Праект партала
Стасункі
15.04.2019 / 11:43
«Мужчына, якога сёння ганьбім, — учарашні недалюблены хлопчык». Псіхолаг — пра хатніх тыранаў, іх мам і жонак4

«СМІ любяць паказваць рафініраваныя вобразы жудасных мужчын і бедных жанчын. Насамрэч, часцей усё змешана. А бывае, сітуацыі аказваюцца кардынальна супрацьлеглымі», — кажа псіхолаг Раман Кручкоў. Ён адзін з двух спецыялістаў у Беларусі, што працуюць з хатнімі агрэсарамі і вучаць іх не ўжываць гвалт. Мы пагаварылі з экспертам пра тое, ці рэальна выправіць тырана, што не так робяць мамы-адзіночкі, чаму ахвяры застаюцца ў адносінах і як так сталася, што гвалт для нас — прымальная з’ява (і справа тут зусім не ў менталітэце).

Рабочы, афіцэр, бізнэсмен… І нават святар

Карэкцыйная праграма для мужчын-агрэсараў працуе ў нашай краіне з 2015 года. За гэты час яе паспяхова прайшлі каля 50 чалавек. Колькі спрабавалі змяніць сябе, але саскочылі? «Нашмат больш, вядома, — адказвае псіхолаг. — Не вёў такую статыстыку. У мяне, бывае, за тыдзень чалавек 5—6 толькі па накіраванні з міліцыі прыходзіць».

Псіхолаг Раман Кручкоў.

Сярэднестатыстычны партрэт агрэсара вывесці амаль немагчыма. У гэтых мужчын розны ўзровень адукацыі і розныя прафесіі — рабочы, афіцэр, бізнэсмен, адвакат, артыст, праграміст… Быў нават святар.

Большасць агрэсараў звяртаюцца да псіхолага добраахвотна, хоць у гэта і складана паверыць.

— Спачатку прыходзілі ў складзе пар і праблему агучвалі іх жонкі ці сяброўкі. Цяпер, дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, таму, што больш сталі пра гэта гаварыць, самі мужчыны звяртаюцца і кажуць: так, у мяне праблема. Тэма хатняга гвалту стала «моднай». А людзі — істоты канформныя. Стараюцца ўсяму адпавядаць, з аднаго боку. З іншага — блізкія, у адносінах да якіх ужываюць гвалт, не пагаджаюцца з сітуацыяй і супрацьдзейнічаюць, — дзеліцца Раман Кручкоў.

Сацыяльная рэклама ад швейцарскай арганізацыі Frauenzentrale Zürich. Слоган: «Калі ваш парнёр аказаўся тыранам».

Карэкцыйная праграма для мужчын заснавана на амерыканскай Дулуцкай мадэлі. Разлічана яна на паўгода: 10 сесій індывідуальнай работы і да 20 — групавой. Асноўная задача — знізіць рызыкі ўжывання гвалту і не дапусціць эскалацыі.

— Нават калі чалавек адмаўляе гвалт, удзел у групе дазваляе яму пракрысе мяняць сваю карціну свету. Паходы да псіхолага для любога агрэсара — сур’ёзны стрэсавы момант. Чаму? Бо чалавек гадоў 40 жыў з аднымі перакананнямі, а тут яму за паўгода прапануюць кардынальна іх памяняць. Я стараюся стварыць добразычлівую атмасферу, абстаноўку прыняцця. Задача не стаіць у тым, каб паставіць чалавека ў сітуацыю «папаўся, сукін сын, цяпер мы цябе лячыць будзем».

Па словах эксперта, на другім месяцы тэрапіі фізічны гвалт у асноўным ўжо ніхто не ўжывае. Бываюць зрывы, але ўсё радзей і радзей. Калі абапірацца на амерыканскі досвед, то 75% з тых, хто закончыў курс, выпраўляюцца.

У ЗША, дарэчы, у адрозненне ад Беларусі, карэкцыйная праграма платная: мінімум 20 даляраў за сесію. Калі агрэсар беспрацоўны, яго прыцягваюць да грамадскіх работ. Раман Кручкоў лічыць такі падыход правільным:

— Ідэя любой псіхатэрапіі: дарма працаваць — працаваць дарма. Калі ты не бярэш грошай, не толькі сам не цэніш сваю працу, але і твой кліент яе не паважае.

«Мужчына лідзіруе ў фізічным гвалце, жанчына — у псіха-эмацыйным»

Чаму мужчыны пачынаюць выкарыстоўваць гвалт? Гэта мае сур’ёзныя гістарычныя карані, адказвае эксперт. Плюс такая стратэгія паводзінаў выгадная: можна вырашыць пытанне хутка і не трэба доўга і нудна нешта тлумачыць. Што да аргумента «яна мяне давяла», то гэта апраўданне, якое дазваляе сысці ад адказнасці і не мяняць свае паводзіны.

— Але, заўважу, гвалт ужываюць усе, толькі па-рознаму: калі мужчына з вялікім адрывам лідзіруе ў фізічным гвалце з цяжкімі наступствамі, то жанчына — у псіха-эмацыйным.

— Напрыклад?

— Калі жанчыны абясцэньваюць партнёраў, прыніжаюць, прымушаюць саромецца. Папракаюць (напрыклад: «Ты мала зарабляеш»), сістэмна параўноўваюць з іншымі. Сёння якраз раніцай пара была, у якой перадразводная сітуацыя па такім сцэнарыі. Псіха-эмацыйны гвалт — гэта і маніпуліраванне, і спробы ўплываць праз дзіця. Такія рэчы адбываюцца незаўважна, мы ў гэтым жывем. Гвалт можа ўжывацца ў адносінах да дзіцяці з боку маці. І самае жудаснае, што мы ўсё яшчэ лічым яго нормай, варыянтам выхавання.

— Жанчыны вам вераць, калі кажаце, што яны таксама агрэсары?

— Па-першае, да псіхолога практычна не звяртаюцца людзі, якія не прызнаюць сваіх праблем. Выключэнне хіба што выпадкі, калі мужчына прыйшоў са сваёй партнёркай, каб пракантраляваць і не даць ёй збалбатнуць чаго лішняга. Па-другое, спрабую знайсці неякія словы, больш карэктна выказацца, каб жанчына не сышла ў адмаўленне і наогул не кінула тэрапію. Калі працуеш з гэтай тэмай, эмацыйна злівацца з некім, займацца выратаваннем — непрафесійна. Ёсць пэўныя межы. Задача спецыяліста — дапамагчы людзям пазбавіцца ад гвалту, які яны практыкуюць, паказаць канструктыўныя шляхі. Зразумела, калі гэта «выпуклыя» сітуацыі, бачна, што агрэсар — ён, а яна не разумее, што яе жыццё пад пагрозай, мы падключаем сацыяльныя органы і міліцыю. Але часцей усё даволі заблытана. Таму даводзіцца быць для ўсіх крыху дрэнным.

Сацыяльная рэклама бразільскай праграмы дапамогі Disque Denúncia.

Псіхолаг прыводзіць прыклад: жанчына сцвярджае, што муж кідаецца на яе і зневажае. А потым аказваецца, што мужчына не вельмі актыўны ў сям’і, але адчайна супраціўляецца імкненню сваёй партнёркі цалкам падавіць яго волю. А яна маніпулюе ім, каб узяць пад большы кантроль. Такім чынам адбываецца канфлікт, а не гвалт, як яна сцвярджае.

— Я стараюся данесці, што ніколі не бывае чорнага і белага. Той мужчына, каго мы сёння ганьбім, — гэта вельмі часта ўчарашні хлопчык, якога не любілі, на якога ўсім было напляваць. Па статыстыцы, фактычна ўсе мужчыны, што прайшлі праз праграму, — з дысфункцыянальных сем’яў. Не абавязкова пітушчых — часта гэта сем’і без бацькі, з парушанымі ролямі, без адэкватнай мадэлі.

І тут мы ступаем на слізкую дарожку: аказваецца, мама вырасціла агрэсара. «Не, такога не можа быць», — упэўнена грамадства. Але вось, напрыклад, сітуацыя, калі дзіця моцна нагадвае жанчыне былога мужа і яна праецыруе на яго свае раздражненне, гнеў, пастаянна папракае: «У цябе такая ж морда, ты той жа масці». Застацца цэльным, здаровым чалавекам, пагадзіцеся, вельмі цяжка.

Не імкнуся перавярнуць з ног на галаву грамадскую думку, сітуацыі бываюць розныя. Адказнасць за гвалт павінен несці чалавек, які яго ўчыніў, без паправак на цяжкае дзяцінства. Але толькі цяпер мы пачалі не проста караць агрэсараў, але і прапаноўваць ім прайсці карэкцыйную праграму і заняць месца сярод нас.

«Зламаць нос за здраду для некаторых цалкам дапушчальна»

Працаваць над сабой павінны не толькі гвалтаўнікі, але і ахвяры. І вось чаму.

— Пераважная большасць з іх застаецца ў адносінах з агрэсарамі. Мужчына мае магчымасць разабрацца ў сабе за кошт праходжання праграмы, але ён набывае і спецыяльныя псіхалагічныя веды, што робіць яго больш моцным і эфектыўным, — тлумачыць Раман Кручкоў. — Тэрапія для ахвяр — гэта адукацыйны момант, які дазваляе жачыне зразумець: а што яна ўласна забыла ў гэтых адносінах? Што яна атрымлівае ад іх? Хоць многія кажуць: не, у нас проста кватэра агульная, няма куды з’язджаць. Ахвяр вучаць браць адказнасць за сваё жыццё.

«Чаму не сыходзяць?» — самае частае пытанне, якое гучыць, калі размова заходзіць пра жанчын, што церпяць хатні гвалт. Псіхолаг кажа, што прычын шмат: і каханне, і сузалежнасць.

Бывае, жанчына грае ролю крыжаносца і выратавальніцы, з’яўляецца мамай для ўласнага шалапутнага мужа (і яна не хоча, каб ён выпраўляўся). Спадарыні з вышэйшай адукацыяй, напрыклад, да гэтага больш схільныя.

Просім эксперта даць парады, як вылічыць агрэсара. Адзін з момантаў — сям’я паходжання: або мужчына не дае ніякай інфармацыі пра яе і сам не падтрымлівае адносіны з роднымі, або ў сям’і гвалт ужываўся, але ў 99% выпадках гэтага саромеюцца і хаваюць. Падазрона, калі ў партнёра дастаткова вузкае кола зносін ці ён пра сваіх сяброў адгукаецца пераважна негатыўна. У агрэсараў звычайна знешні локус кантролю: у тым, што здараецца з імі, вінатыя ўсе, але толькі не яны. Плюс ім уласцівыя такія характарыстыкі, як імпульсіўны характар, хуткая змена настрою, схільнасць да падману.

Трывожны сігнал — гвалт не ў адных адносінах.

— Адна жанчына мне расказвала, як яе муж, яшчэ да шлюбу, падзяліўся гісторыяй, што сустракаўся з дзяўчынай і потым зламаў ёй нос.

— І яе не насцярожыла?

— Не. Я тое ж самае спытаў. Яна сказала: «Ну, яна яму здрадзіла». То бок у яе сістэме каштоўнасцяў гэта было цалкам дапушчальна.

«Загадчыца дзіцячага садка — самы моцны чыноўнік»

— Я не абараняю мужчын-агрэсараў: у мяне такой мэты наогул ніколі не было, — заўважае Раман Кручкоў у адказ на пытанне, ці не крытыкуюць яго за такую пазіцыю жаночыя арганізацыі. — Мы супрацоўнiчаем. Тут размова пра тое, каб глядзець на праблему больш шырока і глыбока. Гвалт — гэта цалкам прымальная сацыяльная з’ява, бо мы жывём у сітуацыі, калі сістэматычна зведваем яго на сабе — з боку дзяржавы, іншых груп людзей, якія валодаюць пэўнымі паўнамоцтвамі і г.д.

«Гвалт у адносінах да жанчын пераўтвараецца ва ўсеагульны спорт», — кажа сацыяльныя рэклама ад Amnesty International.

Дарэчы, у канцэпцыі закона супраць хатняга гвалту, якую раскрытыкаваў прэзідэнт, карэкцыйную праграму для агрэсараў збіраліся зрабіць абавязковай: суды змаглі б прымусова накіроўваць мужчын на тэрапію. Эксперт мяркуе, што гэта дало б эфект: увесь цывілізаваны свет мае станоўчы досвед.

Пакуль што гвалтаўнікоў да псіхолага адпраўляе міліцыя (яны прысылаюць для прафілактычнай гутаркі людзей з судзімасцю), установы адукацыі, паліклінікі, грамадскія арганізацыі.

— Загадчыца дзіцячага садка — самы моцны чыноўнік насамрэч, бо яна можа пастаівіць сям’ю на ўлік як сацыяльна небяспечную. Многіх гэта прымушае задумацца. А калі я размаўляў з суддзямі яшчэ ў 2015 годзе, казаў, што яны маглі б рэкамендаваць праходжанне праграмы, мяне замілавала рэакцыі адной з іх: «А раптам агрэсары на мяне паскардзяцца?». Цяпер карэкцыйнай праграмы няма ў прававым полі, а з законам была б.

Наталля Лубнеўская

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура