Праект партала
Тонус
04.06.2019 / 12:06
«45 кг — столькі я важу пасля прыступу. Хочацца адрэзаць сабе галаву». Расказвае жанчына, якая жыве з мігрэнню з 12 гадоў13

«Я не магу канчаткова зразумець, як, калі і чаму прыходзіць да мяне мігрэнь. Апошнія 10 гадоў яна валодае мной амаль кожны месяц, але па-рознаму».

Мігрэнь — гэта не проста моцны галаўны боль. Хвароба мае шмат іншых праяў, якія перашкаджаюць нармальна працаваць, падарожнічаць і руйнуюць усе планы. Беларуска Кацярына Хольцапфэль-Варажун жыве з мігрэнню вось ужо 20 гадоў. Пра таблеткі, якія перастаюць дапамагаць, прыступы, што накрываюць кожны месяц, і бясконцыя абследаванні ў пошуках лячэння — у яе шчырым аповедзе.

Не магу болей, спыніце

Падлеткавы ўзрост. Мне было недзе 12 гадоў. Вечар. Цёмна. Канапа ў гасцёўні. Я ляжу і трымаю сваю галаву, каб яна проста не развалілася на дзве часткі. Нешта мармычу. Кшталту, хопіць, як жа ж баліць, не магу болей, спыніце. Матуля побач са мной. Яна не ведае, чым мне дапамагчы, але не адыходзіць ад мяне ані на крок. Святло ў вітальні. Яно пранікае ў пакой, дзе я, і мама, і такі боль, бы мая галава — гэта бервяно, якое трэба пасячы на дровы і нават на трэскі. Нон-стоп.

Вось такі першы ўспамін пра боль, што не суцішыў нават цытрамон, які звычайна дапамагаў.

Траўма, пасля якой усё пачалося

Важна было вызначыць першапрычыну, і больш відавочнай у маім выпадку знайсці было б цяжка. Прынамсі, напачатку дактары спісвалі мае пакуты на яе.

Мне дзевяць гадоў. Чацвёрты клас. Урок фізкультуры. Зіма. Ледзяная горка, куды наш клас павялі пакатацца. Памятаю, як мне было весела, як не хацелася так хутка адыходзіць. Таму вырашыла, што вось пасярэдзіне горкі залезу і скачуся яшчэ раз. Хуценька.

Гэта было памылкай. Але ж хто ведае наперад! Апошняе, што я памятаю, гэта як я чамусьці паварочваюся, бачу вялікае круглае сонца, на фоне якога дзве постаці: адна сядзіць, а другая, стоячы, трымаецца за плечы першай. Потым я спрабую расплюшчыць вочы. Я ляжу недзе ўнізе. Наверсе не бачу натоўпу, не чую галасы дзяцей. Выключаюся.

Наступны раз я прыходжу да прытомнасці ўжо наверсе. Пад рукі мяне вядуць дзве мае аднакласніцы. Больш нікога няма. Калі апынулася ў кватэры, бацькоў не было. Я вельмі хацела спаць. Такім салодкім, пяшчотным сном, калі больш анічога не перашкаджае: вопраткі няма, утульны ложак, цёпла. І вось тут раптам нешта як трэсне мне ў галаве! Ба-бах! І боль працінае, як страла, наскрозь. Боль, які прымушае расплюшчыць вочы, не заснуць. А потым ён гэтак жа нечакана сыходзіць, як і прыйшоў. І я спрабую заснуць яшчэ раз. І так некалькі разоў.

Увечары прыйшла мама і, пабачыўшы мой збялелы твар, пацягнула мяне ў паліклініку. Там нам сказалі тэрмінова ісці дахаты і выклікаць хуткую дапамогу. Мы чакалі хуткую дзве гадзіны. Быў 1992 год.

Маёй маме казалі пра шпіталізацыю і пра тое, як добра, што боль не даў мне заснуць, інакш я б больш ніколі не прачнулася. Там, у бальніцы, я правяла дзесяць дзён. Аказалася, у мяне была невялічкая расколіна ў чэрапе і, вядома, страсенне мазгоў. Менавіта гэты дыягназ і будзе потым (да пэўнага моманту) выкарыстоўвацца, каб растлумачыць мае галаўныя болі, якія сталі з’яўляцца пасля траўмы.

Паездка на маршрутцы Полацк — Мінск укладвала мяне ў ложак на суткі

З цягам часу колькасць прычын, ад якіх мог з’яўляцца боль, стала павялічвацца, як і частата і працягласць прыступаў. Я пачала назіраць і аналізаваць, і ў выніку прыйшла да высновы, што мігрэнь можа быць выклікана наступным:

  • Паела нясвоечасова. Асабліва калі вельмі хацелася.

Цікава, як рэагуе арганізм на тое, калі хочацца есці, ды так, што зводзіць страўнік і думаць ні пра што не хочацца і не можацца. А потым — рэзкая цішыня ў целе, нічога не турбуе, а праз гадзіну пачынае свярбець у адным пункце ў галаве, звычайна недзе зверху. І ўсё. Боль не сыходзіць некалькі дзён.

Таму я зразумела, што вызначаны рэжым прыёму ежы вельмі важны для мяне. Чатыры разы на дзень, прыблізна кожныя чатыры гадзіны, мне трэба есці. Вельмі важна таксама піць шмат вады. Каву і чай дазіраваць — не больш як 2 разы на дзень.

  • Выпіла алкаголю. Асабліва калі не вельмі хацелася.

Я не адразу зразумела, які дакладна від алкаголю на мяне негатыўна дзейнічае. Метадам назірання было выключана віно, але, як ні дзіўна, з бурбалкамі піць можна, толькі не шмат і пасля ежы. Моцным напоям перавагу не аддаю.

  • Фізічная стомленасць.

Мне нельга ператамляцца. Сядзенне дзесяць гадзін у самалёце таксама выклікае стомленасць. Былі выпадкі, калі паездка на маршрутцы Полацк — Мінск працягласцю тры гадзіны ўкладвала мяне ў ложак на суткі. Таму вандроўкі і падарожжы заўжды такія, каб можна было пад’есці (я бяру ссабойкі) і, калі выпадае, шмат хадзіць пешшу, каб быў час для адпачынку ці, наадварот, магчымасць рухацца. Хатнюю працу таксама падзяляю і не спрабую зрабіць усё за адзін дзень. Мае любімыя танцы і балетныя практыкаванні раблю кожны дзень, але патрошкі.

Калі працавала, то дамаўлялася з дырэктарам, каб застацца дома на перыяд прыступаў. Кампенсавала потым альбо выхадам на працу ў выхадныя, альбо заставалася пазней увечары.

  • Недастатковая колькасць сну.

Сон вельмі важны для ўсіх, але ў маім выпадку, калі я буду спаць па 5—6 гадзін, засынаць пасля 12 ночы і практыкаваць такі лад жыцця, ну скажам, 4 дні, то мне праз дзень гарантавана мігрэнь. Таму начныя клубы не для мяне, як і познія вечаровыя прагулкі і прагляд серыялаў да світання.

  • Эмацыйны і гарманальны фон. Апошняе, але не канчатковае.

Чалавек я эмацыйны: нешта смешнае — смяюся, нешта сумнае — і заплакаць магу, расчуліць мяне — не праблема. Такая спадчына дасталася ад бацькоў і прадзедаў. Вельмі востра перажываю, калі здараецца нешта благое. Кажу сабе пастаянна і чую ад іншых самы лепшы лозунг у жыцці: «Не бяры, Каця, да галавы!» (дадала б яшчэ: «і да сэрца»). Але пакуль не атрымліваецца. Асабліва чапляе, калі людзі замест дыялогу выбіраюць ігнараванне і сітуацыя застаецца нявырашанай. У такіх выпадках мне дапамагаюць размовы з блізкімі сябрамі, медытацыі. Апошняе прыйшлося асвоіць, каб навучыцца расслабляць цягліцы твару, напружанасць якіх таксама можа выклікаць боль.

Жаночыя дні (менструальны цыкл) таксама, як аказалася, уплываюць на з’яўленне болю. Пра гэта я даведалася толькі летась і думала, што нарэшце знайшла асноўную прычыну, якая змяняе маё бягучае жыццё. І нават думала, што змагу апярэдзіць мігрэнь, не даць ёй развіцца. Спрацавала два разы. Потым ці то не было аніякіх прыкмет надыходу мігрэні, а чырвоныя дні пачыналіся, ці мігрэнь з’яўлялася ўжо пасля сканчэння месячных.

Выпісвалі лекі, якія могуць правакаваць з’яўленне галюцынацый

Дактары? Нехта казаў пра «перарасце», бо падлеткам была. Нехта казаў пра «назаўжды, рыхтуйцеся» і выпісваў мне лекі, якія — увага! — могуць правакаваць з’яўленне галюцынацый. Нехта прыйшоў да высновы, што болі не ад страсення мазгоў, а ад праблем з горлам, бо ў дзяцінстве хварэла на ангіны. Адзінае, чаму я была радая некаторы час, што менавіта моцныя галаўныя болі (а я не ведала на той момант, што гэта мігрэнь) былі рэдкай з’явай.

За 20 гадоў майго жыцця з мігрэнню я прайшла абследаванні ад звычайнай паліклінікі да так званай у народзе «лечкамісіі». Пачыналіся яны з сардэчна-сасудзістай сістэмы і канчаліся КТ і МРТ галаўнога мозгу. У Рэспубліканскай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі была праверана нават рэакцыя мозгу на міганне павекаў. А колькасць кансультацый у розных неўрапатолагаў я ўжо і не памятаю.

Паходы да псіхолагаў таксама не ўратавалі ад мігрэні. Была кансультацыя і ў Вене. Нават прыйшла да неўрапатолага разам са свідраваннем у маёй галаве. Выслухаў мяне і сказаў, што мігрэнь не лечыцца, але можна не правакаваць частыя прыступы і параіў весці дзённік, куды буду заносіць усё, што датычыцца маіх моцных галаўных боляў: што ела, піла, як спала, якія падзеі былі напярэдадні, як адчуваю надыход болю, ці шмат нервавалася, з кім размаўляла, на якія тэмы. Карацей, сядзець і пісаць кнігу пра спадарыню Мігрэнь. А! І падабраць сабе лекі, якія будуць змякчаць боль. Так я і рабіла, як высветлілася. Толькі нататкі заставаліся ў маёй галаве.

2016 год азнаменаваўся апошняй МРТ і кансультацыяй неўрапатолага ў адным з мінскіх прыватных медыцынскіх цэнтраў. Думала, што, магчыма, у мяне ў галаве нешта расце, кшталту пухліны. Бо болі сталі з’яўляцца штомесяц і працягваліся па 2—3 дні, ванітавала нават ад вады. Але не, мозг здаровы, нішто і ніхто яму фізічна не перашкаджае працаваць.

Я стамілася. Вельмі

Раней, калі болі былі рэдкія, прымала таблеткі. Розныя прымала, але да ўсіх наступае прызвычайванне і прыходзіць такі моцны боль, што хочацца проста адрэзаць сабе галаву.

Адзіная форма аблягчэння болю на сённяшні дзень — сон. Прачнуцца, каб зрабіць маленечкі глыток вады і чакаць, калі змагу заснуць зноў.

Мой апошні выпадак мігрэні здарыўся два тыдні таму. Была субота. Прыемны дзень. Бавілася з сяброўкай і дзецьмі на дварэ. Павячэрала і выпіла дзве маленькія шкляначкі піва (ну бурбалкі ж). Праз 4 гадзіны я ўжо адчула набліжэнне. Як бы гэта апісаць?.. Мяне пачынае крыху нудзіць і галава становіцца быццам бы троху надзьмутай і цяжкай адначасова.

Ноччу балела так, бы ціхенька свідруюць дзірачку на макаўцы. Без перапынку. Ранкам я стомленая. Свідраванне працягваецца. Хаджу згорбленая, гляджу адным вокам. Мяне зябіць. Дадам, што калі мігрэнь, то баліць адзін нейкі бок галавы. Эпіцэнтр зверху і хвалямі разносіць боль уніз. Таму адчуванне, што баляць адразу і вуха, і вока, і зубы, напрыклад, толькі злева.

Вырашыла выпіць таблетку. Пару разоў жа ж ужо працавала. Выпіла — і вось цэлы дзень боль, як той цень, быў недзе са мной, але амаль незаўважна, бы збоку. Думала, перамога. Але панядзелак пачынаецца таксама, як і нядзеля, і я вельмі хачу спаць. Галаву працінае боль. Валюся ў ложак. Засынаю, а прачнуўшыся, разумею, што ўсё, нічога больш не змагу з’есці ці выпіць, бо страўнік нудзіць і адно жаданне ў галаве, каб нарэшце мяне званітавала, бо пасля я магу зноў заснуць і не адчуваць болю.

Я не магу бачыць дзённае святло, таму шторы захінаюцца. Я магу чуць толькі цішыню. Я не хачу ні з кім размаўляць. Я хачу, каб мне дапамаглі толькі выйсці з туалета пасля чарговага выхаду болю праз мой страўнік. Мяне кідае то ў гарачку і я пацею, то мяне калоціць так ад холаду, што стукаю зубамі. Мой перыметр свабоды — ложак у зачыненым пакоі.

…Мне, на жаль, не выпадае канчаткова зразумець, як, калі і чаму прыходзіць да мяне мігрэнь. Апошнія 10 гадоў яна валодае мной амаль кожны месяц, але па-рознаму. Можа, калі б я прытрымлівалася свайго рэжыму і пазбягала ўсяго, што правакуе мігрэнь, то мне не прыйшлося б часта пакутаваць, але ж я — чалавек, які часам хоча проста расслабіцца, а не думаць пастаянна, што можна, а што — не.

Самае непрыемнае і адначасова дзіўнае тое, што да з'яўлення прыступаў мігрэні я прызвычаілася і, калі праходзіць больш за месяц, я пачынаю думаць пра яе. Як быццам чакаю. Чакаю з надзеяй, што міне. Але не, прыходзіць мая Пані, якая дамінуе нада мной, змяняе мае планы і планы маіх блізкіх. І я, вядома, стамілася. Вельмі. Але я не губляю веры ў тое, што некалі гэты боль скончыцца. Раз і назаўжды.

Nina.nn.by

Каментары
Vadzim_01 / Адказаць 04.06.2019 / 12:22

Сумамигрен - хороший препарат, не знаю, правда, как насчет привыкания....

1
Vadzim_01 / Адказаць 04.06.2019 / 12:25

Сумамигрен - хороший препарат.

1
www / Адказаць 04.06.2019 / 12:34

Очень похожий случай знаю в Слониме, у парня. В следствии чего у него была мигрень не знаю, но возникновение болей от еды, алкоголя. Очень похоже. Мигрень страшная. Жил с ней очень долго. Но он очень облегчил свою жизнь, а может и избавился. Давно не общались. Помогли ему антигельминтные и протовопаразитарные БАД + соответствующая диета противопаразитарная. Когда их принимал, кожа за ушами трескалась и выходила сукрывица. Так что вполне возможно что это они.

26
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура