Праект партала
Стасункі
30.05.2019 / 18:18
«Я раптам зразумела, што Генадзю больш не цікавая». Юлія Бураўкіна расказала, як пераадольвала крызісы ў адносінах6

Пяць год, як не стала слыннага паэта, вядомага палітычнага і грамадскага дзеяча Генадзя Бураўкіна. У інтэрв’ю «Салідарнасці» Юлія Бураўкіна расказала, як гэта быць жонкай паэта, якія ананімкі пісалі на мужа падчас яго кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё БССР і чаму не публікуе яго дзённікі.

— Юлія Якаўлеўна, вы не адразу пагадзіліся на інтэрв’ю. Чаму?

— Я не люблю, калі фальшыва. Ужо столькі сказана. Ды і вельмі цяжка ўзнёслымі словамі казаць пра чалавека, з якім жыў, дзяліў побыт. Калі Сяргей Шапран рабіў кніжку пра Генадзя і я глянула, што пісалі астатнія, то падумала: «Божа мілы! І куды я са сваімі ўспамінамі? Я такая нецікавая, проста жах!» І не дазволіла ўключыць мае ўспаміны.

— Але ж менавіта вы ведалі яго лепш за ўсіх. Жывым чалавекам, з недахопамі і слабасцямі.

— Многія думаюць: о, жонка паэта! Але гэта не так прыгожа, як падаецца. Жонка паэта ўсё жыццё цягне на сабе і сям’ю, і дом, і дзяцей, і яго. А я ж не хачу развенчваць светлы вобраз Генадзя Мікалаевіча. Што, я буду расказваць, як ён посуд не мые?

— Ну, калі паэт не мые посуд, наўрад ці гэта скампраметуе яго перад чытачамі.

— Канешне, бо не толькі паэт не мые посуд (смяецца).

І ўсё ж паэт жыве ў сваіх вершах. Яго душа там. І тое, што ў яго на сэрцы, ён паказвае ў сваёй творчасці. А побыт…

— Але ж цяжка паверыць, што такі рамантычны паэт не быў рамантыкам у жыцці? Ён прысвяціў вам столькі вершаў.

—У жыцці было больш празаічна. Такога, каб вось прыбег, падхапіў на рукі, закруціў, не было. Толькі хіба ў вершах.

Генадзь моцна закахаўся ў мяне ва ўніверсітэце. Але тады быў сціплы «дзеравенскі» хлопчык. Таму нават на першапачатковым этапе асаблівай рамантыкі не было.

— Але ж неяк ён вырваў вас з рук канкурэнтаў? Бо, гледзячы на фотаздымкі з маладосці, я разумею, што хлопцы ў чарзе стаялі па вашу ўвагу.

— Я б і не сказала, што хлопцаў круцілася многа. Я была сціплая дзяўчынка з вельмі кансерватыўнай сям’і, хоць і мінчанка. Маці выкладала нямецкую мову ў Вышэйшай школе міліцыі, таму дысцыпліна ў нас была —ух!

Канешне, бацькі мае хацелі, каб у мяне была добрая партыя, з грашыма, са статусам. А тут Генадзь!

Спачатку мы проста сябравалі. Мне было з ім цікава, ён многа чытаў, шмат ведаў, захапляўся беларушчынай. Я сама ўкраінка, і калі дзяўчынкай прыехала ў Мінск, нават па-руску не ўмела гаварыць, толькі ў школе ўжо перайшла. Для мяне беларушчына была нечым невядомым, незвычайным.

Так і сябравалі. Хадзілі ў кафэ, пілі гарбату з пірожнымі. А пасля ён узяў і захварэў на сухоты.

— І вы даглядалі яго ў бальніцы. Іншымі словамі, каханне прыйшло праз шкадаванне?

— Ён тры месяцы ляжаў у цяжкім стане, і я ўжо не магла яго пакінуць. Хадзіла, насіла ежу. Нават бацькі не ведалі. Сваім я і не заікалася, бо разумела рэакцыю. Мала таго, што «праз ягоныя штаны было відаць пралетарскае паходжанне», дык яшчэ і сухоты.

Выпісаўся Генадзь напрыканцы красавіка, а 9 мая мы пайшлі і распісаліся.

— Уяўляю сабе рэакцыю бацькоў, якія марылі пра добрую партыю для сваёй дачкі.

— Калі мы паведамілі ім, маці проста пайшла і сабрала мне чамадан. Паклала пасцельную бялізну, а зверху скруціла дыванок. І зараз памятаю гэты дыванок, які звешваецца з чамадана.

Што заставалася, узялі чамадан і пайшлі шукаць кватэру. Знялі маленькі пакойчык на Камуністычнай.

— Але ж бацькі ўсё ж адтаялі?

— Паўгода мы не размаўлялі. І я была пакрыўджаная на іх, што такім чынам мяне адправілі. І маці злавалася. Так, пакуль не прыехала мая бабуля з Украіны. Яна ўжо маці дала: «Що ти робиш, діти побралися, а ти…» Так мы памірыліся, і кожную нядзелю потым хадзілі да маці на абеды.

Мне было 19 гадоў. Я ўвогуле ні пра што не думала. Нават не ўяўляла, што такое быць замужам.

— Пра ваша вяселле ходзяць легенды. Усе ўзгадваюць тазік з вінегрэтам, які прыгатавалі вашы аднакурснікі. А што вы ўспамінаеце? Сукенка вясельная прыгожая была?

— Не было ў мяне вясельнай сукенкі ўвогуле. Апранула сваю звычайную, летнюю. Памятаю, Стральцовы да нас прыйшлі на вяселле. Божа мой, а ў Стральчыхі такая сукенка прыгожая! Відаць, гэта яе вясельная, бо яны яшчэ да нас ажаніліся. І так мне стала няёмка, што я тут ў звычайным адзенні.

Мы тады вельмі сціпла жылі. Нават, каб вяселле адзначыць, скінуліся аднакурснікі. Гулялі ўжо 28 мая. А ў дзень роспісу, 9-га, проста пайшлі ў кафэ ўніверсама «Сталічны», і наш сведка Мікалай Матукоўскі пачаставаў нас пельменямі і віном «Гамза».

«Каб нам дазволілі купіць дачу, пісалі заяву ў ЦК»

— Вы не раз казалі, што дзверы вашага дому не зачыняліся, пастаянна прыходзілі сябры. Зразумела, што Генадзю Мікалаевічу падабалася. А вам гэта не дакучала?

— Так было ўсё жыццё. А што рабіць? Генадзь любіў гэтыя бяседы. Ды і якія людзі збіраліся: і Ніл Гілевіч, і Васіль Быкаў, і Валянцін Болтач… Маладыя, вясёлыя, дасціпныя. Іх было цікава слухаць, таму я была зусім не супраць. Тады ж прасцей было. Купіў бутэльку гарэлкі, нарэзаў якога сала, салату зрабіў… Гэта ўжо пасля больш-менш прыстойныя застоллі былі.

— А ніхто не спрабаваў адбіць прыгажуню-жонку? Увогуле Генадзь Мікалаевіч быў раўнівы?

— Мая тагачасная сяброўка мастачка Нэлі Шчасная казала: «Как жена поэта ты ведешь себя безукоризненно!» Я нават не памятаю, каб Генадзь мяне раўнаваў. Ужо, можа, толькі ў глыбокай старасці (смяецца).

Ды і мне ніхто так не падабаўся.

— А вы? Бо побач з Генадзем Мікалаевічам заўсёды былі прыгожыя жанчыны. А тут яшчэ і паэт!

— Хіба толькі да літаратуры і да сяброў. Мне здавалася, што я ў яго пасля іх на другім плане. Бо я такая заўсёдная — увесь час тут, побач. Хаця, канешне, Генадзь нават у застоллі пастаянна шукаў мяне вачыма, і яго цікавіла мая рэакцыя.

Але ў нас быў такі перыяд, калі мне падалося, што Генадзь страціў да мяне цікавасць. Гэта здарылася якраз, калі я вырашыла сысці з рэдактарскай працы ў выдавецтве. Мне падумалася, што калі ўжо муж такі талент, то трэба стварыць яму ўсе ўмовы. Я перайшла ў музей Якуба Коласа на менш загружаную працу. У нас ужо быў Аляксей, потым я зацяжарыла Святланай, нарадзіла, пасля сядзела дома.

І вось у гэты перыяд — недзе гады чатыры ён доўжыўся — я раптам зразумела, што Генадзю больш не цікавая. Зусім. Ні як суразмоўца, ні як жанчына, ні як чалавек.

Тады я зноў вярнулася ў выдавецтва…

З дачкой Святланай і сынам Аляксеем. Фота: baj.by

— Заўсёды было дзіўна, як Генадзю Мікалаевічу ўдалося спалучыць свой паэтычны талент з дзяржаўнымі пасадамі? Ды яшчэ і пры яго адданасці беларускай справе.

— У Генадзя ўзрыўны характар, ён быў вельмі эмацыйны, але гэтыя эмоцыі выліваліся ў вершы. А ўсё астатняе ён рабіў разважліва. Да таго ж яму ўласцівае абвостранае пачуццё справядлівасці. Гэта давала сілы трываць. І рабіць тое, што лічыў правільным.

Памятаю, калі Генадзь яшчэ працаваў у ЛіМе, яны збіралі подпісы ў абарону Быкава, калі таго пачалі цкаваць. І Генадзь разам з Вярцінскім павёз ліст у ЦК. Я праводзіла іх на прыпынак тралейбусу, а калі яны селі, у галаве была толькі думка: ці ўбачу я яго яшчэ калі?

Ён заўсёды думаў пра людзей. А яшчэ быў вельмі бескарыслівы. У нас ніколі не было нават лішняй бутэлькі каньяку. Я зараз проста дзіўлюся, якія катэджы сабе пабудавалі цяперашнія кіраўнікі Белтэлерадыё. Мы нават падумаць пра такое не маглі.

З Васілём Быкавым. Фота baj.by

— Ну ваш дачны домік у Крыжоўцы ім сур’ёзна саступае ў раскошы, але пераўзыходзіць ва ўтульнасці.

— Генадзь вельмі любіў наша лецішча. Прычым мы самі яго купілі. Раней жа так нельга было. Каб нам дазволілі купіць, мы пісалі заяву і гэтае пытанне разбіралі на бюро ЦК. Але ж дазволілі.

Тады мы пазычылі ў Андрэя Макаёнка 3 тысячы рублёў, яшчэ ўзялі ў Мікалая Матукоўскага (ён нас, дарэчы, і падбіў купіць, бо сам побач меў дом), мама дала, і набылі гэтую дачу. А потым ужо з ганарару за кнігі аддавалі.

«Брат жонкі Быкава мне кажа: «Скажите пожалуйста, какой дурак перевел весь футбол на белорусский язык?»

— Калі Генадзь Мікалаевіч ужо быў кіраўніком «Дзяржтэлерадыё БССР», раіўся з вамі?

— Злыя языкі нават гаварылі, што я кірую не толькі выдавецтвам, дзе працавала галоўным рэдактарам, а яшчэ і тэлебачаннем. Але гэта, канешне, не так. У мяне была свая праца, у яго свая.

Генадзь увогуле вельмі хутка авалодваў прафесійнымі навыкамі. Я проста дзівілася, як ён мог і радыё слухаць, і тэлебачанне глядзець, і газету адначасова чытаць. У яго гэты тэлевізар у службовай машыне нават быў. Ні ў каго тады не было.

Ён расказваў, што ў першы дзень, як толькі прыйшоў на працу, вырашыў паглядзець тэлевізар. Уключае, а той не ўключаецца. Вызвалі тэхнікаў. І аказалася, што нешта там запаянае, бо ранейшы кіраўнік яго зусім не глядзеў.

— Для Генадзя Мікалаевіча тэлебачанне было невядомай стыхіяй?

— Ну чаму? Ён жа пісаў сцэнарыі, у яго быў добры густ, разбіраўся і ў мастацтве, і ў музыцы. Асабліва народныя песні любіў. Яны часам так з Гілевічам спявалі, што людзі пад вокнамі спыняліся, каб паслухаць. Талент у яго быў ад народа, ад бацькоў, ад зямлі. Гэта зверху дадзена.

Праз год Генадзь ужо авалодаў усім, у тым ліку тэхнічным бокам. Дагэтуль яго ўспамінаюць не толькі творчыя работнікі.

— А ў кантэнт, як зараз кажуць, ён як кіраўнік умешваўся?

— Ашчадна ставіўся да таго, што тычылася літаратурнага вяшчання. І мову ён вызначаў. З мовай спачатку наогул цяжка было. Асабліва калі пачалі цалкам пераходзіць на беларускую. Памятаю, як сяджу ў сябе ў выдавецтве, заходзіць Сувораў, брат жонкі Быкава, і да мяне: «Скажите пожалуйста, Юлия Яковлевна, какой дурак перевел весь футбол на белорусский язык?» Кажу: «Я яму перадам!» Сувораў развярнуўся і пайшоў. Гэта ж быў толькі 1983—1984 год.

Але так было прыемна, што на беларускай мове ўсё ідзе. А пасля «неравнодушные граждане» з тэлебачання напісалі ліст у ЦК, што іх кіраўнік — нацыяналіст, што цягне толькі беларускіх на работу, а рускіх заціскае. І гэтую ананімку разбіралі ў ЦК партыі. А потым вырашылі прачытаць у калектыве. Гэта такі жах! Я думала, як Генадзь перажыве?! Сабралі сход. І там яны ўжо падлічылі, колькі за гэты перыяд кіраўнік прыняў на работу беларусаў, а колькі рускіх.

Канешне, зараз гэта смешна, але тады я вельмі баялася за Генадзя. Урэшце вырашылі, што ён харошы чалавек і не такі нацыяналіст, як там напісана ў ананімцы. Ды і калектыў абараняў яго.

Старшыня Белтэлерадыё Генадзь Бураўкін з савецкімі касманаўтамі. Злева направа: Уладзімір Кавалёнак, Аляксандр Іванчанкаў, Валянціна Церашкова, Генадзь Бураўкін, Валерый Скварцоў (сакратар парткама Дзяржтэлерадыё), Пятро Клімук. Фота baj.by

«У нашым пакоі была ўсталяваная«праслушка»

— Калі Генадзя Мікалаевіча прызначылі пастаянным прадстаўніком у ААН, як вы адрэагавалі?

— Ой, я вельмі не хацела ехаць у ЗША.

— Няўжо? Гэта ж зусім іншы свет у параўнанні з тагачасным «саўком», іншы ўзровень жыцця, іншыя людзі…

— Па-першае, мне ўжо было 50 гадоў, Генадзю 54. Маё жыццё прайшло тут. Я адбылася як асоба і ў кар’еры ў мяне ўсё было няблага.

А па-другое, добра быць багатым у беднай краіне і вельмі дрэнна бедным у багатай. Калі мы прыехалі, у нас ніякіх долараў не было. Гэта ж 1990 год! Мы яшчэ і пазычалі, каб Генадзю касцюм набыць, туфлі. Бо тут жах у чым хадзілі. І ў мяне адны толькі крымпленавыя касцюмы ды сукенкі. Гэта тут я была такая ўся з сябе, добра апранутая, а там аказалася невядома што.

Памятаю, падчас прыёму (у нас яны часта былі) глянула на гэты рэг, дзе адзенне верхняе вешаюць, дык там усе норкавыя футры, а па цэнтры мой саўковы шэранькі плашчык. Аж сорамна стала.

— Ну хоць набылі футра за той час, што былі?

— Ды дзе там! Плацілі мала, дык мы яшчэ і адкладалі, бо трэба і дзецям нешта пакінуць. Зарплата ў Генадзя была 1300 долараў. Наш вадзіцель расказваў, што калі ў яго іншы вадзіцель, які чэшскага прадстаўніка вазіў, запытаўся пра зарплату гаспадара, то не зразумеў, калі той назваў 1300. Чэх кажа: «Я ж не пра тваю пытаюся, я пра гаспадара».

— Вы жылі ў ЗША чатыры гады. Ці цяжка было з камунікацыяй?

— Дом, дзе мы жылі на 68 вуліцы, належаў СССР. Усе свае. Мы займалі трэці паверх, Украіна чацвёрты. А на 6-м паверсе былі эсэсэсэраўскія шыфравальшчыкі.

— І што, усе ведалі, што там шпіёны?

— Прынамсі, тыя, хто жылі, ведалі. У нашым пакоі таксама быў усталяваны праслухоўваючы апарат. Усё наверх ішло. Спадзяюся, хоць у спальні не было (смяецца).

— І як жыць, калі ведаеш, што цябе ўвесь час праслухоўваюць?

— Ну, у 90-м годзе мы ўжо сталі такімі незалежнымі, свабоднымі. Нам нават дазволілі зняць з вокнаў краты…

Так што гэта быў якраз добры час. Жонкі дыпламатаў, якія былі перад намі, расказвалі, што іх дзяцей нават у аўтобус, каб ў школу адвесці, вялі праз канвой. Станавіліся ад выхаду да аўтобусу службоўцы, і дзеці ішлі па гэтым калідоры, каб, не дай бог, не было ніякіх правакацый.

А мы ўжо былі вольныя. Вельмі часта сустракаліся з нашай дыяспарай, бо Генадзю абавязкова трэба было вось гэтае сваё, беларускае. А яны там усе па-беларуску гаварылі. І Кіпелі былі, і Запруднік, і Данчык, і іншыя. Якраз вось тады пачаўся гэты рух дыяспары сюды, у Беларусь.

— Вы распавядалі, што самі з дзяўчатамі шылі бел-чырвона-белы сцяг, каб павесіць на місію.

— Так, усё ніяк не маглі знайсці параметраў. Тое, што бел-чырвона-белы, было ясна, а колькі менавіта белага, колькі чырвонага, якая прапорцыя? Але ж зрабілі. І калі павесілі, дык слёзы былі на вачах. Здавалася, новы сцяг, новае жыццё, новая краіна! Такі спадзеў быў на нешта цудоўнае.

Генадзь таму і хацеў вярнуцца хутчэй на радзіму, быць тут, у гэтай віхуры жыцця. Ён сам дасылаў лісты з просьбай вызваліць ад пасады. Яму Матукоўскі ўсё пісаў: «Навошта ты рвешся сюды! Ты не разумееш, ты нікому тут не патрэбны!» Матукоўскі ўжо разумеў, адчуваў, што будзе.

Нарэшце Генадзя вызвалілі. Ён прыехаў і сапраўды аказаўся нікому не патрэбны. Нікуды яго не бяруць, ні на якую працу. Спрабаваў намеснікам міністра культуры, але адразу адчуў, што «не ко двору». Праз паўгода ён сышоў, не змог там быць.

1994 год. Мінск. Фота Я. Коктыша

— Генадзь Мікалаевіч пакінуў пасля сябе дзённікі і завяшчаў апублікаваць не раней як праз пяць год пасля яго смерці. Які іх лёс?

— Яны ляжаць. Я іх не чытала яшчэ. Я не магу пакуль.

— Вы нечага баіцеся?

— Мне патрэбны сілы, каб іх прачытаць. Мне балюча. Я адразу яго чую, бачу. Мне цяжка яшчэ. А проста так перадаць камусьці, не чытаючы, таксама не магу.

Я толькі-толькі адышла. Тры гады пасля яго смерці я бесперапынна хварэла. Увесь час плакала. Здаецца, і не думаю ні пра што, а слёзы самі коцяцца. Спаць не магла. У адзінаццаць вечара тэлефанавала сяброўцы, кажу: «Ларыса, гавары што-небудзь. Што хочаш гавары, а то я не магу». І яна пачынае там пра нешта сваё. Тады неяк супакойваюся. А так увесь час слёзы проста цяклі. Я нават антыдэпрэсанты піла паўгода.

І зараз яшчэ, калі песні яго чую, не магу стрымацца.

І так мне шкада, што ён не да канца свой патэнцыял рэалізаваў. Што не спатрэбіўся дзяржаве. Менавіта тады, калі мог яшчэ. А замест гэтага толькі цкаванне. Думаю, у Лукашэнкі было асабістае непрыманне Генадзя. За тое, што як дзяржаўны дзеяч не падтрымліваў яго, за розум, за беларушчыну.

Генадзь вельмі перажываў, што нават са студэнтамі і школьнікамі не давалі сустрэцца, што выкраслілі адусюль. А за што? За тое, што любіў Беларусь? Божа мілы, хоць ты біся галавой аб сценку.

А гэта ж сыны Беларусі! Яны хацелі, каб краіна была незалежная. А цяпер так і не зразумець, ці яна незалежная, ці яна залежная? Генадзь пісаў у сваіх вершах: «Беларусь, свае таленты беражы, калі хочаш шчасліваю быць!»

Але ж хто яго чуе?

Анастасія Зелянкова, Салідарнасць

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура