Праект партала
Рост
18.01.2019 / 14:32
На «Белсаце» стартаваў дакументальны серыял «Лабірынты» — першы фільм пра Дубоўку ВІДЭА5

Першы выпуск прысвечаны аўтару верша «О Беларусь, мая шыпшына», паэту, перакладчыку, літаратурнаму крытыку Уладзіміру Дубоўку.

Вядучы праграмы, якая будзе выходзіць раз на месяц, — Васіль Дранько-Майсюк. А кіраўніца праекта «Лабірынты» — Валярына Кустава.

Аўтары акрэслілі жанр першай перадачы як даследніцкі дэтэктыў. Чаму дэтэктыў і сустрэчы з якімі героямі чакаць у наступных выпусках, «Наша Ніва» распытала ў Валярыны Куставай.

Валярына Кустава: Кожная серыя праекта мае дакладна акрэслены жанр. Напрыклад, будучая серыя-фільм пра Максіма Танка вырашаны як трылер, гісторыя кахання Івана Луцкевіча і Юліяны Мэнке — гэта меладрама, самы першы выпуск, прысвечаны Уладзіміру Дубоўку, — дэтэктыў. Для кожнай асобы і кожнай гісторыі мы абіраем адпаведны жанр. Кожны раз — адрозны. Дэтэктыў, меладрама, трылер… Цяпер думаем пра эротыку і гумар, але дакладна, яны мусяць быць у розных серыях.

Працоўны момант на здымках «Лабірынтаў». Злева — вядучы Васіль Дранько-Майсюк.

Я даўно выступаю ў праграмах не толькі як аўтарка і вядучая, але і як кіраўнік праектаў. Так паступова было ў «Чорным па белым», «Фітнесе-шмітнесе». І цалкам у «Прываце». Мне было цікава напоўніцу зведаць працу ідэйнага натхняльніка і канцэптуальнага куратара. Гэта іншы, але не менш займальны бок прафесіі. Пагатоў, мне было важна даць магчымасць рэалізаваць Васілю свой патэнцыял, бо я верыла, што гэта атрымаецца і ў тэлефармаце. Васіль ужо даўно займаецца вывучэннем беларускай літаратуры, напісаў шмат цікавых артыкулаў, прысвечаных нашым пісьменнікам, выкладае літаратуру школьнікам. У яго назапасілася шмат арыгінальнага матэрыялу, якога хопіць не на адзін фільм. Я заўжды атрымліваю радасць ад таго, што людзі, якіх люблю, поруч са мной рэалізуюцца і атрымліваюць ад гэтага задавальненне.

«Наша Ніва»: Чаму зацікавіла менавіта гістарычная тэматыка?

ВК: Заўжды адчувала, што існуе вострая неабходнасць стварыць, адкрыць для беларусаў такую гісторыю, дзе беларускія культурніцкія і грамадскія дзеячы паўстануць не забранзавелымі помнікамі са школьных падручнікаў, а жывымі людзьмі, з іх ваганнямі, слабасцямі, перамогамі і чалавечым выбарам…

Калі б так беларускую літаратуру і гісторыю выкладалі ў школах, то ўсё было б выдатна з намі як з нацыяй, што мае памяць і цэніць сваё і сваіх.

А ідэя праграмы з’явілася ў мяне яшчэ чатыры гады таму. Вельмі не хапала яркіх, кінематаграфічна-цікавых дакументальна-гістарычных фільмаў, серыялаў, дзе з вялікай любоўю і разам з тым унутрана свабодна і некананічна былі б паказаныя нашыя культурніцкія дзеячы. За гэты час выспявала ідэя, збіраўся матэрыял, адбываўся пошук рэдкіх архіўных дакументаў».

Вядоўца і сцэнарыст «Лабірынтаў» Васіль і яго героі.

«НН»: Хто, акрамя вас, працуе над стварэннем праграмы? Хто шукае цікавосткі, збірае архіўныя матэрыялы?

ВК: Не магу не адзначыць, што неверагоднае задавальненне працаваць з камандай, якую ўдалося сабраць у нас з прадусарам праекта Яўгенам Шапчыцам: шыкоўныя акцёры, інтэлектуальна-нечаканыя эксперты і, самае галоўнае, — аднадумцы на пляцоўцы. Канечне, без каманды апантаных маладых прафесіяналаў не адбылося б нашага ўнікальнага праекту такім, якім ён стаў! Я вельмі ўсцешаная, што «Белсат» паверыў у ідэю — і даў магчымасць яе ажыццявіць.

Сцэнар праграмы пабудаваны такім чынам, што ў кожнай серыі заяўлена нейкая таямніца, якую даследчык Васіль раскрывае перад гледачом.

Паводле нашай задумкі, вядучы з лёгкасцю перамяшчаецца ў прасторы і часе, сустракаецца з найцікавешымі беларускімі экспертамі і знаўцамі мінулых эпох, бярэ інтэрв’ю ў непасрэдных сведкаў тых падзей, прысутнічае там, дзе адбываюцца тыя ці іншыя гістарычныя эпізоды. Дзякуючы востраму дэтэктыўна-ігравому складніку «Лабірынтаў» мы паказваем нашых дзеячаў з нечаканага боку, некананічнымі, праўдзівымі, незабранзавелымі, з усімі тымі жарсцямі, якія яны мелі.

«НН»: Чаму першы выпуск менавіта пра Дубоўку?

Аляксандр Шараў (у ролі Уладзіміра Дубоўкі) і кіраўнік праекта Валярына Кустава.

ВК: У першым выпуску, які называецца «Чорны чалавек Уладзіміра Дубоўкі», мы расказваем пра паэта, які 30 гадоў свайго жыцця адпакутаваў у лагерах, і пра яго загадкавы апошні верш. Дубоўка — адзін з самых любімых нашых з Васілём паэтаў. Гэта чалавек, у якога ў аднолькавай ступені цікавая і творчасць, і біяграфія. У прасторы паэзіі і будзённасці ён быў аднолькава вялікі. Біяграфія Дубоўкі — сапраўдны захапляльны трылер, роўны фільмам Фрыца Ланга ці Браяна дэ Пальмы. Яго паэзія паводле сваёй смеласці, вострай, гратэскнай метафарыстыкі ўспрымаецца куды больш сучаснай і бескампраміснай, чым творы многіх сённяшніх маладых паэтаў. Яго мовазнаўчыя артыкулы — сапраўдны цуд, якім можна захапляцца, як і навуковымі творамі, і выдатнай прозай. А калі згадваць познюю творчасць Дубоўкі, то гэта цудоўны прыклад таго, як можна, жывучы ў савецкай сістэме, дзякуючы тонкасці метафар, выказаць усё, што думаеш пра тагачасную таталітарную сістэму.

«НН»: Каму будуць прысвечаныя найбліжэйшыя выпускі?

ВК: У наступных серыях распавядзём пра Максіма Танка (і як ён вызваляў са сталінскага зняволення Наталлю Арсенневу); пра Міхала Гурына-Маразоўскага (беларускага савецкага дзеяча, які пайшоў супраць камуністычнага цэнтра ў Маскве — гэта будзе першае з’яўленне падобнай фігуры ў шырокай культурніцкай прасторы); Івана Луцкевіча (упершыню мы расказваем пра гэтага вялікага дзеяча адраджэння як пра героя меладрамы) і яго каханне да Юліяны Мэнке.

Леанід Улашчанка (у ролі Максіма Лужаніна) і Аляксандр Шараў (у ролі Уладзіміра Дубоўкі).

Беларуская літаратура, гісторыя і яе стваральнікі ніколі не перастануць здзіўляць. У гэтым сэнсе я шчаслівая, што нарадзілася ў Беларусі. Бо для французскіх, нямецкіх, нават галандскіх пісьменнікаў і даследчыкаў вельмі мала засталося нейкіх новых нечаканых адкрыццяў ў іх роднай культуры. Нашая ж культура яшчэ па-сапраўднаму не пераасэнсаваная, не адкрытая, не прагледжаная. Тут можна здзіўляцца і натхняцца.

«НН»: У чым адметнасць «Лабірынтаў»?

Такога на «Белсаце» яшчэ не было! Гістарычныя рэканструкцыі з удзелам знаных беларускіх акцёраў, аповеды з рэальных месцаў падзей, мультыплікацыйная графіка і «ажыўшая» гісторыя ў фотаздымках, сведкі падзей. Геаграфія здымкаў — ад маскоўскага Крамля да «Крывіцкай Меккі» Вільні — шукаем беларускі след, раскрываем незвычайныя факты з жыцця класікаў — каханні, інтрыгі, узлёты і забойствы. Самае галоўнае — мы расказваем беларусам пра дасюль невядомыя факты з закрытых архіваў беларускай культуры і гісторыі.

«НН»: На каго разлічана праграма?

Гэта і студэнты, і старэйшыя школьнікі, і творчая інтэлігенцыя, і, вядома ж, тая публіка, якая нічога не ведае пра сваіх дзеячаў, але ж хоча даведацца. А таксама наша аўдыторыя — тыя беларусы, што ствараюць сучасную Беларусь, як і героі «Лабірынтаў», у пэўны момант робяць свой грамадзянскі выбар.

Мяркую, кожны наш культурніцкі дзеяч варты гэткага фільма. Пагатоў, у святле такой праўдзівай нечаканай і сапраўднай гісторыі беларусы яшчэ не бачылі сваіх пісьменнікаў, палітыкаў і іншых культурніцкіх і гістарычных дзеячаў.

Наталля Тур, фота з архіва перадачы «Лабірынты»

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура