Праект партала
Гісторыі
24.02.2019 / 15:21
Вера, Леанід і Антон: як у Асіповічах жывецца сям'і беларускіх патрыётаў, кожны з якіх мае інваліднасць2

Жыхар Асіповічаў Леанід Мінаў у 1990-ыя быў кіраўніком асіповіцкай суполкі БНФ, не прапускаў ніводнага мітынгу, задаваў нязручныя пытанні Аляксандру Лукашэнку на яго сустрэчы з выбаршчыкамі. Сын Леаніда Антон яшчэ ў дзіцячым садку шакаваў выхавальніцу тым, што заспяваў на занятках песню з «Народнага альбома» «Край, ты мой край».

Цяпер Леанід працуе настаўнікам у школе, выкладае гісторыю, і прызнаецца, што ні разу не здаваў грошы ні на прымусовую падпіску, ні на сяброўскія ўнёскі якой-небудзь арганізацыі.

Сам Леанід — інвалід трэцяй групы. Яго жонка Вера і сын Антон маюць першую групу інваліднасці.

Вера зламала сцягно праз жаночую цікаўнасць

Хутка вясна, любімая пара году Веры Мінавай.

Год таму Вера зламала сцягно і без інваліднага вазка больш рухацца не можа, самастойна выходзіць на вуліцу тым больш.

Вера: «Першы раз я зламала нагу выпадкова, калі ўпала ў кватэры. Пасля здарыўся яшчэ адзін пералом, пасля яшчэ. І ўжо сёмы год я не магу аднавіцца, хаця кожны дзень раблю практыкаванні. Зусім слабая стала».

Леанід: «Прычым другі раз сцягно ты зламала праз сваю цікаўнасць. А ў трэцім я, вядома, вінаваты».

Каб у інвалідным вазку спусціцца ў двор з першага паверха, Вера вымушаная гадзіну чакаць пад дзвярыма сваёй кватэры, пакуль Леанід перахопіць на вуліцы якога-небудзь мінака ці нават двух, каб тыя спусцілі жанчыну з прыступак. Сам Леанід таксама ходзіць з цяжкасцю і без дапамогі справіцца не можа.

«Трэці Верын пералом здарыўся якраз праз тое, што мы доўга не маглі дачакацца, каб хтосьці дапамог мне вывезці Веру з пад’езда. Тады вырашыў спрабаваць сам. У нас быў тэлескапічны пандус, я паклаў яго і стаў спускаць вазок. І раптам адчуў, як вазок выслізгвае ў мяне з рук. Вера з’ехала з прыступак, ударылася аб дзверы, выпала з вазка і зламала нагу», — расказвае ён.

Тры месяцы ў бальніцы на выцяжцы Вера ляжала не рухаючыся. Аперацыю было зрабіць немагчыма, бо, калі Вера ў другі раз зламала сцягно, ёй давялося перажыць аж чатыры аперацыі.

Леанід: «Я ж кажу, усё праз цікаўнасць. І зноў ва ўласнай кватэры. Вера прыйшла на кухню паглядзець, што я купіў у магазіне, стала ў дзвярах. І я бачу, як яна пахіснулася і роўненька так села на пятую кропку і кажа: «Ой, я, здаецца, зламала нагу».

Пазнаёміўся Леанід з Верай яшчэ ў школе. «Яна такая прыгажуня была, як тут не закахацца», — кажа Леанід. 

Пасля нядоўгай прагулкі паўстае тое самая пытанне: як вярнуцца дадому? Ізноў гадзіна чакання пад вокнамі кватэры, калі хтосьці з мінакоў ці суседзяў заўважаць, што жанчыне ў інвалідным крэсле і яе мужу патрэбная дапамога.

«Я кульгаю з дзяцінства, — расказвае Леанід, — прызвычаіўся. Апошнім часам толькі калена моцна баліць. Хачу другую групу па інваліднасці аформіць, пакуль адмаўляюць».

«Пішы распіску, што памрэш, як не прагаласуеш за Пазняка»

Калі Леанід вучыўся на гістфаку БДУ, лёс яго звёў з Зянонам Пазняком:

«Пазнаёміліся мы досыць цікава. Мяне запрасіў да сябе ў госці Юрый Хадыка, намеснік Пазняка. Прыйшоў, сядзелі, гутарылі аб усім і ні аб чым. Размова зайшла пра Беларусь, беларусаў. І раптам у пакой зайшоў Пазняк. Ён чуў усю нашу размову і тут вырашыў уключыцца ў размову і кажа: «Беларусы нават антрапаморфна адрозніваюцца ад рускіх». Я яшчэ падумаў, во як ты разважаеш!»

А пасля сустракаліся не раз. Прыязджаў Зянон Пазняк у Асіповічы, у адзін з прыездаў прызначыў Леаніда Мінава кіраўніком мясцовай філіі БНФ.

«Рознае здаралася, — прыгадвае Леанід. — І з апазіцыйнымі газетамі на вакзале затрымлівалі, і бел-чырвона-белы сцяг адбіралі. І выспяткамі з аўтазака выкідвалі. На адным з Дзён Волі я праходзіў па ходніку паўз ваенных. А ў іх балоны стаяць. Я кульгаю і гавару: «Вы што, людзей атручваць будзеце?» І раптам рукі заламалі, у аўтазак пацягнулі. А ў мяне пакет быў, а з яго дрэўка сцяга тырчала. Міліцыянер пакет выхапіў у мяне з рук, дрэўка аб калена паламаў, сцяг выкінуў. А ў аўтазак набілася нас як селядцоў. Павазілі гадзіны тры, пасля дзверы адчынілі, кожнаму пад азадак далі і адпусцілі».

Успомніў Леанід і гісторыю, як перад выбарамі 1994 годa сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Мы студэнтамі былі, а паўсюль жа па горадзе віселі перадвыбарчыя плакаты, самі ведаеце каго, са словамі: «Беларускаму народу — беларускі лідар». Дык мы на тых плакатах людзі першую літару на «п» замянялі».

«І вось неяк пад плакатам трапілася абвестка, што ў БДУ адбудзецца сустрэча з кандыдатам у прэзідэнты. О, думаю, задам я табе пару пытанняў», — працягвае Леанід.

Леанід Мінаў напісаў на паперцы два пытанні. Лукашэнка казаў пра тое, што трэба аднавіць Савецкі Саюз, таму Леанід напісаў: «Скажыце, калі вы так хочаце адрадзіць СССР, то навошта вам станавіцца прэзідэнтам незалежнай краіны?»

Другое пытанне тычылася таго, чаму Аляксандр Лукашэнка насіў на лацкане пінжака дэпутацкі значок часоў БССР:

«Я спытаўся, чаму вы носіце значок неіснуючай дзяржавы і бравіруеце гэтым. Абедзве запіскі падпісаў друкаванымі літарамі: «Ваш патэнцыйны выбаршчык Мінаў Леанід».

Запісак тады набралася вялікі стос.

«Лукашэнка так адухоўлена зачытваў іх. Нешта там адказваў. Дайшла чарга да маёй запіскі з першым пытаннем. Ён яе зачытаў. Пасля — шварк­ — аб стол і кажа: «Запіска ананімная, на ананімныя пытанні я адказваць не буду». Мяне аж падкінула, — узгадвае Леанід. — Я падняў руку і кажу: «Паважаныя прысутныя, толькі што кандыдат на высокую пасаду вам схлусіў. Гэта маё пытанне, і запіска падпісаная. У гэтым выпадку я яшчэ раз паўтару сваё пытанне». Што тут пачалося! Як ён папёр на мяне! Як стаў крычаць! А я сяджу і думаю: «Дурань! Калі ён зараз мяне ўдарыць, ён жа мяне заб’е. Чаго я палез?»

У 1994 годзе Леанід Мінаў уладкаваўся працаваць паштальёнам.

«Разносіў прэсу, пенсіі па навакольных вёсках, збіраў подпісы за Пазняка. Смешны выпадак быў у адной вёсцы. Там адзін дзед, якому я насіў пенсію, вельмі прасякнуўся ідэямі Пазняка. Кажа мне: «Пакінь ты мне гэты бланк, куды трэба подпісы ставіць». Я пакінуў, прыходжу праз нейкі час, а там тры лісты подпісаў, — смяецца ён. — Пытаю ў яго, як вам удалося сабраць столькі? «Ой, — кажа, — праблема! Я, акрамя подпісаў, яшчэ распіскі браў: «Пішы распіску, кажу, што памрэш, як не прагаласуеш за Пазняка».

Дырэктар школы просіць не прыходзіць на працу, калі ў школе выступае які чыноўнік

Да размовы далучаецца Вера:

«Як жа мы расстроіліся, калі выбары ўсё ж адбыліся. А пазней, ужо пасля другіх выбараў, нават наш маленькі сын Антон ведаў, як яго бацькі ставяцца да гэтага. Быў выпадак, калі выхавацелька ў садку расказала, што Антон сабраў дзяцей ля стала выхавацелькі, на якім стаяў партрэт, і стаў расказваць, што гэта «благі дзядька». Пасля заспяваў песню: «Будзем стаяць непарушна, будзем стаяць непахісна». Выхавацелька вымушаная была прыбраць партрэт».

Сын Веры і Леаніда Антон выхоўваўся патрыётам. 

Цяпер Антон, як і бацька, не прапускае ніводнага Дня Волі. У яго таксама ёсць інваліднасць праз праблемы з цягліцамі.

«А мяне неяк выклікалі да дырэктара школы, — узгадвае Леанід, — вёў я прадмет такі — грамадазнаўства. У канцы года вучні здалі кніжкі ў бібліятэку, а яны ўсе сапсаваныя. Там партрэту прэзідэнта дамалявалі рогі, вушы. Дырэктарка сварылася, што гэта я вінаваты. А чым я вінаваты, што дзецям праўду на ўроках распавядаю?»

Цяпер Леанід выкладае гісторыю ў Восаўскай школе, што непадалёк ад Асіповічаў:

«Ужо пятнаццаць год працую. Вельмі прыемна, што вучні мяне памятаюць. Неяк на прыпынку, дзе я аўтобуса чакаў, крутая машына спынілася. Выпускнік мой пазнаў мяне, падвёз ды яшчэ і півам пачаставаў. Так што добрыя ў мяне адносіны і са школьнікамі, ды і з калегамі. Адзінае, што яны коса на мяне глядзяць, калі ім трэба ўнёскі чарговыя сплачваць. Яны плацяць, а я адразу сказаў, што ні на якія суботнікі і іншыя авантуры грошы здаваць не буду. Ну і выхадны мне дырэктар дае, калі ў школе выступае які чыноўнік, каб я пытанняў нязручных не задаваў».

Мару пра электрапад’ёмнік вазка для жонкі

Сёння, нягледзячы на хваробу, Леанід і Вера маюць шмат планаў і спраў.

«Парадак хачу дома навесці, — кажа Вера, — толькі б сілаў хапіла. Хачу знайсці бюлетэнь з выбараў 1994 года, які забраў бацька Леаніда з выбарчага ўчастка «на памяць». Разабраць фотаздымкі. Але больш за ўсё мару пра тое, каб мець магчымасць выйсці ў двор. Я так люблю вясну. І аж плачу, калі падумаю, што раптам давядзецца глядзець на вясну з акна кватэры».

«Я ўжо шукаў у інтэрнэце, чым дапамагчы жонцы. Знайшоў электрапад’ёмнік. Дык за яго запрасілі 3500 даляраў. Дзе ж такія грошы ўзяць?! І куды звяртацца па дапамогу? Людзі, адкажыце!», — просіць Леанід. Калі маеце што сказаць яму, лістуйце на burnet@tut.by.

 

Наталля Тур, фота аўтаркі і з архіва герояў

Каментары
Алёхна / Адказаць 24.02.2019 / 19:33

Пасціць і галадаць трэба рэгулярна, тады ніякія хваробы не возьмуць. А то на некаторых глядзець дзіўна - выглядае як слон абвіслы з усіх бакоў, а яшчэ скардзіцца што хварэе...

45
Свободный / Адказаць 25.02.2019 / 13:14

Алёхна, это что за бред?... по вашему отечные люди здоровы как Геракл? Читайте научную авторитетную литературу тогда будет не стыдно за себя.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура