Праект партала
Густ
06.05.2019 / 13:22
Вяснушкі, стразы і ўсе мажлівыя адценні зеляніны — трэнды ў вясновым макіяжы1

Мы свядома не сталі ўключаць у загаловак «— 2019», бо вясна заўсёды вясна — абуджэнне пасля зімовай спячкі, першае сонца, першае цяпло. Хочацца ззяць і ўпрыгожваць сабой свет. 

Так што лавіце падборку прыёмаў ад бьюці-блогеркі Лады Балакіравай і квітнейце разам з прыродай.

Вяснушкі

На шчасце, часы, калі за вяснушкі дражнілі, даўно мінулі, і сучасныя модніцы зусім не імкнуцца пазбавіцца іх і максімальна адбяліць твар — наадварот, на піку моды акурат намаляваныя вяснушкі, ды пабольш!

Калі натуральным чынам на вашым носе яны не з'яўляюцца, а дадаць жвавасці і дзіцячай непасрэднасці вобразу хочацца, паспрабуйце скарыстацца карычневым алоўкам або маркерам для броваў.

Хаатычна настаўце невялікіх кропачак на выступаючых частках твару (скулы, нос, надброўныя дугі) і злёгку расцярыце падушачкай пальца — каб выглядала натуральна.

Прасунутыя аматаркі макіяжу могуць скарыстацца спрэем для афарбоўвання каранёў валасоў, але пырскаць ім на твар трэба з вялікай адлегласці і абавязкова сачыць, каб не патрапіла ў вочы. Затое вынік атрымліваецца прыгожым і ўстойлівым.

Жэмчуг і стразы

Мы не так даўно пісалі пра жамчужныя заколкі, якія апанавалі інстаграм, але гэты трэнд тычыцца не толькі валасоў. Самаклейныя стразы не выкарыстоўваў у сваёй працы толькі лянівы візажыст. Жэмчуг перастаў быць прыкметай раскошы, ён больш не асацыюецца толькі з вячэрняй сукенкай, наадварот, цяпер — гэта разыначка ў вобразе маладой і сэксуальнай дзяўчыны.

Нават у дзённы макіяж можна ўключыць такі гуллівы элемент. Пасадзіце маленькую жамчужынку на клей для павекаў ва ўнутраны куток вока, напрыклад.

Для больш урачыстага выпадку можна выкласці цэлую стрэлку або абляпіць павека па перыметры, і ваша ззянне гарантавана не застанецца незаўважаным.

Акрамя таго, рабіць такі макіяж вельмі хутка і проста, а недарагія стразы на клейкай падкладцы ёсць у шматлікіх моладзевых касметычных брэндах або ў крамах для рукадзелля.

Адценні зялёнага

Вясной, калі ўсё пачынае квітнець, калі з'яўляюцца першыя кветачкі і сакавітая зеляніна паўсюль — гэта не можа не натхняць. Таму вясной усе адценні зелені актуальныя як ніколі: ад пастэльнага мятнага да насычанага бутэлькавага.

Буйныя касметычныя кампаніі ведаюць, куды вецер дзьме, таму, выпусціўшы адна за адной палеткі ў фіялетавых тонах, цяпер яны пераключыліся на зялёны, імкнучыся задаволіць попыт усіх модніц. Гэта датычыцца як замежных, так і айчынных вытворцаў дэкаратыўнай касметыкі.

Пастэль

Калі вы аддаяце перавагу ў макіяжы лёгкасці і пяшчоце, але ўскалыхнуць руціну хочацца, разбеленыя варыяцыі яркіх колераў — акурат тое, што вам трэба.

Вельмі выдатна і свежа глядзіцца макіяж з графічнымі элементамі, намаляванымі пастэльнымі алоўкамі ці падводкамі, напрыклад, лінія ў зморшчыне павека.

А яшчэ можна зрабіць класны манікюр, выкарыстоўваючы некалькі лакаў розных тонаў — будзе выглядаць нязвыкла, але і не крыкліва, і абавязкова ўздыме настрой.

Пяшчотны румянец

Ружовыя шчочкі — прыкмета юнацтва, свежасці і нявіннасці, ці не так? Нават калі вы за натуральнасць, зіхатлівая скура і персікавы румянец — выдатны выбар на кожны дзень.

Для большай натуральнасці раім выбіраць крэмавыя прадукты, яны нададуць лёгкую вільготнасць і не перагрузяць твар. Выбірайце румянец, які пасуе вашай скуры, нанясіце яго на твар, растушуйце пальцамі, пры жаданні падфарбуйце вейкі і/або бровы — і пяшчотны дзявочы вобраз гатовы.

А дадаўшы да яго любую дэталь з нашага спісу, вы імгненна трансфармуеце дзённы макіяж ў вячэрні.

Nina.nn.by

Каментары
Bac'ka Ihara / Адказаць 06.05.2019 / 14:03

Чаму мажлівыя? Правільна ж магчымыя. ?

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура