Праект партала
Тонус
25.02.2019 / 18:20
Як перастаць заядаць сорам, страх і крыўду? Разбіраемся са спецыялістам, як на вагу ўплывае наш душэўны стан

Вы калі-небудзь заўважалі ў сваёй трэнажорнай зале або секцыі такіх людзей, якія быццам бы ходзяць туды спраўна, але прапорцыі іх не мяняюцца, ці, можа, у вас ёсць знаёмая ці знаёмы з лішняй вагой, якія вечна сядзяць на дыетах і пры вас ядуць толькі салаты, але вага іх так і не сыходзіць. А можа, вы самі даўно хочаце прыйсці ў форму, але чамусьці гэта не атрымліваецца. На ўсе гэтыя пытанні адказала практыкуючы псіхолаг Алена Новікава.

З кім маем справу?

Алена Новікава — выпускніца інстытута псіхалогіі БДПУ імя. Максіма Танка, практыкуючы псіхолаг, тренерка энеаграмы ICTA, коўч, арт-тэрапеўтка, вядоўца трэнінгаў і дынамічных груп.

Алена Новікава.

«Ніна»: Псіхатэрапія можа дапамагчы чалавеку схуднець, незалежна ад таго, займаецца ён спортам ці не?

Алена Новікава: Часта бывае так, што для чалавека цела — гэта асобны інструмент, які трэба ляпіць, мяняць, мучыць, але цела не ёсць частка Я.

У ходзе псіхатэрапіі мы ўсталёўваем і вызначаем сувязь паміж целам і свядомасцю, на што заняткаў спортам не заўсёды дастаткова. Псіхатэрапія дапамагае зразумець, што такое цела, які яго вобраз, аднаўляе ўспаміны ці асацыяцыі, звязаныя з ім. Напрыклад: цела — гэта «прыемна», «карысна», «замінае», «сорамна» або зусім «асобна».

У выпадках, калі гэтай сувязі няма, чалавек працуе над целам як з нежывым кавалкам мяса. Нешта з ім рабіць проста таму, што так трэба ці хтосьці сказаў, але сам ён не асабліва бачыць розніцу паміж піць, есці, спаць, працаваць, не адрознівае сігналы аб патрэбах.

Калі няма сувязі паміж свядомасцю і целам, чалавек можа трэніравацца насуперак асабістаму адчуваню стомленасці і паўтараць гэта з разу ў раз, пасля чаго пераядаць. Звычайна ён прымае стомленасць або стрэс за голад ці даводзіць сябе да стану ператрэнераванасці. Таксама спорт не дапамагае працаваць над эмоцыямі або пачуццямі. Гэта значыць, пры дапамозе спорту можна схуднець і прыйсці ў форму, але калі не разабрацца з эмоцыямі, якія выклікалі пераяданне, чалавек будзе перыядычна зрывацца і адкочвацца назад. І так па коле.

«Ніна»: А якія эмоцыі людзі часцей за ўсё заядаюць?

АН: Злосць, крыўду, віну, сорам, агіду і страх.

«Ніна»: Ці правільна я разумею, што ў ідэале трэба, каб усё працавала разам: псіхатэрапія, спорт і харчаванне?

АН: Абсалютна слушна. Сцвярджаць, што псіхатэрапія працуе больш эфектыўна, чым спорт, ці наадварот, нельга. Працуе ўсе разам і кожны пункт аднолькава важны.

На сённяшні дзень адной з асноўных прычын лішняй вагі ў людзей з'яўляецца гіпадынамія (паніжаная рухомасць).

Многія занятыя інтэлектуальнай працай, сядзяць практычна нерухома на працы, з-за чаго адчуваюць рэальны недахоп у руху і часта з-за эмацыйнай перагрузкі, прымаючы яе за фізічную, ідуць пасля працы дадому адпачываць. Наш розум стамляецца, а цела не, вага расце або стаіць на месцы. Яшчэ такі рэжым з'яўляецца частым чыннікам праблем са сном.

Я зноў вяду да таго, што, якія б праблемы не вырашала псіхатэрапія, цягліцам у любым выпадку патрэбен тонус.

Фота: sncmedia.ru.

«Ніна»: Кажуць, што ты — тое, што ты ясі. Скажы, Лена, ці залежыць тып харчавання і выбар прадуктаў ад эмацыйнага стану чалавека?

АН: Наўпрост. Але тут ёсць свае асаблівасці. Людзі дзеляцца на два тыпы «трэба» і «хачу». Першы тып падпарадкоўвае сваё жыццё ў большай ступені матывацыі «трэба», гэта значыць, прытрымліваецца абмежавальнага ладу жыцця і адпаведнага тыпу харчавання. Такія тыпажы схільныя да нейкай найвышэйшай мэты, для дасягнення якой неабходна сябе ва ўсім стрымліваць. Прасцей кажучы, харчавацца «каб», а не «таму што».

Другому тыпу — «хачу», — наадварот, вельмі складана сябе ў чымсьці абмежаваць, нават калі чалавек разумее, што трэба. Гэта тыя людзі, якія схільныя пераядаць, дазваляць сабе «крыху» лішняга ці дзесьці выкручвацца, адказваючы «я ж нічога сабе не дазваляў», перабольшваць рэальнае становішча рэчаў як для сябе, так і для трэнера. У іх галаве лішняе — гэта «нязначная маленькая радасць», у іх зніжаная крытычнасць ўспрымання.

А вось людзі з пазіцыяй «трэба» больш строгія да сабе, яны будуць выканаўчымі. Магчыма, ім будзе лягчэй прытрымлівацца нейкага строгага рэжыму харчавання і трэніровак, але з-за жорсткіх рамак яны больш схільныя да рэзкага і раптоўнага ўсплёску пераядання. Жыццё ідзе па сцэнары: трэніраваўся-трэніраваўся, еў рыс і курыцу, а потым сарваўся і тыдзень еў торты.

Тыя, хто прытрымлівацца «хачу», у гэтым плане жывуць з меншай амплітудай узлётаў і падзенняў, яны пераядаюць перманентна і не ў такіх вялікіх колькасцях за адзін прысест.

«Ніна»: Ці ёсць нейкія падобныя эмацыйныя трыгеры ў людзей, якія пакутуюць ад пераядання, і ў тых, хто змагаецца з анарэксіяй і буліміяй?

ЕН: Тут усё вельмі сітуатыўна, і варта падзяляць людзей, у якіх расстройства харчовых паводзінаў з'явілася яшчэ ў дзяцінстве ці падлеткавым узросце, ад тых, хто пачаў з гэтым жыць у сталым узросце. Зноў жа: адхіленне ў бок пераядання або пазбаўлення ад вагі залежыць ад канкрэтнай сітуацыі і эмоцый, што яе суправаджаюць.

Напрыклад, пры аддаленні бацькоў або аднаго з бацькоў пры разводзе, з-за з'яўлення малодшага члена сям'і ці звышпрацавітасці бацькоў, увогуле, праз недахоп увагі і клопату дзіця можа зрэагаваць наборам вагі, такім чынам спрабуючы замацаваць сваё месца ў сям'і, стаць больш прыкметным.

Адхіленне ў бок анарэксіі будзе характэрна для падлеткаў, якія ўспрымаюць свет праз візуальны складнік. Наглядзеўшыся паблік «40 кілаграмаў і будзь шчаслівай» і іншых прапагандысцкіх штук пра «паспяховы поспех» і ідэальных людзей у інстаграме, падлетак можа дайсці да анарэксіі, такім чынам імкнучыся адпавядаць гэтым стандартам грамадства, знаходзячыся ў пошуках адабрэння звонку, якога не атрымлівае ў сям'і.

Таму кожная сітуацыя ўнікальная, трэба разбірацца індывідуальна, якую канкрэтна праблему чалавек спрабуе вырашыць маніпуляцыямі з вагой.

«Ніна»: Як ты ставішся да папулярных сёння марафонаў пахудання?

ЕН: Вядома, яны адрозніваюцца. Пасля некаторых вельмі інтэнсіўных, накшталт «суперсушка», прыходзіцца людзей яшчэ і лячыць: яны выклікаюць велізарны стрэс, як фізічны, так і эмацыйны.

Але ў цэлым марафоны ў нейкім сэнсе ўплываць на культуру, даючы людзям новую карысную інфармацыю. З іх чалавек можа даведацца пра тыпы харчавання, якія адрозніваюцца ад яго прывычнага, пра сумяшчальнасць прадуктаў, калорыі ці навучыцца адсочваць уласныя звычкі.

Марафоны дапамагаюць заматываваць чалавека, але гэтых двух-трох тыдняў некаторым бывае недастаткова на доўгатэрміновую перспектыву. Пасля заканчэння «забегу» чалавек застаецца сам-насам з сабой і губляе падтрымку звонку. У канчатковым выніку можа вярнуцца назад да сваіх старых звычак. У такім выпадку прыйдзецца альбо пастаянна ўдзельнічаць у марафонах, альбо працаваць над сваім унутраным станам.

Лера Казакевіч

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура