Праект партала
Навокал
21.04.2019 / 08:43
7 фактаў пра Алену Зяленскую, першую лэдзі Украіны10

Вучылася з Зяленскім у адной школе

Яны хадзілі ў паралельныя класы. Праўда, тады Уладзімір не звярнуў на яе ўвагі: прыхільніц у юнага Зяленскага хапала. Раззнаёміліся ўжо пасля школы, калі выпадкова сутыкнуліся на вуліцы. У Алены ў руках была касета з фільмам «Асноўны інстынкт», і Уладзімір, каб мець нагоду сустрэцца зноў, папрасіў паглядзець.

Фота hochu.ua.

Пасля бландынка ўспамінала, што будучы комік зачапіў яе сваёй інтэлігентнасцю і дасціпнасцю. У яе, дарэчы, на той момант быў бойфрэнд, але дзяўчына аддала перавагу Зяленскаму.

Мама дваіх дзяцей

Замуж за Уладзіміра Алена выйшла толькі праз восем гадоў пасля таго, як яны пачалі сустракацца. Хоць яе бацькі першапачаткова былі супраць іх саюзу: лічылі Зяленскага несур’ёзным і сумняваліся, што ён зможа забяспечыць сям’ю.

Цяпер у пары двое дзяцей: 14-гадовая дачка Аляксандра і 5-гадовы сын Кірыл. Саша любіць займацца музыкай і ўжо паспела засвяціцца на тэлебачанні — паўдзельнічала ў шоу «Рассмяшы коміка», дзе яе тата сядзіць у журы.

Піша сцэнарыі для «Студыі квартал-95»

Алена скончыла Крыварожскі тэхнічны ўніверсітэт. Атрымала чырвоны дыплом і прафесію архітэктара. Але па спецыяльнасці працаваць не стала — далучылася да творчай каманды «Студыі квартал-95». Алена, дарэчы, прапісвала персанажа Зяленскага ў серыяле «Слуга народу».

Была супраць, каб муж ішоў у прэзідэнты

Алена разумее, што, калі Уладзімір стане першай асобай у краіне, гэта цалкам зменіць жыццё іх сям’і. Таму не падтрымлівала ідэю балатавацца ў прэзідэнты. Хоць пасля выхаду серыяла «Слуга народу» каментатары раз-пораз пісалі, што Уладзіміру варта было б паспрабавацца на гэтую пасаду.

Цяпер жонка коміка ўжо змірылася з сітуацыяй і стараецца падтрымліваць Уладзіміра, у якога і так хапае хэйтэраў. У інтэрв’ю Алена казала, што, калі муж стане кіраўніком краіны, не будзе ўмешвацца ў яго работу.

Дачка Саша таксама не ў захапленні ад магчымага прэзідэнцтва таты. Не хоча, каб ён рабіўся падобным да тых палітыкаў, якіх яна бачыць па тэлевізары.

Не любіць публічнасці

Жонка Зяленскага не актыўнічае ў сацыяльных сетках. А пасля скандалу з-за допісу ў фэйсбуку ад 2014 года, праз які Алену ўнеслі ў базу дадзеных сайта «Міратворац» як ворага ўкраінскай дзяржавы, яна наогул заявіла, што можа сысці з сацсетак.

«Магчыма, гэтым пастом я і развітаюся з фэйсбукам. Са сваімі рэальнымі сябрамі я змагу мець зносіны і ў рэале. А ўсе астатнія… прабачце, але стамілася!» — напісала Зяленская ў сваім профілі.

Фота iod.media.

Мае ўплыў на мужа

Сама Алена кажа, што галоўны ў сям’і — Уладзімір. Але ён у інтэрв’ю не аднойчы адзначаў, што яму важна меркаванне жонкі. Зяленскі часам нават не кліча яе на прэм’еры фільмаў са сваім удзелам — каб не засмучацца з-за крытыкі.

Валодае нерухомасцю ў Кіеве і Крыме

На Зяленскую аформлены кватэры ў Кіеве і Лівадзіі (Крым) — плошчай 284 кв.м. і 129,8 кв.м. адпаведна. Плюс ва ўкраінскай сталіцы яна сумесна з Сяргеем Шэфірам валодае нежылым памяшканнем на 305,9 «квадрата». А яшчэ разам з мужам з’яўляецца бенефіцыярам у кампаніях «Студыя квартал-95», Aldorante Limited, Film Heritage inc, San Tommaso S.R.L.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура