Праект партала
Тонус
10.02.2019 / 17:55
Якім спортам у якім узросце лепш за ўсё займацца?5

Усім вядома, што спорт уплывае на здароўе. Аднак пры гэтым уплыў можа быць вельмі розным, піша Бі-Бі-Сі.

Фізічная актыўнасць зніжае рызыку сардэчных захворванняў, абараняе ад некаторых відаў раку і прадухіляе развіццё дыябету другога тыпу.

Да таго ж, заняткі спортам падтрымліваюць наша псіхічнае здароўе: арганізм выпрацоўвае больш эндарфінаў, што станоўча ўплывае на наш настрой і самаацэнку.

Але таксама відавочна, што спорт для 20-гадовага — гэта зусім не тое ж, што спорт для 40-гадовага. Калі не ўлічваць узроставы фактар ​​пры выбары фізічнай актыўнасці, можна ў шэрагу выпадкаў нанесці сур'ёзную шкоду здароўю.

Прафесарка фізіятэрапіі Джулі Бродзерык з Трыніці-каледжа ў Дубліне распавядае пра агульныя рэкамендацыі навукоўцаў для прадстаўнікоў розных узроставых груп.

У дзяцінстве

Фізічныя практыкаванні дапамагаюць дзецям развівацца, умацоўваюць іх цягліцы, развіваюць упэўненасць у сабе і сваіх сілах, а таксама спрыяюць падтрыманню здаровага рэжыму сну.

У дзяцінстве важна спрабаваць займацца рознымі відамі спорту, каб развіць розныя здольнасці. Падыдзе ўсё — ад плавання да гульняў з мячом і барацьбы. Таксама важна, каб у дзіцяці быў час на «свабодную» фізічную актыўнасць — на гульню ў парку ці на дзіцячай пляцоўцы.

Падлеткавы ўзрост

Па меры сталення цікаўнасць да спорту, як правіла, згасае, асабліва гэта характэрна для дзяўчынак, кажа Бродзерык.

Аднак спорт у гэтым узросце дапаможа не толькі заставацца ў добрай фізічнай форме, але і знізіць узровень стрэсу, а таксама пазбавіцца ад страхаў, характэрных для падлеткаў.

У гэтым узросце перавагу лепш аддаваць камандным відам спорту. Гэта дапаможа захоўваць матывацыю пры занятках спортам, пашырыць круг зносін падлетка і навучыць яго дысцыпліне.

Калі выбіраць з некамандных відаў спорту, то гэта можа быць плаванне, гімнастыка і лёгкая атлетыка.

У 20 гадоў

У гэтае дзесяцігоддзе нашага жыцця мы можам паказаць свае найлепшыя вынікі ў спорце, кажуць спецыялісты.

Хуткасць рэакцыі ў гэтым узросце знаходзіцца на піку, час на аднаўленне сіл патрабуецца мінімальны, кісларод трапляе ў кроў значна хутчэй, чым калі вы больш малады ці больш дарослы.

Калі вам 20 гадоў ці каля таго, паспрабуйце дасягнуць сваіх максімальных вынікаў. Паспрабуйце самыя розныя віды спорту: рэгбі, грэблю, цяжкую і лёгкую атлетыку.

Паспрабуйце, каб вашы трэніроўкі былі разнастайнымі: чаргуйце аэробныя нагрузкі з анаэробнымі і сілавымі практыкаваннямі.

У 30 гадоў

У гэтым узросце важна захаваць цягліцы моцнымі, а сардэчна-сасудзістую сістэму — здаровай.

Трэба дзейнічаць з розумам. Не кідаць трэніроўкі праз недахоп часу, а праводзіць кароткія, але вельмі інтэнсіўныя інтэрвальныя трэніроўкі. Гэта ровар, бег, лыжныя гонкі і плаванне.

Жанчынам у гэтым узросце, асабліва пасля нараджэння дзіцяці, рэкамендуецца рабіць практыкаванні Кегля, скіраваныя на ўмацаванне і развіццё цягліц тазавага дна.

Таксама вельмі важна рабіць трэніроўкі разнастайнымі, каб яны прыносілі радасць. Калі гэтага не рабіць, тады цікавасць да спорту хутка згасне.

У 40 гадоў

У гэтым узросце мы звычайна пачынаем набіраць вагу, таму сілавыя трэніроўкі — менавіта тое, што трэба.

Сілавыя трэніроўкі дапамогуць не толькі не набраць вагу, але і запаволіць страту мышачнай масы. Страты мышачнай масы ў сярэднім складаюць ад 3 да 8% за 10 гадоў.

Калі вы ніколі раней не рабілі сілавых практыкаванняў, лепш пачаць з гантэляў, а ўжо пазней перайсці на сілавыя трэнажоры.

Калі вы яшчэ не пачалі бегаць, то цяпер самы час. Бег дапаможа захаваць здароўе сардэчна-сасудзістай сістэмы, кажа Бродзерык. А калі да гэтага дадаць пілатэс, то можна яшчэ і выдатна ўмацаваць цягліцы спіны.

У 50 гадоў

Нашы фізічныя здольнасці асабліва прыкметна змяншаюцца ў гэтым узросце. Мы ўсё часцей сутыкаемся з болем, дыскамфортам, даюць пра сябе ведаць розныя хранічныя захворванні. У тым ліку ў гэтым узросце часта выяўляюць дыябет другога тыпу.

Жанчыны становяцца асабліва схільныя да сардэчна-сасудзістых захворванняў праз змены ў гарманальным фоне — галоўным чынам праз зніжэнне ўзроўню эстрагену.

Рашэнне — як мінімум дзве трэніроўкі на тыдзень павінны быць сілавымі, каб вы маглі захаваць мышачную масу. Таксама як мінімум дзве трэніроўкі на тыдзень варта прысвячаць кардыёпрактыкаванням — гэта можа быць хуткая хада ці лёгкі бег. Таксама гэтыя трэніроўкі можна спалучаць з зусім іншай нагрузкай — накшталт ёгі ці гімнастыкі тай-чы, якія дапамогуць развіць пачуццё балансу і раўнавагі.

У 60 гадоў

Пасля 60 гадоў рызыка ўзнікнення ці абвастрэння хранічных захворванняў яшчэ больш узрастае. Як адзначаюць спецыялісты, фізічная актыўнасць дапаможа яе знізіць.

Самая карысная фізічная актыўнасць у гэтым узросце, з пункту гледжання спецыялістаў, — гэта бальныя танцы. Таксама яны раяць дзве трэніроўкі на тыдзень прысвячаць нескладаным практыкаванням на развіццё сілы і гнуткасці.

Ідэальны выбар — аквааэробіка, паколькі падчас заняткаў у вадзе можна добра ўмацаваць цягліцы, пры гэтым нагрузка на суставы будзе мінімальнай.

І не забывайце пра кардыёнагрузкі. Падыдзе шпацыр хуткім крокам.

У 70 год і старэйшым узросце

Важна не спыняць актыўнасць і не дапускаць траўмаў. Да таго ж, фізічныя нагрузкі дапамагаюць падтрымліваць кагнітыўныя здольнасці на ранейшым узроўні.

Паспрабуйце на працягу тыдня шпацыраваць і рабіць нескладаныя сілавыя практыкаванні. Але перад гэтым абавязкова пракансультуйцеся са сваім лекарам.

Самае галоўнае — падтрымліваць фізічную актыўнасць ўсё жыццё.

nn.by

Каментары
песимист / Адказаць 10.02.2019 / 19:59

А 80-гадовым што.... КалI ныркам трындзець дык цi выратуе мацэста?

1
Максим Дизайнер / Адказаць 11.02.2019 / 15:35

"Своим долголетием я обязан спорту. Потому что никогда им не занимался". У. Черчиль

0
хамса / Адказаць 11.02.2019 / 15:54

Дизайнер, да неужели ты таки стары и страшны вообще? тогда жди.. я иду к тебе)

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура