Праект партала
Дома
06.04.2019 / 11:48
Рэцэпт французскіх пірожных, якія імгненна знікнуць з талеркі12

Магу шчыра назваць пірожныя шу сваімі самымі любімымі — тут і хрусткі верхні слой, і мяккае заварное цеста. Плюс вы зможаце дадаць у шу любы ваш улюбёны крэм: заварны, тварожны, вяршковы. Такія пірожныя вельмі зручна падаваць гасцям, але будзьце гатовыя, што яны адразу знікнуць з талеркі.

З французскай мовы choux перакладаецца як «капуста», і, што цікава, пірожныя атрымалі сваю назву не ад капусты, а ад стравы з бульбай, якая формай была падобная на маленькі качан.

Спачатку зробім хрусткі слой — кракелін.

Нам спатрэбіцца:

  • 25 гр. цукру
  • 25 гр. мукі
  • 20 гр. масла
  • кропля фарбавальніку (можна без яго, тады кракелін будзе проста белым).

Для кракеліну бяром вельмі халоднае масла — яго трэба нарэзаць дробнымі кубікамі. Муку і цукар змешваем, дадаём масла і замешваем цеста. Напрыканцы дадаём фарбавальнік і перамешваем так, каб колер быў роўны.

Раскатваем цеста паміж двума лістамі пергаменту, каб таўшчыня кракеліну была прыкладна 1—2 мм. Кладзём цеста з пергаментам у лядоўню.

На заварное цеста:

  • 125 гр. малака
  • 125 гр. вады
  • 110 гр. масла
  • 150 гр. мукі
  • 5 гр. солі
  • 5 гр. цукру
  • 4—5 яек.

У сатэйнік наліваем малако з вадой, дадаём кавалачкі масла, цукар і соль. Ставім на агонь і чакаем, пакуль усё масла растане. Прыбіраем сатэйнік з агню і дадаём муку. Добра перамешваем і зноў ставім на сярэдні агонь, на хвілінкі дзве. Увесь час перамешваем масу: яна павінна скачацца ў шар. Здымаем з агню і зусім крыху даём астыць.

4 яйкі ўзбіваем і дадаём патроху да цеста, кожны раз добра перамешваючы. Глядзім на кансістэнцыю: цеста павінна сцякаць з лапаткі стужкай. Калі яно яшчэ даволі тугое, то дадаём пятае яйка, але вельмі акуратна, ледзьве не па кроплях. Знайсці яшчэ парады па гатаванні заварнога цеста можна тут.

Процівень змазваем алеем (ці выкарыстоўваем антыпрыгарны дыванок). Гатовае заварное цеста перакладаем у кандытарскі мяшок. Адсаджваем на пергамент кружочкі цеста (дыяметрам прыкладна 4—5 см).

Кракелін дастаём з лядоўні, формачкай выразаем кругі і кладзём паверх заварнога цеста. Дыяметр кружка кракеліну робім трошкі меншым за дыяметр заварнога цеста.

Выпякаем 15 хвілін пры 180—200 градусах.

На крэм:

  • 340 гр. крэм-чызу
  • 114 гр. масла
  • 100 гр. цукровай пудры
  • 1 ч.л. ванільнага экстракту

Для таго, каб крэм добра змяшаўся, нам спатрэбіцца вельмі халодны крэм-чыз і вельмі мяккае масла (пакіньце яго на некалькі гадзін пры пакаёвай тэмпературы).

Змешваем крэм-чыз, масла, цукровую пудру і ванільны экстракт і ўзбіваем міксерам на сярэдняй хуткасці хвілін 5 — крэм павінен трымаць форму.

Запаўняем крэмам кандытарскі мяшок з даўгой насадкай для эклераў і начыняем пірожныя, робячы дзірачку ці знізу, ці збоку. Яшчэ можна зрэзаць верх пірожнага і начыніць яго.

Смачна есці!

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

Каментары
Жвір / Адказаць 06.04.2019 / 11:54

О, не...

12
Жвір / Адказаць 06.04.2019 / 14:06

А рука на фотцы - мужчынская ... У жанчын таких рук не бывае.

10
Жора / Адказаць 06.04.2019 / 16:55

Похожи на грибы пшиколки

3
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура