Праект партала
Дома
28.01.2019 / 21:59
Жанчына адмовілася ад немаўляці з сіндромам Даўна, не жадае плаціць аліменты і абяцае падаць на дактароў у суд23

Маці са Жлобіна збіраецца адстойваць у судзе права не ўтрымліваць дзіця з інваліднасцю, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Шчыра пагаварыць на няпростую тэму мы прыехалі ў Жлобін. У кватэры 32-гадовай Ірыны (імя зменена — рэд.) гучна працуе тэлевізар. Жанчына просіць не выключаць яго — раптам нехта з суседзяў пачуе нашу размову і даведаецца пра гэту гісторыю. Калегам, якія разумеюць, што ў сям'і нешта здарылася (пасля цяжарнасці Ірына адразу вярнулася на працу), яна сказала коратка: «Дзіцяці няма», і папрасіла больш нічога не пытацца.

— Не хачу, каб мяне лічылі катам. Каб забыць гэта ўсё як страшны сон, — паўтарае Ірына. Жанчына не можа толкам сабрацца з думкамі, хоць знешне і спакойная. Побач з ёй усе гэтыя месяцы сястра, якая сцвярджае: спакой Ірыны — вынік шоку, ад якога яна не адышла дагэтуль.

— Я часам кажу за Ірыну, нават у судзе дапамагаю ёй выказацца, — кажа сястра. — Яна ўстае, прамаўляе пару фраз — і больш не можа. Каб растлумачыць суддзі сваю пазіцыю, чытае з аркуша. Дома пачала загаворвацца. Плача і пастаянна пракручвае гэту гісторыю ў галаве.

— У нас ужо ёсць сын, здаровы. Але мы марылі яшчэ і пра дачку, — ледзь стрымліваючы дрыжыкі ў голасе, сціскаючы кулакі, кажа Ірына. — Зацяжарыла. УГД паказала дзяўчынку. Шчасцю не было мяжы. Своечасова ўстала на ўлік, здавала ўсе аналізы. Сын слухаў, як сястрычка б'ецца ножкамі ў жывоціку, не мог дачакацца яе нараджэння. Мы прыдумалі дачцэ імя, купілі канверцік для выпіскі…

— Калі вы даведаліся, што з дзіцем нешта не так?

— На адным з планавых УГД, на 33-м тыдні цяжарнасці, лекар сказаў, што ў дзіцяці не апаражняецца мачавы пузыр. Адправілі ў Гомельскую абласную бальніцу. Там УГД паказала, што ў дзіцяці непрапарцыйная галава і тулава, але сказалі, што пры правільным лячэнні сітуацыю можна паправіць, прызначылі карэкціровачнае лячэнне. У дыягназе фігуравалі «затрымка ўнутрычэраўнага развіцця плода, парушэнні ў сістэме маці-плацэнта-плод, калі дзіця недаатрымлівае пажыўныя рэчывы і кісларод, парушэнне маткава-плацэнтарнага кровазвароту. Вярнулася ў Жлобін, праляжала амаль два тыдні ў бальніцы і выйшла ўжо без дыягназу ФПК. Праз два дні на аглядзе ў жаночай кансультацыі лекар сказала, што ў мяне тонус маткі, і зноў адправіла ў бальніцу. 21 верасня чарговае КТГ выдала вынік: праверце сэрцабіццё дзіцяці. Лекары замітусіліся і вырашылі тэрмінова рабіць кесарава сячэнне. Маё дзіця нарадзілася на 38-м тыдні. А калі мне яго прынеслі…

Пра тое, што ў дзіцяці сур'ёзнае захворванне, медыкі і бацькі не ведалі аж да родаў.

Жанчына змаўкае, яе душаць слёзы. Сабраўшыся з духам, працягвае:

— …Лекар працягнула мне дачку са словамі: «Ваша дзяўчынка з відавочнымі прыкметамі сіндрому Даўна». Мой розум не прымаў тое, што яны казалі. Перапытала яшчэ раз, а калі лекар скончыла гаварыць, працягнула ім дачку са словамі: «Забярыце». Я нават не змагла трымаць яе на руках…

На мае пытанні, як гэта захворванне наогул магло застацца незаўважаным на працягу ўсёй цяжарнасці, лекары адказвалі: «Мы самі ў шоку, не разумеем, як такое магло адбыцца». Потым прыйшла выконваючая абавязкі загадчыцы радзільнага дома. Казала, што гэта сур'ёзнае ПП, што аналізуецца мая абменная карта, што гэта недагляд на ранняй стадыі цяжарнасці…

— А як муж адрэагаваў?

— Муж і свякроў плакалі. Яны так жа, як і я, былі ў шоку і не маглі прыняць такое дзіця.

— І вы вырашылі ад яго адмовіцца?

— Праз пару дзён мяне спыталі: «Вам яе прынесці?» Я адмовілася. Увесь час пыталася: «Можа, вы памыліліся?» Лекар стала пералічваць прыкметы сіндрому Даўна, якія ёсць у дачкі: на ручцы тыповая для сіндрому Даўна палоска, мезены палец скрыўлены, адлегласць паміж першым і другім пальцам на ножцы не адпавядае нормам, кропкі Брушвельда (светлыя ўкрапванні на вачах), касавокасць… Я баялася ўбачыць тое, пра што казалі дактыры. Па вечарах некалькі разоў прыходзіла на яе паглядзець. Памятаю, як яна ляжала ў боксе. У яе соска выпала. Я яе ўставіла ёй у раток… Сфатаграфавала, потым глядзела на фота і плакала ў палаце. Не вытрымала і выдаліла. Занадта балюча. Да мяне даслалі псіхіятра. Яна спытала: «Як вы сябе адчуваеце?» Змагла адказаць толькі: «А як бы вы сябе адчувалі на маім месцы?» Калі лекары даведаліся пра тое, што я збіраюся напісаць адмову, прасілі не спяшацца з рашэннем. Спадзяваліся, што перадумаю.

За дзень да выпіскі з радзільні Ірына напісала адмову ад дзіцяці.

«У вачах наваколля я бесчалавечная істота, але маё жыццё зламанае»

— Адна з галоўных дактароў сказала: «Не ведаю, як сама бы паступіла на вашым месцы. За любое вашае рашэнне вас ніхто не асудзіць. Гэта ваша права». Выклікалі супрацоўнікаў органаў апекі. Пачала запаўняць адмову. Там была графа пра згоду на ўдачарэнне дзіцяці. Мяне папярэдзілі: «Калі падпісваеце — становіцеся абавязанай асобай і плаціце аліменты да 18 гадоў». Я не стала нічога падпісваць.

Пазней дзіця павезлі ў Гомельскую абласную бальніцу, дзе пацвердзілі дыягназ. Калі забіралі медыка-генетычнае заключэнне, пыталіся генетыкаў, чаму скрынінг, які я рабіла да 13 тыдняў, нічога не паказаў? Ён жа і накіраваны на выяўленне гэтых праблем, каб у жанчыны быў выбар, захоўваць дзіця ці не. Нам адказалі: «Гэта прырода, такое бывае. Скрынінг не заўсёды інфарматыўны».

Пасля радзільні цяжкі дыягназ дзіцяці пацвердзілі ў Гомельскім абласным дыягнастычным медыка-генетычным цэнтры.

Органы апекі сталі шукаць прыёмных бацькоў.

— Калі пары, якія гатовыя ўдачарыць дзіця ў Жлобіне, даведваліся пра дыягназ, адразу адмаўляліся. Супрацоўнікі органаў апекі казалі: «Вы думаеце толькі пра сябе. Вы ж маці, гэта ваша дзіця». Але мы гэтае дзіця прыняць не можам…

Далей былі суды.

— Нядаўна нас з мужам пазбавілі бацькоўскіх правоў у адносінах да нованароджанай дачкі. На судзе прысутнічала пажылая жанчына з інваліднасцю, якая ўзяла дзіця пад апеку. На судзе яна казала: «Дзяўчынка добрая, дзяўчынка здаровая, дзяўчынка прыгожая». На наступным судзе будзе вырашацца пытанне аб прызнанні нас абавязанымі асобамі па ўтрыманні дзіцяці. Апека кажа: «Рыхтуйцеся плаціць 255 рублёў». Гэта амаль уся мая зарплата. А яшчэ мы плацім крэдыт за кватэру — 210 рублёў кожны месяц, плюс камунальныя — 78 рублёў, садок — 70…

— Але калі б дзіця было здаровае, на яго таксама трэба было б траціць грошы.

— Так, і я хачу яшчэ дзіця. Але здаровае. У тым, што я стала маці хворага дзіцяці, вінаватыя лекары. Калі б на ранніх стадыях цяжарнасці я даведалася, што ў дзіцяці сіндром Даўна, я б зрабіла аборт. Я б не абцяжарвала ні сябе, ні дзяржаву. Многія назавуць мяне жорсткай, але, перш чым мяне судзіць, трэба залезці ў маю шкуру. Выхоўваць хворае дзіця — бясконцая мука. Муж адыдзе на другі план, здаровае дзіця — таксама. Прыйдзецца сысці з працы. Я бачыла, як да такіх дзяцей ставяцца ў грамадстве, бачыла няшчасных мам гэтых дзяцей. Я б не змагла выйсці з гэтай дзяўчынкай нават у двор. Спаслацца на прыроду, як гэта робяць лекары, можна было гадоў 20 таму, калі не было нармальных тэхналогій. Але не ў XXI стагоддзі. Чаму людзі павінны пакутаваць?

— У вас ёсць жаданне бачыць дзіця?

— Не, не хачу бачыць, чуць і ведаць. У гэтай сітуацыі мы засталіся адны. Медыкі разводзяць рукамі. Органы апекі вінавацяць. Мы шукаем пісьменнага юрыста, збіраемся звяртацца ў Вярхоўны суд. Ужо звярталіся ў парламент з просьбай распавесці аб наступствах адмовы ад такога дзіцяці.

Як прызналася жанчына, на наступных судовых пасяджэннях яна збіраецца адстойваць сваё права не быць абавязанай асобай:

— Я не хачу прад'яўляць медыкам пазоў, бо ўжо нічога не выправіць. Але сіндром Даўна — генетычнае захворванне. Значыць, клетка «зламалася» яшчэ пры зачацці. Дакладны скрынінг мог бы гэта вызначыць. З-за недасканаласці нашай медыцынскай сістэмы маё жыццё зламана, а недзе ў чужой хаце зараз хворае дзіця. Калі медыкі будуць ведаць, што нясуць адказнасць, такія выпадкі будуць зведзены да нуля. Лічу, што ў нашым выпадку мы не павінны несці выдаткі на ўтрыманне гэтага дзіцяці.

— Вы збіраецеся яшчэ нараджаць?

— Так. Мяне ўжо абнадзеілі, што другая цяжарнасць будзе пад пільным кантролем. Зраблю ўсё, каб гэтае дзіця нарадзілася здаровым.

Вольга Івашэнка, kp.by. Фоты: Павел Марцінчык

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура