Праект партала
Тонус
02.05.2019 / 10:05
«Я адмовілася ад дэзадаранту і манікюру». Мінчанка расказвае, як змяніла свой лад жыцця дзеля экалогіі14

Аня Карповіч — мінская фітнэс-трэнерка. Калісьці яна ўдзельнічала ў фінале «Міс Беларусь», купляла шмат непатрэбных рэчаў і рабіла пафасныя фота з кубачкам кавы на вынас. А потым захапілася экалогіяй. Манікюр, дэзадарант, тампоны, скраб, бліскаўкі — ад усяго гэтага дзяўчына адмовілася дзеля клопату аб прыродзе. Аня вядзе блог Habit For Planet, дзе расказвае пра звычкі, карысныя для планеты. Пра бальзам для валасоў з воцату, вядро арганікі на балконе, вяселле без мяса і татальнае неразуменне навакольных — у шчырым інтэрв’ю.

З чаго ўсё пачалося

— Я спрабавала заняцца асобным зборам смецця год таму, але тады, як і многія, падумала, што гэта бессэнсоўна, вельмі складана, і скончыла, нават не пачаўшы. А ў лістападзе ехала пасля ранішняй ёгі (я ўпэўнена, што ўзровень свядомасці ўзрастае, калі ты яе практыкуеш) і натыкнулася на артыкул пра нейкія экалагічныя міфы. Не ведаю, чаму гэта мяне зачапіла, і я стала пераходзіць далей па спасылках. Памятаю, што ў мяне здарыўся інсайт, я зразумела, што глядзела на свет крыху не тымі вачыма.

Я паглыбілася ў тэму на два тыдні, мой асабісты акаўнт быў увесь у гэтай інфармацыі, ад мяне пачалі масава адпісвацца людзі.

Я зразумела, што мне проста патрэбна іншая пляцоўка, каб расказваць пра экалогію. Я такі чалавек — не магу маўчаць.

Акаунт Habit For Planet развіваўся не так хутка, і першым часам я падключала рэкламу ў інстаграме: мне важна было, каб людзі гэта ўбачылі. Справа не ў папулярнасці, у мяне няма жадання на ім зарабіць. У нейкі момант запрацавала сарафаннае радыё, людзі самі пачалі расказваць аб блогу. Прычым часцей за ўсе тыя, хто не ведае мяне, думаюць, што за гэтым стаіць нейкая арганізацыя, дзе куча людзей.

Пра змену звычак і жыццё без чыпсаў і кілбас

— Мой досвед не самы прывабны, бо я чалавек, якому вельмі проста мяняць сябе. Я дастаткова даўно ў фітнэс-індустрыі і шмат разоў мяняла звычкі. Ніколі не казала: не змагу жыць без цукру. У мяне няма ў галаве абмежаванняў. Я не змагу жыць без вады і паветра, усё астатняе — рэчы навеяныя. Таму не скажу, што мне было складана перастройвацца.

Але было няпроста маральна. Бо гэта татальнае неразуменне людзей побач.

Я сутыкнулася з кпінамі, здзекамі, і толькі пасля гэтага пачалі з’яўляцца людзі, якія хочуць і паступова будуць змяняцца, а не тыя, хто ўсё ведае і працягвае рабіць выбар на карысць аднаразовых кубачкаў і трубачак.

І справа не ў тым, што няма альтэрнатывы — яна ёсць заўсёды. Пытанне, ці хочацца табе зрабіць правільны выбар або ты залежыш ад таго, што пра цябе падумае асяроддзе.

Я хутка зразумела, што сарціроўка смецця — не рашэнне. У некаторых рэчах я дастаткова лянівы чалавек, і замест таго, каб з усёй упакоўкай разбірацца і кожную паперу некуды асобна класці, мне прасцей не купляць гэта. Такім чынам я выйшла на філасофію «нуль адходаў» (zero waste). Перапрацоўка нас не выратуе. Гэтыя цыклы канечныя. Пластык перапрацуюць адзін-два разы, і ён ўсё роўна застанецца ў зямлі.

Паколькі якраз у гэты момант у мяне пачаў фарміравацца раслінны рацыён харчавання, не было праблем, як купіць нейкую ежу не ва ўпакоўцы. Я даўно не ем прадукты прамысловай вытворчасці: печыва, чыпсы, марожанае. Бо для мяне гэта смецце як напаўненне.

Раней я брала ўпакоўку і чытала склад як фітнэс-трэнер, цяпер гляджу на маркіроўкі, бо часам гэтага дастаткова, каб ад прадукту адмовіцца.

Да веганства я прыйшла ў тым ліку і з экалагічных меркаванняў. Бо вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання — велізарная шкода прыродзе.

Прадукты купляю на рынку. Крупы, сухафрукты, арэхі, бабовыя, спецыі на вагу — усё гэта ёсць на Камароўцы. Калі ты едзеш на рынак падрыхтаваны, з двума вялікімі шоперамі з пакетамі і слоікамі, няма ніякай праблемы.

Мне пашанцавала, што Ваня — жаніх — мне дапамагае. Па прадукты часта ездзіць ён, дыялогі з прадаўцамі датычна сваёй тары вядзе ён. Без гэтай падтрымкі было б нашмат складаней, бо я ведаю гісторыі, калі ў сем’ях узнікаюць канфлікты.

Пра адмову ад скрабаў і таннай касметыкі

— Бытавую хімію можна купіць на разліў. Ці знайсці альтэрнатыву. У мяне быў кінапаказ на эка-тэматыку, і туды прыйшла пара, якая сама робіць парашкі. Калі малады хлопец кажа, што мые галаву гарчыцай і гэта найлепшы шампунь у яго жыцці, бо пасля валасы застаюцца чыстымі тыдзень, ты сядзіш і разводзіш рукамі — разумееш, што нават без шампуню можна жыць. А мы часта вядземся на рэкламу. Хоць калі падумаць, то стан валасоў наогул не залежыць ад сродку, якім ты іх мыеш.

На маёй паліцы засталіся сухая сумесь убтан у шкле, крэм для твару ў металічнай тубе. Карыстаюся мылам, у мяне іх два: адно сернае, смярдзючае (яно добра дзейнічае як антыбактэрыяльнае), другое — звычайнае для цела. Плюс ёсць цвёрды шампунь у выглядзе мыла. У мяне скончыўся нядаўна бальзам для валасоў — я змяшала сталовую лыжку воцату з літрам вады і апаласнулася гэтым.

Зімой мы купілі ўвальгатняльнік паветра, і я забылася, што такое крэм для цела. Плюс якраз нядаўна пачула ад спецыяліста, што крэм — гэта не выратаванне для сухой скуры, праблему трэба вырашаць інакш (правільна харчавацца, атрымліваць дастаткова мікраэлементаў).

Але ў нас жа як думаюць: можна з’есці фастфуд, купіць самы дарагі крэм на рынку і выратаваць сябе.

Скрабам, маскамі з бліскаўкамі я не карыстаюся: яны ўтрымліваюць мікрапластык. Наогул, калі ўзяць касметыку любога цэнавага дыяпазону і пачытаць склад на ўпакоўцы, шмат дзе будзе мікрапластык.

Я прадала ўсю касметыку, купленую мінулым летам. З дэкаратыўнай пакінула толькі «Самасвет» — гэта піцерская натуральная касметыка на мінералах. У мяне ёсць танальнік у стыку, мінеральная пудра, трайны сродак «цені+румяны+памада». Засталася туш, якую я купляла год таму, — рэдка ёй карыстаюся.

Мне б хацелася мець крыху больш экалагічнай і натуральнай касметыкі, але на нашым рынку яе практычна няма. У Расію прывезлі Zао — гэта амерыканскі брэнд, які прадаецца са зменнымі блокамі: табе не трэба кожны раз купляць новую палетку. Але ён дарагі — напрыклад, румяны каштуюць 50 баксаў. З іншага боку, я цудоўна разумею цяпер, за што плачу.

Гэта вельмі крутая філасофія — ведаць кошт рэчам. Zero waste пра тое, што ты цэніш рэч і робіш усё, каб яна праслужыла даўжэй. Бо эра аднаразовага спажывання прывяла нас да вялікіх катастрофаў.

А для многіх людзей, асабліва з постсавецкай прасторы, гэта прыкмета раскошы — дазволіць сабе купіць штосьці і адразу выкінуць.

Пра шкоду манікюру і дэзадаранту

— Я адмовілася ад манікюру. Раней рабіла яго па святах, але, калі ў мяне быў лак на пазногцях, адчувала, быццам на мне штосьці лішняе. Я ўспомніла, колькі смецця ўтвараецца, калі робяць манікюр.

Потым пачала вывучаць пластыкі і даведалася, што фталаты, які ўтрымліваюцца больш за ўсё ў лаку для пазногцяў, прыводзяць да бясплоднасці — а мы пра гэта нават не задумваемся.

А яшчэ перад гэтым я, калі праводзіла трэніроўку і падыходзіла выпраўляць дзяўчат, звяртала ўвагу, як моцна мне падабаюцца чыстыя пазногці. Я наўпрост кайфую ад іх выгляду — для мне гэта эстэтыка. Калі я правяла апытанне, многія дзяўчаты пісалі, што для іх гэта па-жаноцку, прыгожа. Для мяне фарбаваць пазногці — ужо ненатуральна. Я магу сама абысціся нажніцамі з пілачкай, і гэтага будзе дастаткова.

Я не карыстаюся дэзадарантам. Калі восенню харчавалася толькі расліннай ежай, перастала адчуваць свой пот.

Знік пах, і патрэба ў дэзадаранце адпала наогул. Дома я магу апаласнуцца, а на працы ён ўсё роўна мяне не ўратуе. І ў жаночых, і ў мужчынскіх дэзадарантах прамысловай вытворчасці ўтрымліваецца алюміній, які прыводзіць да раку малочнай залозы.

Дэзадаранты-крысталы, якія зараз папулярныя, — добры маркетынгавы ход. Бо натуральных крысталаў, якія сапраўды бяспечныя, вельмі мала — гэта абмежаваны рэсурс. Таму з’яўляецца шмат хімічных альтэрнатыў, якія настолькі ж шкодныя, як і простыя дэзадаранты.

Раней я актыўна карысталася тампонамі — зараз разумею, якую значную шкоду нанесла ў першую чаргу сабе, засоўваючы ў свае слізістыя хларыраваны прадукт. Першае, што я купіла на замену — менструальная чаша. Гэта сапраўды вельмі зручна, ты яе наогул не адчуваеш. Я набыла сабе некалькі шматразовых пракладак, і ў мяне дома была марля. Пачала тэсціць. Што я магу сказаць? У мяне не было праблем. Але я не выязджаю ў горад на ўвесь дзень, часта бываю дома. Хоць можна жыць так і працуючы ў офісе, проста трэба мець з сабой замену. Многія, хто шые шматразовыя пракладкі, робяць і спецыяльныя мяшкі для іх са шчыльнай тканіны.

Мне прыводзяць аргументы: вось, спортам не пазаймацца. Але я трэнер і працую незалежна ад свайго цыкла. Мне шматразовыя пракладкі не дастаўляюць дыскамфорту.

Пра знікненне смецця і вяселле ў эка-стылі

— У нас дома амаль прапала смецце. Арганіку мы збіраем у вядро і будзем вывозіць у лес за горад закапваць. Нам пашанцавала, што ў кватэры ёсць маленькі адкрыты балкончык, дзе гэта можна захоўваць, бо яна хутка пачынае смярдзець. Паперу, шкло і пластык, які зрэдку ўсё ж з’яўляецца, мы сарціруем асобна. І ўсё.

Калі я кожны раз выходжу з дому і бачу бак, які напоўніўся менш чым за дзень і там ляжыць шмат другаснай сыравіны, — з гэтым складана жыць. Па-першае, каштоўны рэсурс з’язджае на палігон. А па-другое, маштабы палігона не бязмежныя.

Нядаўна чытала лекцыю для офісных супрацоўнікаў і задала пытанне, як часта яны выносяць смецце. Яны сказалі: кожны дзень. Я папрасіла памножыць гэта на колькасць дзён у годзе і восем мільярдаў чалавек, якія жывуць на зямлі.

Зімой я выкідала смецце раз на два-тры тыдні. Гэта кайф ведаць, што ў цябе яго няма.

Зараз мы рыхтуемся да вяселля. У нас мэта — зрабіць яго максімальна чыстым. Гэта дапамагло адмесці непатрэбную мішуру, на якую марнуецца шмат грошай, але і прыўнесла некаторыя складанасці. Мы просім кейтэрынг не выкарыстоўваць аднаразовы посуд, фольгу, тонкую харчовую плёнку. У нас будзе веганскае вяселле без алкаголю — вельмі хачу біць стэрэатыпы, паказаць, што можа быць весела і смачна без спіртнога і мяса.

Не будзе феерверку і жывых зрэзаных кветак (закупім іх у гаршках). Мы не будзем друкаваць запрашальнікі — усе ўсё роўна іх выкідаюць.

Пра непаразуменне асяроддзя і прапаганду візуальнай прыгажосці

— Хтосьці пакруціць пальцам ля скроні, але я адвучылася звяртаць увагу на тое, што думаюць іншыя. Самае крыўднае, калі цябе пачынаюць вінаваціць у прапагандзе, жорсткасці там, дзе яе няма. Непрыемна чытаць каментары наконт таго, што ўсе зялёныя — неадэкватныя.

Было некалькі разоў, калі мужчыны пісалі: «Ты тупая авечка, не разумееш, пра што кажаш, бізнэс трэба падтрымліваць, а не тапіць». Ты спрабуеш даказаць чалавеку, што не грошы павінны быць у прыярытэце, і разумееш, што размаўляеш з ім на розных мовах.

Мне крыўдна, калі мяне вінавацяць у хайпе. Калі б я хацела быць папулярнай, выбрала б фітнэс-сферу і прасоўвала курыныя грудкі з грэчкай і бялковыя кактэйлі. Але напад — гэта адзіны спосаб для іх апраўдаць сваю няслушнасць.

У нас моцна прапагандуецца візуальная прыгажосць — касметыка, шмоткі. І пакуль гэта будзе адбывацца, вельмі павольна ўсё будзе мяняцца ў свеце. Я цяпер гляджу: я была акурат такім жа замбіраваным чалавекам, які быў незадаволены сваім жыццём і думаў, што хтосьці дзесьці жыве лепш, бо пазіцыянуе сябе так у інстаграе. Пакуль не зразумела, што гэта ўсё напускное і насамрэч знішчае прыроду. Мне філасофія zero waste вельмі дапамагла.

Наогул, хочацца сказаць людзям, што здароўе чалавека неаддзельнае ад здароўя планеты.

Гэта ўзаемазвязана. І думаць, што ты павінен есці кучу таблетак і наносіць на сябе тонну сродкаў, — глупства.

Наталля Лубнеўская

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура