жанчына любіць, чаго імкнецца пазбягаць. Калі жанчына прымае рашэнне нараджаць дома, доўла ўжо загадзя ведае, дзе ляжыць яе любімы чай, дзе можна ўзяць кубак. Яе асноўная задача — забяспечыць жанчыне максімальны камфорт. Калі роды адбываюцца ў радзільні, доўла, ужо добра ведаючы парадзіху, перадае ўсе яе жаданні медыцынскім работнікам, стварае вакол яе сяброўскую і спрыяльную атмасферу. У мяне бывала, калі мяне прасілі прысутнічаць толькі падчас родаў. Або жанчына звярталася ўжо пасля родаў, каб я дапамагла ёй справіцца з нязвыклай для яе пакуль роляй маці», — расказвае Лізавета Шэфер. 

Лізавета Шэфер па адукацыі не медык, не псіхолаг. Яна мама чатырох дзяцей. І нарадзіўшы сваіх дзяцей, зразумела, што можа быць карыснай іншым жанчынам.

Лізавета ў Мінску сем гадоў таму адкрыла гурток для цяжарных, гуртавала вакол сябе будучых і маладых мам.

«Калі я пачынала, ва ўсёй Беларусі былі толькі я і яшчэ адна жанчына-доўла. Цяпер жа я заўважаю, што гэта паслуга становіцца ўсё больш папулярнай, нават з’явіліся рускамоўныя курсы доўл у Расіі.

У Беларусі ёсць цяжкасці з тым, каб у радзільнях прысутнічалі доўлы. Партнёрскія роды прадугледжваюць удзел у родах мужа, маці ці сястры парадзіхі. Доўлу ў радзільную залу могуць проста не пусціць», — адказвае Лізавета.

Лізавета Шэфер кажа, што не раз даводзілася называцца і знаёмай, і сваячкай жанчыны. Бывала, што мужы былі супраць, здаралася, што сама адмаўлялася быць доўлай.

«Колькі жанчын, толькі гісторый! Па-рознаму бывала. Муж адной жанчыны кажа, што вельмі ўсцешаны, што я была побач падчас родаў. Таму што, як аказалася, праца знайшлася ўсім. Другія супраціўляюцца: маўляў, што чужая жанчына побач будзе рабіць у такі важны для сям’і момант? Але самае важнае для мяне гэта водгук жанчыны пасля. Калі яна кажа пасля: «Ліза, я цябе недаацаніла. Я думала, вы побач, каб паднесці вады», — расказвае Лізавета.

Насамрэч, акрамя нейкіх побытавых рэчаў, доўла кансультуе жанчыну, дзеліцца сваім досведам.

«Мае кліенткі вельмі часта задаюць пытанні ў перапісцы і інтымнага характару, дзеляцца нейкімі вельмі асабістымі рэчамі. Праз гэта, бывае, яны мяне лічаць сваім самым блізкім чалавекам, завуць на сямейныя святы, запрашаюць быць хроснай дзіцяці. Я вымушаная адмаўляцца. Не магу я быць блізкай усім», — кажа доўла.

На пытанне, для чаго ўсё гэта Лізавеце Шэфер, яна адказала:

«Таму што я феміністка. Я заўсёды за жанчыну. Калі падчас родаў здараюцца нейкія няштатныя сітуацыі, увесь медперсанал думае пра дзіця. Я ж знаходжуся побач, каб думаць пра жанчыну.

І самае важнае, што я разумею, што самае галоўнае падчас родаў — гэта праца гармонаў. Аксітацын, або, як яго называюць, «сарамлівы гармон», — гэта гармон кахання, шчасця, спакою. І яго антаганіст — адрэналін. Дык вось я спадзяюся, што сваім спакоем, сваёй упэўненасцю, сваёй прысутнасцю побач я раблю так, каб парадзіха нават не думала, што можа быць страшна, блага і адзінока», — кажа Лізавета Шэфер.

Наталля Тур, фота з архіва гераіні

Каментары
Дар'я Старк / Адказаць 25.06.2019 / 23:17

Цикава, чаму ж менавита гэты артыкул платны? Як пра яки трэш, дык, кали ласка, бясплатна. Гэтак вы клапоцицеся пра сваих чытачак? А мне зараз гэты артыкул вельми актуальны((( не рэгистравалася и не збиралася на вашым сайце ничога каментаваць, але тут не устрымалася.

1
ИП Шамякин, УНП xx5764xxx / Адказаць 27.06.2019 / 23:50

Если подумать - то очень нужная профессия, особенно у нас. Учитывая, какие за последние годы были смертные случаи при родах из-за медицинского непрофессионализма, да и просто халатности. Очень важно, чтобы при родах присутствовал человек, который не только поддержит и приободрит женщину, но и, грубо говоря, поднимет хай в случае опасности для её жизни. Се ля ви.

3
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура