Праект партала
Тонус
28.12.2018 / 11:48
Што трэба ведаць пра звычайнае мыла, каб не нашкодзіць сваёй скуры1

Здавалася б, што ў нашай ваннай можа быць больш звыклае за невялічкі брусок мыла? З дзяцінства нас прывучалі мыць рукі перад абедам ці прыйшоўшы з вуліцы. І мы бралі мыла, што пахла суніцамі, яблыкам ці нечым іншым — напэўна, самім дзяцінствам.

А пасля звыклы брусок адсунулі розныя іншыя сродкі: для твару — адны, для цела — іншыя, для рук — замест духмянага квадраціка ўжо вадкае мыла розных колераў і пахаў.

Мы спыталі ў касметолага Вольгі Дзялаевай, ці справядліва мы забыліся на цвёрдае мыла?

«Самае важнае, на што трэба звяртаць увагу, калі вы набываеце мыла, — яго склад. Гэта не значыць, што трэба разбірацца ва ўсім напісаным. Але калі вы ўбачыце, што тэрмін прыдатнасці мыла тры гады, ведайце, што перад вамі шчолачны прадукт», — кажа Вольга.

Як выбраць мыла

Звычайнае шчолачнае мыла растварае тлушчавую змазку, на якой асядае пыл і бруд. Разам з ачышчэннем гэта мыла вядзе да зруху кіслотнасці скуры ў шчолачны бок. Гэта значыць, што скура пазбаўляецца самага важнага механізму абароны ад агрэсіўных знешніх фактараў, без якога немагчыма захаваць маладосць.

Акрамя таго, пры карыстанні шчолачным мылам унутр рагавога пласту пранікае вільгаць і сушыць скуру. Таму духмяны брусочак лепш не выкарыстоўваць для твару. Шчолачнае мыла падыходзіць выключна для мыцця рук. Прычым пасля яго выкарыстання трэба абавязкова нанесці ўвільгатняльны крэм.

«Наогул, цяпер у крамах настолькі багаты выбар рознага мыла, што можна смела падбіраць сабе пад пэўныя мэты. Ёсць мыла-пілінг для глыбокага ачышчэння скуры, ёсць спецыяльнае мыла для лазні. Калі ж вы плануеце карыстацца мылам выключна для мыцця рук, то не пераплачвайце, купіце звычайнае дзіцячае мыла. Яно вырабляецца з натуральных кампанентаў з дадаваннем гліцэрыну, ланаліну ці алеяў, якія змякчаюць і ўвільгатняюць скуру. Часта ў склад дзіцячага мыла ўваходзяць раслінныя дабаўкі, якія маюць супрацьзапаленчы і заспакаяльны эфект (напрыклад, экстракт рамонка). А вось шкодных фарбавальнікаў у такім мыле няма, таму яно падыходзіць нават для адчувальнай скуры», — расказвае касметолаг.

Вадкае мыла больш гігіенічнае, таму што ў ім ёсць дазатар і вы бруднымі рукамі не дакранаецеся да ўсяго кавалка адразу. Таксама ў вадкае мыла нашмат прасцей дадаць карысныя рэчывы, эфірныя алеі, розныя экстракты.

«Але яго таксама не варта выкарыстоўваць для мыцця твару. Для гэтай мэты найлепш абіраць мыла ручной работы. Тое, у натуральным складзе якога вы ўпэўненыя на 100%», — кажа Вольга Дзелаева.

Цяпер на аснове мыла ручной работы вырабляюць і ўсемагчымыя касметычныя сродкі мас-маркету: акурат для тых, каму хочацца і натуральнасці, і зручнасці ў карыстанні. Тут ужо не трэба асабліва замарочвацца з набыццём натуральнага прадукту, яго захоўваннем, спосабамі выкарыстання і гэтак далей — вытворцы пра ўсё гэта ўжо падумалі.

У крамах, напрыклад, можна заўважыць новую серыю касметычных сродкаў ад Беліты-М з афрыканскім чорным мылам. Гэты незвычайны прадукт вырабляецца ў Заходняй Афрыцы ручным спосабам з прыродных кампанентаў выключна расліннага паходжання: какава-бабоў, арэхаў карытэ (шы), какосаў.

Кампаненты доўга сушацца і смажацца, пакуль не ператвараюцца ў залу — асноўную сыравіну, якая і дае мылу такі цёмна-карычневы, амаль чорны колер.

Натуральныя сродкі для мыцця могуць быць як самымі простымі і даступнымі (напрыклад, адвар пшанічнага вотруб'я, малочная вада ці настой з сухіх траў), так і экзатычнымі (напрыклад, афрыканскае чорнае мыла ці убтан — паста з арэхаў, мукі, перамолатых траў і алеяў).

Такое мыла мае шмат карысных уласцівасцяў. Яно не толькі ачышчае скуру, але і супакойвае яе, аказвае супрацьмікробнае дзеянне, спрыяе асвятленню пігментацыі і выроўніванню тону скуры, пазбаўляе ад тлустага бляску і чорных кропак. Мылам можна нават мыць валасы — яно здымае сверб, не раздражняе скуру і змагаецца з перхаццю.

Падрабязней азнаёміцца з серыяй можна тут.

Часцей за ўсё на паліцах мы бачым брусочкі, на якіх буйнымі літарамі напісана, што мыла гліцэрынавае ці антыбактэрыяльнае.

«Гліцэрынавае мыла ўтрымлівае ў складзе гліцэрын — відавочна. Гэта значыць, што ў ім ёсць кампаненты, якія ўвільгатняюць скуру і лёгка змываюцца. У склад жа антыбактэрыяльнага мыла ўваходзяць кампаненты, якія забіваюць мікробы. Аднак я б раіла не захапляцца такімі сродкамі. Яны павінны выкарыстоўвацца як мага радзей і ў спецыяльных установах: бальніцах ці кавярнях», — кажа касметолаг.

Як правільна мыцца?

Калі задача змыць бруд са скуры, то неабавязкова намыльваць мачалку і церці ёй цела. Мачалка траўмуе скуру, з забруджваннем лёгка справіцца і ваша далонь, адзначае касметолаг Вольга Дзялаева.

Не шкадуйце ўзбіваць больш пены.

«Што такое пена па сваёй сутнасці? Гэта бурбалкі паветра з мыльнымі малекуламі. І калі такіх паветраных бурбалак будзе больш, то і паверхня з мыльнымі малекуламі будзе таксама большай. Менавіта гэтыя малекулы з'яўляюцца чысцільшчыкамі бруду. Таму мыцца лепш пенай, чым мыльным растворам».

Старанна змывайце рэшткі мыла вадой. Вада не толькі пазбаўляе ад бруду, але і ачышчае скуру ад шчолачы, што засталася на скуры.

Не злоўжывайце спецыяльным мылам. Тым жа бактэрыцыдным лепей не мыцца, а толькі прамываць ранкі.

Мыцца з мылам не варта часцей, чым раз на суткі, лепш перад сном. Толькі важна не забываць увільгатняць скуру крэмам.

І яшчэ адна парада ад касметолага:

«Райцеся са спецыялістамі. Толькі яны могуць падабраць адпаведны сродак менавіта для вашага тыпу скуры». 

Наталля Тур, фота Волі Афіцэравай, Pixabay

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура