Праект партала
Накіпела
18.04.2019 / 13:47
У мінскім садку стварылі ўзорную беларускамоўную групу — не абышлося без скандалу6

Днямі «Наша Ніва» пісала, што ў мінскім садку №210 на вуліцы Каліноўскага адкрыецца новая беларускамоўная група. Працаваць яна пачне ад верасня і будзе разлічана на дзяцей рознага ўзросту. Пасля гэтага ў рэдакцыю звярнулася некалькі бацькоў, чые дзеці наведваюць той самы садок. Мамы перажываюць, што ўжо існуючую беларускамоўную групу могуць распусціць, бо, па іх словах, каб запусціць новую, хочуць забраць іх педагогаў і памяшканне.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Сяргея Гудзіліна.

У цяперашнюю беларускамоўную групу садка ходзіць больш за 20 дзяцей. Сярод іх — дачка Настассі Сарокі.

«Месяц таму нас паставілі перад фактам, — дзеліцца мама. — Прыйшла загадчыца, сабрала сход і сказала, што трэба ў загадным парадку арганізаваць групу беларускамоўных дзяцей.

І было прынята рашэнне, што ім аддадуць нашу групу, прыгожа аформленую ў этнічным стылі, а нашы дзеці перайдуць у іншую, з іншымі педагогамі.

Мы запыталіся: калі ёсць пустая група, чаму на яе базе не стварыць гэта ўсё?

Адміністрацыя адказала, што тыя выкладчыкі валодаюць беларускай мовай не на належным узроўні і не змогуць задаволіць патрэбы тых малых, бо іх бацькі размаўляюць па-беларуску дома. А ў нас многія бацькі размаўляюць па-руску».

Настасся Сарока абурана такім падыходам: яе дачка ходзіць у групу не для птушачкі. Мама рада, што першыя словы дзіцяці былі па-беларуску. Са свайго боку яна таксама стараецца вучыць з малой мову — чытаюць кніжкі, слухаюць запісы ў машыне.

Настасся з іншымі бацькамі прапаноўвала за свой кошт аформіць памяшканне для новай групы, адправіць, калі трэба, выхавацеляў на дадатковыя курсы. Але, кажа, адміністрацыя садка не прыняла гэтыя варыянты.

«Як яны сцвярджаюць, наша група застанецца беларускамоўнай, але будзе ў іншым памяшканні, з іншымі выкладчыкамі, якія валодаюць беларускай мовай не так добра. Але для нашых дзяцей гэта будзе балюча, бо яны прывыклі да сваіх педагогаў, ім зноў давядзецца праходзіць адаптацыю, — хвалюецца мама. — Мае бацькі не надавалі беларускай мове належнай увагі, я хачу гэта выправіць са сваім дзіцем, а атрымліваецца, што не магу».

Жанчына дадае, што чула пра праблему з кадрамі. Загадчыца казала ёй, што вакансіі вісяць з верасня, але ахвотных працаваць няма.

Свята «Гуканне вясны» ў садку. Фота ddu210.minsk.edu.by.

Трохгадовы сын Хрысціны Усенка таксама ходзіць у гэту групу. Кажа, малы вельмі любіць сад і сваіх выхавацеляў, з задавальненнем бяжыць туды. Мама ўспамінае, што трапіць у групу было няпроста, бо ахвотных набралася шмат.

Чаму яна аддала сына на навучанне па-беларуску?

«Ну, па-першае, мы жывем у Беларусі. Я вучылася ў беларускамоўнай школе, разумею матэматыку, геаграфію толькі на беларускай мове. Лічу, мову трэба ведаць, бо для мяне дзіка, калі чалавек не разумее, што напісана па-беларуску.

Па-другое, у нас беларускамоўная гімназія па месцы жыхарства, куды мой сын потым пойдзе вучыцца. Я хачу, каб для яго пераход у першы клас не быў стрэсам, каб ён усё разумеў», — адказвае яна.

Хрысціна заўважае: яны толькі «за», каб у садку запрацавала яшчэ адна група на беларускай мове. Але перакананая, што гэта не павінна адбівацца на якасці адукацыі астатніх дзяцей.

«Канкрэтных выхавацеляў мы не прасілі»

Як аказалася, ініцыятыўныя бацькі, што дабіваліся стварэння новай групы, канкрэтных выхавацеляў ці садок не прасілі.

«Настойвалі толькі, каб прадаставілі педагогаў, якія ўвесь час будуць размаўляць па-беларуску, — кажа Вольга Кавальчук. — Гэта была адзіная ўмова, бо нашы дзеці чуюць мову ад нараджэння. Мы абышлі шмат устаноў, бачылі сітуацыю. Часта педагог вядзе па-беларуску толькі два-тры заняткі на тыдзень, а ўвесь астатні час — па-руску».

Вольга дзеліцца, што заяву ад імя 20 бацькоў на адкрыццё такой групы яны падавалі яшчэ ў сакавіку мінулага года. Але тады ім адмовілі.

«А пра праблему з педагогамі нам кажуць кожны раз, калі прыходзім ва ўстановы адукацыі. Кажуць, але нічога не робяць», — дадае яна.

Упраўленне адукацыі: педагогі самі вырашаюць, дзе працаваць

Ва ўпраўленні адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска тлумачаць: існуюць пэўныя правілы і тэрміны арганізацыі навучальнага працэсу, якіх трэба прытрымлівацца. Калі летась у канцы сакавіка ініцыятыўныя бацькі звярнуліся з просьбай адкрыць новую беларускамоўную групу, сетка ўжо была спланавана. Выкажы яны сваё жаданне ў лютым — змены б унеслі.

«Бацькам было растлумачана, што група будзе існаваць, але ў 2019-2020 навучальным годзе. Яны гэта ведалі яшчэ вясной 2018 года», — каментуе начальнік упраўлення Людміла Барысенка.

Па яе словах, зараз ідзе арганізацыя групы. Абмяркоўваліся розныя варыянты, у тым ліку запусціць новую групу на базе існуючай. Але большасць бацькоў выказалася супраць, таму гэты варыянт далей не прапрацоўвалі.

Існуючая беларускамоўная група застанецца ў тым жа памяшканні.

«Што тычыцца педагогаў, то яны вольныя людзі і самі вырашаюць, дзе працаваць», — дадае Людміла Барысенка.

Яна запэўнівае, што да 1 верасня камфортныя ўмовы будуць створаны з улікам інтарэсаў усіх дзяцей і бацькоў.

Цяпер у садках Першамайскага раёна сталіцы працуе 51 беларускамоўная група.

***

Важная інфармацыя для бацькоў: каб дзіця трапіла ў новую беларускамоўную групу, яно павінна быць унесена ў банк дадзеных тых, хто мае патрэбу ў дашкольнай адукацыі (пастанова Міністэрства адукацыі ад 16 жніўня 2011 года №234). Накіраванні выдаюцца зыходзячы з даты пастаноўкі на ўлік.

Паколькі група рознаўзроставая, то ў яе прымуць малечу з 3 да 7 гадоў. Глядзець будуць на тое, колькі дзіцяці споўнілася на 1 верасня.

НЛ

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура