Праект партала
Тонус
21.01.2019 / 15:59
Харчовыя расстройствы, пра якія вы маглі не чуць, але ведаць пра іх трэба

Людзей з лішняй вагой звычайна асуджаюць і лічаць бязвольнымі слабакамі. Тым, хто моцна схуднеў, робяць кампліменты, а той, хто часта займаецца спортам ці выбірае правільнае харчаванне, — варты павагі і зайздрасці. Але на самай справе за ўсімі гэтымі выпадкамі часцяком крыюцца сур'ёзныя расстройствы псіхічнага здароўя, заахвочваючы або асуджаючы якія можна сур'ёзна нашкодзіць чалавеку. У псіхалогіі іх называюць расстройствамі харчовых паводзінаў (скарочана РХП).

Што такое расстройства харчовых паводзінаў і чаму яго нельга недаацэньваць?

Гэта парушанае стаўленне да акта прыёму ежы, самой ежы або рухальнай актыўнасці, звязанае са скажоным успрыманнем сваёй знешнасці або выкарыстаннем ежы як спосаба вырашыць складаную эмацыйную праблему.

РХП — адна з нямногіх псіхічных праблем, якая негатыўна адбіваецца на стане агульнага фізічнага здароўя і нярэдка прыводзіць да лятальнага канца. Таму патрабуе сур'ёзнага медыцынскага і псыхіятрычнага ўмяшання.

Менавіта з гэтай прычыны варта не раз задумацца, перш чым асудзіць чалавека з лішняй вагой, падбадзёрыць адэпта фітнэсу або захапіцца сілай волі дзяўчыны з калькулятарам калорый.

Віды РХП, пра якія вы і не падазравалі

Усе так ці інакш дзесьці калісьці чулі пра анарэксію і булімію, што пры гэтых відах расстройстваў людзі адмаўляюцца ад ежы зусім або выклікаюць ірвотны рэфлекс пасля кожнага прыёму ежы, але існуюць і іншыя віды РХП, якія не такія відавочныя або зусім могуць здацца бяскрыўдным захапленнем. Праўда, наступствы яны маюць не менш сур'ёзныя.

Артарэксія

Выключна сучаснае расстройства, якое з'явілася на фоне папулярызацыі здаровага ладу жыцця і ідэі аб правільным харчаванні. У чалавека, які пакутуе ад артарэксіі, адхіленне суправаджаецца дакучлівай ідэяй паляпшэння здароўя за кошт выбару, па яго меркаванні, «правільных прадуктаў», які часта практыкуе рознага роду «дэтаксы».

Фота: rl0.ru.

Артарэктыка вызначыць можна па наступных прыкметах:

  • ён з пагардай ставіцца да людзей, якія «не сочаць» за сваім харчаваннем і здароўем;
  • старанна плануе, прадумвае, пралічвае каларыйнасць свайго рацыёну;
  • пазбягае прыёму ежы ў месцах грамадскага харчавання;
  • пастаянна скарачае спіс дазволеных прадуктаў;
  • пасля адхілення ад запланаванага меню карае сябе яшчэ больш жорсткімі абмежаваннямі, «дэтаксамі» або галаданнем;
  • часта трывожны і запальчывы.

Гэты від расстройства па колькасці негатыўных наступстваў — знясіленне, падзенне імунітэту, аменарэя, дысфункцыя нырак — нічым не саступае анарэксіі, а часам можа быць і яе папярэднікам.

Бігарэксія, ці комплекс Адоніса

У два разы часцей назіраецца ў мужчын, самым яркім прыкладам тут выступаюць бодзібілдары. Людзі з гэтым комплексам бачаць сябе занадта худымі/змарнелымі/кашчавымі, прычым нават калі яны ўжо дасягнулі вялікіх прапорцый, таму апантаныя жаданнем стаць яшчэ больш «цяглічнымі» за кошт спецыяльных высокакаларыйных абмежавальных дыет, частых і цяжкіх трэніровак, а таксама прыёмаў анабалічных стэроідаў.

Фота: divomix.com.

Паводзіны бігарэктыка выглядаюць так:

  • асуджае людзей, якія без цягліц ці не займаюцца ў зале;
  • праводзіць шмат часу ля люстэрка і застаецца незадаволеным сваёй формай;
  • не прапускае трэніроўкі нават па прычыне хваробы, а калі здараецца пропуск, то адчувае пакутлівае пачуццё віны;
  • панічна баіцца страціць мышачную масу;
  • выконвае жорсткія дыеты, замяняе звычайную ежу на спартыўныя дабаўкі;
  • выкарыстоўвае анабалічныя стэроіды, якімі часцяком аказваюцца незаконна прывезеныя або несертыфікаваныя прэпараты.

Бігарэктыкі пакутуюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў з прычыны залішняй сухой масы цела і частых трэніровак, а за кошт прыёму стэройдаў у іх часта ёсць парушэнні работы печані і залоз унутранай сакрэцыі, таму гэтая група людзей у зоне павышанай рызыкі смяротнасці.

На сайце Амерыканскай асацыяцыі ўралогіі нядаўна былі апублікаваныя даследаванні, дзе паказана, што смяротнасць сярод мужчын-бодзібілдараў ва ўзросце ад 30 да 50 гадоў вышэйшая ў 2—3 разы, чым у іх аднагодкаў, што не займаюцца гэтым відам спорту.

Пікацызм, ці скажэнне апетыту

Гэты від РХП і зусім можа падацца прыдуманым, тым не менш існуюць людзі, якія ўжываюць у ежу неядомыя прадукты: шкло, мел, гліну, пральны парашок, пясок, сырое цеста або фарш, сухія крупы.

Фота: novate.ru.

Папулярнасць адхілення ў апошні час стала ненармальна высокай, пад тэгам #еммел у інстаграме сёння тысячы публікацый. Хоць яно і не з'яўляецца нейкім «ноу-хау», упершыню пікацызм быў апісаны яшчэ Гіпакратам, таксама ёсць згадкі і ў мастацкай літаратуры: напрыклад, у рамане Маркеса «Сто гадоў адзіноты» гераіня па імені Рэбека мела звычку есці зямлю.

Часта скажэнне апетыту выклікана жалезадэфіцытнай анеміяй, гарманальным збоем, дэфіцытам макраэлементаў і вітамінаў.

Не трэба нават быць медыкам, каб зразумець, што такое псіхічнае расстройства можа мець сумныя наступствы, калі своечасова не аказаць чалавеку медыцынскую і псіхіятрычную дапамогу.

Усе гэтыя віды псіхічных расстройстваў у большасці выпадкаў з'яўляюцца следствам клінічнай дэпрэсіі, складаных псіхаэмацыйных станаў з-за непераадольных жыццёвых цяжкасцяў.

Такім людзям асабліва патрэбна падтрымка і дапамога, а не асуджэнне або абясцэньванне праблемы. Таму чалавеку з лішняй вагой не дапаможа парада «менш еш і займіся спортам», сухарляваму — «праверся на глісты і сілкуйся нармальна», а апатычнаму не скажаш «не сумуй».

Лера Казакевіч, фота на застаўцы pikabu.ru

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура