Праект партала
Дома
02.02.2019 / 09:27
Калі хочацца чаго-небудзь забароненага: хатнія нагетсы РЭЦЭПТ4

Часам вельмі хочацца забыцца на ўсе правілы здаровай ежы і паесці чагосьці забароненага з фаст-фуд рэстарацый. Кожны раз, калі з’яўляецца такое жаданне, я даю сабе хвіліну супакоіцца і падумаць, ці магу я сама зрабіць штосьці настолькі ж смачнае, але больш карыснае. І гэтым разам я вырашыла зрабіць хатнія нагетсы — сакавітае курынае філе ў паніроўцы.

Мы будзем рабіць цікавую паніроўку — з аўсяных шматкоў. Але ніхто не абмяжоўвае вашу фантазію: смачна атрымаецца як і са звычайнымі паніравальнымі сухарамі, так і з цікавымі паніроўкамі з кукурузных шматкоў ці салёных палачак і абаранкаў.

Нам спатрэбіцца:

  • 2 філе з грудкі;
  • 200 гр. натуральнага ёгурту;
  • 2 зубчыкі часныку;
  • соль, спецыі.

Спачатку марынуем філе. Курыцу наразаем кавалачкамі шырынёй прыкладна 2 см. Часнык дробна наразаем і змешваем з ёгуртам, дадаём соль і спецыі (напрыклад, сумесь сушаных траў). Кавалачкі курыцы абмазваем марынадам і пакідаем мінімум на 2 гадзіны (я пакідала на усю ноч).

На паніраванне:

  • 150 гр. аўсяных шматкоў;
  • 2 ч. л. папрыкі;
  • 1 ч. л. парашку кары;
  • соль, перац.

Аўсяныя шматкі змешваем з соллю і спецыямі. Кавалачкі курыцы акуратна абвальваем у паніроўцы і выкладаем на змазаную алеем бляху ці на пергамент.

Запякаем кавалачкі курыцы прыкладна 35 хвілін пры 180 градусах. Праз хвілін 20 лепей перавярнуць кавалкі, каб паніраванне з абодвух бакоў было хрусткае.

На соус:

  • 200 гр. натуральнага ёгурту;
  • 1 зубчык часныку;
  • 1 ч. л. лімоннага соку;
  • 50 гр. сыру;
  • соль, перац.

Лепш за усё падаваць нагетсы з простым ёгуртным соусам. Часнык дробна наразаем, сыр тром на тарцы. Усе інгрэдыенты змешваем з ёгуртам. Смачна есці!

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

Каментары
Жвір / Адказаць 02.02.2019 / 12:13

Ух ! Я гэта з'еў бы ! Зараз жа жонцы пакажу...:)

0
хамса / Адказаць 02.02.2019 / 13:00

ёсць просты і хуткі спосаб зрабіць курынае філе мяккім.. кавалачкі пасыпаць содай (колькасць? ну.. як і солі.. галоўнае не перасыпаць канечне, каб не было прысмаку соды потым) апырскаць воцатам (ці лімонным сокам) я яго наліваю ў далонь і ўціраю ў мяса.. кавалачкі трошкі пажмякаць, пакласці ў ёмістасць, накрыць і на 15-20 хвілін у лядоўню.. лепшага спосабу зрабіць мяса мяккім не ведаю.. ніводны марынад не даваў такога эфекту

5
Мінак / Адказаць 03.02.2019 / 20:40

даўно забаранілі? я нікому не скажу!

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура