Праект партала
Дома
19.01.2019 / 12:52
Проста растае ў роце! Пірог-суфле з квяцістай капусты РЭЦЭПТ6

Адным з самых недаацэненых прадстаўнікоў гародніны я лічу квяцістую капусту. З яе можна прыгатаваць безліч страў — ад супоў да заедак, ужываць сырой і згатаванай, як аснову для салатаў і піцы — шмат рэцэптаў, якімі мы, на жаль, вельмі рэдка карыстаемся.

Таму сёння я прапаную вам рэцэпт стравы, якая дакладна спадабаецца ўсім, бо тут смак капусты вельмі добра адцяняецца сырным соусам і яйкамі. І, на маю думку, гэты пірог-суфле добра падыдзе як на сняданак ці абед, так і да стала з гасцямі. Смачна есці!

Нам спатрэбіцца:

  • галоўка квяцістай капусты;
  • некалькі галінак шалфею;
  • 80 гр. масла;
  • 1 чырвоная цыбуліна;
  • 80 гр. мукі;
  • 800 мл малака;
  • 60 гр. сыру;
  • 1 ч. л. дыжонскай гарчыцы;
  • 5 яек;
  • 50 гр. кедравых арэшкаў;
  • соль, перац;
  • папрыка;
  • алей.

Награваем духоўку да 180 градусаў. Капусту дзелім нам суквецці і ўкладаем у змазаную алеем форму. Дадаём яшчэ 2—3 лыжкі алею, пасыпаем соллю і перцам, дадаём шалфей, перамешваем і гатуем у духоўцы прыкладна 40—50 хвілін. Калі зверху капуста пачне прыгараць, можна накрыць фальгой.

Тым часам гатуем соус. Цыбулю дробна наразаем, масла топім у сатэйніку. Цыбулю смажым у масле да мяккасці і празрыстасці. Пасыпаем мукой і вельмі хутка перамешваем. Пачынаем патроху дадаваць малако (лепей яго падагрэць, так соус атрымаецца больш аднародным), пастаянна памешваем. Калі мы дадалі ўсё малако, не спыняемся перамешваць — варым да гушчыні. Здымаем з агню. Дадаём цёрты сыр, гарчыцу, соль і перац. Яйкі ўзбіваем у іншай місцы і тонкім струменьчыкам пачынаем дадаваць да соусу, пастаянна мяшаем.

Дастаём капусту з духоўкі, даём трошкі састыць і наразаем дробнымі кавалачкамі. Змешваем капусту з соусам.

Перакладаем сумесь у форму, змазаную маслам (у мяне было кальцо на 24 см з фальгой замест дна). Запякаем 45—50 хвілін пры 180 градусах. Гатоўнасць можна будзе праверыць зубачысткай.

Пасыпаем арэшкамі, трохі падсмажанымі з папрыкай.

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

Каментары
хамса / Адказаць 19.01.2019 / 15:56

чырвоную цыбулю смажу (тушу, запякаю) толькі ў скраніх выпадках (калі дома апынулася толькі яна), бо яна пры награванні мяняе колер (на не прывабны для ежы сіні) і смаку такога не дае пры гэтых маніпуляцыях, як звыклая рэпчатая.. чырвоная толькі для салатаў, як па мойму.. далей.. навошта квяцісую капусту папярэдне ды шчэ падзяліўшы на суквецці 50 (!) хвілін гатаваць у духоўцы, а потым шчэ столькі ж там жа ў складзе суфле? што ад яе застанецца? такую капусту (ды і бадай любую, акром зноў жа чырвонай)) дастаткова заліць баўтушкай з яек і малака (ці тыпу таго) і праз утрая меншы час атрымаць цудоўную запеканку.. і не парыць ні сябе, ні іншых.. ці вашая так званая гаспадыня проста любіць гэты падман сябе, а галоўнае іншых, што яна так шмат часу праводзіць на кухні? (калі гэта можна зрабіць у некалькі разоў шпарчэй і больш карысна для здароўя?) і гэта такая афігенная праца.. ну што ж - у кожнага свае задачы) п.с. а што - кедровыя арэшкі з зялёнай цыбуляй - гэта смачна? як па-мойму, гэта і не надта прыгожа

5
Жвір / Адказаць 19.01.2019 / 16:48

Не.

0
хамса / Адказаць 19.01.2019 / 20:48

не-е-е.. ну-ў-у (хамса раптам пачынае гаварыць па-эстонску) вы перачытайце гэты абзац: 'Пачынаем патроху дадаваць малако (лепей яго падагрэць, так соус атрымаецца больш аднародным), пастаянна памешваем. Калі мы дадалі ўсё малако, не спыняемся перамешваць — варым да гушчыні. Здымаем з агню. Дадаём цёрты сыр, гарчыцу, соль і перац. Яйкі ўзбіваем у іншай місцы і тонкім струменьчыкам пачынаем дадаваць да соусу, пастаянна мяшаем.' навошта гэта ўсё!? навошта столькі лішніх дзеянняў? і страты часу.. гаспадыне што - сапраўды больш рабіць няма чаго? хаця.. кожны медытуе па-свойму.. і бавіць час.. і хто бы гаварыў бы.. (гэта я пра сябе.. якая таксама тут нешта перацірае і пастаянна ўсім мяшае)).. дык гэта гаспадыня хоць атрымлівае падзяку за сваё пераціранне і мяшанне - ад мужа і ад рэдакцыі.. а я што? адны дызлайкі, пляўкі ды нянавісць.. ай.. ды што там казаць (

2
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура