Праект партала
Гісторыі
22.01.2019 / 19:13
«Гэта як яшчэ адно дзіцё». На ўласнай практыцы: міні-піг у кватэры15

У сувязі з тым, што 2019-ты, згодна з гараскопам, праходзіць пад знакам свінні, попыт на ўсё, што звязанае з гэтай жывёлай, шалёна павялічыўся.

Акрамя стандартных сувеніраў і скарбонак, павысілася і цікаўнасць да дэкаратыўных свінак — на фотасетах з імі толькі ў чаканні Новага года многія прадпрымальнікі зарабілі нармальна грошай.

«Мы хацелі ўзяць сабе міні-свінку яшчэ да Новага года, але заводчык не дазволіў: перажываў, што мы, як і многія іншыя, выкарыстаем гаротніка ў папаўненні фінансаў, а потым пазбавімся. Таму мы чакалі, пакуль гэты ажыятаж спадзе», — расказвае Ганна Крылова, мінчанка, у сям’ю якой зусім нядаўна ўліўся новы член — міні-піг па мянушцы Дэні. І прыхаў ён з Масквы ў Мінск выключна па любові, не з-за грошай.

Ганна Крылова і член іх сям'і: міні-піг Дэні.

Міні-пігі — гэта такія карлікавыя свінкі. Важаць яны ў некалькі разоў менш, чым звычайныя, аднак ўсё адно нямала — вага «карлікаў» можа даходзіць да 80 кілаграмаў, у залежнасці ад пароды.

Дэні 3 месяцы, зусім нядаўна ён быў ростам са штучную ружовую цацку-парася, а цяпер ужо з цяжкасцю змяшчаецца на каленках.

Яшчэ зусім нядаўна Дэні быў ростам з суседку-цацку.

— Я працую майстрыхай па манікюры, і доўгі час назірала за адной каляжанкай з Піцера, у якой у стужцы перыядычна з’яўляўся міні-піг. Я тады яшчэ падумала: як крута, такая экзотыка ў кватэры! Я люблю жывёл, у дзяцінстве пастаянна цягнула дахаты то катоў, то сабак. Аднак, калі нарадзіла дачку, не хацела сабе лішняга клопату. Праўда, як толькі мая Маруся падрасла, сама пачала прасіць сабе котку. І я здалася.

Падумала: дзяўчынцы будзе карысна даглядаць кагосьці, каб не расла эгаісткай, вучылася адказнасці і клопату пра кагосьці яшчэ, а не толькі пра сябе.

А потым, зноў жа ў інстаграме, я натрапіла на пост пра тое, што жанчына з Масквы, якая займаецца ўласным шоу з міні-пігамі «Тры ха-ха» прадавала двух маленькіх хлопчыкаў — я загарэлася, і хутка ў нас дома замест коткі быў міні-піг.

Звычайна міні-пігі каштуюць у раёне 500 даляраў, наш абышоўся нам амаль у 700. Але мне быў няважны кошт: галоўнае — ведаць, што я забіраю яго з сям’і, дзе яго любілі. Плюс існуе шмат гісторый пра тое, як пад відам міні-пігаў прадаюць звычайных свінак у вельмі худым стане, а тут я магла быць спакойная.

Бацькі Дэні: Іван-Гай і Васіліса.

З Масквы мы транспартавалі яго ў пераносцы, аднак ён амаль усю дарогу спакойна сядзеў у нас на руках. Дэні ў прынцыпе ціхі. У цацкі асабліва не гуляецца: толькі часам носіцца па кватэры, доўга вучыўся трымаць баланс на паркеце. Рэжым ў яго такі самы, як і ў нас. То бок, калі спім мы, тады і ён.

Праўда, пару разоў прачынаўся ноччу і рохканнем сігналізаваў яго пакарміць. Прыходзілася ісці на кухню і даваць кашку, інакш не заснуў бы.

Дэні любіць спаць у нас у нагах, але па парадзе іншых гаспадароў свінак мы яго да гэтага не прывучаем: у яго ёсць свая ляжанка на кухні, з грэлкамі і каля цёплай сценкі. Свінкі кепска пераносяць любыя скразняк і холад, таму да сябе ў ложак іх лепш пускаць у халодны сезон, пакуль не ўключылі ацяпленне.

У плане ежы з імі праблем ніякіх: ядуць аўсяныя і грэчневыя кашкі (праўда, Дэні паважае выключна тую, што звараная на малацэ). У якасці перакусаў мы даём малому яблыкі, вінаград ці бананы. Плюс ім яшчэ патрэбныя дадатковыя вітаміны, кальцый, напрыклад. Ніякага цукру, салёнага ці кіслага.

Галоўная ежа парася: кашы.

Галоўны мінус з ежай — у пігаў цалкам адсутнічае пачуццё насычэння. Дэні пастаянна галодны. Бывае, у яго ўжо вялізнае пуза, ён ледзь дыхае, аднак гатовы пішчаць і вішчаць, быццам яго забіваюць (у такія моманты я вельмі перажываю за рэакцыю суседзяў), маніпуляваць табой — толькі дайце яшчэ паесці.

Калі ён вельмі галодны, то можа нават кусаць за ногі, тады ад яго прыходзіцца збягаць. Я стараюся прывучаць Дэні да графіка кармлення тры разы на дзень і паказваць, хто ў доме гаспадар — гэта вельмі важна, бо свінкі вельмі разумныя і вельмі лёгка сядуць вам на галаву, калі вы дасце слабіну.

Яшчэ, калі ён эмацыянальна ўзбуджаны, то вечна рохкае. Ну, і быццам заўсёды нешта жуе. Ад жавання ён абстрагуецца толькі калі пераключаецца на іншую любімую справу: нібыта нешта рыць пятачком. Ён робіць гэта, нават седзячы на руках. Пігі фізічна вельмі моцныя, таму ў дарослым узросце могуць нават пакідаць праз такую звычку на целе гаспадароў сінякі.

Яшчэ свінкі вельмі разумныя: іх лёгка навучыць усім камандам, якім вучаць сабак. І лепш не паказваць ім, дзе ляжыць ежа: калі даведаюцца — будуць адкрываць і шуфлядкі, і халадзільнік самастойна.

Дэні нічога нам нідзе не пагрыз, а ў плане спраўлення патрэбы здзівіў яшчэ ў першы дзень, як толькі мы яго прывезлі: адразу ж схадзіў па-маленькаму на спецыяльна разасланую пялёнку. Калі стане крыху цяплей і ён падрасце, будзем выводзіць яго на вуліцу. На ланцужку для катоў. Плюс паставім у кватэры латок.

Больш за ўсё Дэні любіць, калі я чухаю яго шчоткай. Часам знаходжу ў яго асаблівы пункт задавальнення: тады ён проста б’ецца ў экстазе, завальваючыся на бок.

Паху ад піга амаль ніякага — ды і сам ён пахне нібыта немаўлём.

Праўда, гігіену яму трэба падтрымліваць: мыць з дзіцячым шампунем (валаскі ў пігаў растуць і выпадаюць, як і ў людзей, плюс у іх вельмі сухая скура, якую пажадана ўвільгатняць). Звычайна свінкі любяць мыцца, аднак для Дэні гэта пакуль выпрабаванне: душ для яго нібыта шлях на смерць. Баюся ўявіць, што будзе, калі трэба будзе падпілоўваць яму капыткі (гэта таксама абавязковая працэдура раз на месяц).

Індустрыя прыгажосці ў нас накіраваная больш на катоў і сабак, таму купіць нешта спецыяльнае для Дэні, тое ж адзенне, будзе складана. Але я тут эксперыментую сама: неяк прарэзала ў калашыне дзіркі — думала ўцяпліць яго, каб схадзіць разам у госці. Праўда, Дэні вельмі хутка скінуў свой новы касцюм на падлогу.

Аднойчы да нас у госці прыходзілі сябры з сабакам. Таму быў цікавы Дэні, усё стараўся яго панюхаць. А вось самому Дэні было абсалютна абыякава на новага госця, ён яго амаль не заўважаў: міні-пігі ставяць сябе вышэй за ўсіх астатніх жывёл. Дарэчы, калі Дэні ўсё ж ішоў у бок сабакі, той хаваўся.

Цяпер мы будзем рабіць Дэні ўсе патрэбныя прышчэпкі, пройдзем антыгістамінную праграму і кастрыруем — усе заводчыкі раяць з апошнім не цягнуць, каб не было дрэннага паху. Жывуць міні-пігі ў сярэднім 10—15 гадоў. І я хацела б, каб Дэні паспеў пажыць у больш прасторным доме: усё ж у кватэры, калі ён павялічыцца ў памерах, яму можа быць цесна.

Усім, хто хоча завесці, міні-піга, раю сто разоў падумаць. Гэта дакладна не для тых, хто вечна заняты і каго не бывае дома. Ім патрэбна шмат увагі, камунікацыі. Яны моцна пакутуюць без размоў і заняткаў з імі, могуць пачаць дэпрэсаваць. Характар свінні ніколі не залежыць ад пароды — выключна ад выхавання. Мне пашанцавала, што я большую частку часу знаходжуся дома і магу быць з ім побач.

Я завяла Дэні інстаграм — ён больш для сяброў і сваякоў, каб цэнтралізавана паказваць ім, як ён расце. Ён такі мімімішны, што немагчыма не дзяліцца пазітыўнымі эмоцыямі з іншымі. Я не выключаю, што Дэні можа стаць і інстаграм-зоркай: ён ужо выступаў на тэлебачанні, удзельнічаў у перадачы «Модны прысуд».

Праўда, я не хачу, каб гэта наносіла яму шкоду, таму мучыць яго для ідэальных кадраў дакладна не збіраюся.

Дэні на тэлебачанні з братам.

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

Каментары
Жвір / Адказаць 20.01.2019 / 13:32

Не. :)

1
Максим Дизайнер / Адказаць 20.01.2019 / 14:21

Какой следенький кусочек бекона!)

31
Чеснок / Адказаць 20.01.2019 / 17:47

Они же понимают, что они поехавшие? Мои предки вовеки веков их ели, а не держали вместо кота или собаки.

30
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура