Праект партала
Стасункі
13.06.2019 / 18:31
Дзіця паведаміла, што яно гомасэксуальнае. Як рэагаваць бацькам, якія лічаць гэта трагедыяй?38

Быць бацькамі ў сучасным свеце бывае няпроста. Мноства дзіцячых пытанняў уводзіць бацькоў у шокавы стан. У нашым вар'яцкім тэмпе жыцця і пры нашай занятасці трэба неяк паспяваць рэагаваць не толькі на ўсе перамены, але і на тое, як яны адлюстроўваюцца ў дзіцячай свядомасці, звяртаецца псіхолаг Анжэла Клінцэвіч.

Сітуацыя: дзіця паведаміла, што яно гомасэксуальнае, але для вас гэта непрымальна. Вам складана апісаць усю сукупнасць эмоцый, якія вы адчуваеце. Вас напаўняе смутак, вы не разумееце, як гэта здарылася і як цяпер з гэтым жыць.

«Што скажуць нашы знаёмыя, сябры? Ці ёсць надзея, што ў яго/яе калі-небудзь будзе сям'я, а ў нас — унукі? І наогул, кім ён стане ў жыцці, як усё гэта паўплывае на яго будучыню? Мы ўклалі ў яго ўсе свае сілы, а ён так паступае з намі! Ці, можа, гэта мы ва ўсім вінаватыя? Дзе былі дапушчаныя гэтыя памылкі, як цяпер гэта можна паправіць?».

Такія думкі могуць узнікнуць у бацькоў, не гатовых да гэтага. Найбольш характэрныя рэакцыі:

— адрынуць дзіця,

— спрабаваць яго лячыць,

— спрабаваць цалкам кантраляваць,

— спакойна-абыякавая рэакцыя.

Бацькоўскае разуменне і імкненне разабрацца ў праблемах ўласнага дзіцяці, дапамагчы яму — рэакцыя найбольш рэдкая. Але менавіта яна правільная.

Як сябе весці?

Прыняць сітуацыю. Перш за ўсё, трэба стабілізаваць свой стан. Гэта важна проста таму, што знаходзіцца ў ім доўга — небяспечна для здароўя. Тое, што адбываецца, нармальна. Каб прыняць гэта, неабходны пэўны час. Але гэта факт, і як ні старайся, яго не змяніць.

Адмовіцца ад кантролю. Выбар — гэта яго права, як бы вас гэта ні абурала. Вы можаце спрабаваць данесці сваю нязгоду, апісваць магчымыя наступствы, але забараніць — не ў вашай уладзе.

Пераадолець смутак. Вам можа здавацца, што гэта несправядліва. Працуйце над тым, каб прыняць сітуацыю і вывучыць пытанне

Вывучыць пытанне. Вам трэба будзе шмат даведацца пра гомасэксуальныя адносіны. Гэта неабходна, каб зразумець, што адчувае дзіця. Магчыма, вы знойдзеце адказы і на некаторыя свае «чаму?».

Перамагчы пачуццё віны. Яно можа пачаць раздзіраць вас, калі вы будзеце шукаць свае памылкі, але нельга дазволіць яму вас раздушыць. Пачуццё віны небяспечнае для фізічнага і псіхічнага здароўя. Памятайце, што гомасэксуаламі не становяцца выключна праз памылкі бацькоў.

Усталюйце кантакт. Цяпер самае важнае. Прааналізаваўшы сітуацыю, трэба пастарацца ўсталяваць кантакт з дзіцем. Пагаварыце з ім, патлумачце, што вы хочаце яго зразумець. Усё, што дзіця вам скажа, можа дапамагчы зразумець сітуацыю.

Папрасіце прабачэння. Варта папрасіць прабачэння за ўсё, у чым вы не мелі рацыю. Хутчэй за ўсё, дзіця даруе і пойдзе насустрач, калі вы будзеце з ім шчырыя. Вам прыйдзецца прызнаць, што дзеці не абавязаны адпавядаць вашым чаканням.

Даведайцеся пра сяброў. Варта распытаць пра сяброў дзіцяці, зразумець, што яго ў іх прыцягвае. Не трэба вінаваціць сяброў! Гэта не яны кепска ўплываюць на ваша дзіця, проста ваша дзіця хоча з імі сябраваць. У вас можа ўзнікнуць жаданне памяняць яму асяроддзе, паспрабаваць «адсунуць» праблему. Наўрад ці гэта дапаможа.

Вы можаце падзяліцца сваімі перажываннямі з блізкімі сябрамі, якім давяраеце. Не трэба баяцца, што «ўсе пра ўсё даведаюцца». Страх адымае сілы, а па сутнасці ён з'яўляецца пустым. 

Любіце. Нельга адштурхоўваць сваё дзіця! Яму неабходна ведаць, што вы любіце яго безумоўнай бацькоўскай любоўю. Трэба казаць яму пра гэта. 

Гомасэксуалы, асабліва ў падлеткавым узросце, часта і так моцна адчуваюць віну. Не трэба гэтае пачуццё ўскладняць.

Нельга:

— асуджаць і сварыцца,

— распавядаць іншым, каб паўздзейнічаць на дзіця,

— рабіць выгляд, што нічога не заўважаеце,

— ігнараваць, выстаўляць з дома, адракацца,

— спрабаваць выправіць гвалтоўна.

Памятайце, што вам непадуладны выбар вашых блізкіх — толькі рэакцыя на іх выбар. Вы не можаце быць вінаватыя ў тым, над чым не маеце кантролю. А ў вас не можа быць кантролю над жыццёвым выбарам вашых дарослых дзяцей.

Анжэла Клінцэвіч

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура