Праект партала
Густ
21.03.2019 / 14:46
Як утрымацца ад лішніх трат падчас шопінгу? Топ-10 карысных парадаў4

Ці задумваліся вы, якія глабальныя праблемы стаяць за чарговай пакупкай новай сукеначкі або дзясятай парай джынсаў? 

«Вашынгтон пост» яшчэ два гады таму апублікаваў дадзеныя, што індустрыя моды займае другое месца па забруджванні навакольнага асяроддзя, саступаючы толькі здабычы нафты. Вытворчасць адзення забруджвае рэкі, паветра і глебу планеты небяспечнымі фарбавальнікамі і пестыцыдамі, якія выкарыстоўваюцца для вырошчвання бавоўны, лёну і іншых культур. Штучныя тканіны і матэрыялы, якія паўсюдна выкарыстоўваюцца ў адзенні, гніюць да 500 гадоў. 

Да таго ж жарт, што таннае адзенне шыюць у цёмных падвалах у Кітаі, далёка не жарт. Мізэрная аплата працы, выкарыстанне дзяцей у якасці таннай працоўнай сілы, парушэнне працоўных правоў і правоў чалавека — толькі некаторыя з наступстваў залішняга спажывання. 

Эканомія — не галоўная прычына адмовіцца ад непатрэбных рэчаў. Купляючы менш, вы клапоціцеся аб экалогіі, зніжаеце попыт на адзенне з мас-маркетаў і выказваеце пратэст індустрыі масавага спажывання. Ніжэй мы сабралі 10 парадаў, якія дапамогуць падыходзіць да пакупак больш усвядомлена. 

1. Перад тым, як купляць рэчы, пазбаўцеся ад непатрэбных 

Вясна — цудоўная нагода разабраць свой гардэроб. Дастаньце з шафы ўсе рэчы і раздзяліце іх на тыя, што носіце рэгулярна, і тыя, што не даставалі з мінулага года. Ад рэчаў з другой кучы можаце смела адмаўляцца. Паспрабуйце прадаць/раздаць іх сваім сяброўкам, прапануйце на розных барахолках. Можна аддаць рэчы ў сацыяльныя ўстановы. 

2. Расстаўце прыярытэты 

Перад шопінгам складзіце спіс неабходных пакупак — гэта зэканоміць не толькі грошы, але і час. Загадзя вызначце суму, якую вы гатовыя выдаткаваць. Калі бюджэт абмежаваны, засяродзьцеся толькі на самых неабходных рэчах. Іншымі словамі, калі вы ідзяце па новыя красоўкі, не заходзьце ў крамы, дзе прадаюць сумкі. Вы зэканоміце і час, грошы, і нервы, якія істотна папсуюцца, калі вы ўсвядоміце, што зноў купілі яшчэ адну не настолькі патрэбную вам рэч. 

3. Не пагаджайцеся на кампрамісы з самой сабой 

Калі рэч выклікае якія-небудзь сумневы, не купляйце яе. Не пагаджайцеся на тое, што «схуднееце», «што калі не зашпіляць гузік, то нічога не тырчыць, «што гэты колер амаль падобны на той, які хацелася».

Купляйце толькі тое, пра што вы з упэўненасцю можаце сказаць: «Так, гэта менавіта тое, што я шукала».

Вы павінны закахацца ў новую рэч, у думках спалучаць яе з большай часткай свайго гардэроба, планаваць, куды ў ёй пайсці і з чым апрануць. 

4. Не спяшаецеся прымаць рашэнні

Дзейсны спосаб не паддавацца імпульсіўным пакупкам — падумаць хаця б да заўтра. У магазіне вам будзе здавацца, што гэта тая сама рэч, якую вы шукалі ўсё жыццё. Але адвесце яе і паразважайце над пакупкай да заўтра. Калі на раніцу гэтае адчуванне не пройдзе, смела ідзіце і купляйце. І памятайце выраз: «Ваша рэч вас дачакаецца». А не — значыць, і не трэба было, гэта ўсяго адзенне.

5. Купляйце тое, што вам пасуе, а не тое, што ў трэндзе

Трэндавыя рэчы могуць класна глядзецца ў інстаграме, але не ў жыцці. Вы — непаўторная. Таму не трэба гнацца за тым, «як у іншых», бо рызыкуеце разам з рэчамі са свайго гардэробу трапіць у падборку самых недарэчных убораў. Вы сапраўды так хацелі мець у гардэробе летнія боты і леапардавыя ласіны?

6. Акцыі і распродаж — вам не сябар

Нізкія цэны заўсёды спакушаюць купіць лішняе, тое, што ў жыцці не купілі б, каб гэта каштавала нармальных грошай. Ну і задайце сабе пытанне: «Я б купіла гэта ці абышлася?»

Тое самае датычыцца і акцый. Хіба зніжка ў 30% — гэта многа? А акцыя «купі тры па цане трох»? Няўжо вам патрэбныя тры амаль аднолькавыя цішоткі?

7. Купляйце якасныя рэчы

Якаснае адзенне з натуральных матэрыялаў хай і каштуе даражэй, але ў выніку цалкам апраўдвае сваю цану. Вы будзеце насіць рэч доўга і з задавальненнем. Туфлі не разваляцца ад першага дажджу, а швэдар не расцягнецца пасля першага мыцця.

8.Купляйце з перспектывай

Пытанні, якія варта задаваць сабе перад кожнай пакупкай: ці будзеце вы насіць гэтую рэч праз два гады? Ці спалучаецца яна з вашым гардэробам? Калі яшчэ ў прымерачнай вы не ведаеце, з чым будзеце насіць новую рэч, лепш яе адкласці.

Самы практычны гардэроб — капсульны, у якім усе паміж сабой спалучаецца.

Калі купляеце верхняе адзенне, сумкі і абутак, заўсёды пытайцеся сябе, ці гатовыя вы насіць іх кожны дзень. Гэтыя рэчы — базавыя, і яны павінны максімальна падыходзіць да ўсяго.

9. Адзенне не абавязкова купляць

Асабліва гэта датычыцца рэчаў, якія вы збіраеце купіць для нейкай адмысловай падзеі. Памятайце, што ёсць пракат вячэрніх убораў, а таксама ёсць сяброўкі, якія не дадуць у гразь ляснуцца на важным мерапрыемстве і, канечне ж, падзеляцца з вамі сваёй сукенкай.

10. Задавайце сабе філасофскія пытанні

Пытанне, якое вы можаце сабе задаць: «Ці змагу я пражыць без гэтай рэчы?»

Амаль у 100% выпадкаў адказ будзе: «Так». А калі так, то лепш падумаць, на што больш карыснае можна патраціць свае грошы.

 

Наталля Тур паводле thedevochki.com, фота vk.com 

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура